Радасны будзень (1935)/III/Штандар чырвоны, штандар чырвоны

Пры дарозе, дзе жоўтыя травы Штандар чырвоны, штандар чырвоны
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Вецер лётае, вецер гойсае
Іншыя публікацыі гэтага твора: Штандар чырвоны, штандар чырвоны…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Штандар чырвоны, штандар чырвоны —
Вяночак хатак ў агні зары…
На гонях росных травы зялёнай
Ў прыполік новы ты набяры.

Ты мне казала — па кветкі збегай,
Ты мне казала — цвітуць лугі.
Шукаў я кветак, шукаў пад снегам
І ў сэрцы многа было тугі.

А зараз травень, вясёлы травень,
Усюды зелень, усюды рань —
І ты не хочаш ў дзявочай славе
Мінулых сцежак прайсці дэсань…

Брыдзеш са мною, брыдзеш к дуброве, —
К балоту пройдзем — там асака…
Прыпол нажнеш ты, не мне — карове,
Табе карова дасць малака…

На журавіну на залатую
Скаціўся буйнай слязы крышталь.
Краіну волі і я вартую,
Люблю паходы і кудры — сталь.

Паклон з дарогі, паклон з далёкай
Чужым і блізкім — паклон, паклон…
Да зараніцы залатавокай
Іду ў прывабны, іду ў палон.

Для нашай песні я лад прыдбаю —
Жыццём праслухай, душой адчуй…
Мая дзяўчынка, мая любая,
Мяне, салдата, ты не цалуй.

1927 г.