Радасць (Зарэцкі, сучасная рэдакцыя)

Радасць
Апавяданне
Аўтар: Міхась Зарэцкі
Крыніца: https://knihi.com/Michas_Zarecki/Radasc.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чалавек - гэта вір. Глыбокі і цёмны, дна якога не ўбачыць. Не ўбачыць і наогул таго, што дзеецца там, чым жыве таемная глыб гэтага віру.

Мы бачым паверхню яго, пералівы дзівосныя хваль - то буйных, віхурна ўзнятых, то дробных і кволых, як пераборы празрыстага ветрыку па струнах ціхае арфы.

Мы бачым толькі паверхню, а ўглыб зазірнуць, пранікнуць туды, дзе таемным бяздоннем звінулася цемра... О, каб пранікнуць туды! Каб разгарнуць гэты вір і ўбачыць усё, усё чыста, да самага дна...

Або сетку закінуць, каб выняць на свет хаця частку таго, што жыве ў таемным бяздонні...

Мо б бліснулі светлым нябачаным ясныя перлы?

А мо там - глей адзін, ціна, пясок?

Часам у пералівах хваль, што скібамі рэжуць паверхню цёмнага віру, мы бачым адбітак насупленых хмар, душным цяжарам навіслых над намі. Тады мы кажам:

- Гэта Сум.

А часам выблісне сонца і хвалі зайграюць вясёлкай, разарвуць, рассыпяць сонечны бляск у мільёны агнёў-самацветаў, рассеюць наўкола шчодраю жменяй іскры гарачыя. Тады мы кажам:

- Гэта Радасць...

Сонца бывае рознае. То яно - палкае, шчырае - прынікае да самай зямлі, сціскае яе ў сваіх моцных абнімках, цалуе смагла агнёвымі вуснамі. То атуляе нас, песціць ціхай ласкавай цеплю, сагравае нутро, навязвае спакой. А то дык зусім неяк дзіка, недарэчы выгляне збоку, з-за хмар - касавокае - і падражніць, пакпіць над дурным чалавекам.

Рознае сонца бывае.

І Радасць бывае розная...

Ён зрабіў цяжкае злачынства: ён забіў чалавека.

Нашто ён зрабіў гэта? Мо хацеў гэтым чаго дасягнуць? Мо знайсці хацеў радасць?

Хто яго ведае. Тады ён не думаў аб гэтым. Наогул не думаў. Ні аб чым. Не мог думаць.

У той вечар, як гэта было, горад заплаканы быў. Камяніцы слязьмі абмываліся - такія панурыя, чорныя. Яны быццам сабралі з цэлага свету шэрую муць і лілі яе ў мокры прагал зарумзанай вуліцы.

Наогул, было ўсё слюнявае, нуднае. У такія часіны звычайныя людзі сядзяць у прытульных кватэрах і цешацца ціхім спакоем. Дзе ж такі знойдзецца дурань, каб шлындаць, як ён, па макроцці і ўбіраць у сябе журботныя слёзы дажджанага вечара!

Таму й вуліцы сёння надзіва пустыя. Калі-нікалі прабяжыць прастытутка ды праплыве часам нехта пад парасонам, прахлюпае важна галёшамі. А то яшчэ дзверы піўнушкі расчыняцца, і півам насычаны гоман выпхне на вуліцу колькі фігур. Хістаюцца, палошчуць у дажджы сіплыя галасы.

Калі стрэнуцца гулякі вясёлыя, у яго ў думках мігне:

«Чаму я сёння не п’яны?»

Дзіўна зробіцца й шкода.

А калі - з парасонам, тады чамусьці ўспомняцца дзіркі ў штанах, у ботах пачуюцца мокрыя ногі і золь мацней цела худое пратне.

Самае ж горшае, калі - прастытутка... Наогул - жанчына. Тады ж сэрца - дык не стрываць. Яно неяк збярэцца ўсё, сціснецца, быццам выскачыць хоча, уцячы. І сам увесь стуліцца, скорчыцца. Здаецца б - знікнуць зусім, праваліцца куды або змыцца гэтым дажджом, што ўжо да касцей дабіраецца. Або...

Эх, каб яна... Узяць так, сціснуць, каб хруснулі і косці... Каб і ў яе, і ў самога дух зацяло, каб упіцца...

І мімаволі кручацца рукі, шукаюць абнімкаў, і мімаволі крывіцца твар у злосна-прагавітую ўсмешку.

Дождж. Золь. Сцюдзёна.

- У-у-у, сцерва!.. Дражніцца... Корчыць невядома каго... курва!..

Стаў на ганку нейкага дома. Знайшоў вачмі халодны ліхтар і распусціў змораны погляд у яго кволым міганні. Не заўважыў адразу, як падышла збоку фігура. Як сказала - хадзем! - тады схапянуўся, зірнуў пад старую хусцінку.

Распухлы твар, размытая фарба. Брыдота...

Штурхнуў з усёй сілы.

- Пшла!

Тая зірнула - і злосна, і жаласна:

- Чаго штурхаешся!

І па звычаі матам прыбавіла. Зашмурыжыла па мокрай панелі. Знікла.

Дождж. Золь. Макроцце. Па ўсім целе прыкрыя дрыжыкі. А крануцца не хочацца. Усё роўна няма куды йсці.

Мо дахаты?

Так, хата ёсць. Не хата - куток. Нават цёплы. Але людзі там, многа людзей, - такіх, што гнятуць сваёй прысутнасцю, што напінаюць у паветры нявідную сетку пільнай варожасці, якая коліць нервы.

Так ужо заўсёды выходзіць. А хто вінават? Можа, і сам ён? А можа, людзі... Усе людзі, увесь свет... і яна...

- Сволач, змяя падкалодная!..

- Любая, харошая, родная...

Каб яе ўбачыць. На рукі ўзяць, цалаваць, мілаваць... Яе вочы... Вунь яны там, дзе ліхтар. Якія ясныя, смелыя. І злыя... Ён найчасцей бачыць злыя...

Каб цалаваць гэтыя вочы...

- Не, не... Сцерва, гадзюка!.. І думаць не варта...

Узбурэнне штурханула з месца. Ізноў пачаў шлёпаць па лужынах.

Дождж троху сціх. Цяпер толькі трубы ўцішку палівалі панель ды дзе-нідзе з шумам зрываўся струмень - невядома адкуль - і разбіваўся аб камень, будзячы ціш звонкім пляскам. Ён трапіў пад адзін гэткі струмень. Здрыгануўся, паслаў некуды моцную лаянку. Пайшоў шыбчэй.

Ён чуў, што злосць усё больш і больш забірае нутро. Знаў, што цяпер ужо не гаспадар сам сабе, што цяпер злосць гэта ім заўладае. І павядзе туды, куды не трэба ісці, прымусіць рабіць дурное, недарэчнае.

А там ужо злосці не будзе. Там горшае будзе. Будзе так, што зробіцца мяккім, агідным, расплывецца, распісціцца. Будуць сабачыя вочы... Ён заўсёды адчувае, выразна адчувае, калі ў яго вочы пачынаюць агідна масліцца, плюскаць недалужна і салавець. Якраз як у сабакі.

Гэта заўсёды бывае. Ён знае гэта і не парадзіць нічога. Бо зазвычай там забярэ яго нешта, заўладае нутром усім, волю скасуе. Заўсёды так...

Ён сышоў з галоўнае вуліцы і пакружыў па завулках. Ішоў шпарка. Не глядзеў пад ногі, наўмысля ступаў проста, шырока, быццам падкрэсліць хацеў, што цяпер ён сабой не ўладае, што цяпер - усё роўна...

А як асталося ўжо блізка, ціха пайшоў. Не таму, што заспакоіўся - не... Сэрца нешта дурэць пачало: то спыніцца, быццам замлее, то раптам сарвецца, заскача, затропае. Калісь нехта казаў - неўроз.

- Неўроз... нервы... неўрасценія... неўрал... трасца ўсякая...

Падышоў да бакоўкі. Адразу, як пачуў, што завалена, замахнуў кулаком, каб паляпаць са злосцю, усмак. Але стрымаўся. Часінку падумаў. Потым схапіўся за плот і пераскочыў.

Пастаяў на месцы, пакуль не растаў увушшу глухі мокры гук. Азірнуў уважліва двор.

Нікога няма, ніхто не ўгледзеў.

Паціху падышоў да акна, зазірнуў.

З момант стаяў, скамянелы. Ногці балюча ўцяліся ў далоні - так моцна кулакі сціснуў. Нахіліўся ўперад, да самае шыбы тварам прынік. У горле даўка застраў прыдушаны крык. Ледзь-ледзь стрымаў яго. Прамычэў толькі, як звер.

Потым ад акна адарваўся, сеў на мокрую лаўку.

- Буду чакаць. Няпраўда, дачакаюся... іш ты... Добра, пастой...

І ўвесь час паўтараў у думках пагрозы. Так лягчэй было, гэта затупляла боль. Але часамі балюча-яскравым малюнкам прарывалася тое, што бачыў там, за акном. Тады па целе едкаю хваляй прабягала турбота. Трудна ўседзець было. Варушыўся, як на вугаллі.

Прайшло многа часу. Можа, сапраўды і не многа, але ж яму цяпер мінуты за гадзіны здаваліся. Ды за даўгія-даўгія гадзіны.

Урэшце пачуліся крокі ў сенцах. Ён схапіўся, прытоіўся. Падаўся наперад, застыгнуў, замлеў. Толькі пальцы нервова перабіраліся, як кіпці ў дзікага звера, гатовага кінуцца на ахвяру.

Расчыніліся дзверы, матнуўся пасмай шырокай сноп свету, расплыўся ў макроцці.

Галасы. Гутарка. Развітанне, мусіць. Потым - высокая фігура на ганках. Да болю знаёмая і нялюбая. Падпявае пад нос:

- Трам-тара-рам-там... ці-та-там...

Кінуцца на яго, упіцца зубамі ў здаволены твар, разарваць гэта горла, каб не дражніла самаўпэўненай песенькай!

А той і стаяў яшчэ, як наўмысля. Прыслухоўваецца. Мо пачуў ворага?

Пайшоў. Не пяе ўжо, а свішча.

- Фю-цю-цю... фю-цю-цю...

Брыдота... Свішча яшчэ, быццам падсміхваецца.

Ляпнула бакоўка. Крокі - на вуліцы ўжо, зусім заміраюць.

- Гэта ж я... прапусціў... пусціў...

І сам дзівіўся, чаму так выйшла. Абмяк. Але зараз успомніў яе і зноў загарэўся. Падышоў да дзвярэй, ірвануў за клямку. Пайшоў.

Яна ўжо клалася спаць, раздзявалася. Дурная, чаму ж дзверы не заваліла за палюбоўнікам!

Яна адразу спалохалася. Ён заўважыў гэта, ён умее сачыць за тварам яе. Але ж яна не такая, каб паказаць сваё замяшанне. Яна стрымала сябе і зусім безуважнай зрабілася. Быццам яе ані-ні не турбуе, што ён к ёй прыйшоў.

О, яна хітрая, яна - змяя! Нават не захінулася. Так і сядзела на ложку без кофтачкі, з голымі рукамі. О, гадзюка! Думала - размякне ён, распусціцца так, як заўсёды... Э, не! Сёння ён не такі. Пачакай, галубка, пабачыш!..

Сеў на крэсла к сталу, затарабаніў пальцамі. Хацеў яшчэ й засвістаць, ды ўспомніў таго, брыдкім здалося.

- Ну, чаго ты прыйшоў?

Пытаецца. Быццам не ведае...

- Начаваць прыйшоў да цябе, во чаго...

- Што, начаваць? Ха-ха!.. У мяне не гасцініца...

- Хіба не ўсім можна?

- Мабыць, і можна каму, але не такому, як ты... Ну, марш, спаць хочацца...

І пачала далей раздзявацца.

О, нашто яна гэта рабіла! Нашто спадзявалася так на сябе!

Ён больш не стрываў. Ён кінуўся на яе, непрытомны. Шалёная страсць злілася з шалёнаю злосцю і затапіла ўсё чалавечае. Астаўся звер.

Ён прыпаў дрыжачымі вуснамі к вуснам яе і адначасна акасцянелымі пальцамі, як абцугамі, сціснуў адкрытую шыю.

Яна трапяталася, хацела вырвацца. Дзе там! Выпусціў тады, як апошні раз здрыганулася і абвяла ў яго на руках.

Адышоўся, сеў ля стала.

Змора... змора... Адна змора... Ні страху, ні жаласці. Безуважнасць глыбокая.

Так сядзеў паўгадзіны. Потым узняў погляд і азірнуў няўцямна пакой. Зірнуў наўмысля ў люстэрка і аслупянеў.

Кроў... на вуснах кроў... у яго. Адкуль яна?

- А-а-а...

Быццам успомніў, задрыжэў увесь чыста. Пачаў азірацца спалохана, як загнаны звер. Адна думка цяпер заняла ўсю істоту:

- Ці бачыў хто? Ці зловяць?..

У галаве памуцілася - цяпер ужо ад страху. Ад вострага, агнёвага страху. Крадучыся, азіраючыся, выйшаў з пакоя, з двара і нырнуў у мокрую цемру...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А радасць? Дзе ж радасць? І ці можа радасць тут быць? Ці месца ёй тут, дзе чалавек згубіў усё чалавечае, абярнуўся ў дзікага звера?..

Радасць была. Пасля была. Яна ўжо тады зарадзілася, як ён, працяты шалёным страхам, забіўся ў слізкае рыштаванне, што прыхінулася да вялізнай старой камяніцы. Тады ўжо радасць загарэлася ў ім ледзь прыметнай маленечкай іскрачкай.

Яна дзіўна, нязграбна ўткнулася клінам у бурнае мора спалоху, што захлынуў быў нутро. Яна спачатку ледзь кранула ціхім прыткненнем яго сэрца. На твар выдавіла ўсмешку. Не ўсмешку, а след яе - хваравіты, убогі.

- Хе-хе... А мо й не дазнаюцца?

І потым клін гэтай радасці ўсё глыбей і шырэй забіраўся ў нутро, выціскаў памалу спалох.

Больш пачуццяў не было: толькі спалох збітай навалай ды ў яго светлы клік радасці.

Але ж самая радасць была, як хавалі.

Ён пайшоў на пахаванне. Ён заблытаўся ў гурме народу і праводзіў на могілкі цела сваёй ахвяры. Ён глядзеў на людзей, і людзі на яго глядзелі. Гаварылі аб забойстве, здагадкі рабілі. З ім нават загаварвалі аб гэтым. Ён слухаў, усміхаўся ўнутры і думаў сабе:

- Хе-хе... Вось і не ўзналі... вось і не ўзнаеце. А забойца тут, з вамі гаворыць, хе-хе...

Ён усё больш і больш ажыўляўся, ахвотна гаварыў, сам першы заводзіў гаворку. Сэрца рвалася ад затоенай радасці, і хацелася гаварыць. Многа-многа, са ўсімі.

Жалобна ліліся гукі аркестра, узмывалі наўкола цягучыя хвалі журбы. Здавалася, само паветра васенняе раставала ад гэтых жалобных гукаў і асядала на дол ціхім плачам. Жалкавала аб бязвінна загубленым жыцці маладым.

А ён не чуў гэтага. Яму гукі аркестра былі цудоўнай уторай радасці. Яны злучаліся з радасцю, абмываліся ў ёй і пераліваліся ў гулліва-пабедную музыку.

Ён аж корчыўся ўвесь, стуляўся, сціскаўся, каб не выказаць свайго пачуцця. Хацелася голас падаць. Не закрычаць, а піскнуць хацелася - тонка-тонка і дзіка... А потым - кульнуцца катком, пакаціцца па мокрым бруку.

А ў паветры жалобна ліліся гукі аркестра.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Сонца бывае рознае. Часамі яно неяк дзіка, недарэчы выгляне збоку, з-за хмар - касавокае - і падражніць, пакпіць над дурным чалавекам.

Рознае сонца бывае...

І Радасць бывае розная...

Я сам сваймі вачмі бачыў той стол. Ён стаяў, неўзаметку прыткнуўшыся да вялізнае паліраванае шафы, у самым брудным кутку гарадскога рынку. Шафа стаяла паважна і салідна - такая шырокая, тоўстая, як гандлярка з суседняга рундука. Здавалася - во-во падшмаргне падолле, схопіць пад пахі акольныя рэчы і паплыве па кірмашовай гразі.

А стол гэты ціхенька, моўчакам прытуліўся пад бокам у шафы і палахліва пазіраў на купцоў, не чакаючы ад іх нічога добрага. І праўда, калі хто й заўважыць яго, дык толькі штурхне пагардліва - і пайшоў. Ён затрасецца на слабенькіх ножках, паенчыць і зноў прыхінецца да шафы.

Стол быў складаны: дошка на дзве палавіны. Цяпер адна з палавін недалужна звісла далоў. Быццам саромеўся стол сваіх ног і схаваў іх ад людскіх поглядаў.

Я колькі раз прайшоў каля гэтага стала і не прымеціў, каб хто ўсур’ёз ім зацікавіўся. Я думаў ужо:

- Навошта лам’ё гэта вынеслі? Хто яго купіць?

Але я памыліўся. Знайшліся купцы.

Я не гандляр і не маю гандлярскага спрыту. Але я адразу згадаў, што яны хочуць, усур’ёз хочуць купіць гэты стол. Яны не спыніліся нават, прайшлі міма - нібыта што... Але ж гэты позірк і потым гэты стрымлены крок, разважанне, нясмелыя рухі рукамі ў той бок, дзе стол... О, нас з гандляром не паддурыш!

Яны былі ўдваіх: пажылая жанчына і хлапец гадоў дзесяці.

Уся худая фігура жанчыны, твар яе, рухі - усё працята было той застыглай смутнай сур’ёзнасцю, якую можа выснаваць толькі цяглае шматгадовае гора. Дый вопратка - досыць зірнуць толькі: рыжая паддзёўка - абшарпаная, з плямамі; спадніца, убога абвіслая; чаравікі... не чаравікі, а так нейкі дзіўны, недарэчны абутак, - мабыць, апоркі, ці што... З усяго выглядае гарота.

А хлапец? Што ж хлапец... У яго - цікавасць. У яго й вочы - дык як не вырвуцца толькі: бегаюць, гараць.

Яны прайшлі разы са два яшчэ воддаль, потым пастаялі, адвярнуўшыся ўбок, і тады падышлі ўжо к сталу.

Жанчына павярнула яго, паківала, а хлапец дошку падняў, зазірнуў. Потым яны пачалі таргавацца.

О, як таргавалася гэта жанчына! Яна надбаўляла толькі па дзесяць капеек і гандляра прымушала на столькі ж збаўляць. Як яна ганіла стол! Колькі знаходзіла ў ім недахвату! Як спрачалася з гаспадаром, калі той яго бараніў!

А хлапец усё нікаў каля стала і тож заганы шукаў. Калі знаходзіў, ён з пачуццём вялікай пабеды паказваў на іх. І вочы яго гарэлі шчырым здаволеннем.

Урэшце яны старгаваліся і ўрачыста паняслі свой здабытак праз рынак. Чуваць было, як яны, ідучы, суцяшалі самі сябе, даводзілі адзін аднаму, што стол добры, што ён не вельмі ківаецца, што «тую ножку можна прыбіць», што наогул заган асаблівых няма - не горш за іншага новага.

Я прагледзеў усю гэту сцэну. Мне неяк не па сабе стала, я расчуліўся. І маё сэрца радзіла мне казку. Я раскажу яе зараз.

Але ці казка гэта? Мо гэта так і было? Мо гэта не казка, а праўда жыцця?..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Гэта была сям’я рабочага. Сям’я такая... Гаспадар - чорнарабочы, чалавек з вечна змораным тварам, на якім жыццё пасеяла столькі маршчынак, колькі перацягнуў ён тачак цяжкіх, набітых пяском. У якога жонка - жанчына, працятая тэй застыглай смутнай сур’ёзнасцю, якую родзіць шматгадовае гора. І дзеці: дзяўчынка - трынаццаць гадоў, хлапец - гадоў дзесяць і другі - гады тры.

Жыла сям’я гэта ў убогай кватэры на акрайным брудным завулку. Кватэра ў іх у два пакоі. У адным удоўж і ўпоперак ложкі - гэта спальня. А другі - зала, сталоўка і г. д. Тут і мэбля стаіць, гэта значыць: шафа, стол і чатыры крэслы.

Гэты другі пакой шмат гадоў быў галоўным цэнтрам сямейнага жыцця. І праз увесь гэты час у ім быў пусты адзін кут. Недарэчна, дзіка пусты. Пусты - бо не ставала мэблі, каб запоўніць яго.

Гэты кут сваёй пустатой халадзіў увесь пакой, быццам глытаў бяздонным зевам сваім прыветную цепль сямейнага шчасця. Ён не даваў звіцца ў сям’і радаснай, ціхай прытульнасці. Ён напамінаў, крычаў зларадасна аб бядоце, аб цяжкіх нягодах жыцця. Ён - страшэнна, жорстка пусты - уліваў пустату і ў жыццё гэтай сям’і.

Бывала так: збярэцца сям’я, адпачывае. Ціхамерная згода гатова ахутаць усіх сваім лёгкім крылом. Во-во ўжо, здаецца, прыйдзе і цёпла зайскрыцца ў пакоі радасць. Але зірне каторы ў пусты халодны куток і ўспомніць. І пяройдзе да ўсіх, і пратне ўсіх жорсткім павевам скразнік непрытульнасці, злосна выштурхне радасць з пакоя.

Во як бывала...

І вось, урэшце, у сям’ю беднага рабочага прыйшла радасць. Яна ўвайшла ў хату разам з сталом, што прыцягнулі з рынку матка і сын. Яна зусім відочна, прыметна ўвайшла, як нейкая жывая істота.

Яе першая стрэла дзяўчынка-дачка.

Дзяўчынка ў трынаццаць гадоў... Як можна апісаць яе радасць? Ці ёсць словы такія - жывыя, агнёвыя, - якімі б выказаць гэта? Ці мо апісаць выяўленне надворнае гэтае радасці? Мо расказаць, як скакала яна, як пляскала ў ладкі? Мо расказаць пра бляск яе вочак - чыстых, як у крыніцы вада?..

Не, лепей во што...

Яна пацалавала свайго мурзатага брата. Той пачаў быў яе сунімаць, усцішаць. Бо ён жа сур’ёзны зусім, ён з мамкай сам купляў гэты стол, у яго й шапка аблезлая на самыя вочы важна насунута. А яна тады абхапіла яго і пацалавала.

Сястра пацалавала брата. Сястра - брата... Ну, годзе, здаецца?..

Дык вось як стрэла дзяўчынка радасць.

Гэта было ўжо шэрай гадзінай. Неўзабаве прыйшоў гаспадар. Запалілі святло, пілі чай. Пілі, вядома, за новым сталом, хоць і нязручна было. Гаманілі, смяяліся. Дзеці дурэлі. Словам, было так, як заўсёды бывае, калі ў госці прыходзіць радасць.

А потым прачнуўся малы. Заплакаў, заенчыў у спальні - так жаласна, квола. Ён хворы, ён заўсёды плача, як прачынаецца.

Дзяўчынка пабегла, прыцягнула яго.

- Ціху, дзетка... ціху, ну... Глянь, вунь стол... Паглядзі!..

У дзіцяці на твары застыгла плаксівая міна. Часінку моўчкі глядзеў, плюскаў ад свету вачмі. Потым ажывіўся, матнуў парыўчата ручкамі.

- Стол, стол... Тата, гэта стол... Вунь ён...

І худзенькі тварык яго, яшчэ мокры ад слёз, сагрэўся любай чыстай усмешкай.

- Хацу на стол... сесці хацу...

І яго пасадзілі. Рассунулі шклянкі і сярод іх пасадзілі. Сёння ж можна, сёння тут радасць, а радасць - апека дзяцей. Ён сядзеў на стале - шчаслівы, здаволены, - ваяваў пабедна рукамі і гвалтаваў бесперастанку:

- Стол, стол... гэта - стол...

Як скончылі чай, не ўсталі з-за стала. Сядзелі ўсё, гаманілі, смяяліся. Была радасць, была прытульнасць і ціхае шчасце.

А пасля і зусім разышліся. Пачаў гаспадар. Ён выцер распараны твар, вальготна адкінуўся на спінку крэсла і зацягнуў грубым расшчэпленым голасам, рыпучым, як заржавелы блёк...

Дзеці ўраз падтрымалі яго. А тады і гаспадыня не ўцярпела: замылілася соладка і падвяла тоненькім-тоненькім галасочкам.


...У бары зязюля

Кукуе,

Ніхто зязюлі

Не чуе...


І было так цёпла, так светла...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Бывае часамі, што сонца атуляе нас, песціць ціхай ласкавай цеплю, сагравае нутро, навявае ціхі спакой.

Бывае сонца такое...

І такая Радасць бывае...

Ён бег два дні. За гэты час ён раз толькі еў і спаў усяго тры гадзіны. Спаць лёг тады, як ногі зрабіліся драўлянымі і на павеках павіс непасільны цяжар. Не лёг, а паваліўся.

Ён бег дзень і ноч. Удзень ён смагла ўпіваўся стомленым вокам у бесканцовую стужку гасцінцу, быццам хацеў працяць сваім зіркам пустую маўкліва-спакойную даль.

А ноччу... Ноччу горш. Цёмная ноч - яна што пялёнкай якой абаўе. Чорнай, ліпучай. На самыя вочы назолліва ліпне гэта пялёнка. Здаецца - скінуць яе, адхінуць бы. Бо цяжка так, нудна блытацца ў цемры. Але - нязмога...

А змора якая! Баліць усё чыста. Баліць і нямее, заходзіцца ў нейкай мутарнай млосці. Легчы б, рынуцца долу. Хоць тут, на брудны пясок. Рынуцца і заплакаць, галосна так зарыдаць, каб страсянуць гэта нямое, нячулае поле, каб працяць яго сваім невымоўным болем.

Але так не ўвесь час. Бывае, што зусім забываецца змора, забываецца крыўда і ўсё. Ён ідзе тады, як лунацік, нічога не бачыць, нічога не чуе. Уваччу - ласкавай зданню любыя твары.

Дзіўна гэта: як калісьці разам жылі, дык не было, здаецца, гэткага пачуцця. Ну - брат, ну - сястра, свае, як кажуць. А каб так жалець - дзе там! А цяпер - паўжыцця аддаў бы, каб толькі ўбачыць, каб знайсці іх там, у горадзе.

Разбушавалася гэта. Разгарэлася, расшугалася полымем - морам агнёвым, пайшло злосна-кіпучымі хвалямі. І расштурхала ўва ўсе бакі, развяло гвалтам па свеце далёкім. Хто куды...

Цяжка было. Ані вестачкі. Чужыя людзі, чужы край. Кідаюць хвалі, як трэску, абдаюць сваёй пенай - шалёна-крывавай. І не відаць знаёмага берагу, і не чуваць прыветнага голасу.

Так было з год. Але ж год усякі бывае. Іншы дык здаецца за цэлую вечнасць. І потым - як гэта выйшла неспадзявана так, раптам... А якой радасцю агарнула гэта нечаканая вестка!

Брат і сястра... Жывыя, здаровыя... сто вёрст усяго...

Эх, паляцець бы птушкай туды! Перапырхнуць бы праз гэты парог, што крывавай мяжой падзяліў свет на дзве палавіны!

Але яшчэ давілі паветра злосна-бурклівыя выбухі, яшчэ даляталі жорсткія водгукі смяротнае бойкі.

Гэта было непасільнай мукай. Часам нібы ашалелы, нібы звер, засаджаны ў клетку, бегаў, ірваўся, скрыгаў зубамі. А як, урэшце, пад напорам чырвонага шквалу адкаціўся далёка смяротны парог, адразу схапіўся і рынуўся, поўны шчымлівай трывогі, туды, за сто вёрст.

Ён бег два дні. Ён забываўся на змору, прынамсі, стараўся забыцца. Яшчэ стараўся так, каб не думаць, каб не было нічога ў мазгах, каб адзін гэты стары гасцінец нутром заўладаў, расплыўся па ім сваёй бесканцоваю жоўцю. Бо калі думкі, дык яны пачыналіся прыгожай радаснай марай, але потым немінуча ўпіраліся ў калючую сцяну трывогі.

І тады садніла сэрца прадчуваннем нядобрым, і па целе цякла цягучая, млосная змора.

Тады хацелася рынуцца долу і заплакаць, зарыдаць на ўсё поле...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

У горадзе раніца бывае сур’ёзная, ціхая. Там не пачуеш пярэстага жвавага шчэбету птушак, там і галузы-скачкі не ашаломяць з квяцістае воўны-травы сваім сухім верашчаннем, сваімі дуронымі дзікімі спевамі.

У горадзе - важна, спакойна. Камяніцы - нібы вяльможы заспаныя - такія сярдзітыя, хмурныя. Не любяць, калі адзінотны хаджалы не ў пару разаб’е іх спакой сваймі паспешнымі гулкімі крокамі.

І сонца ў горадзе зранку бывае нейкае несуразнае. Нікае па гары, гладзіць галовы сівыя старым камяніцам. Ліслівае, убогае нейкае...

Ой, гэты горад! Ён такі безуважны, нячулы. Наўды яму, што нейкі там абшарпаны хлапец шмурыжыць бясконцу панелі, шукае чагось усё ранне. Хай пашукае, хай пашмурыжыць. Мо й дарма? Мо й не знойдзе нічога? Няхай!..

Што там, што слёзы ў яго набягаюць ад зморы і дасады! Эт, слёзы! Горад бачыў не толькі слёзы. Ён бачыў і кроў. Ён мыўся ў гэтай свежай чырвонай крыві - чалавечай крыві.

А хлапец упарты, відаць. Ён абышоў увесь горад, ён перапытваў сотні людзей, а ўсё-ткі знайшоў.

Маленькі, крывенькі домік. Уціснуўся ў цесны завулак, ціхамірна сагнуўся, прысеў. Шэры, падслепаваты дзядулька.

Хлапец пастаяў, паўзіраўся ў яго. Паляпаць не важыўся. Неяк страшна, аж сэрца заходзіцца.

Няўжо тут во, поплеч, свае, родныя? Няўжо зараз убачыць іх, няўжо зараз атуліць мяккім прыветам цёплая радасць?

Год жа. Цэлы год... больш году нават...

А калі ды няма? Калі ды зноў штурханула, адкінула бура?

Рукі трасліся, як браўся за клямку. І калі ў адказ толькі заныла, сабраўшыся ў напружаны згустак, ціша, хацеў, каб даўжэй яна працягнулася, каб не пачуліся адразу крокі там, за дзвярмі.

Мо спяць яшчэ... Пакуль прачнуцца, устануць...

Толькі праз колькі хвілін паляпаў ізноў. Ізноў слухаў густую напружаную ціш. Потым зноў ляпаў, зноў слухаў. Доўга так, пакуль не працяў нечаканасцю грубы воклік адзаду:

- Чаго ляпаеш! Бачыш - нікога няма...

- Як... што...

- Жылі тут, а потым забраліся... Не забраліся, а забралі...

- Хто?

- Вядома хто, белыя...

- Хто жыў тут?

- Людзі жылі.

- Якія?

- А хто табе трэба, га?

Як тут... слоў не знайсці, не падабраць...

- Брат тут з сястрой... ён высокі такі... гадоў трыццаць...

- А, кватаранты... Былі. Тож забралі...

Ну... што яшчэ?.. Усё?..

Нейкі туман пусты ў галаве. Усё наўкола шэрае, нуднае. І змора... Непамерная, едкая змора. Ногі падламваюцца...

Сеў тут жа на парог. Абмяк, апусціўся.

Доўга сядзеў. Не помніў колькі. Узняўся тады, як заўважыў, што людзі праходзяць, што ўсе пазіраюць на яго з задзіўленнем, з падазронасцю. Устаў тады і падаўся да шумлівага цэнтру.

Цяпер - жывы муравейнік. Людзі, людзі... Мітусяцца, як пярэстыя рыбкі-маляўкі ў крыштальнай вадзе чыстае рэчкі. Спяшаюцца ўсе, усім часу няма.

А сонца паднялося ўжо, пасмялела. Яно ўжо не туляецца недзе па вільчыках, а абхапіла цалком камяніцы, паліць, падсмажвае. Аж млеюць вяльможы паважныя, задыхаюцца ў душнай спякоце.

Ён доўга хадзіў без усякае мэты па вуліцах. Потым прыхіліўся ў цяньку да будынку, углыбіўся ў сябе.

Зноў - туман, пустата. Зноў - едкая змора...

Раптам здалёку недзе пачулася музыка. Яна прылятала густымі квяцістымі абрыўкамі, і гэтыя абрыўкі адкладаліся ў сэрцы нечым чароўным такім і далёкім-далёкім, як сіняе неба. Яны настойна гаварылі аб нечым, яны напаміналі нешта балюча-салодкае, даўнае.

Ён смагла лавіў гэтыя абрыўкі ўрачыстае музыкі. Ён хацеў запоўніць імі пустату, што шчымела ўнутры.

А музыка ўсё расла, усё набліжалася. Яна ўжо злілася ў пабедны ўрачысты гімн і плыла шырокімі, моцнымі хвалямі, адбівалася працяжлівым водгуллем у мураваных сценах будынкаў.

І была ў гэтым гімне ўрачыстым вялікая радасць. Такая радасць, што расцвітае дзівосна яскравым праменнем, што захапляе, хвалюе глыбока душу агнёвым бурлівым уздымам, што распаляе тысячы сэрцаў боем адным - віхурна-напружаным, што родзіць буры, родзіць пабеды. Такая радасць была.

А ён стаяў адзінотны, пакінуты і толькі ўбіраў у сябе, смагла ўбіраў гэтыя прыгожыя гукі. Яны растаплялі сэрца яго так, як вясновае сонца камлыгі шурпатага снегу. І яму хацелася ціха-ціха заплакаць...

Замятушыўся народ, засноўдаўся гурмай паспешнай. Потым усе ў адзін бок падаліся. У сонцы яркай крывёю зардзелі чырвоныя сцягі. Многа сцягаў - цэлае мора.

І перамяшалася ўсё: магутныя гукі аркестра, і песні радасна-звонкія, і гоман народу - бурлівы, густы. Перамяшалася ўсё і злілося ў адно - у ўсёабдымную радасць.

Раптам нехта крануў яго за руку.

- Таварыш! У маніфестацыю!..

Ён здзіўлена азірнуўся.

Якая гэта дзяўчына з такімі гарачымі вачмі? І што яна да яго?

- Ну, пойдзем, таварыш, хутчэй!..

Чаго столькі ласкі, прывету ў яе бліскучых вачах? Чаго яна гэткай добрай, блізкай здаецца? І чаго гэта ў горле так перасела, што не можна й слова сказаць? А сказаць... каб сказаць усё чыста... Або проста заплакаць у яе на грудзях...

- Таварыш, пойдзем... Я знаю, вам дрэнна... У мяне тож бацьку забілі...

Яна ўзяла яго за руку і пацягнула ў народ.

Чырвоныя, ярка-чырвоныя сцягі... Музыка, песні, гоман бязмежны... І сонца... Якое гарачае сонца!..

А тут, збоку, гэта дзяўчына. Яна тож пяе. У яе голас такі ўзняты і вочы блішчаць захапленнем... Чаго яна такая добрая? Як сястра, якую забралі, якой не заспеў тут, у горадзе.

Яна зноў узяла яго за руку.

- А вы ведаеце, якое свята сягоння?

Яму сорамна прызнацца, праўду сказаць. Але ёй можна...

- Не, не знаю.

- Мы святкуем сёння вызваленне ад белых... ад тых, што майго бацьку забілі, што хацелі ў ланцугі нас усіх закаваць. Іх прагналі далёка-далёка, яны не вернуцца больш...

Ага. Вось яно што... Бацьку забілі... Прагналі ўжо... Дык і ў яго ж... Трэба сказаць, ёй сказаць, гэтай дзяўчыне...

- Слухайце! У мяне брата й сястру забралі... З сабой павялі, а мо забілі...

Яна зірнула на яго з ласкавым спачуваннем.

- Многа забілі. Кроў лілі, руйнавалі. Але мы перамаглі і вольнымі засталіся. Таму святкуем і радуемся. І вы павінны радавацца разам з усімі... Вы вось зірніце наўкола, прыслухайцеся да ўсяго гэтага, і вы забудзецеся на тое... і радасць пачуеце...

Ён прыслухаўся да ўсяго, увабраў, быццам удыхнуў у сябе ўсю ўрачыстасць, усё захапленне народнае. І пачуў радасць. Яна неяк ураз захлынула яго, узняла на сваіх бурапеністых хвалях, спаласнула нутро, вымела змрочныя цені журбы - і зайскрылася пералівамі чыстымі - светлая і гарачая, як паўдзённы блакіт глыбокага неба.

Яму хацелася пець, але ён не знаў слоў гэтых песень. Ён да дзяўчыны звярнуўся:

- Слухай, ты мне кажы словы песні, бо я іх не знаю. Я буду пець таксама...

І ён пеў. І голас у яго быў дзіўна ўзняты, а вочы блішчэлі захапленнем...

Гарачая чырвань. Пабедная музыка. Звонкія песні. Гоман народу - бурлівы, густы.

І над усім - агнёвае сонца.

І над усім - агнёвая радасць...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Часамі сонца - палкае, шчырае - прынікае да самай зямлі, сціскае яе ў сваіх моцных абнімках, смагла цалуе агнёвымі вуснамі.

Бывае такое магутнае сонца...

І бывае Радасць такая...

1926?