Вялікодная пісанка (1914)/Развагі і думкі

Беларускае національное адраджэньне Развагі і думкі
Публіцыстыка
Аўтар: Максім Гарэцкі
1914 год
Гутарка аб праўдзе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. Горэцкі.

Развагі і думкі.


Беларускі рух… беларускі рух… Што гэта за дзіва? Што йшчэ за праява — адраджэньне белых русічоў? Што гэта за навіна часоў нашых — «сьведомые» беларусы? Скуль яно, тое дзіва, пайшло, аткуль узялося? І што гэта за дзіва?

Гм, гм… Ці гэта бязгрэшнае зыканьне романтыкаў двадцатаго веку, што сперша заткнулі вушы ад гудзеньня самакатаў, заплюшчылі вочы ад блісканьня радія, наставілі каўняры ат павеву космополітызму, завярнуліся прад эспэрантыстамі, інтэрнаціоналістамі і рознымі другімі альбо добра-карыстнымі, альбо невартымі славы «істамі»: пасьля таго разінулі рот прад гісторычным гоманам дзядоў сваіх с таго сьвету і на ўсю сілу пачалі ўжо лашчыць капрысна-хваравіты і не саўсім дзеля іх саміх зразумелы нахіл свайго сэрца да нечэга, здаецца-то і праўда, новаго і прыемнаго ў разуменьні слова «нація», народ і, нездаволенные, што іх цягнуць за валасы, а часамі і пужкаю паддаюць ім ахвоты, падганяюць іх на жаданае лона трыядынай «россійской» національнасьці, хапіліся шукаць новых падмуровак гэтаму разуменьню і ня дбаючы на канцавые вынікі сваей справы, неураджайна, безплодна і шкодна кіруюцца да таго, каб утопію, немажлівасць зрабіць рэальным фактам?..

Гм, гм… Ці то, можэ, памінальная псальма добрэнькіх унукоў па абкропленых хвалою дзядох і бацькох, расейскіх народніках 60-х гадоў і польскіх праўдзівых дэмократах часоў ранейшых і пазьнейшых?

Гм, гм… А можэ гэта сякі-такі компромісс, змова і згода інтэллігентнаго чэлавека, беларускай косткі, абросшай польскім ці расейскім мясам, змова з глухімі дамаганьнямі беларускаго карэньня, што а ні як жэ не ўсыхаець ў яго душы і троху-патроху ды безупынна, без перэстанку шкодзіць спакою яго вумленьня?

Ці гэта законная зайздрасць к другім мо’ і драбнейшым, галінкам дрэва славянскаго, што куды раней пукацца пачалі і к часу беларускаго адраджэньня закрасавалі? Гм… гм… Тут можэ, кірунак с прымусу, каб пазбыцца векавечнаго сораму у гісторыі? Гм… тут можэ людзкая рація: украінцы адрадзіліся і закрасуюць — з жыцьцём спрэчацца ня можна; а раз так — павінен, павінен адродзіцца і твой народ, праўда?

Ці гэта балбатаньне «тутэйшых патрыотоў», што дзеля дзяціннай славы завялі не дзяцінную справу?

Ці гэта, можэ быць, праяўленьне экономіцкаго гнёту, што выдавіў у беларуса-мужыка усе духі і прымусіў яго брыкацца с-пад калоды?

Што гэта?

Можэ гэта здаровы і патрэбны крык аб сваіх правох беларуса, як сына беларускай націі, націі па сваіх духоўных асаблівасьцях самабытнай… Можэ гэта крык аб правох народу ядынаго у псыхіцы і здольнаго да самабытнаго жыцьця сярод народоў, катораму не да твару быць прыбаўкаю, дадаткам да націі дужэйшай… і асабліва блізкай па крыві, што йшчэ горш, бо с чужым! — так дык так, а не так і ня трэба, ну а з неўдалаю раднёю цацкайся, дзядзька, пакуль яна с хаты твае ня турыць цябе…

Можэ так?

Ці-ж я ведаю? Можа й так… «Я ведаю толькі тое, што я нічога ня ведаю».

А я хачу ведаць, і ці ні варта будзе мне прыслухацца да шчыраго, толькі шчыраго пачуваньня беларусоў і правых, і левых, і сярэдніх, і тых, што «тоже бѣлорусы», і тых што нясуць крыж са славамі: «Жыве Беларусь?»

А ці ня чулі вы, дзядзькі, цёткі ад людзей не нашай націі і ці не чыталі у некаторых этнографоў, што беларусы у большай сваей часці ня могуць быць шчырымі у жыцьці грамадзянскім і ў іншым, што яны нейкіе няшчырые, «палавіна на зямлі, палавіна пад зямлёю», што пакуль за беларуса не задавішся, шчырасьці ад яго не дажджэшся… Ці ня чулі вы, што:

— Беларусы двудушны?..

А?

Ведама гэта непраўда, паклёп, напасць!

І ўжо некалі вы, магло быць, ого-го як і гневаліся за гэткі прыгавор няпрошэных пракурораў… Даводзілі, мусіць, якраз іншае, маючы на увазі многалікі тып дабрадумнаго, рахманаго, трошку тужліваго беларуса-гуморыста, што калі-та і выяўляіць сябе нібы то ня шчырым, дык дзеля таго, каб спрадвечную жыцьцёвую нуду захаваць ад прыкра-сьцюдзёнаго погляду чужынца па думках.

Вы, а ня вы, дык я, а не я, дык ешчэ хто пэўне гневаўся за тую напасць… Што ж, скажэця, раціі ня меў?

— Меў рацію…

А цяпер нехта ой — таёмны, ой — цьвёрды ў слові, з вялікаю непамернаю тугаю шэпчыць ды й шэпчыць мне пад вуха:

— І «тоже бѣлорусы», і младабеларусы, і ўсе яны, усе троху-многа двудушны і рэдка саўсім шчыры у сваіх справах палітычных…

Ой, не кляніця мяне, адраджоные! Сярод вас ёсць верные і аглашонные, а сярод верных і аглашонных многа серадзінкі. Гэта серадзінка ці не двудушна!

Усякая бываіць двудушнасць. «Грэх і сорам, вучыць нас прапісаные маралы, — быць двудушным». Тым жэ самым дакучаіць нам і пачуцьцё дабра і зла.

У каго тое пачуцьцё ў большай пашані, той мені двудушны.

Двудушнасць ад прыродна ў чэлавеку.

І бываіць адна двудушнасць, калі чэлавеку ужо ні стаець сіл разумнай волі, штоб не здвудушнічаць альбо двудушным ён бываіць, узіраючы на вымогі вума. За гэткую двудушнасць сварыцеся, людзі, калі у вас язык мяккі.

Другая двудушнасць, калі чэлавек сумысьля і ў угоду свайму злому боку ня слухаіцца голаса дабра і забіваіць у сабе добрае карэньня, а ўсё дзеля таго, каб…

«Тоже бѣлорусъ», калі толькі ў ім захаваліся чэлавецкіе пачуцьця, вечна змагаецца з голасам свайго сумленьня: «Глядзі не ашукайся! Ці добра ты уцяміў заветы дзядоў сваіх? Ці па тэй дарозі пайшоў ты? Не станься пракляцьцем роднай зямліцы… Ці не варта ізноў палічыць, ацаніць, зважыць тое-другое? А што, калі праз колькі гадоў «утопія» младабеларусаў будзіць жыцьцём?»

І вот ён важыць і раз, і другі, трэцьці, а ўсё ня маіць пакою.

Ен думаіць: «Вот жа людзі ідуць па іншаму і часам мукі зносюць за думкі свае… Не дарма ж. І гэты «тоже бѣлорусъ», ваюючы і пяром і ўсім за «тоже Бѣлорусію», за яе выключнае права на жыцьцё, ён, паказываючы сябе шчырэйшым шчырэйшаго, ён… ня пэвен сам у сабе, ён заўсёгды сварыцца з голасам дэмократычнаго беларускаго карэньня, мучаецца праз тое і часам неспадзевана, раптоўна ідзець з ім на змову, паднімаіць гоман сярод паноў «чорнай сотні», чапурыцца, пакуль… пакуль ізноў «пакута» і лізаньня рукі грашавітых паноў чорнай сотні!

І дробные душы маюць у сабе драбінкі золата, але так і астаюцца дробнымі. І калі «тоже бѣлорусъ» — сумленны чэлавек, — вяліка драма душы яго, жалобен ён дужа… Калі ж ён толькі «дзелец», — памаўчым аб ём.

Потым ёсць у нас і не рухомые і не рухавые людзі, калоды, пні, шчасьлівые пад сваім сонцэм; ня проч яны пажадаць і лепшаго сонца, але калоды яны.

Есць і такіе, што Богу сьвечку нясуць, а чорту качаргу валакуць. Німа у іх толку ў паглядах на мінуўшчыну і будучыну Беларусі і на саміх сябе, як сыноў сваей бацькоўшчыны. Куды вецер дзьмець… Прыходзіцца: заплюшчу вочы прад тым і закрычу на ўсю сілу аб гэтым.

А ладные маладзенькіе беларусы, хлопцы і дзеўчаткі, хварэюць у сваім часі на адну больку: «Ня ведаім, куды і як нам іцьці, каб было найлепей»… Цяпер гэткі тып асабліва часта спатыкаем. І варта было б, каб ён паказаўся у нашай літэратуры, пакуль ён ёсць у ва ўсёй сваёй цікавасьці; зараз яго і саўсім ня будзіць: расьцець беларуская маладзёж, сьведамая ад малых гадоў!..

Шкода неяк гэтых маладзенькіх, слаўных браткоў і сястрычак, — на раздарожжы яны.

Пайці ў адзін бок — у старую родную Беларушчыну, куды магнэсам цягне, — мулка, ня шчыра-беларускае гадаваньне сварыцца, ды й ці-ж варта цяпер, ці ж выйдзіць тут добрае, а ці ня позна, а чаго ж дабівацца у канцы, якіх ідэалоў — ня ўжо-ж тых страхаў-страшных сэпаратызму страшнаго? Ой, як паўзці туды, слухаючы сэрца і ня чуючы галавы, што страшыць немажлівасьцю справы, недасьцігласьцю ідэалоў жаданых!..

А пайці у другі бок, па «обшчэ» расейскаму ці польскаму шляху, — уй, тошна, ой, роднае карэньня не дазваляіць… А злашча цяпер і гідка, і брыдка, і ня хочэцца, цяпер, калі ёсць жэ і гэты, люба-таёмны, свой родны шлях, і па ім людзі ідуць ды-й ідуць…

Дык гдзе ж ступаці? Хіба-ткі па роднаму шляху? А ён так і пайшоў поплеч і блізюжынька са шляхам працуючаго дэмосу усяго сьвету і вядзе, мусіць, да аднэй мясьцінкі…

Можэ гэта ступаньне па роднаму шляху і ёсць «беларускі рух»!..


Маладая Беларусь будзіцца на абломках старыны. Будаваць новае младабеларусам дужа трудна, бо ў абломках старыны многа-многа трухляціны, ад каторай у наш час толькі пыл ідзець.

І не дарма у младабеларуса, катораму жыцьцё йшчэ не паказалося добра з розных бакоў цяпер і ў мажлівай будучыні, не дарма у яго усхапліваецца пытаньне: ці варта яму дзеля нейкай блізка што утопіі «беларусіцца»? Ці варта яму зарабляць жалосна-прыкрые ухмылкі няпрошэных жаласьнікаў, што пазіраюць на яго, як на нейкаго лятуна фантазёра, або як на пустога чапурышніка. Ці варта яму часам завадзіць у сваёй сямейцы нейкую нязгоду праз «беларушчыну», нейкі разлад, нейкую непрыемнасць?

Не дарма так пытаіцца ён сябе.

І тымчасам… Тымчасам ідэя бярэць сілу, верх. І вот слухайця, дзядзькі і цёткі — літэратары нашы, слухайця, якіе добрые мэты вам…

Колькі цяпер на Беларусі сямеек, гдзе спрэчаюцца дзеткі з бацькамі! Колькі іх цяпер такіх, у каторых ёсць новаго заводу «самавольнікі» ці «самаволачка».

Гэта ж дзіва! У сямейцы пануіць польская мова, польская ідэологія, польскіе традыціі…

Гэта сам бацька з гасьцямі даволі добра гаворыць «по-польскаму», саўсім рэдка, абмыліўшыся, кульганець «па-просту», кашлянець, перханець, і абмылка не ў знаку.

Ен гадуіць добрых дзетак на карысць маткі Польшчы… І вот табе на! — адзін ці адна з гэтых дзетак, пасьля новаго нейкаго паветра, нясьмела, але няўступна гаворыць, цьвёрда і сумна гледзючы бацьку у вочы: «Не, татка, я ведаю: мы беларусы…» Гвалт! Аткуль ён ведаіць? Папсаваўся хлапец, сапсувалася дзеўка… Горэ пану, сорам цані…

А самавольнік ці самаволачка, нічога ня чуючы, нікога ня слухаючы сваволіць, беларусіцца болі й болі…

Пойдуць рады, лекі. — «Не пускай ты яе, панічка, да беларусоў: гэта яна там нейкую сымпацію таіць, с таго ўсё й выходзіць. Не пускайця, час усё вылечыць». І йшчэ паддаюць духу… Прыходзіць у госьці к матцы самаволачкі добрая суседка. Тое-гэта, аб тым, аб сім, але вот: «А я да пані маю інтэрас…» Ідуць у другі пакой. — «А-ей, панічка, ня думаіця вы аб панні Ядзі… Сватоў трэба ждаць, а яна ўсё па-просту ды па-просту… Гэта ж ніхто паненку й замуж ня возьміць…»

І на самаволачку пачынаюць наседаць, пачынаюць лячыць яе ад «мужыцкай» беларушчыны, і…

— Дарма! Калосіцца ураджай…

А то вот. — «О-о, я ж рускі! Бацька мой за сахою хадзіў, а я у людзі выйшаў, зьвязду над кавыром нашу. Гавару «правільна» (па расейску)… Жонку маю не абы якую — с папоўскаго роду; школіць яна мяне часам за «мужыцкі закалец», а я, каб падражніцца, і наўмысьля дзеля жарту дыкну ці якну. Дзеткі мае слова па мужыцку ня скажуць, матка ужо за іх ня чырванеіць…»

Добра, ладна, пане з мужыкоў! Лацьвей табе…

І раптам — скуль беда? Сын — студэнт, гордасць спадзеваньне бацькоў, прыежджаець з унівэрсытэту і… ані слова «правільна»: па мужыцку так і сыпліць!

Праўда, выходзіць ў яго неяк ні саўсім па-мужыцку, а даволі прыемна, як бы й па-панску, літэратурна, аде усё ж словы «хамскіе», якіе ужываіць дворнік, вадавоз, пячкур… Так, пане з мужыкоў!.. Сьлёзы, квохі, упрашэньня. — «Міценька! Пабойся Бога. Паслушай мамы… не срамі нас… Дзядзя — інспэктар ў госьці прыедзет… Не гавары хоць пры ім на гэтым жаргоне… А Міця, той йшчэ, ці чуў ты дзіва, за слова «жаргон» скрыўдзіўся. Ах, і гэтаго дзіцятку папсавалі таварыш.

Хітрэйшые бацькі пачынаюць і хітрэйшую палітыку: яны і самі як бы не чураюцца родных слоў, часам выпінаюцца прад сынам за горкую долю мужыка і трошку-патрошку заводзюць с сынам гаворку аб тым, што «шкада — справа спознілася», «ах, ня маіць яна у нашы часы сэнсу», «трэба глядзець каля сябе глыбей, трэба спытацца у народа, ці ж ён пойдзіць за вамі» і г. д.

І жыцьцёвая драма для чулаго хлопца — гатова, а сын свайго бацькі патрапіць «расчаравацца…»

Руху сярод нашай праўдзівай інтэлігенціі найболі й шкодзіць недахват волі і гэта рэфлексія, гэта самакрытыка, гэты самааналіз лепшых адросткаў карэнь беларускаго.

Вот тут-то я і звярнуся да «генералоў» адраджэньня, кіраўнікоў руху… Тут я скажу ім: сьмялей гаварыця новае слова народу беларускаму! Сьмялей!! Менш уважайця на напасьці с польскаго і расейскаго боку. Менш азірайцеся на іх. Сьмялей спраўляйця хаўтуры па тых сьвятых мучэніках, на касьцях каторых радзілася новая Беларусь і сьмялей пасылайця добрые весткі тым братом нашым што «сярод лядоў, сярод жуды» пакутуюць за адраджэньне! Сьмялей і выразьней кажыця новую дарогу. Сьмялей і выразьней цьвярдзіця і гаварыця, да чаго вы кіруецеся і куды вядзіцё народ. І да паэтоў сваіх звярнуся: і ты дзядзька Янка, і ты дзядзька Якуб, і вы, ўсе другіе «парнаснікі» нашы, калі вы хочэця папраўдзі быць прарокамі народу нашаго, а ня толькі хваленымі аўтарамі кніжак у беларускай мове, — сьмялей і выразьней гаварыця сваё новае слова і дбайця, дбайця аб тым, каб у вас слова і дзела было нешта адно, каб у вас слова радзіло дзела, а дзела паддавало духу слову… Скажуць: слова паэта — яго дзела… Так! Але у наш час беларускі паэт павінен памятаць, што толькі таго прарока вера шырыцца паміж народу, каторы быў прарокам як на слові так і на дзелі, бо як вера бяз дзела мёртва, так і слова бяз дзела можэ быць нікчэмна і йшчэ горэй — шкодна. Памятайця, хто маіць на тое памяць, як жыў Тарас Шэўчэнка. Ня меў спакою вялікі Толстой, пакуль лупежыў панства, жывучы ў панстві, і не дарма «на санёх седзя», прад сьмертухнай сваею уцёк ён ад панства.

Дык сьмялей і цьвярдзей! І выразней! Не баючыся болек і не хаваючыся ад сьветла.

Прыдзіця к нам справедлівые, прыдзіця к нам цьвёрдые, упорные, сьмелые, прыдзіця к нам рухавые! Прыдзіця к нам з воляю крэпкаю, прыдзіця к нам асілкі волі! А вы браты мае, сястрычкі мае, здабывайця сабе волю, гадуйця у сабе волю, перш-на-перш будзьця вольны ў саміх сабе.


У часы палітычнай завірухі у Расеі, калі хлынула хваля навіны, калі погляды меняліся, часам плуталіся, калі навіна часам прымушала спачатку здзіўленна разяваць рот, многа тады было жалобнаго, не мала і сьмешнаго на грунце пашырэньня сярод людзей гэтых новых палітычных думак, новых слоў, новых паняцьцеў. Было сьмешнаго такжэ і сярод троху-многа адукаваных галоў, мала знаёмых с тым новым прыляцеўшым з Захаду, ну а сярод шэрага, белаго жупана дык і нагатові. Помню расказывалі гэткае здарэньня. Два браты дужа сварыліся паміж сабою. Адзін раз яны далаяліся да астатняго. Чаго толькі не казаў Якім на Яхіма — і катаржнік, і машэннік, і брадзяка, і сабака, і такі і гэткі. Яхім або адбіваўся, або змоўчываў. Але Якім захацеў дапеч саўсім брата. — Ах ты «самакрат» (дэмакрат!) — крыкнуў ён на Яхіма, і той гэтаго новаго, страшнаго, невядомаго ня знёс. — Дык Я «самакрат?» і паляцеў у бой. Так ухадзіло ў наша жыцьцё новае слова.

Таксама і цяпер. Пачынаюцца жарты… — Вацлаў! Дык, значыцца, сэпаратысты мы, а? Ен усё можэ знясьці, але каб яго звалі сэпаратыстам — ніколі. — А пакінця вы гаварыць, слухайця, ну што звягаіця: «Сэпаратысты, сэпаратысты»… Я вам раз наўсёды скажу, 1170 Я перш-на-перш ні адкаго аддзеляцца не рыхтаваўся, я «рассійскі падданы» і беларус… ну чаго вам трэба, які я вам сэпаратыст. Запытайцеся вы у народу, зразумелым для яго словам, сэпаратыст ён, ці не? Што ён вам скажыць». — Супакойцеся, дзядзічка, дзякую Богу, хоць вы троху разышліся. А я, ведаіця, — сэпаратыст. Чулі прыказку: «хоць гаршком заві, толькі у печ не садзі»

Так і мяне, заві якім сабе хочыш сэпаратыстам, а не бунтуй адно быць мне самім сабою і жыць па беларуску. Тые, каторые завуць мяне сэпаратыстам, добра ня ведаюць, у чым мой сэпаратызм…

Якіе мы сэпаратысты?

....................

Аўтономія… Слова нявузенькае, шырокае слова. Самаўпраўленьня… І туды яго можна пакіраваць і туды. І вялікі сэпаратызм, і малы сэпаратызм, і ёсць ён, і німа яго. Мне здаецца, што тые людзі добра, хоць і па свайму, разумеюць і аўтономію ў сэпаратызм, калі гаворуць: «дайця нам жыць па свайму, і мы, і усе «інародцы» расейскіе дадуць новую сілу, новую моц і асабістую здольнасць да вялікаго жыцьця Расеі. Бо цяпер, плюшчы сабе вочы, хто ня хочэш пазіраць, а каму ня відна, што старые абмылкі дужа вялікі і на іх цяпер ня можна будаваць здаровае жыцьцё вялікай імпэрыі.

Ніхай сабе новые ідэі раўнапраўя усіх націй абмылкавы і ня удзержацца ў жыцьці… Гм… А толькі-ж зірніця, паночкі, каля сябе, уцямця ўсё тое, што даў нам 19-ты век у адраджэньні заціснутых націй, паглядзіця, што прынёс 20! Трэба-ж лічыцца з жыцьцём! Вы скажэця: «Мы самі творым жыцьцё!» Ніхай сабо і так, як той казаў. А якім-жэ вы творыця жыцьцё? Вы творыця яго такім, якім яно выходзе і якое от, цяпер яно ёсць. Ужо добра натварылі. Не, галубчыкі, як не садзіця калякі у сьпіцы бягучай гісторычнай калясніцы, гэта будзе дарэмная праца, і сьмешнае марнаваньне пігмэямі сілы сваей на барацьбу з нявернымі ім сіламі натуры. Не крычыце: «прыгожые словы!» Не клуміце галавы: «Палітычная распуста!» Не прыстаўляйцеся: «Мы гэтаго не цямім!» Ня цешцеся: «Адна справа — адраджэньне чэхаў с пад нямецкаго ярма і другая справа — «мазэпінство» украінцоў, сэпаратызм беларусоў, над каторымі німа ніякаго ярма, бо і яны рускіе і будавалі расейское жыцьцё! Паны! не ашуківайця самі сябе, бо гэта ашуканства найлягчаэйшае і страшнейшае… Праўда, справа нашаго адраджэньня іншая, чым справа хаця бы чэшская. Добра разніцу гэту нам і паказывае жыцьцё, але тое-ж жыцьцё нам гаворыць: «Справа ідзець, ідзець як нешта нормальнае, законнае, жыцьцёвае…» Значыцца, ніхай, каму люба, хаваіць як трус галаву сваю пад паху, ніхай ж брыкаіцца у зад і ў бокі і ўбрыкнець каго, пацешыць сябе, а жыцьцё як ідзець сабе так і будзе йці, бо можэм згаджацца ці ня згаджацца с палажэньнямі тымі ці інымі аб значэньні звычайнаго чэлавека і генія ў ходзі міравых здарэньняў, ніхай адны кажуць, што чэлавек у гэтай справе — недалужная шчапінка ў акеане, а другіе ніхай сабе кажуць: «Чэлавек у гэтай справе, як рулявы на караблі», ніхай гадае кожды так, як яму гаворыць яго розум, а толькі ж лічыціся, паночкі, з жыцьцём, не жмурыціся ад яго зіяньня, ня плюшчыця вочы ад яго сьветла, тады вы самі скажэця, што адна вам найлепшая рада ў адносінах да таго, што завецё вы «мазепінствам» ды «сэпаратычнасцю», і рада гэта дзьве тысячы гадоў назад сказана лепшым членам сінедрыона: «Пакіньця іх… Калі ж іх дзела дрэннае і богу не прыемнае — яно само, без вас, згініць; а калі не — дык ніякімі сіламі зямнымі не здзержаць вам яго: і не патушыць!» Дык ж тые, што валаклі Апостолоў у Сінедрыон, баяліся, дрыжэлі за сябе, каб новая навука апастольская не пакрышыла у прах іхніх старых жыцьцёвых бажкоў. А вы? А вы чаго ж баіцёся? Мы ж даходзім праўды, толькі праўды, мы шукаем толькі таго, хто па праву належыць да нас і чужога нам ня трэба, ня трэба, ніхай бачыць Найвышні! Дык пакіньця ж прашкаджаць нам, пакіньця мучыць нас, дайця нам нашу мясьцінку пад небам, а вашы скарбы — вашы — нам іх ня трэба, хопіць нам свайго. Калі па вашай старане праўда, на ваш ахвярнік пашлець Бог сьвяты агонь; па нашай — наша ахфяра загарыцца і Богу прыемным дымам пойдзе у нябесы. Дык чаго ж вы, чаго ж вы хочэця быць горшымі за тых, што гналі сьвятых апостолаў? Вам трудна вызірнуць с цёплаго гнезда на тое, што праведна і ясно і за што праз сотні гадоў вас асудзіць і людзі сваею навукаю як і подаўно асудзіць вас Бог. Апаметайцеся! Калі вы людзі, дык бы вы йшчэ радаваліся, што людзей у нас павелічываіцца, што зьяўляіцца нешта нова-самабытнае, зьяўляіцца новая арыгінальная літэратура, што племя, каторым сотні лет кіравалі цямнота і непраўда, аб каторым і сьвет добра ня ведаў, якое яно, што яно пачало па любаму для яго шляху так рупліва варушыцца да лепшай долі, да чэлавечаго жыцьця, да таго, каб закрасаваць прад відам другіх народоў сваімі арыгінальнымі, самабытнымі, выразнымі прыгожасьцямі,

«Апекуны» нашы! Я вам тут скажу два факты. Прашчуры «апекуны» з маскоўскаго боку, не так ўжо даўно, пры Александры Першым, глядзелі на Беларусь, як на край чыста польскі. Нават адукаваные галовы, як, напрыклад, вучоны акадэмік Северін, так не ясна сабе выяўляў істоту Беларусі і беларусоў, што у сваіх дарожных пісульках (каторые ён пісаў, ездзючы па нашаму краю) лічыў нашых дзядоў—беларусоў як бы «схізматыкаў» і дзівіўся, што тут сярод праваслаўных царкоўные атправы і рызы папоў дужа падобны да нашаго, грэка-рассійскаго… Так сама пазіралі на наш край і «высшые сфэры». Тады ешчэ прашчуры апекуноў нашых не дайшлі, не даўміліся да таго, якіе можна гэшэфты рабіць с паняцьцем «ісконі русскія начала».

Цяпер другі факт. Знаменіты польскі Ліндэ і другіе вучоные польскіе яго часоў лічылі беларусоў («Крывічоў» — так пісалі нас тады ў польскай літэратуры) за адростак племені польскаго. Але навука сказала сваё слова аб тым, хто мы ёсць. І ўжо самі польскіе слаўные дзеячы з Літвы і Беларусі не вырэкаліся свайго «Крывіцкаго» роду, а тымчасам былі вернымі і гуманнымі сынамі маткі-Польшчы. Цяпер… Ці ж мы гаворым ілжу і непраўду на іх хвальные імёны? Не, мы ешчэ гаворым шчырае дзякуй ім, тым, што пазнавалі навучна свой родны беларускі, літоўскі край, гаворучы а думаючы не па беларуску. (Тышкевічы, Зенкевіч; Чэчот, Нарбут, Кіркор і др.).

А як толькі мы захацелі быць беларусамі, думаючымі і гаворучымі па беларуску, дык — стоп машына! Тут пайшлі і «ісконі русскія начала» і гісторычные правы на нашу старонку «незгінэлых» і… Божа мой! — пасылаюць — пасылаюць ужо нас вучыцца гісторыі «не па Іловайскаму» і як толькі самі не перэкруцілі саўсім яе беднай дагэтуль на сваю карысць, як папробаваў адзін польскі пан — гісторык з Галіччыны, аб каторым летась пісала у свой час «Рада».

Ешчэ раз скажу: «Лічыцеся з жыцьцём!» Белінскі не зірнуў глыбей уў жыцьцё у справі адраджэньня украінскай літэратуры, ён пісаў, што украінская літэратура немажліва, як нешта самабытнае, і далей перэліцованых Енеід яна ня можэ пайці — ашукаўся!.. У нас ня гледзячы на паэтыцкую працоўнаець Марцінкевіча і цікавасць тагочаснога краёваго грамадзянства да беларускай мовы і пісьменнасьці, ня гледзячы і на офіціяльнае прызнаньне яе у польскіх офіціозных выданьнях 60-х гадоў у Вільні, ня гледзячы і на пытаньня у расейскіх журналах («Маяк») аб яе здольнасьці да жыцьця і патрэбі, як літэратуры народу, маючаго багацейшую сярод другіх славян міфологію, ня гледзячы на яе прозьбы: «Жыць, жыць!» — Яе задавілі і сказалі цікавым, што яна сама сябе задавіла, бо ня мела чаго есьці і з голаду зрабіла самагубства. А прайшло с поўсотні гадоў і вот, так сама пад злосна-радасны рогат: «Позна! Позна! Спазьніліся, беларусы!.. Го-го-го! Улю-лю-лю…» — яна ўсё ж-ткі:

Жывець!

І будзе жыць, трудна з гэтым спрэчацца яе злосьнікам.


Наш младабеларускі фундамэнт гэта сьведамая інтэлігенція, каторая выйшла з беларускай народнай гушчы і адтуль жа бярэць сокі для свайго жыцьця.

Два дзесяткі гадоў таму назад адзін этнограф пісаў, што у беларусоў ужо німа «тутэйшай беларускай інтэлігенціі»…

Цяпер мы скажэм, што яна ужо, ужо ёсць! Знайшлося семячка, лягло ў добрую зямельку, ўзыйшла і… німа чаго баяцца — з аднаго бярозаваго семячка вырасьце бярозавы лес на колькі вёрст. А калі вырасьце! Калі будзе мець усё тое што патрэбна да жыцьця расьліны: сьвет, цеплату, ваду, паветрэ… І беларуская інтэлігенція будзе расьці развівацца — калі? Калі будзе браць жыцьцёвые сокі у народнай гушчы.

Значыцца, рух беларускі будзе павялічывацца беларускай інтэлігенціей, а яна будзе і далі багацець духоўна і фізычна, калі народ беларускі і надалі будзе здольны папаўняць яе сваімі дзяцьмі,

Што патрэбна для таго?

Што патрэбна, каб народ наш радзіў сваіх інтэлігентоў, бліжэй кажучы — шчырых младабеларусоў, а не палякоў з «Забранай Літвы» і не Русакоў «с Западнаго Краю?»

Многае патрэбна… Паміж многа іншым — кніжка.

Яна, ўсёмагучая, паддасць імпэту народнай гушчы нашай ў нараджэньні беларусоу.

Трэба пусьціць у народ кніжку.

Працоўнікі беларускаго адрадженьня і пусцілі яе, пусьцілі з рэзультатамі вельмі добрымі і ня вельмі добрымі (як мне здаецца).

А каб у гэткім важным дзелі не здаралося аніводнай неўдачы, трэба спытацца у народу, ці хочэ ён чытаць і што ён любіць чытаць?

Атказоў набярэцца хіба столькі, сколькі запытаных будзе.

Калі ж хто скажэ, што чытаць ня хочэ (мажліва!), то трэба перш-на-перш давясьці такому, перэканаць такога, што кніжка — лекарства, ад многіх хвароб.

Калі ж хто скажыць, што любіць чытаць непатрэбшчыну якую, трэба на яго славах наўчыцца, і размяркаваць, як найлепі пакіраваць гэтаго чытаку да добраго чытаньня.

О, гэта важная справа, карысная справа — такіе пытаньня! Чаму не падаюць сільней голасу тые, што ужо пыталіся, хадзіці?

Што чытаіць народ? Чым карміць яго? Якім спосабам пакіраваць яго да таго, каб нёс ужо ён з рынку не «мілорда глупаго» у мачульным выданьні пана Сыціна, а хоць бы, скажу пакуль што, календар «Нашай Нівы».

А найперш павінны мы даць духоўную страву селянскай хаці і тым, ешчэ невыразным адсколкам работніцкаго стану, якіе цяпер у нас ёсць і усё выдатней выліваюцца.

Апрача дзьвюх карэнёвых, аснаўных мэнтаў нашаго адраджэньня — селян і работнікоў з аднаго боку і сьведамых інтэлігентоў з другога, трэба адзначыць і вялікі шмат ступеняк-прыступак у гэтых гушчах і паміж імі. Раздзелы ж труднеюць ешчэ тым, што беларусы — праваслаўные і каталікі, па крайнай меры на паперах, а колькі іх у жыцьці такіх, што шукаюць свайго Бога, што моляцца Богу невядомаму, што асьцюдзянелі і закамянелі у сучасным, пхаючым да такіх праяў жыцьці і лічуць сябе «от, так сабе…» а то атэістамі, бязбожнікамі, ці даюць сабе іншые найменьня.

І усім гэтым людзям, пакуль іх троху расштурхаім і зацікавім да беларускай літэратуры, патрэбна і розная духоўная страва.

Кожнаго беларуса трэба здаволіць кніжкай.

Асабліва ж трэба гадаваць нашых маладзенькіх,

І разумеіцца, народную гушчу.

Па мойму цяпер дужа б ладна было зацікавіць народ беларускай кніжкай праз выбраные народные ж казкі, цікавейшые песьні, прыслоўя, перэказы-прэданьня, легенды, жартлівые народные апаведаньня (бытавые, аб прыгоні і т. д.), анэкдоты і гэтаму падобные, усё тое, што сабрано на Беларусі і запісано і што ходзіць паміж нашаго народу. Калі ўсё гэта добра апрацаваць і выдаць даступна народу, рэзультаты працы будуць дужа важные для нас, сыноў Беларусі.

Адным словам, звертаючы належную ўвагу на народ, на яго жыцьцёвые патрэбы, павінны мы, без аніводнай каму шкоды, улаўляць яго ў чэлавецкіе беларускіе сеці.

Мы ня можэм не лічыцца з жыцьцём, з жыцьцёвымі патрэбамі народу нават і тады, калі гэтые жыцьцёвые патрэбы народные на наш пагляд — хворы, ненармальны і шкодзяць адраджэньню беларусоў. Ня можэм не лічыцца дзеля таго, каб не адарвацца ад карэньня… Калі беларуская інтэлігенція адарвецца у самым пачатку ад свайго народу, яна хоць і не загіне і будзе сяк-так мадзець і расьці, але буйнаго калашэньня яе ня будзе ніколі. Ў справы агульнаго развіцьця грамадзянскаго жыцьця ў Расеі многа шкоды было ад таго, што там інтэлігенція была бяз грунту, яна ня мела ніводнаго духоўнаго вязьма з народам расейскім і, калі пачынала «хадзіць у народ» ці іншым чпосабам шукаць рады, каб знайсьці тортую палітычную дарогу, дык гэта выходзіла… скажу першым узыйшоўшым на вум словам… выходзіла сьлёзна-жартаўлівая, а то й горш. Беларуская інтэлігенція не павінна рабіць абмылак: трэба ей усімі сіламі хапацца за народ, пакуль яна сама народна, дэмократычна і папаўняецца новымі і новымі дзяцьмі беларускаго дэмоса, каторых ён, дэмос, вывёў «у людзі». А каб неадарвацца ад народу, а, наадварот, выкарыстаць усё, што даець самая блізкая еднасць з ім, прыходзіцца, як паказываець жыцьцё, йці яму на сустрэчу, паступаючыся да часу ня так ужо важнымі для слаўнаго канца сваймі палажэньнямі. Гэта ня ёсць езуіцтва, бо хаця тут «цель оправдываетъ средства», аднак гэтые спосабы ужо нікому шкоды ня робюць, Бога ня гневаюць і чорта ня цешуць. Дарога к народу, а к народу трэба падходзіць патроху, умеючы: ;ывеш ты сярод беларусоў каторые гавораць ня ёсць, а «есь!», не дзіві, ужывай і ты гэта «есь», каб не атпужнуць ад сябе нерухомаго беларуса, тымчасам кіруйся, каб сынок гэтага беларуса чытаў добра беларускую кніжку і, пайшоўшы у сьвет, цьвёрда стаяў на тым, што ён маіць чэлавецкае права звацца беларусам, а не паляком, ды не маскоўцам і што ён маіць чэлавецкае права, права ні хавацца са сваёю моваю, хай бы яна была і горшая ад другой мовы, маіць права пагарджаць «абразаплюйнікам», каторых цяпер шмат і сярод палякоў і сярод маскоўцоў, і каторые любюць, не стрэкаючы доўжнаго востраго атпору, пасьмеяцца, паблазіць над мовай прыезджаго нясьведамаго селяніна-беларуса.

Калі ня хочыш ты расчаравацца у жыцьці, калі ткі ты ца праўдзі ёсць інтэлігент і жывеш не так, што «наеўся, напіўся і хвосьцік завіўся», — не глушы у сваём дэмократычным беларускім сэрцы беларускіх народных здаровых пачуцьцёў… Дай веры, не расчаруешся. Не бяжы ад народу, а бяжы да народу. Ен цябе разварушыць. А ў падзяку таму, хто даў табе сэнс жыцьця, ты папрацуй шчыра. Ня бойся с пачатку, што выходзіць шыварат-навыварат: ты к народу, ты «сярод маны, сярод насьмешкаў» туліш к грудзям нешта новае і нясеш яго народу, а народ гэты ад цябе у віры глядзіць. А ты не прыпанімай так к сэрцу: усё маець свае прычыны, многае с часам зменіцца, і німа таго дрэннаго, што б ня выйшло на ладнае!..

Дык вот жэ, вы — інтэлігенты: будучына адраджэньня беларусоў залежыць ад селяніна; хаця, праўда, гурток інтэлігентаў ужо глыбока пусьціў у нас карэні, але калі селянін перастане выдзеляць са свае хаты дзяльцоў руху, дык рух будзе марнець.


Жадалося бы мне пагаманіць троху, паразважаць, палетаць думкай і аб літэратуры нашай.

Літэратура? Што гэта ёсць — літэратура? Ці ня ёсць гэта само грамадзянетво на фатаграфіі? і ці ня ёсць літэратура і грамадзянство, як гук і літэра?

Калі хочэцца знаць, як жывець народ і да чаго ён кіруецца, трэба чытаць яго літэратуру.

Трэба чытаць і беларускую літэратуру дзеля таго ж самаго.

Беларуская ж літэратура маладзенька, як дзяўчынка, і хоць вока бяжыць любавацца прыгожасьцю гэтай дзяўчынкі, але, але… зразумець яе — яна ўсё йшчэ дзяўчынка!..

Ня ўсё поўна адбілося з Беларусі ў беларускай маладзенькай літаратуры: тое трошэчку бачком, тое брыжком, тое краюшком, тое зламаўшыся, скрывіўшыся. Часу, часу! Вот цяпер бы я й клікнуў пісьменных беларусаў пахваліцца у сваіх часопісях, што яны знайшлі, знаходзюць глаунаго істотнаго у нашай літэратуры і куды яна павінна кіравацца. Гэта важна! Асабліва цяпер… Трэба добра агледзіцца каля сябе і шпарчэй, можэ, пойдзем ўперад. А куды ж ісьці ў творчасьці нашым пісьменнікам.

Шлях мастацкі? Шлях карысны — жыцьцёвы? Пісаць жыцьцё, якое ёсць яно? Паказаць, якім магло б быць? Якім павінна быць?

Ці не мастацкая праўдзівашнасць — найлепшая дарога літэратуры нашай?

І ці не даволі засыпацца рознаколерным конфетті з вершыкоў і дробных малюнкаў…

Ці не пара б нашым пісьменнікам напісаць што даўжэйшае?

Ці не дадуць нам к дзесяцілецьцю «Наш. Нівы» нашы літэратары добры раман?

Хоць бы с сучаснаго жыцьця раман? Аб тым, як трухлеець старое і патроху, у муках, расьцець маладое? А можэ б якую гістарычную повесць, драму?

Я не раблю заказ, а думкамі супакоіваю сябе у жаданьні найпатрэбнейшаго.

Здаецца, праўду кажу?

Прозы, прозы, добрай, мастацкай прозы беларускай дайця нам!

Каб на стале у нас каля тоўстай кніжкі вершаў «Шляхам жыцьця» лежала б не ценейшая кніжка прыгожай прозы…

Мне скажуць: «беларус любіць песьні — і вот у літэратуры вершы», а я скажу: «беларус маець дзіўные ладные казкі — дайця прозу».

На аўтороў дробных вершыкоў у «Нашай Ніве» у нас урадліва… Індывідуальнасць ў іх розная, ў каждаго з іх яна свая і, можэ быць болей выразная, чым гаворыць вершык; Думкі пачуцьця — ўсе у іх свае асаблівае, — але што калі чэлавек божы лічыць, што каб друкаваці яго творы, павінен пісаць так, як другіе пішуць, — падрукаваные, і ён пачынаець рабіць па гатоваму шаблону і калечыць сваё асаблівае, можа сваё новае, лепшае. Ен пабег па гатовай расьцяробі, гдзе, здавалося, лягчэй прайсьці на Парнас, а свую дарогу — расьцяробу, праз каторую было б відаць адно поля ад другога, так і пакінуў, так і забыўся… Лепей бы ты парнасьнічык, не паказываў сябе, што і ты ўмееш нешта зрабіць, як пагледзіш на работу другіх; лепей бы ты схаваўся, бо ты забыўся, што ня трудна зрабіць, ды трудна прыдумаць. Калі беларус бярэ у рукі нумэр газэты, ужо ён с тамленьнем сэрца пытаецца сябё: «А можэ і ня будзе шаблону, і ёсць тут новая слова?» Чытаючы тры нумеравых вершыкі, ён хацеўбы, каб хоць адзін з іх яго, ну, хоць трошэчку ускалыхнуў, ці новую думку даў, ці прымусіў пасумаваць. Ці шчыра пасьмеяцца, ці сказгаць вечны спакой рабу божаму, а дзеду нашаму, мучэніку Хвядосу, што сто гадоў таму назад згніў у скляпох-мурох панскіх — каменных?

Я, ня плюшчыўшы вочы, скажу: ніхай як мага скарэй праявіцца у нас хоць бы адзін добры крытык. Усякая маладая літэратура, і беларуская, калі ужо яна маіць прад сьветам нейкі від праз выразьнейшых і выбітнейшых пісьменнікаў, асабліва маіць патрэбу і у сурьёзнай крытыцы. Маладым пісьменнікам маладой літэратуры с самаго пачатку трэба паказываць іх абмылкі, калі гэтые абмылкі могуць пашкодзіць далейшаму развіцьцю творчасьці пісьменнікоў.

Пісьменнікоў нашых трэба навадзіць на добрую пуцявіну. Крытык можэ ужываць і лёгкую насьмешку і сарказм, каб самі пісьменнікі былі стражэй да сябе, да сваіх твораў і сваей творчасьці.

Ведама: дрэнна крытыка такая, што крытыкуець ня творы а аўтора. Хоць праўдзіва мастацкі твор — частка душы аўтора, і крытыкуючы твор, мімаволі чэпаем і струны душы; але гэта не страшна, калі крытык папраўдзі крытыкуець, што значыць крытыкаваць творы?

Па-мойму, крытыкаваць — значыць шукаць таго ж, чаго шукаў аўтор, і рабіць думку яго ясьнейшай чытачу, і даходзіць, ці добра выклаў думку аўтор, і як выкладаў, і як бы мог выкласць лепей. На добрай крытыцы гадуюцца пісьменьнікі і грамадзянство і не дарма з вялікай нецярплівосьцю жду я беларускаго крытыка.

Далей…

Есць дзякуй Богу, вельмі важная навучная праца шаноўнаго прафэсара Карскаго аб нашай мові. Есць, хваліць Бога, ўжо кавалак літэратурных проз не малай вартасьці. Есць даволі зборнікоў этнографічных, гдзе можна знайсьці досыць характэрных, прыгожых і граматычна цікавых зваротоў беларускай мовы.

Есць, такім чынам, даволі матэрыялу для навучнаго пазнаньня мовы нашай, ёсць і навучная добрая праца

А тымчасам німа аніякай кніжачкі правіл граматычных нашай мовы для народу:

Дык ня ўжо німа хаця сярод студэнтоў-беларусоў ці наагул людзей з вышэйшай філологічнай асьветай, каб зрабілі першую пробу напісаць беларускую практычную граматыку?

Ніхай бы іхные палажэньня былі б толькі тэорэтычны і гіпотэзычны і ні для кога не канешны. Але гэта б быў важны крок у перад у нашым адраджэньні. Ніхай бы было паказана, што калі я пішу земля і зямлі, а не землі, дык гэта не значыць што я пішу «жаргонам» а не літэратурнай мовай; Гэта ж і расейская мова не траціць свайго значэньня вялікай мовы, калі ў ей гавораць «дѣти» і «дитя», а не «дѣтя», так сама і ў польскай,

Ніхай бы адзін чэлавек доводзіў ў нас, што прыгажэй і лепей гаварыць і пісаць так:

Што захочэ — тое скажэ.

Другі так:

Што захочыць — тое скажыць.

Трэці так:

Што захочэ — тое скажэць.

Чацьвёрты так:

Што захочэ — тое скажыць.

Зьявілася б такая кніжка, пачалася б у нас праца мысьлі ў гэтым кірунку, і мова, клянуся, дужа многа выкарыстала-б дзеля граматнасьці і гучнасьці.

Бываюць творы: ўсе лініі у іх строгай правільнасьці, яны прыгожы, а нас не цягнуць.

І другіе творы: нейкі недахват у іх невялікі, але гэты недахват такі любы і прыгожы, што магнэсам цягне. Так і мова.

У Польшчы да самаго аж 16-го сталецьця народная літэратура душылася пад панаваньнем лацінскай асьветы. Яна не магла закрасаваць, датуль, дакуль палякі, закаваўшы сябе лацінскімі зялезамі, не дазвалялі адзін аднаму і падумаць, што можна ж гэтые путы, па добрай волі уздзетые, скінуць. Ня меншай бядою была мова царкоўна-славянская для праваслаўных славян.

А цяпер, скажу я, ня меншая беда для нас, адраджоных беларусоў, панаваньне сярод нясьмелых братоў нашых і сярод нашых суседаў такіх думак: „Ах, як гэта можна ламаць язык па беларуску? Як гэта можна? Ці можна?“

Таксама у прошлым вяку многіе чэхі думалі: „Ах, як гэта пісаць ца чэску? Як гэта можна гаварыць чэскай мовай, калі ж у ёй ані законаў, ані слоў да сучасных паняцьцёў?“

Цяпер гэткіе думкі для чэха — дурнота!..

Так жэ сама было і з латышамі, так жэ сама было і трохі ёсць з украінцамі (што ўжо блізка да нас).

Асабліва прыкра бачыць панаваньне закарэлых думак аб мові сярод дзядзек, выяўляючых сяба фу — га! паступоўцамі.

Лупаюць яны вачамі, сустрэўшыся с працай праф. Карскаго аб белар. мове ці пачуўшы музычны верш лепшых беларускіх паэтоў!

Увага! Калі ёсць гдзе у кутках Беларусі слова на вышэйшае („отвлеченное“) паняцьце ( Гродзеншч.: — лятуцець — мечтать), ці добры тэхнічны тэрмін і т. д., каторых ніхай сабе йшчэ і ня ведаюць усе беларусы, дык іх варта увясьці ў нашу літэрат. мову, чымся пазычыць у суседаў. А калі для аднаго якога паняцьця у нас ёсць два ці неколькі слоў, але ў адным кутку Беларусі гавораць адно слова, а ў другім другое, то я раіў бы ужываць такое, каторае, можна думаць, вядома большай частцы беларусоў. Так па троху у нас выкуецца аднародная мова, мова літэратурная!.. У нас жэ так многа нарэчый, гутарак, асаблівасьцей фонэтыкі, што калі б часам с усяго гэтаго паднімецца нешта суцэльна-стройвае, то што гэта будзе за хараство, то гэта будзе за багацьце, што гэта будзе за цікавасць, ой! Недарма некалі вялікі Міцкевіч хваліўся цікавейшымі і драгацэннымі скарбамі мовы нашай. Не дарма ж вялікарос Безсоноў, дзівячыся «народности Бѣлорусской», хваліў разам і мову яе. «Языкъ свой наложила она на большую часть другихъ представивельныхъ народностей, съ языкомъ грамоту, съ тѣмъ и другимъ міръ воззрѣній, а сь симъ посредствующимъ проводникомь всѣ прочія самобытно-цивилизующія начала: на домашнюю бесѣду, на общественную рѣчь, на письмо всѣхъ гражданокихъ и даже отчасти государственныхъ дѣлъ, на первыя училища, на слово и пѣснопѣніе ЦеркКВИ». Далей: «…пѣснею и стихомъ, не широкими й не длинными, а въ тысячъ видовъ, съ изящнымъ и частію шутливымъ характеромъ оглашался весь этотъ видимый и невидимый образъ жизни народной (беларускай)».

І муторна ж так на сэрцы, што многіе «у чорным» сучасные беларусы, пахваліўшыся, што знаюць беларускую мову, умеюць толькі зламаць: «дык, як…» А потым думаюць, што і па праўдзі мова бацькоў іх такая убогая, і забываюцца, як недаўна хваліліся «вясёлым мужычком», у катораго «аткуля што бярэцца», каторы па беларуску «так і столька нагаварыць… лепш чым другі у тэатры ці ў цырку… Во, прыставіць!»

Эх вы, людзі, людзі!

Другі нябога крычыць: «Гэта слово — полонізм! Полонізм!» Бяру кніжку песень, казак, пасловіц, загадак беларускіх, запісаных на ўсходзі Беларусі, і паказываю тое слова у чысьцейшай беларускай мові старадаўнай беларускай песьні»,

З другога боку: «Як можна? Гэта русіцызм усюдых ужываецца беларусам праваслаўным і заваеваў правы грамадзяніна у мові нашай?!

Што мы у тым вінаваты, што «представітельныя народнасти утилизировали» мядок нашай мовы (Безсоновъ і др.), а цяперашніе сьляпні кусаюць нос полонізмамі ды русіцызмамі:

Што мы ў тым вінаваты, і ці такі ужо нам грэх?..

Адзін прафэсар (славіст) прагаварыўся, што украінская літэтатура ня можэ быць асабліва шырока, абшырна, глубока, як літэратура мейсцовая і літэратура простаго народа. Значыцца і з беларускай літэратурай то-ж самае…

О, якая абмылка!

Ці ня просты украінскі народ даў філёзафа Скавараду і ці не прыходзілося самаму пану прафэсару стрэчаць у простаго старога селяніна-беларуса задумкі і адхадкі на пытаньня агульна-людзкіе, на пытаньня ўсясьветнаго характара, глыбокіе, строгіе, клясычные.

Сярод селян-беларусоў ня менш арыстократоў духа, чым сярод тых людзей, с каторымі жывець пан прафэсар.

Як гэта можэ быць? Толькі інтэлігент па свойму дужа развітаму інтэллекту можэ быць такім?! Мужыку за сахой, касою куды ужо там!..

А я то й скажу, што і сярод селян (беларусоў) многа граматных людзей, як і сярод «інтэлігентаў», але саха ды каса ды блізкасць да таёмнаго жыцьця прыроды і змалку выпрацованы арыстакратычна-духоўны погляд на нехват скарынкі хлеба у селяніна і робюць тое, што літаратура такога простаго народу і будзе мець пры добрых варунках значэньне сусьветнае, так!

Як гэта выходзіць, судзіця людзі Божые, а толькі чым болей я жыву і прыгледаюся да духоўнаго жыцьця беларуса, жыхара баларускіх таёмных пушч, чым болей я пазнаю нахіл яго да здароваго містыцызму, да неразлучных з яго жыцьцём пытаньнёў: «Аткуля ўсё і што яно?» Тым болей я знаёмлюся, як мне здаецца, з душой беларускай, тым з большай пэўнасьцю станаўлюся я на тым, што беларускай літэратуры суджэна сказаць многае-новае ў обласьці духа… Скранулася Беларусь, узварухнуліся яе спрадвечные імшары, і я з вялікай надзеяй жду беларускіх Достоеўскіх, Ўл. Солоўёвых і т. п.

Мне скажуць недаверкі: Ці-ж?.. шпарка палятуцелі: азірніцеся на вашу цяперашнюю «літэратуру»…

Гаварыця! А я скажу: гарджуся я тым, што ўжо маем! Гарджуся, і ёсць чым гордзіцца, гарджуся гордасьцю ня грэшнаю, а тут належнаю… Доўга калела нешчаслівая земля пры дрэнным надворью… А зазьяло сонцэ, цяплынь пусьцілася парай па зямлі, «прайшоў: цёплы дожджык, павеяло прыемнымі пахамі, і ўсё пацягнулося з мяккай зямелькі к сьвету, усё зазелянела, зарунело, закрасавало…

Вочы разбегаюцца… Той расьцець так, гэты жывець так, іншы сьніць так… Добра! І крывое — калі добрае, прыгожа!

Так з нараджэннымі пісьменнікамі нашымі. А схопюць яны сваю беларускую істоту — пачнецца расцьвет нашай літэратуры. Прырода ня любіць скакаць, у яе ўсё ў свой час.

І я жду, па ўсіх прыметах, якіе угледаю у нашым жыцьці, жду у першай жэ палавіні 20-го веку нараджэньня беларуса — ўсесьветнаго пісьменніка.

Эх… Крыўдзілі і крыўдзюць нас гісторыкі літэратуры і палітыкі, калі забываюць ці ня добра цямюць нашу мінуўшчыну і пішуць і думаюць аб нас, як аб нейкім нечым, што яно — «русскае», пры чым мы толькі так баўтаемся пад рукамі, а цэнтр вагі лажыцца на маскоўцоў…

Прыкрая сама па сабе і трагічная для нас абмылка!

Пакіньця! Навука сказала, а мы ўспамінаем вам па-людзку, і што мы — нешта асобна-самабытнае, што псыхіка наша ня хочыць нават і звацца псыхікай маскоўцоў, каторая ёй незразумела.

Гдзе наш бытопісец сярод расейскіх пісьменнікаў з вялікаросаў? Гдзе, наша душа у расейскай літэратуры?

Ждуць людзі беларускаго Гоголя… Не прыйшоў ішчэ. А можэ прыйдзець? Можа…

Але ён ешчэ не прыйшоў, а Беларусь узабралася на сваю праўдзівую дарогу, і я жду не беларускаго Гоголя, а беларуса—Гоголя, як Тарас Шэвчэнко, катораго і будуць лепшые расейскіе паэты перэкладаць на расейскую мову, і будзець ён гаварыць і на ўсіх людзкіх мовах.