Разгон
Разгон (Успамін) Артыкул Аўтар: Макар Краўцоў 1918 |
Адчыніліся дзьверы дарадчага пакоя ў б. Шляхецкім Доме і адтуль пачалі выходзіць сябры Рады Зьезду — прадстаўнікі ўсіх групаў, усіх часткаў Вялікага Народнага Сходу — Першага Ўсебеларускага Зьезду.
Там — у дарадчым пакоі была іх парада аб тым, каб з гурбы рэзалюцыяў: зямлячастваў, фракцыяў, сэкцыяў, партыяў, стварыць нешта моцнае, зьліць гэтыя дробныя рэзалюцыі і жаданьні ў вадно ды вынесьці на зацьвярджэньне ўсяго Зьезда.
Пасьля доўгіх спрэчак, гоману, крыку, паправак, дадаткаў і г. д. агульная рэзалюцыя была знойдзена, і настаў рашучы момэнт: адважна, голасна абвясьціць свае жаданьні, сваю сувэрэннасьць і здольнасьць да дзяржаўнага жыцьця.
Заля сьцішылася; назначаны фракцыйныя і групавыя аратары дзеля пунктоўнага паясьненьня рэзалюцыі. Яна агалошана Старшынёю адзін і другі раз. Уносіцца й прыймаецца спакойна прапазыцыя аб галасаваньні рэзалюцыі па пунктах. Урачыстыя мінуты! Бясьсьмертны момант у жыцьці нацыі!
Гэта было ў Менску-Беларускім у рок ад Хрыстовага Нараджэньня тысячу дзевяцьсот сямнаццаты ў месяцы Сьнежні ўночы з 17 на 18 яго дзень, пасьля першае гадзіны па поўначы. Надходзіла гістарычная часіна — палова другой гадзіны. Сярод сьвяточнага настрою Вялікага Сходу прашарахцела нейкая трывога, усе крыху замітусіліся, напружыўшы нэрвы. Пісар голасна пачынае агалашаць першы пункт рэзалюцыі — прадмову да яе. А пунктаў усіх — пятнаццаць. Да стала прэзыдыуму падыходзяць дзьве фігуры ў шэрых салдацкіх шынэлях: міністры… гэнэралы, але, гледзячы на іх, здаецца, што гэта ўсё байка, так мала яны падходзяць да сваіх гэркулесавых роляў. Адзін зь іх у новай шапцы з надта доўгім брылём, з такімі ж доўгімі чорнымі вусыма, ідзе арлом — гэта начальнік Менскага гарнізону і тымчасовы (за выездам «праўдзівага») «Главкозап» (глаўнакамандуючы Заходнім фронтам) «гэнэрал-ад-рэвалюцыі» Крывашэін; другі ў стаўбунаватай шапцы зь нейкае рыжае скуры ліса ці медзьвядзя — народны камісар унутраных справаў Заходняй обласьці і фронту «гэнэрал-ад-Земсаюзу» — Рэзаўскі. Падыходзіць за імі і становіцца зь левага боку ад стала Прэзыдыуму трэйцяя фігура; баявая, у зімовай белаватай шапцы з шашкаю зь левага боку й «наганам» з правага, выбрытая, чырвоная, ад’еўшаяся морда, кароценькі да каленкаў ні то фрэнч, ні то шынэль — тыповага бальшавіцкага кшталту вопратка,- ва ўсім грубасьць, дзіч, малакультурнасьць. Гэта — камандзер «Першага Рэвалюцыйнага палку імя Менскае Рады Работніцкіх і Салдацкіх Дэпутатаў» — таварыш Рамнёў. Фігура Рэзаускага зьнімае з галавы зьвярыную смушку і штось ціха гаворыць Прэзыдыуму.
Старшыня трэбуе дакумэнтаў, хто яны такія, гэтыя фігуры. Рэзаускі не ўстаіць на месцы, размахвае праваю рукою (пад леваю пахай портфэль і шапка), а фігура Крывашэіна, ня зьнімаючы свайго доўгага брыля, сіпліва, нібы з прабітым горлам, прабуе крычаць: «Я начальник гарнизона»… ды яшчэ нешта, але сіплівасьць не пазваляе разыйсьціся, як ён хацеў бы, дый да таго замітусілася мацней заля, чуваць протэсты..
Пасьля крыху сьціхае гул, і Старшыня дае слова «начальніку гарнізону».
Ізноў сіплівасьць, кепска чуваць, язык заплятаецца, штось няздатна. Чутно толькі: «Под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели…».
Відочна п’яны начальнік гарнізону, апэрэтачны «Главкозап»; фігура народнага камісара Рэзаускага, больш адукаванага, сама не здаволена ахінэяй «таварыша Крывашэіна», моцна «дзюбнуўшага» й мала адукаванага.
Крывашэін на прапазыцыю Старшыні й галасы з залі . аб тым, каб зьняць шапку, нязграбна й паволі бярэцца за брыль, скідае з свае чорнае галавы «ваяводзкі ківер» і, глянуўшы на Старшыню, мармыча, як праз сіта: «Призываю президиум к… порядку».
Фігура Рэзаускага, бачучы, што стрымаць «Главкозапа» не ўдаецца, сама прапануе Прэзыдыуму: «Лишите его слова…» А Рамнёву тым часам прыказвае ўвясьці ў залю «таварышоў — ваякоў Першага Рэвалюцыйнага палка».
Паслухмяны Рамнёў зараз жа праціскаецца праз шчыльную масу нашых салдатаў і сялян — сяброў Зьезду, рвецца да стала, каб арыштаваць Прэзыдыум, як агаласіў Рэзаускі, што ён распушчае Зьезд, а Прэзыдыум абвяшчае арыштаваным. Рамнёў паднімае ўгару наган, націскае курок, але штось пстрыкае й ня паліць.
Усё завалтузілася, загаманіла, нібы пчолы ў вульлі — пайшла праўдзівая барацьба ўзброеных і безаружных шэрых фігураў між сабою. Некаторыя зь сялян пахаваліся ў куткох, але адважная іх большасьць зьмяшалася разам з шынэлямі і шчыльнаю сьцяной забараняе «рэвалюцыйнаму палку» дарогу да Прэзыдыума.
Адзін селянін, стаўшы на крэсла, з каменнаю аратарскай адвагаю шле праклёнствы збройцам, паказваючы свае мазольные далоні. Яго не хапаюць «ваякі», не глядзяць на яго. Некаторыя зь сялян з халопскай пакорнасьцяй моляць і просяць, каб іх выпусьцілі, бо яны вось не разумеюць, што гэта робіцца, бо, кажуць, яны не вінаваты. І апынуўшыся ўжо каля дзьвярэй, Крывашэін літасьціва пацягвае іх за рукавы: «Проходите… проходите…»
Прэзыдыум арыштованы. На яго месцы брыкаюцца «таварышы» са стрэльбамі ў руках. Прэзыдыум выводзяць. Раздаўся дружны сьпеў «Марсэльезы», у другім рагу сьпяваюць па-беларуску: «Ад веку мы спалі…».
Абодва гімны зьліваюцца ў рашучы гром адвагі й барацьбы… Загрукаталі крэсламі. У мінюту зьяўляецца новы Прэзыдыум… Растуць барыкады пасярод залі; з аднаго боку барыкадаў, пад гром гімнаў, новы прэзыдыум абвяшчае рэзалюцыю пратэсту, з другога боку бальшавіцкія гэнэралы абмяркоўваюць свае стратэгічныя дзеі.
Больш ніхто ўжо не пакідае сходу, уее цеснаю грамадой стоўпіліся за барыкадамі, слухаючы рэзалюцыю пратэсту. У гэтай масе зьядналіся і левыя, і правыя, і фракцыі, і зямлячаствы ў вадну моцную грамаду адважных рэвалюцыянэраў.
Спробы «гэнэралаў» «отозвать товарщеей большевиков» не ўдаюцца. Гэтыя «большевики» наймацней пратэстуюць. Стратэгія простая. Крывашэін камандуе зараз жа арыштаваць вунь гэтага кудлатага (старшыню новага прэзыдыуму). Ізноў атака… грукат крэслаў… «полк» разьбірае барыкады, абаронцы барыкадаў іх ізноў складаюць — ідзе нейкая бесканечная работа. Грукат заглушаецца новым громам гімнаў. «Полк» адхлынуў назад да дзьвярэй… Кінуўшыся ўперад, Рамнёў ізноў вядзе яго ў атаку… Лезуць праз барыкады, хватаюць новы прэзыдыум, хватаюць, каго могуць, ды выпіхваюць у дзьверы.
У новым прэзыдыуме паненка… Яна б’е па мэфістофэлевым твары Крывашэіна… Крык… гоман… гукі жалобнага маршу.
Нехта папхнуў мяне на Крывашэіна, той пацягнуў мяне за рукаў: «Проходите».
Я вырваўся ад яго, відочна пераканаўшыся па гарэлачнаму ад яго паху, што ён як мае быць п’яны… Зразумеўшы, што далейшая барацьба, напрасная, сход выходзіць у дзьверы, сьпяваючы «Жалобны марш». «Полк», акружыўшы ўсіх, падпіхае ззаду ў дзьверы.
Заля паволі апаражняецца. Пачало крыху днець. Выйшаўшы на вуліцу, я ўбачыў нейкіх «рыцараў» на сівых конях — чалавек каля дваццацёх — і два панцырных самаходы з кулямётамі.
Сход направіўся за арыштаванымі па Падгорнай вуліцы да Камэрчаскай школы (Штаба Рады Народных Камісараў). Я зірнуў на гадзіньнік: было ўжо пяць гадзін ранку 18 сьнежня.
Вялікі сход быў разагнаны за… «контррэвалюцыйныя мэты»!? «Контррэвалюцыянэры» пацягнуліся «да штабу рэвалюцыі», сьпяваючы… Што б вы думалі?.. Сьпяваючы рэвалюцыйныя гімны…
У душы не было жалю, што так сталася. Чулася энэргія, жаданьне барацьбы, чулася непакарымасьць праўды, бясьсьмертнасьць ідэі Вялікага Сходу!
26 мая 1918 Менск Беларускае жыцьцё. 1920. 18 сакавіка.