Разрытая магіла (Шаўчэнка/Краўцоў)
Разрытая магіла Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Макар Краўцоў Крыніца: Вольная Беларусь, 1918 - №20-21 - с. 159 |
Іншыя публікацыі гэтага верша: Раскапаная магіла (Шаўчэнка). |
Свеце ціхі, краю мілы,
Мая Украіна!
За што цябе спляндравалі,
За што, мама, гінеш?
Ці ты рана да усход сонца
Богу ні малілась?
Ці ты дзетачак ніпэўных
Добра не вучыла?
- Малілась я, турбавалась, -
Дзень і ноч не спала,
Сваіх дзетак даглядала,
У звычай навучала.
Вырасталі мае кветкі,
Мае тыя дзеткі,
Панавала і я колісь
На шырокім свеце.
Панавала… О Багдане!
Неразумны сыну!
Паглядзі цяпер на матку,
На сваю Украіну,
Што, калышучы, спявала
Пра сваю нядолю,
Сьлязьмі песьню палівала,
Выглядала волю…
Ой, Багдане, Багданочку!
Каб я была знала,
То ў калысцы прыдушыла б,
Пад сэрцам прыспала!
Стэпы мае запраданы
Жыдаві, Нямоці;
Сыны мае на чужыні,
На чужой рабоці.
Дняпро, брат мой, высыхае,
Мяне пакідае,
Мае мілыя магілы
Маскаль разрывае…
Ніхай рые, раскапуе, -
Не сваё шукае;
А тым часам перавертні
Няхай падрастаюць,
Дый паможуць маскальові
Гаспадараваці
Ды з матулі палатняну
Сарочку здымаці.
Пасьпяшайце ж, нідалюдкі,
Матку катаваці!
На чацьвера раскапана,
Разрыта магіла.
Чаго там яны шукаюць?
Што у нас згубілі?
Бацькі стары… Эх, каб яны
Знайшлі тое, што там пахавана!
Не плакалі б дзеці, маці ні знывала б!
(1843)