Разьвітаньне Гэктара з Андромахай

Разьвітаньне Гэктара з Андромахай
Верш
Аўтар: Гамэр
? (пераклад 1928)
Пераклад: Юльян Дрэйзін
Крыніца: Часопіс «Узвышша», № 3 (9), 1928 г., б. 113-115
Іншыя публікацыі гэтага твора: Іліяда (Гамэр).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьвітаньне Гэктара з Андромахай.

Іліяда VI 390—496.

Памяці дачушкі мае нябожчыцы Жэні. Ю. Д.

…Гэктар, вышаўшы борзда к палацу,
Шляхам ранейшым пайшоў па брукованых вуліцах Троі.
А як да брамы наблізіўся, горад вялікі прайшоўшы,
Скейскае брамы, адкуль на раўніну павінен быў выйсьці,
Тут, бягучы напярэймы, сустрэла яго Андромаха,
Жонка з багатым пасагам, дачка Гэціона—гэроя.
Той Гэціон жыў калісьці пад Плякам, гарою лясістай,
Ў Тэбе Плякійскай, і быў ‘ладаром кілікійцаў адважных.
Вось-жа з дачкой яго Гэктар пабраўся медзяна-шаломны.
Мужа яна тут сустрэла, і разам ішла з ёю служка
І да грудзей прытуляла пяшчотна дзіцятка малое,
Гэктара любага сына. Бы зорка, прыгожы быў хлопчык.
Бацька Скамандрым[1] яго менаваў, а ўсе іншыя звалі
Астыянактам, бо Гэктар адным абаронцам быў Троі,
Моўчкі глядзеў на сыночка з усьмешкаю ласкавай бацька.
А Андромаха бліжэй падыйшла, праліваючы сьлёзы,
Мужа ўзяла за руку і гэткае слова сказала:
„Муства загубіць цябе, мой гаротны. Ты не шкадуеш
Сына-дзіцяткі і жонкі бяздольнае. Хутка ўдавою
Буду тваёй я, бо хутка цябе ўжо заб‘юць там ахейцы[2],
Разам напаўшы усе. А калі мець цябе я ня буду,
Легчы ў магілу мне лепей тады, бо ня будзе мне болей
Шчасьця ў жыцьці, як сьмяротнаму лёсу ты пойдзеш насустрач,
Горанька-ж толькі. Ня маю я бацькі, ня маю і маткі.
Бацьку майго Ахілес[3] богароўны забіў, кілікійцаў
Горад прыгожы і людны калі зруйнаваў ён дашчэнту,
Высакабрамную Тэбу. Ды, Гэціона забіўшы,
Зброі з яго ён ня зьняў[4], бо ў душы да яго меў пашану,
Але спаліў яго цела са зброяю пышнаю разам.
Потым насыпаў курган. А навокал вязоў насадзілі
Горныя німфы, Зэўса[5] эгідатрымацеля дочкі.
Родных было у мяне сем братоў у палацы вялікім,
Разам зыйшлі ўсе яны ў дзень адзіны ў Гадэс[6] падземны,
Разам усіх шпарканогі забіў Ахілес богароўны
Ў полі паміж крываходных[7] быкоў і авец беларунных.
Матку-ж, якая калісь панавала пад Плякам лясістым,
Разам з здабычаю іншай сюды ён спачатку прывёў быў,
Але дамоў адпусьціў неўзабаве за выкуп бязьмерны.
Ў бацькавым доме забіла яе Артэміда[8] стралою.
Гэктар, ты-ж бацька цяпер мой, а разам і маці—ўладарка,
Разам і родны браток, ды разам і муж мой прыгожы,
Дык пашкадуй ты мяне і застанься са мною на вежы,
Каб не зрабіць сіратою сыночка, а жонку ўдавою.
Войска сваё ты пастаў ля смакоўніцы, дзе найлягчэйшы
Подступ да гораду ёсьць, на сьцяну найлягчэй дзе узьлезьці.
Тройчы ў тым месцы ўзыйсьці прабавалі найлепшыя воі,
Што за Аянтамі двома, за ўслаўленым Ідомэнэем,
B за Атрыдамі йшлі, і за сынам магутным Тыдэя[9].
Мо‘ варажбіт паказаў ім які-небудзь гэтае месца,
Ці накіроўвала ўласнае сэрца туды іх і гнала“.
Гадказаў ёй Гэктар вялікі ў бліскучым шаломе:
„Жонка, турбуе таксама й мяне гэта ўсё, але сорам
Перад траянцамі мне і траянкамі ў вопратках доўгіх
Так уцякаць ад баёў, бы боязкі нейкі няздара.
Сэрца мне так не дазволіць, бо сьмелым я быць прывучыўся
Заўжды і ў бойках з траянцамі першымі біцца супольна,
Бацьку свайму дый самому сабе набываючы славу.
Добра я ведаю гэта і думкай сваёю і сэрцам:
Прыдзе некалі дзень, і загіне магутная Троя,
З ёю загіне Прыям і народ дзіданосца Прыяма[10].
Але ня столькі клапоціць мяне лёс наступны траянцаў,
Лёс нават маці Гэкубы і бацькі Прыяма старога
Як і адважных братоў ‘сіх маіх, што ў ліку вялікім
Мёртвыя ў прах упадуць пад мячамі ваякаў варожых,
Колькі сама ты, якую ахеец ў броні медзянай
Ў злую няволю пагоніць, ты-ж ліць будзеш горкія сьлёзы,
Будзеш ты ў Аргосе[11] ткаці на кроснах для іншай жанчыны,
Будзеш ваду ты насіці з Мэсэіса ці Гіпэрэі[12],
Волі насупроць сваёй, але злая няволя прымусіць.
Скажа хто-небудзь тады, як убачыць, што плачаш ты горка:
Жонка вунь Гэктара. Быў ён найлепшы між коньнікаў—троян
Ў бойках зацятых, што некалі йшлі навакол Іліону“[13].
Скажа вось гэтак і ў сэрцы тваім павялічыць цярпеньне,
Гора аб мужу адважным, што вызваліць мог-бы з няволі.
Але раней хай памру я, курган перш мяне хай накрые,
Чымся пачую твой енк, як цябе у няволю пацягнуць“.
Скончыў і рукі свае да сыночка працягвае Гэктар.
Але сынок да грудзей прыгожа апранутай мамкі
З крыкам адкінуўся ўзад, бо спалохаўся выгляду бацькі.
Медзі бліскучай страхаўся дзіцёнак і конскае грывы,

Што над шаломам страшэнна хісталася бацькі-гэроя.
Т ўсьміхнуліся бацька каханы і родная маці.
Зьняў безадкладна шалом з галавы свае Гэктар бліскучы,
І на зямлю палажыў той шалом, і зьзяньне з шалома лілося.
Любага потым цалуе сынка, на руках калыхае
І да Зэвэса і іншых багоў ён з малітваю кажа:
„Зэўс і багі несьмяротныя, дайце, каб гэты мой хлопчык,
Роўна як бацька яго, найслаўнейшы з траянцаў зрабіўся,
Каб ён магутны ўзрос і цьвёрда у Троі ўладарыў.
Хай-жа гавораць аб ім, як ісьці будзе з бою дадому:
„Бацьку ён шмат перавысіў“. Хай ворага броню, крывёю
Ўсю залітую, нясе ён, і маці хай цешыцца сэрцам“.
Так загадаўшы, аддаў ён на рукі каханае жонкі
Сына свайго, а яна да грудзей прытуліла дзіцятка
І ўсьміхнулася ў сьлёзах. Шкада жонкі Гэктару стала.
Жонку рукой прыгалубіў і гэткае слова прамовіў:
„Сэрцам, гаротная, ты ня сумуй так занадта балюча,
Лёсу насупроць сьмяротны мяне не пагоніць у Гадэс,
Лёсу-ж свайго ня унікнуў, кажу я, ніводны з сьмяротных
Ні палахлівы, ні сьмелы, ледзь толькі на сьвет нарадзіўся.
Але да хаты ідзі і справы жаночыя ведай,
Кросны і прасьніцу, разам і служкам дамовым загадвай,
Працу сваю каб рабілі. Вайна-ж будзе клопатам цяжкім
Усім нам мужчынам, найболей-жа мне, ў Іліоне раджоным“.
Гэтак сказаў ён, і з конскаю грывай шалом свой на голаў
Гэктар бліскучы ўзлажыў. І дадому пайшла яго жонка,
Ўсё азіралася ўзад, а сьлёзы струменем ліліся.

Пераклаў з старагрэцкае мовы Ю. Дрэйзін




  1. Скамандры—ад імя траянскае ракі Скамандра. Астыянакт—ад слоў astu—горад і anax (род.скл. anactos—уладар).
  2. Ахейцы—грэкі.
  3. Ахілес—галоўны гэрой грэкаў пад Трояй. Ён забіў потым Гэктара.
  4. Гомэраўскія гэроі біліся ў паядынках. Пераможца зьнімаў з забітага ворага зброю (вельмі каштоўную ў тыя часы), а цела яго кідаў сабакам і драпежным птахам.
  5. Зэўс—галоўнае боства грэкаў, „бацька багоў і людзей“, бог пяруноў і маланак. Эгіда—казіная скура, сымболь сілы і ўлады Зэўса.
  6. Гадэс—падземнае царства, дзе жывуць душы памершых. Пагнаць чалавека ў Гадэс—значыць забіць яго.
  7. Eilipodessi—якія перастаўляюць ногі наперад не па простай лініі, а па крывой, робячы капытом фігуру на ўзор дужкі.
  8. Артэміда—багіня месяцу, паляваньня і дзявоцтва.
  9. Два Аянты (сын Тэлямона і сын Оілея), Ідомэней, Атрыды (сыны Атрэя) Агамэмнон і Мэнэляй і сын Тыдэя Дыамэд—правадыры грэкаў пад Трояй.
  10. Прыям—уладар Троі, бацька Гэктара.
  11. Аргоc—уладарства Агамэмнона, галоўнага правадыра грэкаў пад Трояй.
  12. Крыніцы ў Аргосе.
  13. Іліон—другі назоў Троі.