Рана ўранку навабранцы (Шаўчэнка/Бядуля)
Рана ўранку навабранцы Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Змітрок Бядуля |
Рана ўранку навабранцы
Выходзілі за сяло,
А за імі, маладымі,
I дзяўчо адно пайшло.
Падыбала стара маці
Дочку ў полі даганяці...
I дагнала, прывяла,
Наракала, гаварыла,
Покі ў землю палажыла,
А сама ў старцы пайшла.
Мінулі годы, а сяло
Выгляд не змяніла.
Толькі пустку ў канцы сяла
Годы пахілілі.
А ля пусткі на мыліцы
Маскаль кандыбае,
На садочак пазірае,
Пустку аглядае...
Марна, браце! Чарнабровай
Не відаць у хаце.
Не пакліча на вячэру
Ў хату яе маці.
А даўным-даўно...
Калісьці! Ручнікі ўжо ткалі
Ды мярэжылі хусціну,
Шоўкам вышывалі.
Думаў жыць, і мілавацца,
Ды бога хваліці!
А прыйшлося... Ні да кога
Ў свеце прытуліцца.
Сядзіць сабе каля пусткі,
На дварэ змяркае,
А з акна, як тая баба,
Сава выглядае.
У каземаце 1847