Раніца рыкае (1925)/Маладзіца/Вецер — разбэшчаны шэльма

Тут і там ⁂ (Вецер — разбэшчаны шэльма)
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1925 год
⁂ (Туляўся выбоямі грэблі)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вецер — разбэшчаны шэльма…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Вецер-разбэшчаны шэльма,
ня хістайся ў цьвярозай ты шыры!
Вунь у вёсках жытнёва-кужэльных
навабранцамі песьні базыраць.

Ой-да ў вёсках лапцюжныя хлопцы
зажынаюць паўстанчую постаць,
Закасаўшы рукавы па локці,
ў іхніх сэрцах бунтаршчына госьціць.

Яны цемру ў жалобе разуюць, —
іх юнацкія сэрцы ня струсяць.
Пранясіся-ж ты, поўдзень, казуляй
па шумлівай лісьцьве Беларусі!..
..............
Ой пясок па дарозе прыбіты
беларускаю буйнай сьлязою.
Ну дык, сонца, ня йдзі у бандыты,
не хавайся за кустам лазовым!

А разам з хлапцамі ў паходню
між стагодніх ялін Белавежы, —
Прамяніся над часткай заходняй, —
нядолі мы крыльле абрэжам!

Дык, вецер-п‘янюга заўзяты,
сьпявай ў віхрамётнай пагоні!
Ужо блізка вялікае сьвята, —
яго заўтра мы ў хаты загонім.