Раніца (Суніца)
Раніца Аўтар: Рыгор Суніца 1926 |
Рана, рана,
Шчэ не ўзыдзе сонца,
Сцежкай знанай
Полем іду ў бор.
Свет далёкі
Расчыніў ваконцы,
Душа рвецца
На прастор.
Па нізінах
Спяць яшчэ туманы,
На раслінах
Зіхаціць раса.
Вабіць даллю
Свет нязнаны.
Золак багровы —
Краса!
Каля рэчкі
Не шумяць чароты,
І над грэчкай
Пчолы не гудуць.
Дыша ранне
Пахам сотаў,
Захад смокча
Шэрань-муць.
Сонейка праменнем
Глянула з-за гаю,
Ўсім стварэнням
Кліч падала: «Жыць!»
Эх, зямелька,
Родны краю,
Як вас
Не любіць?!