Раскіданае гняздо (1919)
Раскіданае гняздо Драма Аўтар: Янка Купала 1919 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Раскіданае гняздо. |
Выдаве́цтва Ме́нскага Народнага Камісарыяту Асьве́ты.
Янка Купала.
РАСКІДАНАЕ ГНЯЗДО.
ДРАМА у 5-цёх АКТАХ.
ВІЛЬНЯ1919.
ДРУКАРНЯ „ПРАМЕНЬ“
АСОБЫ ВЫСТУПАЮЧЫЯ Ў ДРАМЕ.
ЛЯВОН ЗЯБЛІК, пажылы гаспадар, кульгавы, гадоў пад 50.
МАРЫЛЯ, яго жонка, нараклівая, але станаўкая кабе́ціна, замучаная жыцьцём, худая, гадоў 48.
Дзе́ці 3яблікаў.
СЫМОН, 24 г. Дужы і здаровы мужчына, у самым расьцьве́це ле́т. Горды і адважны. Знае сабе́ цану і ве́рыць у сваю сілу і моц. Відаць з усяго, што ён трымаў гаспадарку ўсю ў сваіх руках. Зямля для яго ўсім чыста на сьве́це, і за гэту зямлю гатоў пайсьці на самыя страшныя рэчы. Калі з паднятай галаве́шкай ідзе́ у сьве́т, кажучы апошнія словы: „па Бацькаушчыну!“ то здае́цца, што гэта волат-асілак узьняуся з зямлі, каб цэлым сьве́там
здрыгануць.
ЗОСЬКА, 18 г. Кволая дзяучынка, пранікнутая містычнасьцяй, мэлянхолічная якбы ад сьве́ту гэтага адарваная. Гаворыць, часта тое, што і сама добра не разуме́е, якбы ў экстазе ці ў поўсьне якім. Любіць яснату і кве́ткі. Душа ўражлівая, неадгадная. Ня можа пагадзіць акружаючага, будняга і трывожнага жыцьця з сваймі думкамі-снамі напоў дзяцінымі. Носіць беларускую вопратку.
ДАНІЛКА, 14 г. Разумны хлапе́ц не па сваіх гадох, чамусьці лічуць яго скарэй за дурнаватага, чымся за разумнага. Цікавіцца ўсім чыста, але часта неўпапад задае́ пытаньні. Яму ўсе патураюць мала зварочаваючы на яго асобу увагі.
АЛЕНКА, 7 г. і ЮРКА, 6 г. Худзенькія, босыя, толькі ў кашульках дзе́ці. Ува ўсіх актах драмы найбольш не́ма паміж сабой гуляюць або сьпяць.
СТАРАЦ, гадоў пад 70. Абчэпаны торбамі. Відаць, што ўсе́ яго любяць і шчыра вітаюць. Дабрата і спакой б‘е з яго твару. Крыху згорбіўшыся ад старасьці. Гаворыць проста, бяз лішняе жабрацкае жаласьлівасьці.
ПАНІЧ, гадоў 23, адзе́ўшыся папанску, ня брыдкі. Відаць, што многа аб сабе́ думае. Ходзіць з палачкай у руках, якой у часе гутаркі памахавае.
НЕЗНАЕМЫ, гадоў 35. Крэпячы мужчына. Вопратка на ім чорная, крамная. Гаворыць крыху з палачкай, з суважнай павагай, цьвёрда. Ве́рыць у тое, што гаворыць, і ў голасе чутно, што не нагаваравае, а скарэй загадавае. З усяго відаць, што чалаве́к ён поўны ідэі, у якую сам ве́рыць і якой хаце́ў-бы, каб цэлы сьве́т напоўніўся.
ДВОЕ ДВОРНЫХ ЛЮДЗЕЙ.
Рэч дзеецца ў 1905 г. Пе́ршы акт у хаце, а рэшта чатыры — на руіне тае-ж самае хаты.
Акт першы
правіць
АКТ ПЕРШЫ.
Час каля Купальля. Паўдня. Хата Зябліка.
Марыля — хворая: то сядзіць, то ляжыць на ложку. Данілка на зямлі скрыпку майструе. Старац сівы як галуб, абчэпаны торбамі і з кіем у руках сядзіць на лаве.
ЗЬЯВА I.
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — СТАРАЦ.
СТАРАЦ. Так, так пані гаспадыня! Заўсёды бяда бяду вядзе́, але ніколі ня трэба здавацца. Ліха пераме́лецца і ўсё добра будзе. Калісь і мяне́ ціскалі няшчасьці з усіх бакоу, а цяпе́р… Э! Што казаць? — Жыву сабе́ і гора ніякага ня знаю. Торбачкі за пле́чы, кій сукаваты ў рукі і хаджу сабе́ як ні ў чым нябывала па дарожках—пуцявінках. Так, так, пані гаспадыня!
МАРЫЛЯ (гавора з трудом). Гэта-ж толькі падумаць, дзе́дка. Мала ўсялякага безгалоўя, а тут на! табе́ яшчэ гэта хвароба. Ле́та не за гарою, скора касьба пачне́цца, жніво, работы гібель, а ты ляжы тут прыкаванай да ложка, як пакутніца якая. Ляпе́й хай-бы ўжо сьме́ртачка прыйшла на маю галаву няшчасную, дык хаця-бы хаты не завалівала. Не так я вясну спатыкала і праводзіла, як мнѐ сёлета прыйшлося, ох, ня так, як і сам знаеш! (Кашляе). А гэты суд у майго з дваром… То-ж не давядзі ты Божанька! Гаспадарку ўсю змарнавалі, да няма нічога дайшлі, і сягоньня ўжо ня ве́даеш чалаве́к, дзе заўтра сонейка прыдзецца сустрэціць. Ох, Божа ты наш справядлівы, за якія грахі цяжкія караеш ты нашу сяме́йку! Ах, як-жа цяжанька! Падай мне́ вады Данілка (Данілка падае́).
ДАНІЛКА. Праўду мамка кажа. Страшэнна нягодна жыць на сьве́це. Вось хоцьбы і мне́ такая бяда зрабілася: скрыпку старую, што была ў мяне́ ране́й, татка са злосьці паламаў, а цяпе́р і рабі
што хочаш. Пакуль-жа я новую такую змайструю… Ну, але затое калі і зраблю, дык вота-ж зайграю — цэлы сьве́т дзіву дасца!
СТАРАЦ. А гдзе-ж гаспадар ваш, пані гаспадыня?
ДАНІЛКА Тата пайшоў у двор прасіцца, каб яшчэ трохі пачакалі і не выкідалі нас адгэтуль.
МАРЫЛЯ. Так, так. Сягоньня зыйшоў час наш выехаць, а мой нічога яшчэ сабе́ не прыстараўся.
СТАРАЦ. Дрэнна, вельмі дрэнна, калі так выходзе. Свайго ня ме́ўшы — трэба легчы спаць ня е́ўшы.
ДАНІЛКА. Вось табе дык добра дзе́дка: з аднэй хаты выкінуць дык у другую пойдзеш.
МАРЫЛЯ. Усё-ж да апошняга часу думалі, што за намі зямлю прызнаюць, тым часам наадварот выйшла.
СТАРАЦ. Так, так пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носе.
МАРЫЛЯ. Мой-жа чалаве́к — каб вы, дзе́дка, бачылі: за апошні час як набраў сабе́ не́чага ў галаву, дык проста з розуму зыходзе. Учарне́ў, асунуўся, азыс, толькі таўпе́хаецца з кута ў кут, як сам ня свой. Баюся, дзе́дка, ве́льмі баюся, каб з ім, барані Божа чаго благога ня сталася.
ЗЬЯВА II.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.
СЫМОН. (уходзе з тапаром і кладзе́ яго за лаву). Ці тата, яшчэ не вярнуўся?
МАРЫЛЯ і ДАНІЛКА. Не, нямашака яшчэ.
СЫМОН. А дзе́дка ўсё госьціць у нас!
СТАРАЦ. Але, сынку мой. З мамкай тваёй загаварыліся аб справах вашых хатніх. Як уважаю, то ня лёганькі будзеце ме́ць сёлетні гадок.
СЫМОН. Э! Нічога, дзядочак. Пакуль будзе хоць якая малая магчымасьць, то не дадземся жыўцом ваўку ў зубы. Палядзіш!
СТАРАЦ. Сьмѐла, сынку мой, варожыш. Можа і недасіся ваўку ў зубы, але жыцьцё бярэ ў свае́ лапы, ох, як бярэ! Не такія яшчэ дужыя і сьмѐлыя здаюцца на яго ласку і няласку Так, так, сынку мой! Адвага наша — адно, а жыцьцё — другое, і найбольш ве́рх бярэ гэта апошняе.
СЫМОН. А мы з татам не папусьцімся, дык што-ж з намі гэта жыцьцё зробе?
СТАРАЦ. Тата ўжо ня дуж твой.
СЫМОН. Ну, то ў мяне́ сілы хопіць — за яго, за сябе́, за ўсіх нас.
СТАРАЦ. Дай Божа, дай Божа, каб табѐ гэтай сілачкі ставала да канца жыцьця. Бяда толькі, што сіла людзкая не заўсёды на дабро ідзѐ.
СЫМОН. Я і ня думаю з сваёй сілай у цемнякі, ці разбойнікі пайсьці.
СТАРАЦ. Не кажу табе́ гэтага, сынку мой, але моладасьць сваё права мае. Я сам быў маладым!
МАРЫЛЯ. Нічога яму дзѐдка не ўгаворыш. Ні такой падатлівай натуры ён у мяне́ ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць.
ДАНІЛКА. Сымонка, ты па мне́ пайшоў: і я хоць галавой налажу, а скрыпачку такі зраблю сабе́ новую!
СЫМОН. Які я ўжо ўдаўся, такі і буду, а свайго ў крыўду не папушчу, хоць-бы там сьве́т да гары нагамі перакуліўся. Бяда — часу няма бале́й гаварыць аб гэтым. Пайду, можа тату сустрэну. Карціць мянѐ даве́дацца, што там яму ў дварэ сказалі.
ЗЬЯВА III.
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — СТАРАЦ
СТАРАЦ. Ох, маці, маці! Высака твой сынок падымацца хоча, але каб нізка часам не зваліўся.
МАРЫЛЯ. Цяжанька мне́ з ім якую радачку даць. Змалку дзён такі: як толькі нарадзіўся, дык і то сябе́ паказаў: грудзе́й ня прыняў, так, без малака, качаўся. Я тады ў двор за мамку засталася.
СТАРАЦ. Гартаўне́йшы і выйшаў ён за тое. А ў дварэ, кажуць, пераме́ны цяпе́р вялікія пайшлі.
МАРЫЛЯ. Але, дзе́дка — пераме́ны. Як вярнуўся малады паніч не́дзе з далёкага краю, з навукаў, дык усё пайшло ўве́рх дном — усіх чыншавікоў сталі чысьціць. Не чакае, пакуль суды пакончацца, а напе́рад за ўсіх заставы кладзе́ і высяляе; з намі так сама выйшла.
СТАРАЦ. Ве́даю, ве́даю пані гаспадыня! Старыя парадкі раскідаюць па сьве́це, а новых, ле́пшых, не́шта ня відаць і ня відаць.
ДАНІЛКА. Як уважаю, то мусіць толькі я адзін новым парадкам на сваёй новай іскрыпцы зайграю.
ЗЬЯВА IV.
ТЫЯ-Ж і ЗОСЬКА.
ЗОСЬКА (уходзе з кве́ткамі ў руках). Аа! Дзядочак к нам на госьці прыплёўся.
СТАРАЦ. Так, так, мая дачушка! Прыплёўся божым словам вас пахваліць; зараз далей паплятуся з тым самым.
ЗОСЬКА (падсаджаваючыся к старцу). Добра, што я дзе́дку тут застала: маю просьбу да цябе́.
СТАРАЦ. Слухаю, мая дачушка, слухаю. Хэ-хэ-хэ! Думаў, што я толькі ўсё мушу прасіць, ажно як бачу, то і ў мяне́ прасіць не́чага хочуць. Хэ-хэ-хэ! Яшчэ распане́ю з гэтакага гонару.
ЗОСЬКА. Дзе́дка заўсёды жартуе з мяне́, а я толькі буду прасіць таго, чаго ўсе́ людзі цябе́ ве́чна просяць.
ДАНІЛКА. Ну, значыць прапала дзе́дава панства!
ЗОСЬКА. На, вось табе́, дзе́дачка, кве́так трошкі, а ты памаліся… за здаровейка…
СТАРАЦ. За чыё, мая дачушка: за татава, матчына, а можа?..
ЗОСЬКА (нахіляючыся к старцу, каб маці і Данілка ня чулі). Памаліся, дзе́дка, за здароўе нашага паніча.
СТАРАЦ. Добра, дзе́тачка! Я за ўсіх малюся — за каго толькі просяць — і за жывых і за нябошчыкаў. Толькі вось, што я з тваймі гэтымі кве́ткамі рабіць буду?
ЗОСЬКА. Як будзеш, дзе́дка, у цэркаўцы, дык на абразок іх паве́сь.
ДАНІЛКА. Або к сваёй торбачцы прышпілі, каб харашэй выглядала.
СТАРАЦ. Праўда, сынку мой. Як прыгажэй будзе выглядаць, то можа і кідаць бале́й будуць.
ЗОСЬКА. Абы толькі не каме́ньнем, дзе́дка.
СТАРАЦ. Хэ-хэ-хэ. Усяк бывае, дзе́ткі мае́, усяк! Хто хле́бам, хто каменем, а кожны не́чым ды кіне. (Зьбіраецца выходзіць).
МАРЫЛЯ. Ужо, дзе́дка, выходзіць ад нас?
СТАРАЦ. Ужо, пані гаспадыня, ужо! Не сядзіцца мне доўга на адным ме́йсцы. І так па капельцы ўсюды гора назьбіраеш чалаве́чага, ажно несьці цяжанька, а што-ж бы было, каб даўжэй заседжываўся у ваднай хаце? Хэ-хэ-хэ! Шчасьліва аставацца! Слава Хрысту!
УСЕ. Слава! Слава! І на ўве́кі вякоў.
ЗЬЯВА V.
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДАНІЛКА.
ЗОСЬКА (садзячыся каля маткі на ложку). Мамачка, бачыце, якія прыгожанькія кве́тачкі?
МАРЫЛЯ. Бачу, бачу, хоць як праз се́тку: туман не́йкі ў вачох стаіць. Але дзе ты гэта лётаеш? Упыну на цябе́ нямашака ніякага.
ЗОСЬКА. Не сядзіцца мне́, мамачка, ў хаце: тут не́як так душна, дык я ўзяла і пабе́гла на сенажаць. Там хадзіла сабе́ каля рэчкі і кве́тачкі для цябе́ вось гэтыя рвала; ты-ж іх калісь, як здарова была, так любіла!.. Ах, мамачка, як цяпе́р хораша на сенажаці! Травіца зеляне́ецца, кве́тачкі цьвітуць, ой, як прыгожа цьвітуць! А вольхі над рэчкай так лісточкамі шалясьцяць, так шапацяць, як быццам штосьці дужа цікавае хочуць табе́ расказаць! Мамка, мамка! Ты здае́цца заснула? Ці чуеш, што я табе́ кажу?
МАРЫЛЯ. Чую, міленькая, чую, хоць у вушох шуміць, як у млыне́ якім.
ЗОСЬКА. Сонейка яснае сьве́ціць і грэе, ах, як сонейка грэе і сьве́ціць! А птушачкі пяюць аж заліваюцца! Так цёпла, так прыгожа на сьве́це! Мамка, а як табе́?
МАРЫЛЯ. Мне́, дзе́ткі, халодна і жудка.
ЗОСЬКА. Не гаварэце так, мамка, а то і мне́ робіцца халодна і жудка ад тваіх слоў… Ага! Hаpвала, значыцца, я табе́ кве́тачкаў, падыйшла к рэчцы, нагнулася і гляджуся ў вадзіцу, як у люстэрку, як раз я другая там адсьве́чаваюся. Заглядзе́лася гэтак, аж не́хта хапѐль мяне́ ў пояс! я ў крык, вырывацца, гляджу, аж гэта паніч з двара. І так стаў абыймаць мяне́ і цалаваць! Я стузянулася раз, другі і вырвалася. Але які ён прыгожанькі, каб мамка бачыла!
МАРЫЛЯ. Ве́дама, паніч! (У бок). Сваймі грудзьмі, што і яе́ выкарміла, а ён… (да Зоські). Не займайся ве́льмі з ім, дачушка.
ЗОСЬКА. Я ж нічога, мамачка. (Пауза). Ах, каб ве́дала, мамка, які я сон сягоньня сьніла?! Хочаш, дык я раскажу.
ДАНІЛКА. Раскажы, Зоська, раскажы! Бо і я-ж люблю ве́льмі сны сьніць. Толькі пачакай — я малых паклічу, хай і яны паслухаюць (выходзіць і цераз часіну варочаецца з Аленкай і Юркам).
ЗЬЯВА VI.
ТЫЯ-Ж і АЛЕНКА 3 ЮРКАМ.
ДАНІЛКА. (да Аленкі і Юркі). Ну, садзе́цеся, малыя! Толькі ціха будзьце! Зоська сон будзе расказаваць. (Аленка і Юрка садзяцца на зямлі каля матчынага ложка). Ну, пачынай, Зоська! Мы гатовы!
ЗОСЬКА. Здае́цца прыйшоў да нас у хату не́хта такі нязвычайны — на галаве́ ме́сяц, у руццэ сонца трымае: прыйшоў ён і кажа: „Годзе вам тут сядзе́ць, годзе гібе́ць, хадзе́це за мной!“ Мы спачатку, здае́цца, перапужаліся, а пасьля нічога. Ен так добра на нас паглядзе́ў, аж быццам у вачох яго сьле́зы засьвяціліся. Сабраліся мы ўсе́ — ты, тата, я, Сымон, Данілка і малыя, ды пайшлі гэтак за ім кінуўшы і хату і гаспадарку ўсю сваю. Як толькі мы выйшлі — ён і кажа: „што-б там перад вамі, ці за вамі не рабілася — не аглядавайцеся назад, а йдзѐце за мной усё напе́рад, усё напе́рад!“ Ішлі мы гэтак, ішлі, ажно бачым — не́йкае кругом нас страшэннае балота: гадзіны, вужакі, сьліўні так і капашаць, як у гаршку якім…
ДАНІЛКА. Ай-я-я! Вужакі і сьліўні?!
ЗОСЬКА. Але нас крануць баяцца: ён усё іх сонцам адстрашавае, — толькі сыкаюць і выкручаваюцца. Мінулі мы гэта балота вужачае, ідзём, — ажно ўвыйшлі мы ў цёмны цямнюсенькі, дзікі ле́с. Ве́цер у галінах трашчыць і сьвішча, зьвяр’ё ўсялякае вые, зубамі ляскоча, на нас кідаецца…
ДАНІЛКА. Божухна! Зьвяр’ё ўсялякае. Вось жудасьць! Я, мусіць, памёр-бы там са страху.
ЗОСЬКА. Але крануць ня сьме́юць — ён і іх, — як вужак, — усё сонцам адганяе. Перайшлі мы гэты зьвярыны ле́с, ідзём — ажно ўсходзім на вялікае-вялікае поле пяшчанае — віхор толькі арэ ды барануе, ды толькі дзе-ня-дзе на полі гэтым тырчаць пасохшыя вольхі, ве́рбы, асіны. Па гэтым дзярэўі — з аднаго на другое — пералятаюць птушкі не́йкія чорныя, такія страшныя, жудасна і сказаць! Да нас падлятаюць, распускаюць капцюры, раззяўліваюць глюгі, — здае́цца разьдзе́рці і глынуць нас хочуць.
ДАНІЛКА. Ах, як страшна! Балазе́, што хоць мяне́ ня глынулі.
ЗОСЬКА. Але нічога: яго — нашага павадыра — і сонца баяцца. Мінулі гэта поле птушынае, ідзём. Нарэшце затрымаліся ў тым ме́сцы, дзе вясёлка спускалася. Тут ён ізноў так кажа: — „Ідзе́це за мной сьле́дам па гэтай шматкалёрнай дарожцы!“ Мы ўзьдзівіліся, але што ты зробіш? — пайшлі. І падымаемся што раз выжэй, выжэй, мінулі хмары, вобалакі, аж да самых зорак забраліся, а там, па мле́чнай пуціне, з зоркі на зорку пераскаківаючы, цягнёмся дале́й; а зоркі хоць сьве́цяцца, але не пякуцца: як па кве́тачках гэтых ступаем па іх…
ДАНІЛКА. А ўночы не калоліся гэныя зоркі?
ЗОСЬКА. І прыйшлі мы ў не́йкую харошую краіну, якой я ў жыцьці ня бачыла, ня чула і ня сьніла. Зіхацістыя кве́ткі скрозь разсыпаны, як тыя зоркі, што мы ішлі па іх: сады не́йкія нянаскія так цьвітуць, так цьвітуць, куды прыгажэй, як нашы вішні ды яблыны! На гэтых садох калышуцца птушкі райскія — пе́р’е іх, як брылянтамі ўсыпана і дыяментамі; а пяюць яны — міліён салаве́йкаў нашых так не патрапе. У садох па далінках рэчкі бягуць, а вадзіца так пераліваецца, як бы сонца ў тых шке́лках, што мы бачылі пры падсьве́чніках у цэркаўцы!.. Ідзём гэтым садам-раем, ды ідзём ажно калі паглядзім!.. Стаіць палац відам ня віданы, слыхам ня слыханы: уве́сь зіхаціць, якбы з самага сонца быў зроблены: сьце́ны залатыя-залатыя, а страха бліскучымі маланкамі пакрыта. Увайшлі мы ў гэны палац, азіраемся навокал, і што-ж? — На самым пачэсным ме́сцы сядзіць сьвяты Спас,
а каля яго Матка Боская, сьвяты Юр’я, Мікола і Ільля!
ДАНІЛКА. Навет Ільля і Мікола! Вось дык дзіва!
ЗОСЬКА. І шмат, шмат, усялякіх сьвятых мѐньшых і большых! Падыйшлі мы к Спасу, а ён, добранькі, і кажа: — „годзе вам на зямлі пакутаваць, прыйшла ўжо пара са мной вам разам панаваць! Сьвяты Пётра, — тут паказаў ён на гэнага, што нас вёў, — будзе над вамі апе́ку ме́ць на ве́кі вечныя“… (пауза).
ДАНІЛКА. Ну, а дале́й, што было?
ЗОСЬКА. Нічога! Тут я прабудзілася.
ДАНІЛКА. Шкода, што мы там не асталіся. Там-бы можа і скрыпку памаглі скарэй зрабіць.
ЗОСЬКА. Мамка, ці ты ўсё чула? Ну, як па твойму: добры сон, ці не?
МАРЫЛЯ. Чаму ня чула. Добры сон, ве́льмі добры сон! Бог яшчэ на нас, як відаць, не забыўся, а я думала…
ЗОСЬКА. Вось і тата ідзе́! (Уходзе Лявон і садзіцца за сталом. Аленка і Юрка выходзяць).
ЗЬЯВА VII.
МАРЫЛЯ — 3ОСЬКА — ДАНІЛКА — ЛЯВОН.
ЛЯВОН. Ну, што? Як маці?
ЗОСЬКА. Нічога! Мамка сягоньня якбы весяле́й трохі.
МАРЫЛЯ. (закашляўшыся). Абач, і ты ўжо прыйшоў! Што ж там чуў?
ЛЯВОН. Што чуў, што чуў?! Старую пе́сьню: не адпускаецца. Сягоньня высяляць будуць: ужо хурманкі ў іх наладжаны.
МАРЫЛЯ. Такі сягоньня! А я і з ложка не магу зыйсьці. Якжа гэта будзе?
ЛЯВОН (з гаркатою). Нічога! Вынясуць, як княгіню якую. Не бядуй па гэтым.
ЗОСЬКА. А якжа будзе з пасе́вамі? Няўжо нам і пажаць не дадуць?
ДАНІЛКА. Вось дурная! Як жаць ня будзеш, дык ме́ньш работы будзе, а то ўжо і так па самыя вушы мне гэта гаспадарка дадзе́ла: цягам рабі ды рабі!
МАРЫЛЯ. Куды ж мы дзе́немся?
ЛЯВОН. Нікуды! У чыстае поле!..
МАРЫЛЯ. Можа да каго з суседзяў можна было-бы перабрацца да часу. Не прасіўся?
ЛЯВОН. Прасіўся і маліўся. У вадных няма ме́йсца, другія баяцца: адвячаць яшчэ, кажуць, будзем; з судам і законам ня жарты.
ЗОСЬКА. Дык як, будзе, татка?
ЛЯВОН. Так будзе, як будзе! Ты, Сымон і Данілка служыць пойдзеце, а я з маткай вашай і з ме́ньшымі жабраваць пайду. Вось што будзе!
ДАНІЛКА. І я пайду жабраваць. Не хачу служыць.
ЗОСЬКА (глуха). Служыць пойдзем!..
МАРЫЛЯ. У жабраніну ісьці!.. Божа, Божа!
ЛЯВОН (якбы сам да сябе́). Служыць і жабраваць! Ха-ха-ха! Зяблікі служыць і жабраваць! Бацькі і дзяды жылі на гэтым куску зяме́лькі. Ве́чна думалі жыць. Чынш плацілі, талаку рабілі ў двор, як паншчыну якую; пасеку карчавалі, будаваліся… ве́чна думалі жыці, а цяпе́р!.. Цяпе́р сын і ўнукі служыць і жабраваць… гаспадарскія сын і ўнукі. Ха-ха-ха! (Ідзе́ к парогу, п’е ваду і ўзноў садзіцца).
МАРЫЛЯ. Я казала, што нічога ня выйдзе. Ці з багатым бе́днаму судзіцца? Пакуль з багатага — пух, то з бе́днага дух. Цэлыя вёскі такіх, як мы, з хат у поле вывозілі ад пасе́ваў, ад усяго дабра.
ЛЯВОН. А чаму стараве́ры выйгралі, хоць пазьне́й за бацькавага дзе́да ў Баркох пасяліліся? Чаму?
МАРЫЛЯ. Бо, відаць, для іх права другое.
ЛЯВОН. Ня ўсё роўна людзі?
МАРЫЛЯ (кашляючы). Усё роўна, ды мусіць
ня усё роўна. Але каб ня слухаў гэтага свайго адваката Клепатоўскага, то калі-б і выгналі, дык хоць гаспадарка асталася-бы, а так…
ЛЯВОН. А так прапала, ня ве́рнеш! На што дарма сабе і другім сэрца ад’ядаць.
МАРЫЛЯ. Жартачкі! Пяць гадоў судзіліся. Апошнюю карову і коніка сёлета прадаў. Апошнюю кароўку!
ЗОСЬКА. І маю цялушачку, што мамка аддала мне́ гадаваць сабе на пасаг калісь…
ЛЯВОН. Што ўспамінаць, чаго ня ве́рнеш! Кожын па часе мае розум. Я толькі хаце́ў праўды шукаць. Ха-ха-ха! Здурэў і праўды шукаў! (Водзячы вачыма па хаце пасьля некаторае паузы, панура, тужліва). Дзе́дава хата састарэлася, як і ён, нябошчык, трэ’-бала новую ставіць… З бацькам цягалі бярве́ньне… падарваўся стары, памёр… тады сам адзін мусіў кончыць… Цяжка было аднаму, але не́як даў рады, толькі нагу прыпсаваў, і хадзіць няма як роўна. (Глянуўшы ў вакно). З дзе́дам садок садзілі… Знаўся нябошчык як хадзіць каля дрэўцаў… сам уме́ў прышчэпляваць. Садок вырас. З бацькам ужо кожнага Спаса ме́лі што сьвяньціць… З зяме́лькай зжыўся, як з роднай маткай… Кожны каменьчык на полі і кожны кусьцік на сенажаці змалку ўжо знаў, як сваіх пяць пальцаў на руццэ… На гэтых гонейках пасьціў скаціну… араў, се́яў, касіў. А тут!.. Суд — вон выганяюць! Кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез, кінуць тое поле, дзе кожную скібіну потам крывавым скрапіў. Эх, эх! І я гэта маю дарма ўступіць адрачыся? Чалаве́к з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне.
ДАНІЛКА. Дык хай-бы татка купіў ад двара.
ЛЯВОН. Купіў, купіў! А закон пазваляе такім як мы купляць? А чынш плацячы, я ня выкупіў гэту зямлю? Ды што ты знаеш…
МАРЫЛЯ (як-бы праз сон). А цяпе́р — на бадзяньне, на ве́чныя мукі, зьдзе́кі, на бадзяньне ве́чнае!.
ЗОСЬКА. Служыць ісьці ў чужую хату, да чужых людзѐй. У няволю ісьці!
ЛЯВОН (глуха). Чым я вінен? чым я вінен? Што любіў гэту зямлю, гэту родную нашу!.. За тое вінен я? За тое любіў яе́, каб яна мсьцілася нада мной, над намі і ў сьвѐт гнала… Ха-ха-ха! Зямля гоне тых ад сябе́, што з ве́ку у ве́к сьве́ньцяць яе́ сваёй крывёй гарачай і потам салоным! І за што? за што? (Зьве́сіў галаву і ня ўзнак уцірае сьлёзы).
ЗОСЬКА (падходзе і гладзе па галаве́ бацьку). Не марыкуйце ве́льмі, татачка! Кіньце ве́льмі бядаваць! Ня згінем на сьве́це… Што ж рабіць? Не́як-жа ды будзем жыць. Не маркоцьцеся, татачка. Я сягоньня сон добры сьніла.
ЗЬЯВА VIII.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.
СЫМОН (убягаючы). Тата! Чаго сядзіш? Дворныя сохі гародніну і пшаніцу завораваюць!
ЛЯВОН. Няхай завораваюць! Іх зямля — іх права.
МАРЫЛЯ (кашляючы). Дайце мне́ вадзіцы! душна мне! (Зоська падае́ вады, падтрымлівае матку — тая п’е).
СЫМОН. Калі іх зямля, то няхай зьядуць яе́, але дабро наша — мы се́ялі!
ЛЯВОН (наругаючыся). Мы се́ялі, а людзі жнуць ну дык што-ж табе́ з гэтага прыбудзе што, ці адбудзе? Га?
СЫМОН. Тата сваймі судамі гаспадарку ўсю прасудзіў, а цяпе́р апошняе двару на зьдзе́к аддаў!
ЛЯВОН. Не я аддаў, а зямля сама сябе́ аддала ім на зьдзе́к. Я, ты, пяты, дзесяты штосьці ёй не ўгадзіў, ну, дык і чураецца сваіх дзяце́й.
СЫМОН. Але нашае працы яна ня чураецца. І мы затое павінны бараніць яе́ ўсёй сваёй сілай.
ЛЯВОН (насьме́шліва). Ха ха-ха! Будзе бараніць тэй сілай зямлю ад людзе́й, што тая ж зямля
і тыя людзі даўно гэту сілу забралі ад яго! Рузумненькі — няма чаго сказаць!
СЫМОН. У таткі забралі, але ў мяне́ яшчэ не пасьпе́лі, і ў мяне́ хопіць моцы ў крыўду ня дацца, я і ня дамся! (Хапае з-за лавы тапор і хоча бе́гчы, бацька адбірае).
ЛЯВОН. Ані мне́ важся чапаць іх! А не, то сваёй-жа рукой заб’ю цябе́ гэтым тапаром!
СЫМОН. Я свайго толькі буду бараніць!
ЛЯВОН. Тапаром?
СЫМОН. Хоць-бы і сваёй галавой! Хто-ж мне́ забароне? (Тузаюцца).
ЗОСЬКА (разбараніваючы і цалуючы рукі Сымона). Кінь, Сымонка! Ня йдзі проці волі бацькі!
Што ты там адзін зробіш? Мамку хворую толькі перапужалі.
ДАНІЛКА. І мяне́ напалохалі. Пакіньце! Што вы малыя дзе́ці — гэтак тузацца?
ЛЯВОН (да Сымона). Пушчай, разбойнік, тапор. (Вырывае)
СЫМОН. Эх, тата, тата! А што нас чакае, як мы гэтак будзем папускацца?!
ЛЯВОН (апусьціўшыся на лаву. Панура). Трэба праўды шукаць не тапаром, а розумам. Дзе́д твой ня ме́ў розуму, я ня маю, але ты яго май, каб з часам цябе́ і тваіх дзяце́й не ганялі гэтак, як сягоньня.
ЗЬЯВА IX.
ТЫЯ-Ж і АЛЕНКА з ЮРКАМ.
АЛЕНКА і ЮРКА (убягаюць у хату, уціраючы кулакамі сьлёзы). Тата, тата! Не́йкія людзі страху з нашае хаты зьдзіраюць!
ЛЯВОН. Няхай зьдзіраюць! Ня вашае дзе́ла!
ЗОСЬКА. Я пайду, папрашу іх, можа…
ЛЯВОН (з сілай). Ня трэба! Ня йдзі! Годзе ўжо бацька твой сьпіны нагнуўся і парогаў наабіваў. Я сам вінен і за ўсіх вас адве́т панясу перад людзьмі і перад Богам. Трэ’ было мне ў сваім часе выехаць з гэтае хаты і не чакаць, пакуль аж прыдуць выкідаць. А цяпер… сам сабе́ яму выкапаў сваймі рукамі! (Пасьля некаторае паузы). Так, так, сам сабе́ яму глыбокую выкапаў… Бяз часу прыходзіцца ў яе́ ле́зьці. Згіненьне якоесь прыступае і душыць мяне́ з усіх старон… У вачох цёмна робіцца… думкі туманяцца… Штосьці горла сьціскае, дыхнуць не дае́. Гара не́йкая навалілася на пле́чы і цісьне мяне́, як каменем усяго прыгнятае, а зьвяр’ё не́йкае абсядае і на косьці мае́ трухлявыя ласіцца. (Як паме́шаны). Дзе я? Што я? Цёмна, страшна кругом!... (Чуваць трэск над хатай, сыпецца пясок). Во, Во! 3 не́ба пясок сыпецца, а можа тэта зоркі нашы валяцца, што павядуць нас па сьве́це з кіем жабрачым? (Прыглядаючыся трывожна). Не! Не! гэта ня зоркі, а жывы пясок, што я на хату цягау на сваіх плячох… О, мой пясочак, залаты пясочак! Я цябе́ цягаў на вышкі, у гару, а ты мяне́ ў нізе на вѐкі ве́чныя засыпеш. Сыпся! буйным градам сыпся!.. (Як-бы збудзіўшыся). Але што я гэта гавару? Што я маруджу? Трэба йсьці хутчэй, каб выгадне́й прыгатавацца ў вялікую вандроўку! (Трэск і відаць праз адчыненае вакно, як валяцца салома і канцы пале́ньня з страхі. Але́нка і Юрка туляцца з страху да Зоські). Вы тут пасядзе́це, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Трэба мягчэй намасьціць для маці калёсы, бо яны-ж не дагадаюцца. На чужой павозцы ваша маці выедзе сягоньня, як пані, з свае́ хаты! (Абмахнуўшы рукавом сьлёзы; выходзячы). Ня выходзьце з хаты, пакуль я не вярнуся.
ЗЬЯВА X.
ТЫЯ-Ж без ЛЯВОНА.
ДАНІЛКА. Які гэты тата сягоньня не́йкі як не пры сваім розуме.
СЫМОН. Я думаю! Гэта-ж не жартачкі! — ад усяго адпрэччылі і рук няма за што зацяць. Кожны з розуму зойдзе.
МАРЫЛЯ (як-бы праз сон). Вады мне́ дайце! (Зоська падае́. Пауза).
ЗОСЬКА. І што мы будзем рабіць?
СЫМОН. Зараз тата ве́рнецца, дык не́шта будзем рабіць. Добра што хоць вы ў мяне́ тапор адабралі, а то забіў-бы каго, і ў вастрозе прыйшлося-б гніць.
ЗОСЬКА. Не рабі гэтага, братачка! Тата стары, мамка хворая, гэтыя — малыя яшчэ, дык што яны ўсе́ пачнуць без цябе́ і мяне́? А так, пойдзем служыць, будзем як колечы памагаць ім з апошняга.
СЫМОН. Але! Трэба памагаць. Трэба пачынаць новае жыцьцё. І я яго пачну. Яшчэ мы знойдзем зямлі ў сваёй старне́ і яшчэ мы хату адбудуем на сваім загоне! Я добра прыглядзе́ўся, як людзі жывуць, і добра надумайся як трэба жыць. Тата праўду сказаў, што трэба розумам ваяваць, а не тапаром. І я розумам буду ваяваць і другіх вучыць да гэтае вайны. Годзе крыўды, годзе няпраўды! (Вялікі трэск над хатай).
ЗОСЬКА (спужаная). Ах! Каб хаця нас без пары хатка не пахавала?
СЫМОН. Ня бойся! Гэта толькі з крокваў закот зьдзіраюць. Пакулъ нас адгэтуль ня выпрасяць — столі чапаць ня будуць. Ды тата-ж на дварэ: бача, што там робіцца…
ДАНІЛКА. А я ўсё такі пайду адгэтуль на кожны выпадак. Каб іх паляруш! іскрыпку не даюць спакойна рабіць. Пойдзем, малыя. (Забірае Аленку і Юрку і выходзе).
ЗЬЯВА XI.
МАРЫЛЯ — СЫМОН — ЗОСЬКА.
МАРЫЛЯ. Памажэце мне́ з хаты выйсьці, а то страшна!..
СЫМОН. Зараз, мамка, зараз!
ЗОСЬКА. І мне́ не́як жудка! Ды яшчэ гэты тата не́дзе задлякаўся!
СЫМОН. А на мяне́, ве́даеш з кожнай мінутаю не́йкая рызыка находзе. Здае́цца, нічога на сьве́це цяпе́р не баюся. Хоць-бы зямля тут разступілася, дык ня спужауся-бы і у вапраме́тную скочыў! Дый праўда. Падумай, сястрыца, чаго нам
баяцца? 3ямлю ад нас адабралі, хату нашую раскідаюць, астаёмся мы, як пасьля пажару, — толькі ў вопратках. Дык што-ж мы такія значым на сьве́це і што нас за жыцьцё чакае? Без зямлі, без свае́ хаты, чалаве́к што шалёны сабака — адна цана: ні яму прыстаньня, ні яму скарынкі хле́ба, ні яму добрага слова!.. Будуць зьдзѐкавацца, ганяць, пакуль ня ўгоняць у якую процьму, з якое і выхаду паве́к сабе ня знойдзе. А так-раз канѐц усяму! (Трэск). Што-ж? Вярніся, хатка; Хутчэй вярніся! Забівай усіх, на сьмѐрць усіх забівай! Досіць бадзякаў і бяз нас на бе́лым сьве́це: — галодных, паднявольных па вёсках, а п’яніцаў і жулікаў па гарадох! Вярніся, хатка!.. Абымі нас сваймі дзераўлянымі рукамі, як абымае перад ястрэбам сваіх дзе́так крыламі галубка. Прытулі нас, хатка, і сагрэй! Бачыш, як цёмна і страшна! Ха-ха-ха! Хата ня валіцца. Дзерава ляпе́й жале́е нас, як людзі жывыя, як з сэрцам і душою людзі!
ЗОСЬКА (Глядзіць на Сымона перапалоханымі вачыма). Сымонка! Не гавары так, братка! Мне́ страшна робіцца ад твае гэткае гутаркі. А тут тата не варочаецца… Каб скарэй гэта ўсё скончылася. Неспакойна мне́, каб хаця з ім што ке́пскае не прылучылася?
ЗЬЯВА XII.
ТЫЯ-Ж і ДВОЕ ДВОРНЫХ ЛЮДЗЕЙ.
АДЗІН з людзе́й. Чаго сядзіцё? Бацька павесіўся!
ЗОСЬКА (кінуўшыся з хаты). Ах, Божа мой, Божа! Такі даканалі старога!
МАРЫЛЯ (хоча зыйсьці з ложка і валіцца на зямлю). Сымонка, памажы мнѐ! (Сымон сядзіць на адным ме́йсцы і злорадасна пазірае. Людзі падходзяць браць ложак).
СЫМОН (хапае тапор і падбягае к ложку; заціснуўшы зубы). Толькі паважцеся што колечы крануць з хаты!!!
ЗАСЛОНА.
Акт другі
правіць
АКТ ДРУГІ.
Сцэна прадстаўляе раскіданыя будынкі: тырчыць шульле, пе́ч; валяецца бярве́ньне, латы, салома, хатняя абстаноўка. У глубіне́ сцэны — сад, бліжэй к рампе стаіць адно дзерава, непадалёк ад яго ў непарадку: стол, лавы, табурэткі. Дзе́ці (Аленка і Юрка), — як-бы перапужаныя, гульня ў іх ня кле́ецца. Час — у два тыдні пасьля пе́ршага акту. Перад захадам сонца.
ЗЬЯВА I.
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ.
ДАНІЛКА (прыбіваючы абраз да дзе́рава). Ну ўжо, мамка, усё гатова! Давёў у парадак хату, як ляпе́й быць ня можа, навет Божаньку паве́сіў, каб было перад кім маліцца. А цяпе́р мушу за сваю работу брацца. (Садзіцца воддаль і майструе іскрыпку).
МАРЫЛЬКА (апускаецца на зямлю і прытуліваецца к дрэўцу). Эх, дажыліся, Божухна, Божухна!
Ня вісіць твой абразок у хатачцы на пачэсным куточку, а тут — на гэтым дзе́раве, сярод гэтае руіны. Як сірата, вісіць твой абразок тутака. Дождж яго будзе мыць, сонейка паліць, вецер хістаць, як тэй бярозкай у полі хістаць. Патапталі, Божухна, вярбу тваю сьвянцоную, пакрышылі тваю сьве́чку грамнічную. А мы, служкі твае́ ве́рныя, сядзім тут, як пагарэльцы на папялішчы, і сонейка твайго яснага за сьлязьмі ня бачым. Ох, ох! Людзі твайго сонейка ня бачаць, праўданькі твае́ ня бачаць, голасу твайго ня чуюць. Асьвяці ты — Божа, душу маю грэшную, не пакінь майго ўдовінага сіроцтва, — пашлі мне́ сілачкі гэтых малых выхаваць! Укрый іх ад галоднае і халоднае сьме́рці, і ад благіх людзе́й укрый іх, Божа!
ДАНІЛКА. Мама, мамачка, не галасе́це гэтак, а то аж мне́ на сьлёзы зьбіраецца, як пагляджу я на цябе́!.. Шкода таты, ве́дама, што шкода, але што-ж ты зробіш? Дык не бядуйце, мамка! Я не задоўга ўжо йскрыпку сваю скончу і так тады зайграю, так зайграю, што ўжо нікому з нас так галасіць не захочацца! А цяпе́р ляпе́й будзем аб чым іншым гутарку вясьці. Мне́ як ве́льмі сумна зробіцца, што йскрыпка не ўдае́цца, дык я тады сам з сабою гутару і гутару… Ну, што-ж бы такое? Э! трудна не́як і да розуму прыйсьці. Ага! Вось скажэце мне́ мамка, чаму гэта так даўно тату не хавалі? Усё ніяк дагэтуль не сабраўся папытацца цябе́ аб гэтым.
МАРЫЛЯ. Не хавалі, бо так трэба было, — сьле́дзтва рабілі. Закон, бачыш, такі ёсьць: як хто сам праз сябе́ памрэ, дык датуль ня можна хаваць, пакуль ня дойдуць, як і праз што ён душой загаве́ў.
ДАНІЛКА. Ага! Ве́даю цяпе́р. Значыцца, як і я памру, дык ня будуць датуль хаваць, пакуль не даве́даюцца ў мяне́, на што я памёр. А-а-а скажэце мне́, мамка, на што гэта людзі родзяцца, каб пасьля ўміраць? Бо-ж, я думаю, не вялікі цымус ляжаць засыпанаму зямлёй.
МАРЫЛЯ. Гэтак ужо Богам устроена на сьве́це. Нічога не парадзіш.
ДАНІЛКА. Не самавітае, як так, гэтае ўстройства. А ці праўда, мамка, што ёсьць такая старонка, праз каторую плывуць крыніцы з жывой вадою. Кажуць, калі напіцца тае́ вадзіцы жыватворнае, дык чалавек ніколі ня ўмрэ.
МАРЫЛЯ. Можа і ёсьць. Хто ж яго ве́дае? Але яшчэ тае́ крыніцы ніхто ня бачыў і ня піў з яе́, бо каб хто-не́будзь піў, то хоць адзін чалаве́к жыў-бы і жыў на сьве́це больш, як усе́ людзі жывуць, а так няма: усе як ёсьць рана-позна ўміралі, уміраюць і ўміраць будуць. Такая ўжо воля Боская.
ДАНІЛКА. Але ўсё такі жывая вада ёсьць, як сабе́, мамка, хочаш! Бо і на што-ж бы ўсе так аб ёй гаварылі? Як я вырасту такі вялікі і дужы, як наш Сымонка, тады пайду з сваёй іскрыпачкай шукаць гэнае крыніцы, а як знайду — сам нап’юся і вас усіх пачастую, і будзем мы жыць і жыць, аж пакуль не памром!
МАРЫЛЯ. Ну, і дагаварыўся! (Пауза).
ДАНІЛКА. Растлумачце мне́, мамка, на што людзі хаты будуюць, а пасьля іх саміж раскідаюць?
МАРЫЛЯ. Будаваць, то самі будуюць, а раскідаюць ня людзі, а іхняя нядоля горкая раскідае.
ДАНІЛКА. Цікавасьць, што гэта такая за паня-горкая нядоля? Для яе́ мушу пашукаць такое вады, ад каторае яна, як вып’е, дык адразу памрэ. Але, папраўдзе кажучы, калі так нядоля раскідае тое, што людзі будуюць, дык на што-ж зусім будаваць? Гэта-ж даліпаначкі, мне́ шмат ляпе́й і выгадне́й вось цяпе́рака на гэтым ламацьці бяз сьце́н і страхі, як было ў хаце! Калі сядзе́ў я ў хаце і майстраваў сваю скрыпачку, то мне́ здавалася,
што я сяджу ў не́йкай кле́тцы, адкуль і вырвацца трудна будзе ў сьве́т. А тут — ані воднае загарадкі! Ляці сабе́ куды хочаш, як птушка, і ўсё такое. А гэтая вялікая страха зьле́пленая з не́ба, куды прыгажэйшая, як была наша — саламяная. (Пауза). Ну, вось адна дошчачка як-бы і гатова, цяпе́р будзем рабіць другую. Што-ж гэта я хаце́ў яшчэ папытацца? Ага! Успомніў! Скажэце, мамка, ці далёка гэта кане́ц сьве́ту? Кажуць, міль сто пэўне будзе ад нас, калі не бале́й?
МАРЫЛЯ. Кане́ц сьве́ту там, дзе канец шчасьцю людзкому.
ДАНІЛКА. Э-э! Мамка так гаворыш, што і сам пісар не разьбярэ.
ЗЬЯВА II.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.
МАРЫЛЯ (да Сымона, глуха). Ужо ты вярнуўся? Пахавалі? Можа на могі…
СЫМОН (садзячыся, панура). А як-жа!.. пахавалі, толькі не на могілках… не пазволілі! За магілкавым плотам пахавалі. Тут паміж жывымі, ня было яму ме́йсца — ня стала яму прыстанішча і паміж нябошчыкамі. Самагуб!.. А спытайцеся, хто яго давёў да гэтага самагубства?!
МАРЫЛЯ. Нічога, дзе́ткі, не парадзіш. Грэшнай сьме́рцю памёр — мусіць пакутаваць.
СЫМОН. Пакутаваць! пакутаваць! Гэта ве́чная пакута толькі чалаве́ка на зьве́ра перарабляе, дзічэць прыходзіцца, як цемняку якому. Што яна, гэта пакута, са мной зрабіла?! Я сам сябе́ не пазнаю. Калі кідаў сягоньня на бацькаў труп зямлю, то мне́ здавалася, што гэтым жвірам чырвоным засыпаю самога сябе́, сваё шчасьце, свае́ ле́ты маладыя; засыпаю Бога, людзе́й, цэлы сьве́т; здавалася, усё чыста хаваю на ве́кі вечныя ў сьцюдзёнай магіле.
МАРЫЛЯ. Нічога, сынку! гэта пяройдзе, гэта толькі жаль вялікі праз цябе́ гавора. Ве́дай, што яшчэ ня ўсё і ня ўсіх ты пахаваў: асталіся ў цябе́ я, браткі і сястрычкі твае́ — імі і з імі ты мусіш жыць, і павінен жыць. Цяжанька цяпе́р табе, — ды і каму з нас сягоньня тут лёганька, але што чыніць. Памучымся які ме́сяц-другі, прыдаўлены сваім сіроцтвам і адзіноцтвам; ме́сяц-другі будзеш снаваць, як тапельнік між жывымі, не знайходзячы сабе́ прыстанішча, а там, за які гадок, як зацьвітуць на вясну пе́ршыя кве́ткі над бацькавай ве́чнай пасьце́ляй, — зацьвітуць краскі і ў цябе́ на душы і на сэрцы, сьве́тлыя краскі ціхага спакою і журбы сьвятой. Будзеш дале́й жыць і шукаць шчасьця на сьве́це.
СЫМОН. Кве́ткі, шчасьце! Паганыя ногі патопчуць кве́ткі на бацькавай магіле, як і яго самога у зямлю затапталі; а шчасьце — каб як глыбока захаваў у сабе́, — то табе́ яго збэсьцяць, без ніякае літасьці збэсьцяць! Нячыстымі рукамі будуць капацца ў душы, пакуль ня вырвуць з яе́ гэтага шчасьця і ня кінуць яго пад ногі і ня раз-
давяць. (Пауза).
МАРЫЛЯ. Усё-ж такі, як-бы там сабе́ ня было, а нам трэба думаць, як дале́й жыць. Паняволі мусім сабе́ даваць якую раду. Гэтага, сынок мала, што ты загадаў перацягнуць сюды ламацьцё з поля. Грызьці яго ня будзем.
СЫМОН. Што-ж, мамка, ізноў да таго мяркуець, каб ішоў туды, да іх, ласкі прасіць?
МАРЫЛЯ. А хоць-бы і так, то што-ж там ве́льмі такое?
СЫМОН. Я ўжо мамцы ад пе́ршага дня казаў і цяпе́р тое кажу: не пайду туды і вы ўсе́ ня пойдзеце. Аднаго кроку ў той бок ня дам, і адгэтуль не саступлю. Магіла татава стала векве́чнай перагародкай паміж імі і намі, і не зністожыць яе́ сіле чалаве́чай! Гора таму, хто пе́ршы пераступе гэты насып магільны над сваім родным, працягне рукі к ім і пойдзе з імі! Ня доўга будзе хадня побач
з імі. Бо яны, калі сэрца ня вырвуць і душы ня збэсьцяць зусім, то хоць вочы асьле́пляць і пусьцяць блуднымі сьце́жкамі на ве́чнае бадзяньне, на ве́чны зьдзе́к і паніжэньне. А свае́ на такога будуць
тыкаць пальцамі і шаптаць асьцярожна: „адступнік, душапрадавец! Бацькаву магілу перажаргаў, каб у іх зладзейскія рукі лізаць!“
МАРЫЛЯ. Але ты бяз іх не абойдзешся. Рана — позна мусім ісьці, к ім… па работу, па хле́б…
СЫМОН. Дык што-ж, калі я з мусу і пайду, як слуга іх, як нявольнік, але не па сваёй добрай волі — як іх падлыжнік і завушнік? Праца мая, нявольніка, дол толькі ім глыбе́йшы выкапае, а хле́б сьпе́чаны нявольніка рукамі ядам абе́рнецца ў зубах іх. Але цяпе́р… цяпе́р ніяк к ім не пайду, хіба вяроўкамі пацягнуць, калі ёсьць на сьве́це такія вяроўкі моцныя. Там, над бацькавай магілай зарок сабе́ даў жывым ня зыйсьці з гэтага ме́йсца, з гэтага нашага разграбленага гнязда, дзе татавы ногі расу сьцюдзёную тапталі, а вочы яго шукалі на не́бе зоркі свайго шчасьця. І ня зыйду, і ня ўступлю, хай б’юць, рэжуць, катуюць!..
ДАНІЛКА. Э! часам і без вяроўкі ў пятлю ле́зуць, як ліха прыпрэ.
МАРЫЛЯ. Супакойся, Сымонка! Пакіньма цяпѐр аб гэтым гаварыць. Можа е́сьці хочаш? Есьць трохі пѐчанай бульбы. (Дастае́ кійком з папялішча бульбу).
СЫМОН (ядучы). Зье́м, чаму ня зье́м? Ад самага раньня нічога ў губе ня мѐў. А работы шмат было: сам мусіў яму выкапаць — ніхто не хаце́ў памагчы, бо, кажуць, для вісельніка страшна дол капаць. Ну, няхай ім будзе страшна. Але я ве́даю — ня страх тут быў прычынай, а тое, што мы ня маем чым заплаціць і чым пачаставаць, ня маем за што даць ім гарэлкі, накарміць салам… Не хаце́лі, і ня трэба! Бяз іх сядзем за жалобным сталом. Ха-ха-ха! Няма чаго сказаць — багаты стол: бульба і вада, вада і бульба!.. Памінкі па родным бацьку, па гаспадару з гаспадароў! Памінкі на ра-
скіданай хаце, на здратаваных пасе́вах, па сумле́нным жыхару, па шчырым сяўцу! Што-ж? да касьбы і жніва трэба ладзіцца, да вялікае касьбы і жніва! (Кідае бульбу са злосьцяй). Яда ў горла ня ле́зе — колам становіцца.
ДАНІЛКА. А ты вазьмі ды вадой прагані, або дай, я табе́ ў плечы пастукаю. Мне́ як засядзе кусок у горле, дык мамка як стукне, — глядзіш, кусочак і паляце́ў куды трэба.
МАРЫЛЯ (да Сымона). Дзе Зося? Чаму яна з табой разам ня прыйшла?
СЫМОН. Дзе Зося? дзе Зося? У яе́ пытайся, а не ў мяне́, куды яна прападае? Пайшла з магілак ране́й за мяне́, дык павінна была і ране́й прыйсьці.
МАРЫЛЯ. Каб хаця не заблудзіла дзе? Чаму ты адну яе́ пусьціў? Далёка тут да няшчасьця.
СЫМОН. Да няшчасьця мо’ і недалёка: заблудзіць не заблудзіць, калі сама гэтага не зажадае. Але яна ўжо запраўды блудзіць ад пе́ршага дня бацькавае сьме́рці. Мамка хвора і даве́рчыва, дык ня бачыш нічога і ня чуеш, а я ўсё бачу і чую. Паляцела перш ад мяне́ з магілак, каб у двор заляце́цца — на панічовы гібкі стан падзівіцца і, як сучка, каля ног яго паласіцца.
МАРЫЛЯ. Скуль ты гэта ўзяў, каб Зося… Зоська… мая дачушка?..
СЫМОН. Так, так Зоська, твая дачушка, а мая сястрычка родная, у двор да паніча бе́гае, уся аколіца аб гэтым як у бубен б’е́. Я ўсё ня ве́рыў, пакуль сам не пераканаўся: заўчора ўсю ноч там прападала. Я відзеў, але маўчаў, бо яшчэ тата быў не пахаваны, не хаце́ў пры нябошчыку аб гэтым новым нашым няшчасьці казаць і калатню падыймаць.
МАРЫЛЯ (жаласьліва). Зоська… мая Зосячка… Вушам ня верыцца. Прыпамінаю: у той дзе́нь, як
выкідалі, яна прыбе́гла і казала, што там, ля рэчкі… Ці ж быць можа?… Зоська… Зоська…
СЫМОН. Хэ-хэ-хэ! Крамная скура, размасьленыя вочы, лісьлівае сьлінявае зюзюканьне, бязсорамныя ў кутку пацалункі — вось вам і палопка, у каторую простая дзяўчына валіцца, зрэнкі заплюшчыўшы. Без вялікіх коштаў і торгу мае сабе́ бязчэльны самалюбнік удаволь сьве́жага і здаровага тавару ў нашай цёмнай прастоце. А плаціць за гэты тавар разьбітым шчасьцем, апаганенай славай і паскуднымі хваробамі… Зоська… Зоська… Ці-ж
яна ў іх першая, або апошняя?…
ДАНІЛКА. Ты мусіць яшчэ не адпусьціўся на іх за тое, што яны адбілі ў цябе́ тваю Кастусю Дударышку, каторую пасьля таго, як бусел прынёс ёй малое, дык і яны прагналі, і ты прагнаў.
ЗЬЯВА III.
ТЫЯ-Ж і ЗОСЬКА.
Зоська босая, але старанна прычасаўшыся і адзе́ўшыся. Увыйшоўшы, не́йкі час стаіць у няпэўнасьці, трымаючы штось пад хвартухом. Гаворыць ні-то баязьліва, ні-то вінавата; часам сьлёзы дрыжаць у яе́ голасе).
СЫМОН. Прыйшла такі на нач! Што-ж гэта табе́ зрабілася?
ЗОСЬКА. Чаму ты так гаворыш, братка? Ці-ж я калі-нѐбудзь начавала дзе іначай апрача свае́ хаткі, або цяпе́р не начую кожную ноч на гэтым ламацьці?
СЫМОН. А заўчора, дзе ўсю ноч прападала? Думаеш ня ве́даю!
ЗОСЬКА. Нічога ты, браток, ня ве́даеш, ох, як нічога! Мнѐ так сумна і страшна зрабілася, што тата ляжаў тут непадалёк не пахаваны і такі жудасны з гэтай вяроўкай на шыі, што я ня выцерпела і, як учадзеўшы, у поле пабе́гла. І нідзе́ не начавала, нідзе́, усю ночку на полі блудзіла. Нічога благога не рабіла, каб я так шчасьцейка свайго не аглядала!
МАРЫЛЯ. Не кляніся, дачушка! На што?… Ня трэба!
СЫМОН. А чаму сягоньня ў пару ня прыйшла з магілак? Чаму?
ЗОСЬКА. Сягоньня?.. з магілак?.. Так сабе́!.. Зайшлася на мінутку да цёткі, што служа з дзядзькам у дварэ… Такая не́йкая нуда ў дарозе агарнула, што не магла стрымацца і зайшлася… Ды вось нам яна — цётка — пазычыла трохі сала і хле́ба. Кажа: „У вас сягоньня памінкі па тату, дык хоць павячэраеце на здаровейка“. (Дастае́ прыне́сенае і аддае́ матцы). У цёткі пазычыла… Не хацелася мне́ спачатку браць, але пасьля так шкода вас усіх тут зрабілася, што ўзяла і пазычыла…
СЫМОН. Ве́даю, у якой цёткі была ты з пазыкай, ве́даю! Але чым ты аддаваць будзеш гэта пазычанае? Трэба-ж — яшчэ выдумала цётку не́йкую? Сказала-б ужо проста, што была ў дзядзькі, у маладзе́нькага, ды прыгожанькага, папраўдзе ласага да ўсялякіх пазык. Як табе́ ня грэх і ня стыдна? Яшчэ над бацькавай дамавінай пясок не завяў, а дачка пабягушкамі займаецца! Забылася, што ён, нябошчык, казаў табе́ перад апошняй сваёй мінутай. Я прыпомню, калі маеш такую кароткую памяць. Бацька казаў: „не паніжайся перад дужым дачасьнікам, бо ён табе́ за тваё паніжэньне перад ім вочы заплюе́ паскуднай сьлінай, а душу і сэрца тваё зьмяшае з балотам атопкаў сваіх!“ Забылася гэтых слоў, не дачакаўшыся першага маладзіка, пасьля скананьня таго, хто іх табе́ сказаў. Эх, Зоська! Зоська! (Шыбка выходзе. Зоська садзіцца, закрыўшы вочы рукамі).
ЗЬЯВА IV.
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ.
ДАНІЛКА. І што гэты Сымон думае з сваёй рызыкай? Ужо аж мяне́ пачынае злосьць на яго разьбіраць. Нацяпаў — нацяпаў языком, а каб хто папытаўся — на што? Вярхнік толькі мой да й скрыпкі сапсаваўся, і выйшла з яго ні Богу сьвѐчка, ні чарту качарга. Пойдзем, малыя, шукаць новай дошчачкі! (Забірае Аленку і Юрку і выходзе).
ЗЬЯВА V.
МАРЫЛЯ — ЗОСЯ.
МАРЫЛЯ (як-бы сама да сябе́). Такое было з яго мілае дзіцянётка. Ве́дама — панскае! што і казаць… Любіла яго ўсё роўна як сваё роднае… Тады ўжо, пры грудзёх, панічоўская кроў іграла ў це́ле яго вутленькім… Чуць толькі стаў ручкі ў кулачок складаваць, шчыпецца бывала, моцна шчыпецца. А як сталі зубкі выразацца — кусаўся; як угрызе́, то аж кроў выскача з грудзе́й. Мале́нькі яшчэ — а такі ўжо дасьціпны быў. І ці даўно было гэта, здае́цца, як пры мне́ качаўся, а цяпе́р глядзі — хоць куды мужчына! (Да Зоські). Ці праўда, Зоська, што Сымон казаў? — ці праўда, што ты да яго ў двор…
ЗОСЬКА. Мамачка! На што табе́ гэта кане́шна ве́даць? Ці-ж ня ўсё роўна будзе? Калі гэта праўда — я згінула, калі гэта і няпраўда — я неўваскрэсла… На не́бе мале́нькая зорка ўсьмяхаецца да вялікага ме́сяца, а на зямлі вутлая калінка хіне́цца да крэпкага явара, а я — што?..
МАРЫЛЯ. Але ты ня ве́даеш, што цябе́ чакае, як будзеш так хінуцца к яму, як калінка да явара? Сябе́ згубіш і нас ве́чным сорамам абняславіш. Ен паласіцца, папе́сьціцца і кіне, як кідаюць зношаную вопратку на сьме́тнік. Толькі я ня ве́ру, што Сымон казаў, і ніколі не паве́ру. Ты супакой мяне́, дзе́ткі, і скажы, што гэта няпраўда. Я цябе́ выхавала, сваім малаком выкарміла і ты лгаць мне́ ня маеш права.
ЗОСЬКА (змагаючыся з сабой). Ня мучце мяне́, мамка! Я й так сама змучылася за гэтыя два тыдні ад сьме́рці таты. Штосьці такое страшна дзіўное творыцца каля мяне́ і са мной, чаго я сваім бе́дным розумам і адгадаць не магу. Мамачка, ня пытайцеся ляпе́й: я лгаць ня буду, але ты сама ве́даеш, ня ўсю і праўду можна казаць.
МАРЫЛЯ. Роднай матцы можна!
ЗОСЬКА. А калі я ўжо ня ве́даю, дзе праўда, а дзе мана. Усё перамяшалася ў маёй няшчаснай галаве́. Не́йкі туман сіні-сіні — кругом мяне́ разаслаўся і я, здае́цца, плаваю па ім, так ціха-ціха плаваю, як тыя гусі бе́лыя на возеры, або вобалакі сівыя пад не́бам далёкім! І штосьці мяне́ кудысь цягне, бярэ за рукі, абымае ў пол і ныносе з сабой так лёгка-лёганька, як ціхі ве́цер тую пярынку галубіную над гаем зялёным!
МАРЫЛЯ. Ты заўсёды была такая не́йкая, што і сама я не магу разабраць — якая? Змалку дзён трудна было з табой да ладу прыйсьці. Усяе́ тае і гутаркі ў цябѐ было, што з ле́сам, з ве́трам ды з крыніцай. Не́шта нялюдзкае сядзіць у табе́.
ЗОСЬКА. Ці-ж я вінавата, што я такая?
МАРЫЛЯ. Ты ў гэтым можа сама і не вінавата, але затое вінавата ў тым, што Сымон казаў. Ен бачыў цябе́ з ім заўчора ў ночы.
ЗОСЬКА. Няпраўда, мамачка! Няпраўда! Я там ня была, — гэта можа толькі це́нь мой быў там. Але́ — пэўне це́нь! Я часам бачу, як це́нь мой адлучыцца ад мяне́ і пойдзе сабе́ недзе далёка-далёка! Праз высокія горы йдзе, над быстрымі рэчкамі і шчырымі барамі плыве́, а пасьля ізноў ка мне́ ве́рнецца і ходзе за мною сьле́дам, якбы соча мяне́. Тады на мяне́ страх нападае. Ох, баюся я гэтага свайго це́ню, як відма якога з таго сьве́ту баюся!
МАРЫЛЯ. Дык гэта це́нь твой там быў?..
ЗОСЬКА. Це́нь, мамачка! це́нь! Я сама ня была там. Каго я там ня бачыла?
МАРЫЛЯ (устаўшы). Ня ве́ру я табе́! Ты ве́чна толькі штось нязвычайнае выдумляеш, каб толькі мазгі каму завясьці і аплуціць. Але вось што: прысягні, што гэта няпраўда, што ты сама туды не хадзіла! Прысягні! Іначай і мяне́ з розуму зьвядзе́ш, як сама ўжо, відаць, сходзіш.
ЗОСЬКА (устаючы). Прысягну, мамачка! На што хочаш — прысягну, што гэта це́нь мой быў. На што хочаш прысягну! Руку дам праз сваю галаву.
МАРЫЛЯ. Ня трэба мне́ твае́ галавы. (Паказаваючы на абраз). Вось, перад Богам прысягай! Перад яго абразом. (Зоська змагаецца з сабой). Ну, чаго чакаеш? Станавіся на калені і прысягай!
ЗОСЬКА (апускаючыся на калені перад абразом). Мамка, я баюся! Страх нейкі ўсю мяне́ праймае.
МАРЫЛЯ. Складай пальцы на крыж і прысягай! Іначай, я асьляплю цябе́, каб да сьме́рці туды сьцежкі не знайшла!
ЗОСЬКА (складаючы пальцы на-крыж). Мамка, мамачка! Ня губеце мяне́! Я не магу!.. Я ня ве́даю, каторае з нас це́нь мой, а каторае я сама?
МАРЫЛЯ. А калі я табе́ вочы выкалю, тады даведаешся? Га! даве́даешся тады? (Чуваць прыбліжаючаеся насьвіставаньне).
ЗОСЬКА (прасьвятле́ўшы). Мамачка! Ен, сам — це́нь мой — ідзе́! Удваіх з ім будзем прысягаць!
МАРЫЛЯ (заламаўшы рукі на чале́). Што са мною? Што з ёй? Што за благі дух яе́ папутаў? Развалена хата, закопаны бацька, а яна?.. (Глуха). Зоська! Зосячка!..
ЗОСЬКА (як-бы ў экстазе). Мама! Мамачка! Ясны ме́сяц да залатой зоркі плыве́, зялёны явар да калінкі свае́ хіліцца, а ён — це́нь мой — з далёкіх краёў да мяне́ прыбывае, дарагія падаркі прыносе: гарачае сэрца, задумную душу, бязме́жнае мілаваньне!..
МАРЫЛЯ. Што з табой, Зоська?.. Зосячка!.. (Уходзе Паніч).
ЗЬЯВА VI.
МАРЫЛЯ — ЗОЬСКА — ПАНІЧ.
ЗОСЬКА. (Ухопляваецца і з распасьцертымі рукамі хоча кінуцца к панічу, але Марыля, сама гэтага ня бачучы, загараджавае ёй сабою дарогу). Паніч, Панічок к нам прыйшоў!
ПАНІЧ (пакручаваючы палачкай). Ці Сымон дома?
МАРЫЛЯ. Дома панічок! Ен толькі не́дзе выйшаў; зараз ве́рніцца.
ЗОСЬКА (падносіць панічу ўслончык і засьцілае хусткай). Садзе́цеся, панічок. Я… мы так рады, што ты… што вы прыйшлі, так рады… Садзе́цеся.
ПАНІЧ. Не ўважай, Зоська, маю час і пастаяць. (Пауза). Што гэты Сымон ваш думае? Чаму ён ня выносіцца адгэтуль і вам не дае́ якога небудзь прыстанішча?
ЗОСЬКА. Мы скора, панічок, выедзем. Ня гне́вайцеся!
МАРЫЛЯ. Ве́льмі ён зае́ўся; я — маці яго і то не магу нічога зрабіць з ім. Бяда, панічок, з дзяцьмі, бяда!
ЗОСЬКА. Сымону жаль па тату адойдзе, і мы пойдзем. Ня будзем тут векаваць і дакучаць панічу. Пэўне, што ня будзем.
ПАНІЧ. Праз бацькава і яго ўпорства хату толькі напрасна прышлося раскідаць.
ЗОСЬКА. Нічога, панічок. Шкода толькі, што тата паве́сіўся, а мамку прыйшлося хворую выносіць.
ПАНІЧ. Якжа цяпе́р здароўе Лявоніхі?
МАРЫЛЯ. Дзякую панічу за пытаньне! 3 тыдзень яшчэ не магла пасьля таго хадзіць, а цяпе́р як колечы валачу ногі; каб толькі скарэй куды не́будзь дале́й звалачыся!
ПАНІЧ (садзячыся на ўслончыку). Ну, а як Зоська гадуецца?
ЗОСЬКА. Як панічок бачыце! Жыву апошнія часы на сьве́це і сьве́ту ня бачу. Адна мая радасьць, адно маё шчасьце, калі з та… калі ў ночы сны цудоўныя бачу, калі думкамі плыву к та… к свайму ме́сячыку яснаму. Так цяпе́р, панічок, жыву я і чакаю… толькі ночкі чакаю!... (Садзіцца на зямлі непадалёк ад паніча і з любасьцю паглядае на яго).
МАРЫЛЯ (у старану). Скажу яму, усё чыста скажу! Можа ён маё сумле́ньне заспакое. (Да паніча, змагаючыся з сабой). Скажэце, панічок, скажэце сакалочак… не загне́вайцеся на мяне́!.. (Валіцца к яго нагам). Ня губе́це яе́, панічок! Яна яшчэ дзіцянё і нічога ня знае… Ня губе́це! Майце ласку над маткай!.. Можа-ж і вам калі дзе́так Бог пашле́… Ня губе́це! Я яе́ гэтымі самым! грудзьмі карміла, і цябе́!.. Зжальцеся над бе́днай удавой! Ці праўда, што яна к вам… што яна?.. (Сьлёзы не даюць ёй выгаварыць. Апіраецца аднэй рукой аб ўслончык).
ЗОСЬКА. Мамка нічога ня ве́дае… Я аб нічым ёй не казала… Даруйце ёй, панічок!
ПАНІЧ (устаючы). Што? што Лявоніха хочаш ад мяне́? Я нічога не рязуме́ю! Я-ж не магу пазволіць ізноў тут хату ставіць, калі мне́ тэту сялібу трэба прылучыць да двара. Раз выкінулі вас, то і ўсё тут. А калі захочаце служыць у мяне́, то я ў дварэ дам хату.
МАРЫЛЯ. Я не аб гэта. Я… я малю цябе́: ня зводзь яе́, мае́ Зоські! Табе́ панічок, нічога ня станецца, а яна згіне, прападзе́ за няма што!
ПАНІЧ. Якая Зоська згіне? Што ты выдумала?
ЗОСЬКА. Я, мамачка, ня згіну, а калі і згіну, то мой це́нь астане́цца і будзе жыць на сьве́це да сканчэньня вякоў. Так! Це́нь будзе жыць, калі я згіну.
МАРЫЛЯ. Чуеце, панічок, што яна кажа? Гэта ты яе́ ачараваў. Гэта ты мне́ дачку выдзіраеш! Ляпе́й сэрца ў мяне́, яе́ маткі, выдзеры і зрабі з яго сьве́чку сабе́, але дачкі не вырывай у няшчаснай удавы!
ЗОСЬКА (падходзячы к матцы, абымае і цалуе ў галаву). Зязюлька мая падстрэленая! Усё роўна тады ці сяды разсыплюцца твае́ дзе́ткі па бе́ламу сьве́ту, і будуць каршуны кляваць це́ла іх, і хлёптаць кроў цёплую, а шумны ве́цер паразьмятае пе́райка і чорным пясочкам костачкі іх прысыпе. Толькі ты, Зязюлька, гэтага саколіка цяпе́р не кляні — ён нічога ня вінен; я ляпе́й за цябе́ ве́даю.
МАРЫЛЯ (асовываючыся з услончыка к нагам паніча). Панічок! Я цябе́ дзіцянём пры сваіх грудзёх выпесьціла, выняньчыла!.. Я-ж цябе́ магла ўтапіць, задушыць, але ты жыве́ш і цьвіце́ш. Не забівай-жа ты мяне́, і адваражы, вярні мне́ маю Зоську! І ў цябе́ матка была…
ПАНІЧ. Позна ўжо, цётка!
МАРЫЛЯ. О, чаму ляпе́й ня плыла атрута з маім малаком у той час, калі!.. (Пры апошніх словах паніча, уходзе Сымон з тапаром у руках, каторым уве́сь час пакручавае. Зоська пе́ршая угле́дзіла Сымона і адыйшла ў бок, а Марыля — пасьля).
ЗЬЯВА VII.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.
СЫМОН. Эгэ! Шчырая малітва, відаць, адбываецца перад панічом. (Марыля устае́ і адходзе на бок).
ЗОСЬКА. Гэта мамка так сабе́! Прасілі паніча, каб пазволіў яшчэ час які тут пасядзе́ць.
СЫМОН. А ты прасіла, каб ён табе́ пазволіў там, у яго ночкі прасе́джаваць.
ПАНІЧ. Ты, мой міленькі, азьвярэў і ня помніш сам, што кажаш. Ве́дай тое: што кіўну я толькі пальцам, і ты зараз-жа зазвоніш ланцугамі за напад на маіх людзе́й з тапаром, калі ягамосьця з хаты выпрашавалі.
СЫМОН. Ве́даю, ве́даю! Але пакуль гэта мая сястрычка не абрыдае панічу, то ён на яе́ брата і на матку ня кіўне́ пальцам.
ЗОСЬКА (уве́сь час сочыць за Сымонам і тапаром). Братачка! На што ты сваю сястру так у балота топчаш? Яшчэ і паміма цябе́ яе́ людзі натопчуцца! Кінь дакучаць панічу і мне́: гэтым бядзе́ не паможаш!
СЫМОН. Ха-ха-ха! Можа на кале́ні скажаш стаць і маліцца перад ім? (Да паніча). Чаго, паніч, прыйшоў сюды? Ці-ж табе́ мала, што яна туды, над твой палац бе́гае? Ці-ж табе́ гэтага мала?!
ПАНІЧ. Я прыйшоу табе́ сказаць: дакуль вы будзеце сядзе́ць на маім полі?
СЫМОН. Я не на панічовым сяджу, а на Божым, і ніхто мяне́ апроч Бога згэтуль ня згоне!
ПАНІЧ. А закон на што?
СЫМОН. Я і чакаю закону: суд будзе і праўда ве́рх возьме.
ПАНІЧ. Каб за табой праўда была, то не сядзе́ў-бы гэтак пад голым не́бам.
СЫМОН. Нашто-ж нас да гэтага давёў? Нашто хату раскідаў?
ПАНІЧ. Бо з майго ле́су была пабудавана.
СЫМОН. А хто будаваў гэтай вось сяке́рай? (Трасе́ сяке́рай).
ЗОСЬКА. (Становіцца між панічом і Сымонам). Братачка! Адна сяке́ра пабудавала, а другая раскідала, — пры чым-жа тут паніч? Ен яе́ ніколі і ў рукі не бярэ. (Уходзе Данілка).
ЗЬЯВА VIII.
ТЫЯ-Ж і ДАНІЛКА.
ДАНІЛКА (у старану). А бач! І панічок прыйшоў к нам у госьці! Толькі чым мы яго пачастуем? (Да паніча). Пахвалёны Езус, панічу! А я маю да цябе́ важны інтэрас: Пазыч ты мне́ жылаў на струны і конскага хваста на смык, бо іскрыпку сваю зараз такі змайструю, а йграць ня будзе як. Пазыч, панічок! Як разбагаце́юся, тады аддам.
СЫМОН. Ты-б ляпе́й сабе́ вяроўкі на пятлю папрасіў — гэтага скарэй у людзе́й дастанеш.
ПАНІЧ Табе́-б з ахвотай яе́ пазычыў…
СЫМОН (панура). Так, як і бацьку.
ЗОСЬКА. Панічок, ня крыўдуйце на яго! Ен не такі нягодны, як хоча паказацца. Ен з часам пераме́ніцца, і будзе табе́ служыць, ох, як ве́рна служыць! Тваё полейка араць, тваіх конікоў даглядаць, тваіх дзе́так вадзіць. А мы з мамкай дабрыцо будзем жаць, для цябе́, панічок, жаць! Дык ня крыўдуйце на яго!
ПАНІЧ. Я ня ве́даю, хто тут пан — я ці ён?
СЫМОН. Ніхто!
ДАНІЛКА. Ты, Сымонка, як я віджу, толькі вадзішся з панічом, а не пагаворыш, як на гаспадара прыстала, аб важне́йшых справах. Тату сягоньня пахаваў, а крыжа і не паставіў. Папрасі ў паніча дзе́рава на крыж.
ПАНІЧ. На гэта ў мяне́ ле́су хопе. Можаце колькі хочучы з майго дзе́рава ставіць крыжоў. Бяз просьбы — пазваляю.
СЫМОН. За многа ласкі!.. Я сам стану крыжам на бацькавай магіле і буду ве́чна сьцерагчы, каб твае́ плугі не разрылі яе́, як тапары твае́ — сьце́ны гэтыя!
ПАНІЧ. Вар’ят! Ці ж не твае́ рукі гэта рабілі і робяць? Падумай толькі! (Шыбка выходзе, пасьвіставаючы).
ДАНІЛКА (у сьле́д яму). А па жылы і хвост я прыду да паніча. Скажы толькі сабакі прывязаць!
ЗЬЯВА IX.
ТЫЯ-Ж без ПАНІЧА.
ЗОСЬКА (да Сымона). Ты ўгнявіў яго, Сымонка! Пазволь — я пабягу і перапрашу. (Меціцца бегчы).
СЫМОН (сьціскаючы тапор і загараджаваючы дарогу). Толькі краніся ў той бок!.. (Зоська з плачам апускаецца на зямлю. Сымон кінуўшы тапор, садзіцца на ўслончыку і апускае галаву на далоні. Данілка выцірае рукавом вочы).
(Паволі апускаецца заслона).
Акт трэці
правіць
АКТ ТРЭЦІ.
ЗЬЯВА I.
МАРЫЛЯ — адна.
МАРЫЛЯ (сядзіць і шые торбу). Ох! охо! Ня судзіла долячка скарыстаць з свайго дабрыца, як усе́ добрыя людзі карыстаюць! Падумаць толькі! Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як уле́жыўся — сушыла, мяла, у дваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі… Па Грамніцах кросны паставіла… колькі сьце́нак наткала… На кашулі сабе́, нябошчыку і дзе́ткам ткала. Звалілася бяда, і ўсё пайшло марна: заме́ста кашуль — торбы шыю. Эх! эх! Сабе́ і дзе́цям — жабрацкія торбы. (Задумаваецца).
ЗЬЯВА II.
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДЗЕЦІ.
ЗОСЬКА (уходзе з пукам васількоў, за ёй — дзе́ці). А ты усё шыепі, мамка?! Кіньце!.. Жудка мне́ становіцца ад гэтага твайго шыцьця. Мне́ здае́цца, што ты нам усім жывым яшчэ сьмяротныя сарочкі шыеш. Кіньце, мамка, гэту сваю няшчасную работу! (Садзіцца і ўе́ вянок, каля яе́ — дзе́ці).
МАРЫЛЯ (пры ўходзе Зоські дале́й шые). Гэ! мая родненькая! А хто будзе шыць? Ты, можа? Што-ж мяне́, цябе́, (паказаваючы на дзяце́й) іх, усіх нас чакае? Што? А пашыць трэба шмат, ох, як шмат гэтых сховаў на крошкі ад людзкога стала! Старац, которы ў нас быу тады — помніш? — казаў, што чым больш на жабраку торбаў, тым лепш такога дораць. Няпраўда, можа скажаш? Га?
ЗОСЬКА. Мы яшчэ не жабракі, мамка!
МАРЫЛЯ. Але не сягоньня, то заўтра, пазаўтра будзем імі. Такая ўжо відаць нашага брата доля і нам ня мінуць гэтага. Паду май толькі! Сымон разьюшыўся і думаць ня хоча, каб даваць якую раду ў гэтым бяспрыпыньні — усё суду не́йкага чакае. А ты, а ты толькі яшчэ смалы падліваеш у гэты агонь, аткуль усе нашы няшчасьці ідуць.
ЗОСЬКА. Мамка! Я толькі хачу гэта няшчасьце на шчасьце замяніць.
МАРЫЛЯ. І ўсё, што раз большую пропасьць капаеш між імі і намі, у каторую ні хто іншы, а ты, усе́ мы ўвалімся і ня вылезем ніколі, як з ве́чнага балота. Эх! эх! Абое вы дзе́ткі пропасьць гэту самі сабе́ капаеце, абое: Сымон — сваёй дзікай заўзятасьцю, а ты — сваёй шалёнай прыхільнасьцю. Бацькі вашы іначай жылі!
ЗОСЬКА. Але, але, мамачка — іначай!.. Затое-ж вось і торбачкі ты гэтыя шыеш ды на мяне́ з Сымонам наракаеш.
МАРЫЛЯ (ня слухаючы). Губіце вы сябе́, мяне́, гэтых малых. Моцны мой Божа! Адно зьве́рам глядзіць на усё і волі нікому ніякае не дае́, а другое няславу на ўсю радню ўзводзе.
ЗОСЬКА. Мамачка! Што ты да мяне́ маеш? я ратаваць усіх вас хачу, хоць мо’ і гіну сама. Ды пачым я знаю, што са мной творьцца? Можа не́хта не́йкія чары неразгаданыя над намі ўсімі заве́сіў, і мяне́, пасьля таты, выбраў сабе́ за пе́ршую ахвяру? Пачым я знаю? Ня думайце, мамачка, што я такая, як табе́ і Сымону здае́цца. Але што ж? У вас свая праўда, у мяне́ свая. Жыцьцё свае́ кросны жалобныя тчэ і будзе ткаць, пакуль яму самі людзі не дадуць асновы з ве́чнай праўды і братняга мілаваньня, а утоку — з ве́чнай шчасьлівасьці і радасьці.
МАРЫЛЯ. Э! начала ўжо плот гарадзіць, каб за ім з сваім бязсорамствам схавацца! Сказала-бы адразу, што прадалася ў злыдневы рукі самахоць і усё тут табе́! Але не! Трэба яшчэ ўсялякай брахнёй мазгі другім марочыць. Маткі, мая родненькая, не ашукаеш.
ЗОСЬКА. Ты, мамка, сама сябе́ ашукаваеш, гэтак думаючы. Усе́ людзі самі сябе́ ашукаваюць, а ім здае́цца, што хто другі таму прычынай. Але кіньма ляпе́й, мамка, гэту спрэчку!.. Гляньце — якое прыгожае не́ба на захадзе! Там, на гэтым не́бе мы калісь жыць будзем. І ня будзе там ні такое хаты разваленае, ні людзе́й такіх нягодных: будзе там адзін вялікі дом для ўсіх чыста, а ў ім будуць жыць і іншыя людзі, як тут на зямлі, — будуць усе́ паміж сабой браткі ды сястрыцы родныя. Праўда, мамка!
МАРЫЛЯ. Але пакуль табе́ прыдзе́ пара туды ісьці, я цябе́ і твайго гэтага пракляну сваім матчыным словам.
ЗОСЬКА (сашчэпляваючы рукі). Мамачка! Што хочаце рабе́це са мною, толькі яго не чапайце: ён Богу душой вінен, як і я ні ў чым благім ня вінна. Усё гэта няпраўда.
МАРЫЛЯ. А чаму прысягаць не хаце́ла? Га?
ЗОСЬКА. Бо… бо я ня ве́дала і ня ве́даю, што праўда, а што няпраўда, і што грэх, а што ня грэх?
МАРЫЛЯ. То ён чаму сказаў: „позна, цётка!“
ЗОЬСКА. Бо і ён таксама нічога ня ве́дае. (Уходзіць Сымон і Данілка, нясуць з сабой па куску дрэва на крыж і кладуць пасярод сцэны).
ЗЬЯВА III.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН — ДАНІЛКА.
ДАНІЛКА (кінуўшы пале́на). Бяда мне́ з гэтым Сымонам! У мяне свае́ работы гібель, а тут памагай яшчэ яму крыж рабіць. (Садзіцца і возіцца з іскрыпкай).
СЫМОН (кінуўшы пале́на на-крыж Данілкаваму. Панура). Тую рабіну ссе́к, на каторай бацька… Емкі будзе крыж. 3 большага абчасалі і запілавалі з Данілкам, асталося толькі трохі абгладзіць і ўсё будзе гатова. Ці ня бачылі дзе струга?
ЗОСЬКА (устаючы). Я не́дзе, братка, яго бачыла. Зараз знайду! (Находзе струг і аддае́ Сымону). Можа што памагчы табе́?
СЫМОН (стругаючы крыж, стаўшы на кале́нях). Нічога ня трэба! Бачу, што часу ня маеш: вяночак пляце́ш, завіваеш. Дык пляці, завівай, як добрыя людзі адны другім вяровачкі плятуць, завіваюць!
ЗОСЬКА (садзіцца і дае́ ей вянок, у старану). Мамка проці мяне́, брат проці мяне́, а хто-ж за мяне́ заступіцца?
ДАНІЛКА. Вось дык пайшла ў нас сягоньня работа! Зоська вянок уе́, Сымон крыж робе, мамка торбачкі шые, а я іскрыпачку раблю. Дзівіцеся людзі!
МАРЫЛЯ (да Сымона). Пад ве́чар, як вас усіх тут ня было, прыходзіў ізноў той і казаў, каб дарма ня йшлі яму на перакор. Хату ў дварэ дае́ і цябе́ з Зоськай бярэ на службу.
СЫМОН (горача). Нічога ня трэба, нічога! Раз сказаў, каб мне́ аб гэтым і не ўспаміналі. Ласка іх да парога, толькі да парога. У вочы лісам сьце́ляцца, а як зыйшоу з воч, дык і з памяці проч! Ня трэба! Сам усяму рады дам! Адбудую хату нанова, гаспадарку нанова завяду. Жыцьцё пачнем новае. Вось толькі крыж паставіць і разбору дзе́ла дачакацца? Ня там, у іх, а тут наша ме́йсца. Ніхто нас адгэтуль ня згоне і ня выстраша, каб хоць самога люцыпэра на помач выклікаў. Спакон вякоў усё гэта наша было, ёсьць і будзе. Мы ня прыблуды якія. Мы ня маем права і кроку даць адгэтуль у тую старану. Хай яны к нам ідуць, а ня мы к ім!
ДАНІЛКА. Ня вытрываеш — пойдзеш!
СЫМОН. Так! Але! Можа і праўда, можа навет і пабягу (загадліва), але як і з чым?...
МАРЫЛЯ. Пакуль ты свайго дапне́ш, што мы е́сьці будзем? Ні сам ня йдзеш нікуды ў заработкі ні другім не пазваляеш. На мяне́, матку тваю, і на гэтых малых ня маеш Бога ў сэрцы. Эх! Сымон, Сымон! Губіш ты сябе́ і нас усіх.
СЫМОН. Ня бойся, мамка! Ня згублю! А калі згінем мы, то цэлы сьве́т аб гэтым даве́даецца і праўда на ве́рх выйдзе. Адно гора, што вы мне́ ўва ўсім пярэчыце: ты сваім заўсёдным нараканьнем, а яна, Зоська, сваёй к таму ліпкасьцю ў папярок дарогі мне́ станавіцёся і топчаце тое, што я хачу се́яць.
ЗОСЬКА (падходзе к Сымону і кладзе́ яму руку на плячо). Эх, мой ты братачка родны! Горды, непакорны чалаве́к з цябе́ выйшаў! Птушкаю — арлом быць-бы табе́ і лётаць па паднябе́сью, як лётае ве́цер гэты вольны! Толькі ж бяда — крыльле не дадзена табе́, саколе ты мой заркавокі. Не кажы, браток, што я тапчу тое, што ты се́еш. Хто ве́дае — можа ты гарэй сваёй гордасьцю топчаш тое, што се́ю я сваім сэрцам дзявоцкім? Хто ве́дае?
СЫМОН (панура). Бацькаўская магіла і крыж гэты ве́дае!
ЗОСЬКА. Не пераме́нны ты, братка! Спапяліць гэта гордасьць табе́ душу і сэрца, у попел абѐрне. А злосьць людзкая апаганіць тваю добрую славу, і нічога ты не дакажаш сваім праціўле́ньнем цэламу сьве́ту! Не сягоньня то заўтра пойдзеш па таей сьце́жцы — дарожцы, па якой усе́ людзі ідуць. Уломяць цябе́, апусьцішся і загінеш.
СЫМОН. Але сам я самахоць не загіну, мяне́ сіла большая загубіць, а ты па сваёй ахвоце сама сябе́ аддае́ш на гэту загубу, на глум ве́чны!
ЗОСЬКА (адходзячы ад Сымона. У старану). Божа! Як-жа мне́ цяжанька тут жыць! (Садзіцца і ўе́ вянок. Пауза).
ДАНІЛКА. Крыж рабіць робіш, а на чым яго павязе́ш?
СЫМОН. Не бядуй па гэтым! Не пайду каня вымаліваць ні да сусе́дзяў, ні там, да іх! На сваіх плячох павязу — яшчэ датрываюць, — хопе сілы. Як сам на сабе́ завалаку — бале́й радасьці спраўлю таму, хто будзе спаць пад гэтым крыжам, а сам буду ве́даць тое, што нікому не кланяуся, перад нікім не жабраваў.
ДАНІЛКА. А каму-ж гэта мамка торбы шые?
СЫМОН Шые, бо ня мае чаго рабіць. Але як пашые, то я што да аднэй папалю!
МАРЫЛЯ. Пакулъ ты, дзе́ткі, прыбярэшся паліць, то яны самі спарахне́юць на мне́, на гэтых малых, а мо’ і яшчэ на кім. Вось адна торбачка і гатова! (Падымае на руках, разглядае). Здае́цца, добра будзе — ня мала і не вяліка, толькі яшчэ вяровачкі прывязаць. (Шукае і прывязавае).
СЫМОН. Эх, кіньце, мамка, дзяцініцца! Душу ў мяне́ хочаце вырваць без пары — больш нічога! Не дасьцё спакойна навет крыж гэты кончыць.
МАРЫЛЯ. Што, дзе́ткі? Я-ж нічога! А што запас бяды ня чыне, то ты сам добра гэта ведаеш і разумѐеш.
СЫМОН (да Данілкі). Паглядзі, Данілка, якога сука крыж зьбіць, бо ўжо ўсё гатова — абгладзіў.
ДАНІЛКА (шукае з сяке́рай, находзе крук у бервяне́ і выдзірае). Вось зараз табе́ гэты кручок выдзеру: тата за яго — як віў путы — няньку чапляў. (Падае́ крук Сымону, той абчэсавае і зьбівае крыж).
ЗОСЬКА. Калі-ж ты панясе́ш яго Сымонка?
СЫМОН. Калі? Сягоньня! А на што табе́ ве́даць?
ЗОСЬКА. Так сабе́, пытаюся. Але-ж гэта ўжо ве́чар на дварэ: поначы не́сьці будзе нягодна?
СЫМОН. Няпрауда! Поначы ляпе́й з крыжам ісьці. Ніхто цябе́ ня чэпе і не зьняважа. У ночы, а поўначы панясу, але ня ў дзе́нь, бо ў дзе́нь яшчэ і крыж мне́ выдзеруць, як выдзерлі з сэрца і душы ўсё добрае і сьве́тлае. У ночы пайду з крыжам на магілкі, як відма якое з таго сьве́ту, каб аж нябошчыкам жудка было! Адзін тата мяне́ мой пазнае і радасна выйдзе ка мне́ на спатканьне, — падзякуе за крыж і баслаўленьне сваё дасьць мне на дале́йшую вытрываласць, на дале́йшую барацьбу з нядоляй. Бо ён, тата наш, інакшы, як усе́ нябошчыкі: ён ня лёг з імі у вадным мейсцы, а зусім асобна захаваўся ў сырой маці—зяме́льцы. І крыжык яму панясу я ў ночы, а ня ў дзе́нь, як гэта ўсім носяць і стаўляюць.
МАРЫЛЯ. Я з табой пайду, сынок! Яшчэ-ж ні разу я грэшная не змагла сьцягацца на яго магілку.
СЫМОН. Добра, мамка, панясём з табой! А ты, Зоська і Данілка, астаніцёся пільнаваць малых і хаты.
ДАНІЛКА. Каб ты мяне́ і гвалтам гнаў, то я не пайду ў ночы ды яшчэ з крыжам. Каб яшчэ ваўкі дзе зье́лі або нябошчыкі напужалі.
ЗОСЬКА (падходзячы да Сымона). А ты пазволь мне́ братка ісьці туды разам з вамі! Як ты і мамка пойдзеце, мне́ будзе страшна аднэй тут сядзе́ць. Мнѐ здае́цца, што не́йкае няшчасьце мяне́ тут спаткае, як без вас астануся.
СЫМОН. Не адна будзеш! Малыя, Данілка разам будуць.
ЗОСЬКА. Яны спаць лягуць, а я, як це́нь, буду снаваць тут сама адна. Баюся я гэтага папялішча раскапанага. Мне́ тут зданьні ўсялякія здаюцца. Вазьмі мяне́, братка, з сабою! (Да Марылі). Мамачка, вазьме́цѐ мяне́ — я нѐсьці памагу крыж вам!
СЫМОН. Перастань ле́зьці ў вочы! Не твая работа крыжы насіць, або за імі хадзіць. (Чуваць здалёк дажынкавую пе́сьню. Сымон падыймае крыж і стойма дзяржыць яго пры сабе́ на проць публікі. Усе́ не́йкую мінуту слухаюць пе́сьню).
ЗОСЬКА. Ха! Дажынкавую пе́сьню пяюць!
СЫМОН. Але! Дажынкі ў дварэ!
МАРЫЛЯ. Відаць к сабе́ дамоў ідуць.
СЫМОН. Але! Але пара і нам ужо ісьці!
МАРЫЛЯ (закручаваючы хустку). Пара дзе́ткі!
Сымон узвалівае на плячо крыж і выходзе, за ім Марыля; Зоська памыкаецца таксама ісьці, але варочаецца і канчае плясьці вянок).
ЗЬЯВА IV.
ЗОСЬКА — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ.
ЗОСЬКА. Пайшлі! Не ўзялі мяне́ з забой. Навет слаўца добрага не сказалі. А так хаце́ла з імі, ісьці, так хаце́ла! Самі крыж панясьлі.
ДАНІЛКА. Э-э! наце́шысься яшчэ, Зоська, з крыжа! Пачакай трохі. Мне́ ўжо крыж пачынае бале́ць — мусіць з працы каля гэтае іскрыпкі, — будзе і табе́ тое самае!
ЗОСЬКА. Маўчы ты ўжо ляпе́й, Данілка, аб гэтым! Ляпе́й скажы вось, калі ты ўрэсьце скончыш гэту іскрыпку сваю?
ДАНІЛКА. Тады, як ты зносіш вяночак, што цяпе́р пляце́ш.
ЗОСЬКА. А скулъ ты ве́даеш, што я буду насіць?
ДАНІЛКА. Фі! Каб я ды ня ве́даў? Я навет ве́даю, калі ты яго зносіш, а значыцца тады і іскрыпачка гэта мая будзе ўжо гатова.
ЗОСЬКА. Калі-ж тэта па твойму будзе́?
ДАНІЛКА. Тады, як ты сьце́жкі ў двор ня ўбачыш!
ЗОСЬКА. Што-ж гэта я, значыцца, асьле́пну?
ДАНІЛКА Можа і асьле́пнеш. Але ты і ўжо ня ўсё бачыш. Эх, Зоська! Шкода мне́ цябе́! У мамкі і Сымонкі ласкі ня маеш, а і там, дзе ты думаеш ласку знайсьці, дабро цябе́ не чакае.
ЗОСЬКА. Чаму ты так гаворыш, Данілка?
ДАНІЛКА. (Ня слухаючы). Няхай сабе́ кажуць, што я дурнаваты, што я такі, што я гэткі, але я ўсё бачу, і ўсё разуме́ю. Не хачу толькі на ве́рх вылазіць з сваім розумам, бо з ім цяпе́рашнім сьве́там далёка ня зойдзеш. Дурнаваты Данілка, ці зусім дурны — малы клопат! А толькі, што ме́нш яго чапаюць і дрэнчаць, як якога разумнага, то гэта напэўна магу сказаць, бо ня ве́даюць чым дасаліць яму, бо Данілка з усяго сьмяе́цца. А што-ж вы разумныя? Хоць-бы ты, Сымон? Таўпе́хаецеся, як Марка па пекле, ці як мухі ў смале́ і больш нічога. Кожны вас шчыпе, кожны вас ашукавае, кожны вас як-то кажуць, б’е́ і плакаць не дае́. А каб вы былі дурныя, то хоцьбы вас і дрэнчылі, але затое ня так моцна, бо ня так-бы вас дурных баяліся, як баяцца цяпе́р вас разумных.
ЗОСЬКА. Да чаго ты ўсё гэта чаўпеш?
ДАНІЛКА. А хоць бы к таму, што твой паніч, як адбудзецца з намі суд, е́дзе кудысь за мора жаніцца.
ЗОСЬКА (выпусьціушы вянок з рук). Як гэта?.. Што ты кажаш?.. Паніч будзе жаніцца!.. Як гэта жаніцца?..
ДАНІЛКА. Як будзе жаніцца?.. Так, як і ўсе добрыя, ці нядобрыя людзі жэняцца. Ужо-ж ня так, як…
ЗОСЬКА (перабіваючы). А што-ж мне́ з таго? Няхай жэніцца! Вялікая мне́ бяда! Ці-ж ён мой жаніх, ці каханак?..
ДАНІЛКА. Дзеля каго-ж ты гэта ў вяночак убірацца сягоньня манішся? Ну, але мне́ спаць хочацца! (Да дзяцѐй). Пойдзем, малыя! Хто сьпіць, той не грашыць. Я сягоньня абраў новае ле́жа для спаньня: на маё шчасьце забыліся будку сабачую раскідаць, дык на ме́йсца Лыскі нашага, я з вамі, малыя, пасялюся. (Хоча выходзіць).
ЗОСЬКА (змагаючыся з сабой). Данілка! Ці гэта праўда, што ты казаў? Ці гэта праўда?
ДАНІЛКА (адвярнуўшыся). Вось, на табе́ груцы з бобам! Дурны сказаў, а разумны і паве́рыў.
ЗОСЬКА. Дык гэта ты мне́ наманіў?
ДАНІЛКА. Ведама — наманіў! Ці-ж я ўжо такі, без усіх клёпак у галаве́, каб разумным праўду гаварыць? Сьпі сястрыца, спакойна! (Выходзе).
ЗЬЯВА V.
ЗОСЬКА адна.
ЗОСЬКА. Та-а-к! Пэўне, што гэта няпраўда. Але, што са мной робіцца? Аб чым гэта я думаю? Так ці сяк сон мой залаты павінен разьве́іцца; чары туманныя скончацца, і я, такая як цяпе́р, скончуся. Заме́ста мяне будзе другая не́йкая мара цягнуць дале́й лямку свае новае долі. Гарыстым і пяшчаным шляхам будзе яе́ цягнуць, як сібірнік тачку, пакуль аж сама сябе́ не дацягне туды, адкуль не варочаюцца… дзе тата… да магілак! Бр! Што я думаю? Як-жа гэта ночка заўсёды не́йкай чорнай і страшнай птушкай кладзе́цца на мае́ думкі! Зьвядуць гэтыя чорныя птушкі няшчаснае жыцьцё маё ў цьму непраглядную! 3 сілы выбіваюся ў змаганьні з гэтым безгранічным сумам, што вакруг мяне́ сьце́лецца і жудкімі вачамі глядзіць у мае́ маркотныя вочы. Ха! Уцяку ізноў адгэтуль і буду блукацца да самага белага дня там — дзе ён — дзе яго, свайго ненагляднага карале́віча спаткаю. Буду дале́й сьніць пры ім дзіўную повесьць свае́ моладасьці, чараўнічую казку свайго шчасьця, пе́сьню буду пяяць набале́лага сэрца і расплаканай душы! Пайду к яму ў вяночку гэтым. (Прымярае). Але! Як у кароне зьяўлюся к яму і зьве́шу галаву сваю гаротную на грудзі яго лебядзіныя. (Чувацъ шорах). Што гэта? Не́хта йдзе́! Данілка, гэта ты? Божа! Як страшна! Такі ж нѐхта прыбліжаецца! (Прытуліваецца к дзе́раву).
ЗЬЯВА VI.
ЗОСЬКА — НЕЗНАЕМЫ.
НЕЗНАЕМЫ (з ве́хай у руках). Ня пужайся, сястра мая! Я свой чалаве́к, хоць і прыходжу ня званы, ня сланы.
ЗОСЬКА (перапужаная). Хто ты?.. Хто вы?..
НЕЗНАЕМЫ. Хто — я? А ўжо-ж чалаве́к! А што бале́й трэба ве́даць, калі толькі ня гэта?
ЗОСЬКА. Я тут адна!.. нікога нямашака дома. Дык чаго-ж вам трэба?.. Можа начаваць? Але, як бачыце, у нас няма як…
НЕЗНАЕМЫ. Мне́ нічога ня трэба, сястра мая. Я ня з тых, што толькі прыходзяць, каб што ўзяць, а з тых, што з сабою не́шта добрае прыносяць.
ЗОСЬКА. Але, калі я вас баюся, чалаве́ча! Вы не́йкі такі дзіўны!
НЕЗНАЕМЫ. Ня бойся, сястра! Я — ліст адарваны з таго самага дзе́рава, што і вы, што і многія міліёны надобных. Ве́цер свабодны прынёс мяне́ сюды, на вашую руіну. Хаце́ў-бы з табой і з братам тваім аб важных справах пагаманіць.
ЗОСЬКА. Я-ж вам казала, што нікога няма дома, а я сама нічога ня ве́даю.
НЕЗНАЕМЫ. І нічога, сястра, ве́даць ня трэба, а што трэба — я скажу, а ты гэта брату перадай… Слухай, сястра! Склікаецца сход вялікі і ўсе́ браты і сёстры павінны на гэны сход зьявіцца.
ЗОСЬКА. Хто склікае?
НЕЗНАЕМЫ. Сам па сабе́ склікаецца. Ніхто ня ве́дае ад каго наказ такі выйшаў, а ўсе́, дзе толькі кліч дабег, уздымаюцца і йдуць, як мурашкі йдуць!
ЗОСЬКА. А калі хто ня пойдзе?
НЕЗНАЕМЫ. Хто самахоць ня пойдзе, над тым пракляцьце завісьне, бо на сходзе жыцьцё міліёнаў будзе важыцца, а ў такіх вялікіх справах і адзін чалаве́к можа сабой сюды ці туды перацягнуць.
3ОСЬКА. То і я мушу ісьці на гэны сход?
НЕЗНАЕМЫ. Але, сястра! Толькі старцы і дзе́ці ад яго звольнены.
ЗОСЬКА. А куды ісьці?
НЕЗНАЕМЫ. Сумле́ньне і жаданьне сабе́ і другім шчасьця дарогу табе́ пакажа. У гэтым вяночку ідзі! Толькі трэба ісьці не азірацца, бо хто азірне́цца — у слуп сьпячы заме́ніцца, каторага і пяруны пасьля з ме́йсца ня зрушаць!
ЗОСЬКА. Та-а-к! Я пайду, я мушу куды не́будзь ісьці адгэтуль; тут так страшна, так страшна!
НЕЗНАЕМЫ. Ідзі, сястра! і брата за сабою вядзі, а я тымчасам к другім пайду кліч клікаць.
ЗОСЬКА. Я скажу Сымону. Толькі, мусіць суд наш пакуль не адбудзецда, ён ня пойдзе на ніякі сход, пэўне, што ня пойдзе.
НЕЗНАЕМЫ. Але пасьля суду хай прыходзе! Дый яшчэ буду ў вас.
ЗЬЯВА VII.
ЗОСЬКА адна.
ЗОСЬКА (садзіцца на зямлі). Які нязвычайны чалаве́к! Казаў — яшчэ будзе ў нас. Але хаця-б толькі ня ў ночы? А то так яго счухаць страшна, хоць за адно і хочацца слухаць. Штосьці нявысказанае цягне і к яму і на гэны сход нябывалы… Нязвычайны чалаве́к! Ня знай, ня ве́дай — сястрой мяне́ называў! Чаму ён мяне́ так называў? Ха! Трэба ўцякаць адгэтуль, а то яшчэ хто другі такі прыйдзе і жудасьці ўсялякае з сабою нанясе́. Пайду! Пайду к яму, к свайму ме́сяцу сьвятлянаму, абаўюся каля яго, як хме́ль каля дубочка, і забудуся хоць на час на свае́ думкі трывожныя, на самую сябе́ бяспрыпынную. Як ручэйку кужалю — распушчу касу сваю дзявоцкую па плячох сваіх бе́лых… ён любіць мяне́ такую! (Распускае касу). А цяпе́р налажу на галаву вяночак з васількоў, бо ён казаў, што мае́ вочы як васількі, дык няхай-жа васількі на валасох маіх красуюцца? (Кладзе́ на галаву вянок). Цяпе́р, як раз, буду русалка. Бо такі-ж русалкай ён мяне́ сваёй заве́ць, ды пэўне я калісь і буду ёю. Бо люблю гэта царства русалчына! Там яны сабе́, то, як рыбкі, у вадзіцы плюскаюцца, то ў ле́с выходзяць і на галінках калышуцца, як тыя кве́ткі — званочкі ўле́тку на сенажаці. Шчасьлівыя яны, гэтыя русалачкі, шчасьця нашага дзявочага насьле́днічкі! Шчасьлівыя і спакойныя! А ты тут мучся, дзяўчына, ня ве́даючы, як і што з сабою чыніць! Але пара йсьці ўжо! Ен, залаце́нькі, даўно пэўна чакае мяне́. Так! Даўно ме́сячык сваѐ зоркі чакае, а яна ўсё толькі здалёк яму ўсьмяхаецца. (Устае́ і памалу з распушчанымі валасамі ідзе́, пасьля зьдзіуленая адступае назад да сярэдзіны сцэны). Ен сам ідзе́ ка мне́, ён сам! Ах, якое шчасьце! (Уходзе паніч, Зоська часіну любуецца ім, а пасьля вісьне ў яго на шыі).
3АСЛОНА.
Акт чацьвёрты
правіць
АКТ ЧАЦЬВЕРТЫ.
Час — позная восень. 3 саду апала лісьце. Сьцюдзена.
ЗЬЯВА I.
МАРЫЛЯ — АЛЕНКА — ЮРКА.
МАРЫЛЯ (уходзе з Але́нкай і Юркам, сама нясе́ гальлё, а Але́нка з Юркам — бульбу ў прыполіках). Ціха, дзе́ткі, ціха! Зараз абагрэемся і павячэраем. (Кідае гальлё). А бульбачку сюды сыпце! (Дзе́ці высыпаюць). Кажаце — халодна? Ну, дык зараз агоньчык вам распалю! (Распалявае). Цяпе́р садзе́цеся, дзе́ткі, і грэйцеся, а бульбінкі на агоньчык, на жарок кідайце, каб скарэй пякліся! Ня бойцеся, яшчэ не замерзьнеце і з голаду не памрыцё, пакуль я тут жыву! Але пакуль што ня так ве́льмі халодна. Во, як прыдзе кане́ц восені, ды зіма з сьне́гам загуляе, тады — рэч іншая! Ну і тады нічога, дзе́ткі, нічога! Мінае ле́та, міне́ восень, зіма, а там і вясна прыдзе. Цёпленька будзе, сонейка будзе грэць, траўка зеляне́ць, птушачкі пяяць, садочкі цьвісьці… А цяпе́р грэйцеся, дзе́ткі, грэйцеся! Каб толькі Сымонка наш скарэй з суду вярнуўся.
ЗЬЯВА II.
ТЫЯ-Ж і ДАНІЛКА.
ДАНІЛКА (падходзячы к агню). А! як добра, што мамка разлажылі агоньчык, і бульбачку пячыцё, бо мне́, праўду кажучы, дрыжыкі па це́ле так і скачуць, не раўнуючы, як смык па йскрыпцы, а тут (паказавае на жывот) кішка з кішкой у такія між сабой кулачкі йдуць, што хоць ты вурадніка кліч разбароніваць іх! (Садзіцца і грэецца). А-та-та! Як цёпленька! Страшэнна ня люблю сьцюжы! Так здае́цца, на гэты час закапаўся-бы дзе ў бярлог, як мядзьве́дзь, і праспаў-бы да самае вясны, бяда толькі што на скуры мядзьве́джая шэрсьць ня вырасла!.. Мамка, чаму я не мядзьве́дзь?
МАРЫЛЯ. Бо ты дурне́нькая варона! Сам ня ве́даеш, што чаўпе́ш.
ДАНІЛКА. Э-э! Каб я быў хоць варонай!... Ужо-б даўно са сваёй іскрыпачкай паляце́ў адгэтуль, куды колечы ў цяпле́йшую хату. Але што з пустога ў парожняе пераліваць! Мо’ я трохі і мядзьве́дзь і варона, але ўсё роўна толькі — Данілка: на ле́ва ці на сакала трудна пры цяпе́рашніх варунках выкіравацца. Скончу іскрыпачку — ужо нямнога асталося каля яе́ работы, і пачну сабе́ іграць. — Каму вясе́льле, каму — хрэсьбіны, а каму… Бяда толькі, што ня можна іграць на хаўтурох, а то такога „Лазара“ завёу-бы, што хоць у прысядкі йдзі!
МАРЫЛЯ. Ну, і дагаварыўся! Ці-ж пад „Лазара“ ідуць у прысядкі?
ДАНІЛКА. А чаму-ж не пайсьці? Я сам пе́ршы пусьціуся-бы. Мне́, калі музыка зайграе, дык і ў сярэдзіне ўсё йграе, а ногі так і чэшуцца да падскаківаньня.
МАРЫЛЯ. У цябе́ ўсё нялюдзкае. Толькі-б і скакаў там, дзе іншыя плачуць.
ДАНІЛКА. Э! Бо скакаць ня уме́юць, дык і плачуць; як мокрыя вароны сноўдаюцца, або як блёкату аб’е́ўшыся… Ну хоць-бы так, як наша Зоська.
МАРЫЛЯ. А што — Зоська? Дзе ты яе́ бачыў?
ДАНІЛКА. Дзе бачыў? Я з двара ішоў, а яна ў той бок цягнулася, распусьціушы валасы, як русалка якая.
МАРЫЛЯ. Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе́ гэтай гульнёй непатрэбнай. Не кажы хаця аб гэтым Сымону.
ДАНІЛКА. Камэдыя — хто ня ве́дае, а хто і ве́дае, дык усё роўна — камэдыя. Чаго гэта Зося хоча ад іх? Там зусім добрыя людзі жывуць. Вось хоць-бы я… Пайшоў сягоньня к ім у пазыкі: прашу, каб далі жылаў, ці кішак на струны і хваста на смык. Ну, яны мне́ так усё гэта і пазычылі, але толькі на струны дроту далі, бо кажуць, што ў іх кішкі і жылы ўсе́ выйшлі і няма ў запасе. Не кажэце толькі, мамка, Сымону, што я ў гэтыя пазыкі хадзіў туды, а то яшчэ з хаты вон выгане.
ЗЬЯВА III.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.
СЫМОН (уходзе і садзіцца. Панура). Ці няма чаго зье́сьці?
МАРЫЛЯ. Зараз бульба сьпячэцца. Ну што? Як?..
СЫМОН. Усё прапала: мы прайгралі! Не даказалі сьве́дкі, свае́ людзі не даказалі нашае даўнасьці на гэту зямлю. Усе́ сьве́дкі праз не́кага былі падкуплены і споены. Дванаццаць чалаве́к прысягнула крыва і суд ня мог уважыць нашага прашэньня: пацьвярдзілі пе́ршы прыгавор і прысудзілі выносіцца адгэтуль. Канчальную пастанову выдалі… дале́й няма куды падаваць.
МАРЫЛЯ. Ну і што-ж мы цяпе́р будзем рабіць? Якую ты цяпе́р у восень раду знойдзеш?
СЫМОН. Якую раду? Якую раду? Ужо-ж, як і не раз гэта казаў, не злажу сваіх рук, як да малітвы, і не пайду к ім прасіцца ў закутнікі! Будку якую да часу скідаю і будзем сядзе́ць тут да вясны, а да вясны шмат чаго можа перамяніцца на сьве́це.
МАРЫЛЯ. Проці закону хочаш ісьці — большай бяды сабе́ наклікаць?
СЫМОН. Ня проці закону, а проці нашых згубіцеляў — крывапрысяжных сьве́дак і проці тых, што гэтых сьве́дак падкупілі іх-жа крывавымі медзякамі. Вось такім проці хачу ісьці!
ДАНІЛКА. І-і! Адзін дурань грошы бярэ, а другі дурань дае́ на тое гандаль.
СЫМОН (са злосьцю). А ты — трэці дурань — ідзі гутарку вясьці са сваёй іскрыпачкай, а ня тут! (Данілка адходзе ў старану).
МАРЫЛЯ. Што ты адзін зробіш проці ўсіх? Ня йдуць, мой сынок, рэчкі ў гару і ня круціцца крыльле ў ветраку проці ве́тру. Ні такой дарогай ішоў ты і хочаш да е́й ісьці, ох, не такой! 3 самаго пачатку я прачувала, што нічога з гэтага твайго ўпорства ня выйдзе, і што-ж? ці не мая праўда? А трэ’ было пакарыцца! Давалі хату, службу давалі, добра можна было прыстроіцца, хоць-бы гэтыя малыя ме́лі які-такі прыпынак — цёплы начле́г і лыжку гарачае стравы. Ты гэтага не захаце́ў — усё суду не́йкага чакаў. Вось табе́ і суд!.. Хочаш будку не́йкую паставіць?.. Ну, паставіш, і што з таго? Так сама прыдуць раскідаюць і вывядуць сьцюжаю ў чыстае поле на паце́ху ваўком галодным.
СЫМОН. Хай раскідаюць, хай выводзяць! Ізноў вярнуся, ізноў тут сяду і буду вясны чакаць.
МАРЫЛЯ. Пакуль так дачакаеш вясны, — мароз табе́ і нам усім зубы выесьць, у ледзякі абе́рне.
СЫМОН. Дык і што-ж там такое? Абе́рнемся ў слупы замарожаныя, у камяні няскратныя абе́рнемся, а сэрцы тады нашы з сэрцам зямлі зрастуцца, і ніхто не паважыцца крануць нас, бо той, хто кране́ — сам у крыгу лёду абе́рнецца, і ніякае сонца не растопе ўжо гэтае крыгі!
МАРЫЛЯ. Ты, сягоньня, як не пры сваім розуме, Сымоне! Як у гаручцы брэдню не́йкую страшную вядзе́ш. Паслухай ляпе́й, дзе́ткі, мяне́, я-ж цябе́ гадавала, — пакарыся ты ім, — яшчэ ня позна!
СЫМОН. Ха-ха-ха! Пакарыся! А ці ве́даеш, мамка, што гэта знача ім пакарыцца? ці хоць дагадаваешся? Гэта, мамачка, знача: прадаць, утапіць сябе́, цябе́, нас усіх у няволю ім на ве́кі ве́чныя запрапасьціцца ў вечнае рабства, з каторага выхаду ніколі ня знойдзем ні мы, ні тыя, што пасьля нас гэта рабства ў спадчыне атрымаюць. Ці вѐдаеш, мамка, гэта?
МАРЫЛЯ. Нічога я, дзе́ткі, ня ве́даю, але як праз сон дагадваюся чаго ты хочаш. На сваю і вашу нядолечку такі ты ўдаўся. Не здарма з гэтага людзі старыя нічога добрага не варажылі ні табе́, ні бацьком тваім, ох, не здарма! (Пауза). Апомніся, сынок! Падумай, адпусьціся, выкінь гордасьць з сэрца і паслухай маткі! Ве́дай, што матка родная да зрады дзяце́й сваіх не давядзѐ. Ня хочаш сам к ім ісьці — я пайду, мне́ старой усё ўвойдзе. Яны не адмовяць нашай просьбе, ды на Зоську ласку маюць.
СЫМОН. О, каб іх зямля не насіла з гэтакай іхняй ласкай! (Уходзе Незнаёмы — з вѐхай).
ЗЬЯВА IV.
ТЫЯ-Ж і НЕЗНАЕМЫ.
ДАНІЛКА (утаропіўшыся ў старану). А гэта хто яшчэ такі за прарок з ве́хай?
НЕЗНАЕМЫ (гавора найбале́й зварочаваючыся да Сымона). Тыдні тры таму назад я ў вас быў, добрыя людзі, толькі дома ўсіх не застаў — адна сястра была… Цяпе́р ізноў прыходжу з тым самым.
СЫМОН. А! гэта вы мусіць той самы, аб каторым Зоська гаварыла? На не́йкі сход людзей склікаеце?
НЕЗНАЕМЫ. Але, але! На вялікі сход! Пара ўжо і табе́, браце мой, з свайго гнязда зьнімацца!
МАРЫЛЯ. Наша гняздо раскідана.
НЕЗНАЕМЫ. Суд твой, мне́ казалі, сягоньня кончыўся, цяпе́р ты вольны, як птушка — нішто цябе́ ня вяжа.
МАРЫЛЯ. Якто — нішто ня вяжа? А я — маці яго, а малыя гэтыя, каторых павінен памагчы мне́ гадаваць і ў людзі вывесьці?..
НЕЗАЕМЫ (ня слухаючы). Годзе нацягаліся твае́ дзяды і прадзеды ношкі непасільнай! Выбіла гадзіна і ты мусіш, як арол магучы распусьціць сваё крыльле і ляце́ць туды, куды ўсе́ цяпе́р зьлятаюцца. Кончылася чалаве́чае ве́чнае начаваньне, і сьвітаньне агністае пачынаецца на зямлі ад краю да краю, ад мора да мора!
ДАНІЛКА (у старану). Што ён чаўпе́? — Па мойму вечарэе, а па ягонаму — сьвітае. Ці я сьляпы, ці ён ня бача?
НЕЗНАЕМЫ. На крыжох магільных гараць сьве́чкі грамнічныя, а на курганох адзірване́лых ве́хі смалістыя палаюць і шляхі асьве́чаваюць для ўсіх тых, што йдуць на гэна зборышча вялікае. Гора таму, хто будзе спаць у гэты час трывожны!
СЫМОН. Трудна зразуме́ць вас, чалаве́ча! Скажэце-ж мне́ хоць: на што гэта зборышча склікаецца?
МАРЫЛЯ. Але, на што? Можа зямлю будуць даваць?
НЕЗНАЕМЫ Смока выганяць!
УСЕ. Смока?! Якога? (Дзе́ці са страхам туляцца да Марылі).
НЕЗНАЕМЫ. Ня чулі?.. Ды дзе вам пачуць! Вы ўсѐ ў гэтых ламох капашыцёся, як чэрві прыдаўленыя каменем, і сьве́ту божага ня бачыце і нічоча слухаць ня уме́еце.
ДАНІЛКА (у старану). Ну, я то пэўне-б аб гэтым ве́даў, але мусіць гэта брахня?
НЕЗНАЕМЫ. Ад не́йкага часу пасяліўся на нашай зямлі ў заварожаным балоце страшны смок-упыр…
УСЕ. Аж навет упыр!
НЕЗНАЕМЫ. Але, але, добрыя людзі! І вось праз гэтага смока-упыра пайшлі на цэлы сьве́т усяляція бе́ды і няшчасьці.
МАРЫЛЯ. Ня ўжо-ж гэта і нас праз яго гэтакае гора спаткала?
СЫМОН. Мамка, не перапыняйце гутаркі!
НЕЗНАЕМЫ. Пошасьці ўсялякія се́е жме́няй сваёй каршуновай — гэта, каб сіла народная не ўзьвялічылася і яго не змагла, а туманы чорныя ў вочы ўсім пускае, каб людзі ня бачылі яго. Поначы з хаты ў хату заходзе і кроў з сэрцаў цёплую смокча, а ў душу яду свайго падлівае, каб яна прасьве́тласьці ніколі ніякае ня бачыла. Дзе толькі яго хоць це́нь прашмыгне́цца — там ненавісьць страшная між братамі і сёстрамі, як вужака разгне́жджываецца, нявінная кроў на зямлю ліе́цца, а путы зяле́зныя бразгаюць на руках чалаве́чых, як званы на ўсеночную. Катнія жаданьні ў думках людзкіх расплоджавае, і на самае сонца кладзе́ жалобную пакрывальню. Удоў і сірот у рабства голаду і холаду заганяе, а бацьком і маткам бяз часу дзе́так на заўсёды ад грудзе́й вырывае, — гэта ўсё, каб хвалу сваю смочую ўзьвялічаваць. Вось які ён — гэты смок-упыр!
ДАНІЛКА. А скажэце, дзядзька: ці ты бачыў яго?
НЕЗНАЕМЫ. Ніхто ня бачыў!
МАРЫЛЯ. Дык як-жа гэта?
НЕЗНАЕМЫ. А ве́льмі проста: усе́ дагэтуль думалі, што гэта ня смока работа, а так Бог даў.
СЫМОН. А як-жа гэта будзе сход выганяць яго, калі ніхто і ня бачыў?
НЕЗНАЕМЫ. Як усе́ чыста браты і сёстры на сход прыйдуць, тады ўсе́ і ўбачаць яго, бо, каб убачыць яго, — трэба ўсе́ вочы ў вадно ме́йсца сабраць.
ДАНІЛКА. А ён не пае́сьць за гэтакую штуку ўсіх?
НЕЗНАЕМЫ. Ен толькі зье́сьць таго, у каго да канца ня хопе адвагі глядзе́ць яму сьме́ла ў вочы.
ДАНІЛКА. Ну, як так, то я на гэны сход не пайду!
МАРЫЛЯ. Дык, значыцца, і Сымона майго хочаце звабіць туды?
НЕЗНАЕМЫ. Я нікога, маці, ня ваблю! Я толькі кліч клікаю і разнашу гэтую ве́сьць усім чыста ад хаты да хаты. А хто яшчэ ня згінуў зусім і не запрапасьціўся з душою ў смокавых лапах, — той сам пойдзе, і ніякая сіла яго ня стрымае.
СЫМОН. Я не пайду, хоць мяне́ ўжо і цягне туды. Я павінен тут астацца, каб рукамі і зубамі трымацца гэтай спадчыны бацькавай, бо як згублю яе́ — ме́йсца мне́ на цэлым сьве́це ня будзе.
НЕЗНАЕМЫ. Што-ж, браце мой? Думаеш, што гэта лапіна зямлі скрозь дна праваліцца? Так ты думаеш?
СЫМОН. Не праваліцца; але як зыйду — мяне́ назад сюды ня пусьцяць.
НЕЗНАЕМЫ. Ня бойся! Без тваіх рук нідзе́ не абойдуцца.
МАРЫЛЯ. Як сабе́ хочаце, добры чалаве́ча, а я Сымона свайго ад сябе́ нікуды не адпушчу! Хай ляпе́й думае, як хле́ба і начле́гу дастаць на зіму.
НЕЗНАЕМЫ. Ня ўтрымаеш маці свайго сына, калі ў ім кроў разгарыцца і душу яго к сьвятлу пацягне. Пойдзе, хоць-бы зямля перад ім расступалася. 3 запаленай паходняй пойдзе праз пяскі халодныя і праз лагі балотныя туды, адкуль я к вам з гэтай ве́сьцю прыходжу. Голас патае́мны, што дагэтуль драмаў у глыбіне́ грудзе́й, павядзе́ яго так лёгка, што і не агле́дзіцца, а крыўда, якую бацькі яго цярпе́лі і ён сягоньня цярпіць, падганяць будзе яго; можа навет будзе гнаць яго на ве́льмі і ве́льмі страшэнныя рэчы. Але нічога — пойдзе і возьме сваё! (Пауза). Што, Сымон? Час ня сьпіць! Там чакаюць цябе́ сотні, тысячы, міліёны такіх, як ты, і ты, ве́даю, на іх даўно чакаеш, толькі стараешся гэта заглушыць у сабе́. Час прачнуцца, Сымоне! Час!
СЫМОН. (зьве́сіўшы галаву як-бы сам да сябе́). Кінуць матку, кінуць зямлю і пайсьці?!. А ці знайду я там тое, што тут згублю? Ці знайду? Але штось цягне туды! Ачараваў ты мяне́, чалаве́ча. На дзьве́ палавіны разрываюцца мае́ думкі і душа мая. Як-жа гэта не́як раптам прыйшло. Як-жа мне́ загадала страшную загадку — ні тут астацца, ні туды пайсьці?!
НЕЗНАЕМЫ. Час, Сымоне, час! Агляніся кругом сябе́ і ўспомні ўсё. Дагэтуль ніколі ты сьце́жкі свае́ ня бачыў, бо вечна нязмытыя сьлёзы на вачох тваіх вісе́лі, хоць чырвоная кроў з цябе́ капала на сьляды твае́. Наганяў ты сабе́ мазалі непазбытыя, як араў і се́яў, а груганы пражорлівыя зярняты твае́ сьпе́лыя клявалі. Як нарадзіўся ты — штось думаў, штось рабіў, тварыў, а што? Нядолю сваю толькі з году ў год гадаваў і пашыраў панаваньне яе́. Пе́сень і казак чароўных шмат табе́ матка над калыскай тваёй напяяла; яны доўга ў душы тваёй жылі і радавалі цябе́, а што з іх сягоньня асталося? Асьмяялі, аплявалі іх табе́ нязваныя госьці, мучыцелі твае́ — гора ды крыўда!.. Агляніся, Сымоне! Успомні, разваж усё! Успомні матку, сястру сваю ўспомні, га! і тую вяроўку, на каторай бацька твой паве́сіўся! (Шыбка выходзе).
ЗЬЯВА V.
ТЫЯ-Ж без НЕЗНАЕМАГА.
СЫМОН (як-бы збудзіўшыся). Ах! Ен выйшаў ужо! (Хоча бе́гчы за Незнаёмым).
МАРЫЛЯ (хапаючы за руку). Сымонка? куды ты, дзе́ткі?
СЫМОН. Пусьце́це, мамка! Я хачу папытацца, у якім ме́йсцы той сход склікаецца?
МАРЫЛЯ. Ня трэба! Ня йдзі! Нашто ён табе́? Я цябе́ прашу, дзе́ткі, астанься!
СЫМОН. Я толькі папытаюся, і вярнуся назад.
МАРЫЛЯ. Ня ве́даеш дзе, і ня трэба! На што табе́ гэны сход страшны? Я ня пушчу на яго цябе́! Ня пушчу!
СЫМОН. Мамка, пусьце́це, я толькі даве́даюся і больш нічога!
МАРЫЛЯ (віснучы Сымону на шыі). Усё роўна — ня трэба! Там згуба твая і наша. Ах, Божухна мой! Чаго яго гэтага шалёнага клікача прынясла сюды? Што яму трэба ад нас? Няшчасьце за няшчасьцем так і йдзѐ на бе́дную маю галаву? (Плача).
СЫМОН. Чаго плачаш, мамка? Яшчэ-ж нічога такога страшнага ня сталася. Ня плачце, мамка! Калі ўжо так хочаце, дык не найду і пытацца навет.
МАРЫЛЯ (апускаючыся на зямлю). Дабіваеце мяне́! Зусіх старон дабіваюць! Жыцьцё, якое ёсьць, адбіраюць. Кара Божая звалілася на уве́сь род наш. Ах, ты долечка мая няшчасная!
СЫМОН (адыйшоўшыся ў старану). А ўсё такі мушу даве́дацца, дзе гэны сход склікаецца, каб там і няма ве́дама што! І трэба-ж было мне́ не папытацца ў яго? Ці не сказаў ён толькі часам Зосі гэтага? (Да Марылі). Мамка! дзе Зося?
МАРЫЛЯ (відавочна манячы). Бог яе́ ве́дае? Не́йдзе выйшла. Мусіць ці не пайшла ў грыбы.
ДАНІЛКА. Я ж табе́, мама, казаў! Зоська пайшла… (глянуўшы на матку не дагаваравае).
СЫМОН. Куды пайшла?
ДАНІЛКА. А мусіць у грыбы, як мамка казала, я ня ве́даю.
СЫМОН. Маніш! Добра ве́даеш, а толькі ня хочаш казаць, кажы! а то…
МАРЫЛЯ. Нашто яна табе́? Пайшла і прыйдзе. Ці ж пе́ршы раз.
СЫМОН. Пе́ршы, ці ня пе́ршы, а сягоньня я мушу ве́даць, куды пайшла. (Прыступаючы да Данілкі). Кажы, шэльма, а не — то біць буду!
ДАНІЛКА. Я-ж табе́ кажу, што ня ве́даю. А біць мяне́ ня маеш права: на тое маці ёсьць.
СЫМОН. Яшчэ ён, жаба, будзе са мной абрыдацца! Калі пытаюся, то мусіш сказаць. Я старэйшы за цябе́, і ніякі прыблуда, а брат твой.
ДАНІЛКА. Хоць ты і старэйшы, хоць ты і брат мой, а ўсё роўна, калі і ве́даю, то не скажу! Што-ж ты са мной зробіш?
СЫМОН. Выбрашаш усё, аж міла будзе, як юху гаду спушчу!
МАРЫЛЯ (да Сымона). Кінь ты да яго чапіцца! Што з табой сягоньня зрабілася?
СЫМОН. Калі пытаюся, то няхай кажа! (Да Данілкі). Ну! Чуеш, ці не?
ДАНІЛКА. А як-жа! Чую! Нашто-ж у мяне́ вушы?
СЫМОН. Ну дык кажы? А не — то, як бачыш душу з цябе́ выматаю!
ДАНІЛКА. Не скажу!
СЫМОН. Скажаш!
ДАНІЛКА. Хоць зарэж!
СЫМОН (хапаючы сяке́ру). Кажы, вужака! а то, як стой, на дробныя кусочкі іскрыпку пашчапаю!
ДАНІЛКА (хаваючы пад сябе́ йскрыпку). І іскрыпкі ня дам шчапаць, і не скажу!
СЫМОН (вырывае з пад Данілкі йскрыпку і хоча се́ч). Скажаш?
ДАНІЛКА (кідаючыся к Сымону на кале́ньне і цалуючу рукі). А братачка, а родненькі! Пасячы ляпе́й мяне́ самога на дробныя кусочкі, а йскрыпкі не чапай! Богам цябе́ прашу!
МАРЫЛЯ (адцягаваючы Сымона). Ці не асшале́ў ты сягоньня!..
СЫМОН (баронячыся ад Марылі). Адчапіся, мамка! (Да Данілкі, замахаваючыся тапаром над іскрыпкай). Кажы!
ДАНІЛКА (ёнчучы). Сымонка, братачка! Не сячы! Ляпе́й мяне́ забі, зарэж, што хочаш зрабі са мной, а іскрыпачкі не чапай! Другой такой за ўсё жыцьцё не зраблю.
СЫМОН (ізноў замахаваючыся тапаром). Пасяку на дробныя шчэпкі! Кажы!..
ДАНІЛКА (прыпадаючы галавой да іскрыпкі). Сячы па маёй шыі, а іскрыпачкі не чапай! Але ўжо скажу, скажу табе́, дзе яна!..
МАРЫЛЯ (ухапіушыся за сяке́ру). Давай мне сяке́ру! Давай сяке́ру! я сама табе́ скажу, дзе Зоська. (За сцэнай шум; чуваць Зоськін голас: „Пусьце́це мяне́… Я сама найду. Пусьце́це“. Двое дворных людзе́й уводзяць на сцэну Зоську з завязанымі назад рукамі).
ЗЬЯВА VI.
ТЫЯ-Ж, ЗОСЬКА і ДВОРНЫЯ ЛЮДЗІ.
АДЗІН 3 ДВОРНЫХ ЛЮДЗЕЙ. Хаце́ла каля палацу паве́сіцца, дык сказалі зьвязаць і сюды прывесьці!
ЗОСЬКА (хочучы вывальніць з вяровак рукі, у страшным мучэньні). На што рукі зьвязалі? Мамачка, браточкі, зьмілуйцеся, разьвяжэце!!. За што так пакаралі?!.
(Марыля, Сымон, Данілка застываюць у сваіх позах ні то зьдзіўленыя, ні то перапужаныя. Дзе́ці падбягаюць і туляцца да Зоські. Дворныя людзі выходзяць).
(Памалу апускаецца заслона).
Акт пяты
правіць
АКТ ПЯТЫ.
Час — каля Усіх Сьвятых. Ве́чар. Цёмна. Глуха. Заводзе ве́цер.
ЗЬЯВА I.
МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ.
ДАНІЛКА (уве́сь час выводзячы з перарывамі на сваёй скончанай іскрыпцы сумную мэлёдыю). Мамка, уцякайма адгэтуль, а то ўжо і мне́ трудна вытрываць: так тут халодна, цёмна, страшна!
МАРЫЛЯ (грэючыся з дзяцьмі каля вогнішча). Як Сымон скажа, так і будзе, нічога я ў гэтым сваёй воляй парадзіць не магу.
ДАНІЛКА. Усё Сымон, ды Сымон! Ці-ж без яго, дык і абыйсьціся ня можна. Я-ж на што ў цябе́?
МАРЫЛЯ. На што? Пішчэць толькі на йскрыпцы, ды і ўся з цябе́ тут рада і парада! Як цяпе́р во пішчыш, ды пішчыш, хоць вушы затыкай.
ДАНІЛКА. А ўсё такі скажы, мамка, праўду: у гэтай іскрыпцы ле́пшы голас, як у тэй, што ране́й у мяне́ была?
МАРЫЛЯ. На тэй гудзе́ў, як авадзе́нь, і на гэтай так сама выводзіш не́йкае не́шта паўтара людзкога. Знайшоў калі музыкай займацца! Жалоба па бацьку яшчэ не адыйшла, з Зоськай такое няшчасьце прылучылася, а ён — на, табе́! На йскрыпцы выігрывае.
ДАНІЛКА. Мамачка, я-ж нічога вясёлага і ня йграю, а ўсё такое, як сама чуеш, што і па нябошчыках ня грэх галасіць. Жалобная музыка, бачыш у мяне́ выходзе, а не якая другая.
МАРЫЛЯ. І толькі больш жалю задае́ш, ажно толькі сэрца на кускі разрываецца. Думак сваіх не магу ў парадак прывясьці.
ДАНІЛКА. А якія там думкі? Узяў пастанавіў раз кінуць гэта бяспрыпыннае прыпынішча, ну дык і што тут мазгі думкамі сушыць. Сабраў свае манаткі ды, дай Божанька ногі і здароўе!..
МАРЫЛЯ. У цябе́ ўсё проста з моста, а клёку ў галаве́ і за грош ня маеш. Ну, мы няхай сабе́ пойдзем — добра! А Сымон, Зоська? Як па твойму здае́цца: вырачыся мы іх павінны? Што?
ДАНІЛКА. Няхай і яны з намі йдуць. Ці-ж ім хто не дае́.
МАРЫЛЯ. А калі ня хочуць?
ДАНІЛКА. Дык іх аддзяліць трэба, калі ім ке́пска з намі жыць і калі цябе́ ня ўме́юць слухаць.
МАРЫЛЯ. На што іх аддзе́ляваць! Яны самі даўно ўжо аддзяліліся ад нас, але толькі я — матка — ад іх не магу аддзяліцца і пакінуць іх тут без ніякага парадку і ладу. Ды што ты, дурне́нькі разуме́еш у гэтым?
ДАНІЛКА. Я толькі тое разуме́ю, што ўцякайма адгэтуль, мама, ды ўсё тут! Есьці няма чаго, хаты няма, скора зіма будзе, сьцюжа, сьне́г, мароз… Бр! Аж цяпе́р усяго да костачак холадам пераймае, як шпількамі зяле́знымі. Замерзнем, мамка, запраўды замерзьнем. На ледзякі абе́рнемся, як Сымон казаў. А я не хачу бьщь ледзяком, бо як тады буду я на йскрыпачцы сваёй іграць? То-ж пальцы напэўна зусім падубяне́юць, ды йскрыпачку мароз пашчапае. А такая звонкая ўдалася, такая звонкая!
МАРЫЛЯ. Але́-ж Сымон, Зоська!..
ДАНІЛКА. Як Сымон ня хоча з гэтым няшчасным папялішчам расстацца, то і Бог з ім! Без яго дадзём сабе́ раду.
МАРЫЛЯ. То што ж з таго? Але-ж ён і нас не адпускае?
ДАНІЛКА. Дык ціханька ўцячом ад яго, сягоньня ўцячом. Пакуль ён ве́рнецца, то нашага і сьле́ду не астане́цца. Гэтага свайго сходу, што той дурны з ве́хай начоўп яму, можа і бяз нас шукаць, аж надта можа! Усё-ж роўна мы яму шукаць не памагаем.
МАРЫЛЯ. Казаў-жа, што ўжо на сьле́д напаў, і скора ўсё скончыцца. Неўзабаве ўсю гаспадарку да ладу прывядзе́.
ДАНІЛКА. Чакай баба Пятра — будзеш сыр е́сці! Яму ў галаве́ усё да гары нагамі перавярнулася, а мы слухаць мусім і чакаць не́йкае злыбяды, апошняга канца свайго.
МАРЫЛЯ. Ну, а Зоська?..
ДАНІЛКА. Я Зоську ўгавару, і яна пойдзе з намі. Даліпан — пойдзе! Я зайграю ёй тую музыку, што паніч высьвіставаў, як у нас быў, — яна заслухаецца і пойдзе аж міла, куды я толькі з іскрыпачкай пайду.
МАРЫЛЯ (глуха). Куды-ж мы пойдзем? З чым? Па што?
ДАНІЛКА (горяча). Самі з сабой пойдзем: ты з малымі, я — з іскрыпачкай. У сьве́т, мамачка, па хату і хле́б пойдзем. Я буду іграць, ты пяяць, а малыя сваім плачам памагаць нам будуць. І такую вандроўку пачнём, якая яшчэ нікому і ня сьнілася! Ад вёскі да вёскі пойдзем, ад двара да двара — аж у вялікі горад зойдзем, кажуць ёсьць такія гарады, ці ме́сты, дзе дамы ўсе́ чыста, як пе́чы — з цэглы мураваныя, а народу там шмат, шмат! Цэрквы там золатам пакрыты, а ў цэрквах вялікія і мале́нькія Божанькі стаяць і вісяць. Дарагое каме́ньне з іх адзе́жак і каронаў так і капае на зямлю, буйна, як сьлёзы падчас, ці град з не́ба. А народ к ім, гэтым Божанькам ідзе́ і йдзе́, як вада плыве́. Ад усялякіх болесьцяў выле́чываюцца, ад няшчасьцяў збаўляюцца, долю сабе́ ле́пшую вымаліваюць. Такія там, кажуць, мамачка, цуды творацца. (Цалуючы рукі Марылі). Дык уцякайма адгэтуль, мамачка! Там будзе нам усім хораша і ве́села. Уцякайма! Ды на што-ж ты, мамка, торбачкі шыла?!
ЗЬЯВА II.
ТЫЯ-Ж і СТАРАЦ.
СТАРАЦ. Слава Хрысту, добрыя людзі!
УСЕ. Слава! Слава! І цяпе́р і на ве́кі вякоў!
СТАРАЦ. Што гэта ў вас парабілася, пані гаспадыня? То ж як вясной быў я ў вас, ня так гэта мясьціна выглядала?
ДАНІЛКА. Яна ўжо і тады так сама выглядала, толькі тады яшчэ ў кучы трымалася, а цяпе́р разсыпалася.
СТАРАЦ. Але, але, бачу! А дзе-ж яшчэ ваша сяме́йка? — Было-ж бале́й.
ДАНІЛКА. І тады, дзе́дка, такая самая была наша сяме́йка, толькі, як сядзе́ла ў хаце, дык бале́й яе́ выглядала.
СТАРАЦ. Але, але, ве́даю! Гняздо раскідалася і птушкі разьбе́гліся, которая дзе-куды. Ве́даю, ве́даю! Сам я з такога гнязда.
МАРЫЛЯ. (Падаючы хле́ба кусок). Сядайце, дзе́дка, і памале́цеся за грэшную душачку Лявона.
СТАРАЦ. (Зьдзіўлены). Што, пані гаспадыня? Памёр твой чалаве́к?
ДАНІЛКА. Але, дзе́дка! Тата ня вытрываў, узяў ды паве́сіуся.
СТАРАЦ. Ве́чны пакой! Ве́чны пакой яго душачцы! (Моліцца).
МАРЫЛЯ. Адкуль-жа гэта дзе́дку Бог прынёс да нас?
СТАРАЦ. 3 сьве́ту, пані гаспадыня! 3 далёкага сьве́ту валакуся. Хэ-хэ-хэ! 3 сьве́ту ў сьве́т плятуся. І так кожны дзе́нь і кожную ночку, калі дзе не начую.
ДАНІЛКА. Мусіць вялікі, дзе́дка, сьве́т гэты? Ці кане́ц яму ёсьць дзе, ці няма? Я ні ў каго не магу гэтага даве́цацца.
СТАРАЦ. Ох, вялікі сьве́т, мой сынку! Куды я толькі не хадзіў нідзе́ канца яму не знайшоў, ня бачыў і ня чуў. Можа дзе і ёсьць яму кане́ц — ды пэўне, што ёсьць, бо адкуль жа бы ве́тры нам Бог пасылаў ды ле́та і зіму, цяпло і холад?
ДАНІЛКА. Мусіць добра жыць на гэтым сьве́це вялікім? Я ўжо мамцы казаў, што добра.
СТАРАЦ. Там добра, дзе нас няма. Але мне, у маім жабрачым палажэньні, усюды ня ке́пска. Што мне́ там, сынку, нягоднага можа быць? Ідзі сабе́ куды вочы глядзяць, ані мне́ хата свая затрымлівае, ані мяне́ радня зьвязавае, ані мяне́ зяме́лька свая к сабе́ цягне.! Цэлы сьве́т — хата мая, усе́ людзі — радня мая, уся зяме́лька — поле маё роднае. Усюдах што колечы ды сваё знаходжу: ці кусочак хле́ба, ці куток цёплы для начле́гу, ці толькі так добрае слова — і за гэта дзякую Богу! Іду сабе́ ды йду. Ні над чым не трасуся, нічога бараніць ня маю: усё багацьце са мною ў гэтых торбах — гэтыя акрайчыкі хле́ба, ды часам які кусочак сыра, ці сала. І што бале́й трэба мне́? Добра мне́ так. Смачна е́м, спакойна сплю. Ве́даю, што не акрадзе́ мяне́ злодзей, не аграбе разбойнік. Усюдах ласку мою — за душачкі жывыя і змарлыя маліцца просяць. Ве́дама, ня ўсе́ мяне́ ахвотна прыймаюць і любяць мяне́, але гэта найбале́й такія, дзе сабак многа і дворні ўсялякае, — туды-ж і заходзіць я не стараюся. А так — усюдах добра на сьве́це, мой сынку, усюдах!
МАРЫЛЯ. Мо’ і праўду, дзе́дка, кажаш, што табе́ ня цяжка жыве́цца на гэтым сьве́це, але ў нас тутака дужа дрэнна. Як пайшло ад вясны няшчасьце за няшчасьцем, дык і радачкі з нікуль ніякае нямашака.
СТАРАЦ. Ве́даю, пані гаспадыня, ве́даю.
МАРЫЛЯ. Як бачыце — хату нашу раскідалі. Лявонка мой — як табе́ ўжо Данілка казаў — не перажыў, ве́чны пакой, гэткае несправядлівасьці, і рукі без пары сам на сябе́ налажыў.
СТАРАЦ. Ве́даю! Важны чалаве́к быў — гаспадарны і справядлівы быў. Колькі раз я не захадзіў, заўсёды вока на мяне́ добрае ме́ў. Ве́чнае яму спачываньне і няхай зяме́лька для яго ле́ганькай будзе, а Бог найвышэйшы пляму з яго душачкі здойме, што налажыў сам на яе́ з роспачы.
МАРЫЛЯ. Ве́чнае яму спачываньне! А Зоську нашу так сама зналі, дзе́дка? Такая дзяўчына была!
СТАРАЦ. Знаў, пані гаспадыня! Чаму ня знаў?.. Не адзін раз мяне́ і хле́бам дарыла, і вадзічкі ў смагу давала. Апошні раз, як у вас быў, кве́тачак навет мне́ дала, — за панічова здароўе прасіла маліцца. Добрая дзяўчынка была. Хай Бог Міласэрны за тое долечку ёй шчасьлівую пашле́!
МАРЫЛЯ. Ох, дзе́дка мой! Не на радасьць і на паце́ху яна ў мяне́ гадавалася. Дасьціпная ве́льмі была, і не́йкая як сама не пры сабе́. А з вясны, як прыйшло не́шта ёй у галаву, як стала ў двор бе́гаць, як стала, дык цяпе́р як-бы не пры сваім розуме асталася.
СТАРАЦ. Ве́даю я гэта! ох, чаму ня ве́даю? Моладасьць яе́ згубіла, ды каго яна ня згубіла.
МАРЫЛЯ. А Сымонка мой так сама ці з розуму зышоў, ці хто яго знае, што з ім робіцца. Хоць забі яго — саступіць адгэтуль ня хоча і нам нікому волі не дае́, ня гледзячы на тое, што ўжо апошні суд за гэту зямлю адбыўся і мы на ім прайгралі. Ды яшчэ другая бяда з маім Сымонам прылучылася: прышоў сюды не́йкі шалёны чалаве́к і нагаварыў яму аб не́йкім смоку і зборышчы, — дык цяпе́р по-начы ходзе і зборышча гэнага шукае, не на дабро шукае! Ужо сталі яго і цемняком усе́ называць. Можа і запраўды ў цемнякі запісаўся — хто яго ве́дае? Сама я ніяк і розуму ня прыстаўлю. Ці ня чулі вы, дзе́дка, чаго аб гэтым сходзе?
СТАРАЦ. І чуў і ня чуў, і нічога сам добра ня ве́даю, ды хто яго ўсё разьбярэ, як сьле́дна. Цяпе́р такі на сьве́це між людзьмі несупакой расьце́, што ня дай ты Божачка! Дык можа дзе і зьбіраецца гэна зборышча, але дзе — нічога я ня ве́даю. Шмат чутак усялякіх, як і заўсёды ходзе паміж жывымі, шмат аб чым і добрага і благога гаманяць, але што з гэтага ўсяго гоману выйдзе — ніхто акуратна не згадае. Слабы сталі цяпе́рашнія людзі: ке́пскія вочы маюць каб усё, як нале́жыцца, бачыць імі, ке́пскія вушы маюць, каб кожны шорах пачуць, і згадаць адкуль ве́цер прыхільны ве́е, і ке́пскі розум маюць, каб ім раскуме́каць усё чыста дзе дабро іх чакае, а дзе зло. Так, так, пані гаспадыня! Слабы людзі. Навет якую маюць сілу, дык і тае́ ня хочуць выказаць. Не́йкі сон і страх усіх аплутаў.
ДАНІЛКА. Праўда, дзе́дка! Мне́ тут ве́льмі страшна, але каб спаць хаце́лася тутака на холадзе, — дык гэтага не скажу.
СТАРАЦ. То чаго-ж сядзіцё на гэтай руіне, калі вам тут страшна? Чаго чакаеце?
ДАНІЛКА. А ўсё-ж чакаем, пакуль Сымон сход той знойдзе.
МАРЫЛЯ. Падзе́цца няма дзе!
СТАРАЦ. А дзе я падзяюся? Дзе пяты, дзесяты падзяе́цца такіх, як я, як многа другіх падобных мне́?
ДАНІЛКА. Ну, мѐйсца гэтага то я яшчэ ўсё такі добра ня вѐдаю!
СТАРАЦ. Як пойдзеш, Сынку мой, у сьве́т, то даве́даешся. Днём сонейка сьце́жку пакажа, а ночкай — шлях мле́чны на не́бе. А ісьці будзе лёганька-лёганька, бо ве́цер будзе цябе́ падганяць. І так будзеш шукаць ды шукаць таго ме́йсца, аж пакуль ня знойдзеш ве́чнага спачываньня.
ДАНІЛКА. А як хмарна будзе ды з дарогі саб’ёмся, — хто тады пакажа?
СТАРАЦ. Добрыя людзі, мой сынку, добрыя людзі. А ісьці вам трэба адгэтуль.
ДАНІЛКА. Ды я ўжо мамцы казаў аб гэта самае, але ўсё ўпіраецца яшчэ.
СТАРАЦ. Нічога, пані гаспадыня, тут ня высядзіш. Скінь пыху з сэрца ды йдзі адгэтуль. Не спадзе́йся на помач сына — ён ужо далёка ад цябе́ з сваймі думкамі і ня скора к табе́ з імі ве́рнецца. Сьце́жкі вашы разыйшліся і зойдуцца толькі тады, як ён, пабываўшы на тым зборышчы, якога цяпе́р шукае, — ве́рнецца к табе́ славай акрыты. А цяпе́р не чакай на яго і думай сама аб сабе́. Бачыш — якая гэтая асе́ньняя ночка страшная, а ты тут адна з сваймі малымі і гэтым няшчасным музыкай, што ігрой сваёй да сьлёз толькі даводзе… Час, птушка-маці, зьнімацца з гэтага раскіданага гнязда, каб астальных сваіх дзе́так убараніць ад благіх ястрабаў, ад якіх сілачкі ты ня ме́ла ўбараніць свайго Сымонкі і Зоські! Скінь пыху з сэрца, набярыся адвагі, забірай гэтых з сабой і йдзі, ідзі, куды ногі панясуць, куды вочы твае́ глядзе́ць будуць!
МАРЫЛЯ. Ды я ўжо з самае вясны торбачкі для ўсіх шыла, і шмат, шмат іх пашыла! Але Сымон, Зоська!.. Як-жа мне́ пайсьці бяз іх?
СТАРАЦ. Ня бойся, пані гаспадыня! Яны, калі ня знойдуць таго, чаго шукаюць, каб у тваю хату шчасьце прынесьці, то вѐрнуцца к табе́ тым самым шляхам, якім ты ад іх адойдзеш. Такі ўжо парадак на сьве́це паміж намі людзьмі.
ДАНІЛКА. Ну, і добры-ж гэты парадак: прыме́рам, я пайду шукаць грыбоў у ле́с, а вярнуся адтуль толькі з галінай асінавай.
СТАРАЦ (цягнучы дале́й). Твой сын цяпе́р можа навет шукае таго, чаго і ня згубіў, але мусіць шукаць і павінен. Ганьба таму чалаве́ку, што рукі апусьце, як пярэвяслы, і чакае пакуль сама доля к яму прыдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яѐ з ласкі свае́! Ганьба таму, хто вочы на ўсё заплюшчыўшы будзе ісьці ўцёртай здавён сьце́жкай няпраўды, думаючы, што іначай быць ніколі ня можа, і што не ў яго волі зьмяніць стары парадак бязсумле́ннага жыцьця! Ганьба таму, хто радзіўшыся у ярме́, валоча яго пакорна, як вол стары, не парываючыся навет хоць начас выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуцьцё яго чалаве́чае! Ганьба такому! Нам старым іншая рэч: мы ня жывём, а толькі дажываем. Маладыя-ж мусяць не́чага шукаць, не́чага дабівацца.
МАРЫЛЯ. Дзе́дачка! Не зразуме́лыя рэчы для майго жаноцкага розуму ты кажаш. Але ўсё-ж такі, як бачу, нездарма я торбачкі шыла, ох, не здарма!
СТАРАЦ. І сын твой калісь гэтага не разуме́ў, а можа і цяпе́р не разуме́е. Але прыйшла пара, выбіла такая шчасная, ці няшчасная гадзіна, і прабудзілася ў яго думка вялікая, важная, што так дале́й быць ня можа, як ёсьць, што яго штосьці пацягнула к не́чаму няве́дамаму, але сьве́тламу і радаснаму, ну, і перавярнуўся ўве́сь стары лад у яго бе́днай галаве́. Твае́ пе́сьні і казкі, што пяяла і гаварыла яму калісь над калыскай, шмат у гэтым памаглі. Дык не пярэч-жа і дале́й свайму сынку ісьці тэй дарожкай, якую ён сам сабе́ абабраў і йдзе́ цяпѐр.
ДАНІЛКА. Ды мамка яму нічога не пярэча, але ён сам сабе́ пярэча і нам не дае́ ніякага ходу, каб як з гэтае пусткі на сьве́т божы выбрацца.
ЗЬЯВА III.
ТЫЯ-Ж і ЗОСЬКА.
ЗОСЬКА (уходзе, штось сумнае напяваючы; у зрэбнай спадніцы і кашулі — без каптана, грудзі расхрыстаны, валасы распушчаны і спадаюць па плячох, на галаве́ з пасохшага лісьця вяночак).
СТАРАЦ (адступаючы ў старану з мімавольнага перапугу). Хто гэта такі?
МАРЫЛЯ. Ці-ж не пазналі? — Зоська наша!
СТАРАЦ. Божа! Божа! Што з яе́ асталося?
ДАНІЛКА. Толькі це́нь ды вянок з лісьця!
ЗОСЬКА (разглядаючыся). Хто тут? Чаго вы назьбіраліся? Разлучыць мяне́ хочаце з ім? Га? Ха-ха ха! Не на такую напалі. (Да старца). А ты, сівы, чаго сюды прыйшоў? Можа ве́сьці добрыя прыносіш ад майго таты, або ад майго міленькага? Ня бойся — кажы! Я ўсё ве́даю!.. даўне́й нічога ня ве́дала, а цяпе́р, ах, як ве́даю! Тата мой у палацы засе́ў і пануе там: шмат слуг яму служыць, і скарбаў усялякіх шмат мае. Пасаг мне́ вялікі дасьць, ох, які вялікі! — сто, тысячу, міліён. А толькі, на што ты, татачка, майго міленькага выгнаў з палацу, што аж за морам апынуўся? Пакінуў мяне́ мой ненаглядны, праз благіх людзе́й адрокся сваѐ русалачкі з васільковымі вачамі. Ха ха-ха! Але я сама к яму пайду. Праз быстрыя рэчкі, праз шчырыя бары, праз сухія пяскі паплыву к яму, як ме́сяц па не́бе плыве́! (Садзіцца і капаецца ў вогнішчы).
СТАРАЦ. Страшныя рэчы творацца ў вас, пані гаспадыня!
МАРЫЛЯ. Ад маладзіковае суботы ўжо яна такая! трэці тыдзень праходзе.
ЗОСЬКА (устае́ і ходзіць па сцэне). А вы вон адгэтуль усе́, вон! Аа! Ве́даю! — На вясе́льле маё сабраліся! Не хачу я вас, груганоу чорных, — у мяне́ іншыя госьці будуць. (Да старца). Праўда стары, — іншыя? Маўчыш! Ну, як сабе́ хочаш! А я скажу, хто ў мяне́ будзе: зоркі з не́ба залатыя зьбягуцца, ме́сячык срыбны прыплыве́, вобалачкі сьве́тлыя зыйдуцца, і будуць яны ўсе́ гуляць на маім вясе́льлі так ве́села, так скочна! А ве́цер іграцъ маё вясе́льле будзе, зычна йграць будзе, як ён у лесе часам уме́е, як ён у азяродах часам іграе! (Да Данілкі). Пакажы мне́ зараз, маладзе́нькі музыка, як ве́цер іграе! (Данілка іграе жаласьліва-нудную мэлёдыю, Зоська круціцца па сцэне і прыпявае).
Ве́цер іграе, зорачкі скачуць, |
(Водблеск ад пажару асьве́чавае сцэну. Зоська, напяваючы ўсё, час не́йкі круціцца па сцэне ў пажарным сьвятле́. Данілка іграе).
УСЕ (апрача Зоські). Ах, пажар не́дзе!
МАРЫЛЯ. Як-бы з стараны двара агонь б’е́!
СТАРАЦ (хрысьцячыся). Скараньне Божае валіцца на гэтую зямлю няшчасную! Тут варыятка скача, а там з дымам штось ідзе́.
ДЗЕЦІ. Нам страшна, мамка!
ДАНІЛКА. Уцякайма скарэй адгэтуль, а то яшчэ і наш дом загарыцца!
ЗОСЬКА (перастаўшы круціцца). А! Як відненька! А я думала, што ўжо ночка наступіла і мне́ трэба к майму саколіку зьбірацца. (Разглядаючы). Чаго-ж я дурная длякаюся?. Гэта-ж ён тут! Тут мой кірале́віч ненаглядны! (Паказаваючы на дзе́рава, на каторым абраз вісіць). Во дзе ён! Во! Адзін, як сіротка, стаіць і чакае пакуль я, яго зорка нябе́сная, к яму не падыйду. Ужо іду, ужо іду, маё сонейка мілае! (Падыйходзе і абыймае дзе́рава, прытуліваючы твар свой к яму). Выбачай, саколік, што так позна прыйшла я к табе́ сягоньня! Вялікую дарогу мусіла перабыць. Гадзіны на мянѐ сыкалі, ваўкі вылі, начніцы і совы пужалі, але прыцягнулася к табе́. Ночка ўжо мінулася і Божы дзяне́к, бачыш, кругом зіяе. Прытулі-ж мяне́ к сабе́, добры мой кярале́вічу! Сагрэй мае́ грудзі дзявочыя: яны ве́льмі азяблі — халодна ўжо, бачыш стаяовіцца на сьве́це! Не гані мяне́ ад сябе́, як той мяне́ адагнаў і сам за мора ўцёк. Ты інакшы! Ты хоць і той, але ня той. У цябе́, чую, сэрца б‘е́цца, а ў таго ў грудзёх не́йкі камень хрусьце́ў; у цябе́ вочкі, як зоркі, сьве́цяцца, а ў таго, як галодныя вужакі паглядалі; твае́ ручкі абыймаюць, як матка дзіцянётка ў калысцы абыймае, а той як зяле́знымі абцугамі сьціскаў мянѐ; той гаварыў, то як крумкач над непахаванымі касьцямі крумкаў, а твой голас ліе́цца, як на жале́йцы пе́сьня вясною… Прытулі-ж мяне́, саколе мой любы, і не выракайся бале́й карале́ўны свае́! (Апускаецца каля дзе́рава і задумаўшыся сядзіць пры ім).
СТАРАЦ. Пайду я ўжо ад вас, добрыя людзі. Вялікім горам і зьніштажэньнем кожны тут куток ваш напоўнен. Шчасьліве́йшую долечку пашлі вам, Божа! Бывайце здаровы! Слава Хрысту!
ДАНІЛКА (усхапіўшыся). Дзе́дачка, забірайце і мяне́ з сабой! А то яшчэ раз як здарыцца гэтакая ночка з пажарам, то я зусім памру з страху.
СТАРАЦ Як хочаш, сынку мой. Ме́йсца хопе нам. Можаш ісъці.
МАРЫЛЯ. Не адходзьце, дзе́дка! Надумалася і я ўжо: пойдзем усе́ з табой. Сілачкі мае́ не хапае дале́й тут гібе́ць.
СТАРАЦ. Добра, пані гаспадыня! Добра! І табе́ ме́йсца мала ня будзе.
МАРЫЛЯ (да дзяце́й). Ну, дзе́ткі! Пара зьбірацца ў дарогу! Дзе толькі торбачкі? (Находзе торбы і начэплівае іх дзе́цям, Данілку і сабе́; старац памагае). Вось гэтыя ме́ньшынкія вам, малыя, а гэту, трохі большую, табе́, Данілка.
ДАНІЛКА. (Надзе́ўшы торбу). Вось як лоўка цяпе́р будзе! У руках іскрыпачка, на плячох торбачкі — гуляй душа, колькі ўле́зе!
СТАРАЦ. Што-ж? Не здарма людзі пацераў і малітваў змалку яшчэ вучацца. Каму-не́будзь, ды над старасьць прыгодзяцца. Аб торбах не павінны забывацца навет і тыя, што на пасадах сядзяць.
МАРЫЛЯ. (Надзяваючы на сябе́ торбу). Ну, гэтыя самыя большыя на мяне́ якраз падыйдуць! (Глянуўшы на Зоську). Папрабую і на яе́ надзе́ць, а нуж з намі пойдзе. (Падходзе да Зоські і хоча надзе́ць торбу). Зоська, пазволь, — надзе́ну гэта на цябе́, ды пойдзем разам!
ЗОСЬКА (паве́ўшы мутнымі вачыма). Што?.. Куды?
МАРЫЛЯ. Надзе́нь, Зоська, гэтыя торбачкі? Надзе́нь, дачушка мая. (Хоча сілай надзе́ць).
ДАНІЛКА. Не спрачайся, Зоська, ды пойдзем! Я табе́ зайграю панічову музыку.
ЗОСЬКА (усхапіўшыся з зямлі і баронячыся). Што? на мяне́ торбы хочаце надзяваць! Га! А вы ве́даеце, хто я такая? Ве́даеце? Я карале́ўна! Я — ўсяўладная пані гэтае зямлі ўсей чыста! — гэтых загонаў, гэтых лугоў, гэтага ле́су! Ха-ха ха! А яны мяне́ ў торбы, як жабрачку, хочуць прыбраць! Я ў кароне, бачыце, хаджу. Сярпы мае́ сталёвыя дабро цэламу сьве́ту жнуць, а палотны мае́ шаўковыя цэлы сьве́т адзяваюць, а яны ў торбы мяне́ хочуць прыбраць! Проч, бязстыднікі! (Зрывае торбы і кідае на вогнішча; сама апускаецца каля дзе́рава).
МАРЫЛЯ (адкінуўшы торбу ў старану з агню). Ня хочаш, і ня трэба! Не ў маёй ужо моцы з вамі вайну вясьці. А торбачка гэта хай астанѐцца тут: можа Сымону прыдасца.
СТАРАЦ. Што-ж, пані гаспадыня, — гатовы ўжо ўсе́!
МАРЫЛЯ. Ужо, дзе́дка! Можам ісьці.
ДАНІЛКА. Уцякайма, дзе́дка, бо і я ўжо гатоў. А Зоська дагоне нас: не чапайце толькі яе́. Цяпе́р-жа можа запяём усе́ разам на адходнае.
СТАРАЦ. Сьвятую пе́сьню хоць калі ня грэх запе́ць.
МАРЫЛЯ (да Зоські). Зоська, як апомнішся, прыходзь з Сымонам да нас! (Старац ідзе́ напе́рад, за ім — Марыля з дзяцьмі па бакох, а за Марыляй — Данілка. Усе́ пяюць „Лазара“, — Данілка іграе; не́йкую мінуту іх пе́сьня чуваць за сцэнай, пасьля паволі замірае!
ЗЬЯВА IV.
ЗОСЬКА адна.
ЗОСЬКА (як-бы прасьвятле́ўшы, паказаваючы рукамі). Ха-ха-ха! Там пажар, гэтыя, як пагарэльцы, з торбамі пайшлі!
ЗЬЯВА V.
ЗОСЬКА — СЫМОН.
СЫМОН (шыбка ўходзе з стараны пажару, трымаючы ў руцэ запаленую галаве́шку. Разглядаючыся). Пайшлі!.. Не пачакалі мяне́ яшчэ хоць трохі. А так ужо ўсё наладзіў. (Угле́дзіўшы Зоську). Адна Зоська асталася! (Да яе́). Што-ж ты робіш тут адна? Пойдзем са мной!
ЗОСЬКА (прыглядаючыся). Гэта ты, Сымон?
СЫМОН. Я, Зоська! Уставай хутчэй, сястрыца, ды пойдзем, бо кожная мінута цяпе́р дорага!
ЗОСЬКА. Куды пойдзем? Па што?
СЫМОН (паказаваючы галаве́шкай у праціўную старану ад пажару). На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!!!
ЗОСЬКА (падымаючыся з зямлі). Аа!.. (Сымон бярэ яе́ за руку і абое нікнуць у цемнаце).
3АСЛОНА.
Янка Купала.
Акопы 4/ІХ—1913 году.
Цана 3 рублі.
Склад у „Беларускага Выдавецкага Таварыства“: Вільня, Вастрабрамская, № 9.
Можна купляць у кнігарні „Бел. Выд. Т-ва“: Вільня, Завальная, № 7.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.