Расьце Беларусь!
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1927
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Канец 1926 году прынёс нам незвычайнае вагі вестку: аб далучэньні да Радавае Беларусі Гомельскага і Рэчыцкага паветаў былое Гомельскае губэрні. Тры другія паветы гэтае губэрні, якая ліквідуецца, адышлі да суседняе Бранскае губ. Гэта — паветы Клінцоўскі, Старадубскі і Навазыбкаўскі.

Паварот Гомельшчыны разам зь местам Гомелем і Рэчыцкага пав. да Беларускае Бацькаўшчыны меціме як для апошняе, так і для гэных паветаў вялізарнае значэньне. Гомельшчына, нягледзячы на доўгі час трываўшае сужыцьце яе з Маскоўскім цэнтрам, была вельмі крэпка зьвязана зь Менскам сваімі гаспадарчымі інтарэсамі, і, прыкладам, лясная прамысловасьць яе шмат раней мусіла аб’яднацца зь лясной прамысловасьцяй Радавае Беларусі. Цяпер гэтае натуральнае і прост неабходнае аб’яднаньне будзе даведзена да канца.

Ня менш важна і аб’яднаньне культурна — нацыянальнае. Насяленьне Гомельшчыны — у вялізарнай большасьці чыста беларускае. Аднак яно было пазбаўлена магчымасьці ў поўнай меры здаволіваць свае асьветныя патрэбы ў роднай мове, і толькі дзе — нідзе, саматугам, тварыліся тутака беларускія школы. Асьветная работа наагул была наладжана ў расейскай мове. — Цяпер гэтае ненармальнае зьявішча скончылася, і Гомельшчына атрымала магчымасьць далучыцца да вялікага культурна — нацыянальнага беларускага будаўніцтва, якое свой цэнтар мае ў Менску.

Трэба адзначыць тут і тое, што на Гомельшчыну быў і другі ахвотнік: гэта — украінскі нацыяналізм. У часе гетмана Скарападзкага Гомельшчына была абвешчана «ўкраінскай», і нейкі час тамака трывала ўкраінская ўлада, роўна чужая насяленьню, як і расейская.

Работніцка — сялянская ўлада сучаснае Радавае Ўкраіны выраклася захватніцкіх апэтытаў украінскага нацыяналізму, і Гомельшчына вярнулася да роднае ей Беларусі.

Вітаючы гэты новы крок у зьбіраньні ўсходнебеларускіх зямель каля Менскага цэнтру, мы мусім, аднак жа, адзначыць, што і тыя тры паветы, якія цяпер са складу Гомельскае губэрні перайшлі ў склад Бранскае, — мусяць быць таксама далучаны да Беларусі, бо і ў іх пераважае беларуская люднасьць. Таксама чакаюць на свой чарод і паўночныя паветы Віцебшчыны, дый добры кусок беларускае Смаленшчыны. Дык будзем спадзявацца, што прынцып гуртаваньня ў вадно ўсіх тэрыторыяў аднае нацыянальнасьці раней ці пазьней затрыюмфуе і тут. Трэба толькі, каб уплыў беларускае культуры зь Менску сягнуў і на гэтыя абшары, каб тамтэйшыя беларускія масы збудзіліся зосну і падалі свой голас, самі выявілі сваю волю жыць аднэй сям’ёй з усімі беларусамі, зь якімі — апрача супольнасьці крыві і мовы — злучае і супольнасьць эканамічна — гаспадарчых інтарэсаў. Усьведамленьне гэтых двух момантаў астаўшыміся па — за межамі БСРР беларусамі пэўне доўга чакаць на сябе ня дасьць: гаспадарчае жыцьцё не дапускае ніякіх штучных падзелаў!