Рашучы акт
Рашучы акт Артыкул Аўтар: Макар Краўцоў 1918 Крыніца: Вольная Беларусь, 1918. — №11 |
А 6-й гадзіне на ранку 25 сакавіка Рада Беларускае Народнае Рэспублікі большасьцю галасоў пастанавіла аб тым. што Беларуская Рэспубліка абвешчаецца незалежнаю. У той самы дзень, посьля дванадцатае гадзіны, так само большасьцю галасоў Рады, выдана Устаўная Грамата, у якой, разам с пастановаю аб нізалежнасьці, адзначано, што трацяць сілу старыя дзяржаўныя зьвязі, даваўшыя право чужому ураду падпісаць у Берасьці міравы трактат аб раздзяленню Беларусі і што Урад Беларускай Народнай Рэспублікі павінен дамагацца перагляду гэткага становішча Беларусі у інтарэсах недзялімасьці і еднасьці.
Вышэй памянёным актам аб нізалежнасьці, беларускі народ на увесь сьвет надае голасна знаць аб сабе, аб жаху таго сьмяртэльнага раздзеду беларускай тэрыторыі, які зроблен праз гістарычныя старыя адносіны Беларусі да Маскоўшчыны, што на працягу каля поутары соткі гадоў аж да апошняго часу лічылася з нашаю бацькаўшчынай толькі як с правінцыяю, праводзячы жудасную асымілятарскую палітыку. Большэвікоускі урад ні вытрымаў да канца тону Троцкага і мусіў такі падпісацца пад тою міравою умоваю, якую вымагалі рэальныя палітычныя абстановы. Ведама, гледзючы, як на частку Расіі, як на маучлівую яе правінцыю, мог тое самае зрабіць і уселякі іншы Петраградзкі або Маскоўскі Урад, ні гледзячы на тое з якіх ён быў бы складзены партыяў. Але калі паглядзець на гэту справу вачыма беларуса (да якоі б ён партыі ні належаў), дык усё гэта робіцца йнакшым. Гвалтам расійскіх цароў народ беларускі быў так прыціснуты, што ні мог вольна і адважна разьвіваць свае нацыянальна-культурнае багацце, сваю духоўную істоту. Праз ассыміляцыю яго інтэлігенцыя адхілялася у бок, мова яго зрабілася «простаю», ён стаў «простым», «тутэйшым рускім» (або «паляком», калі ён каталіцкай веры) і быў толькі цестам, з якога царскія чыноўнікі мясілі, што сабе хацелі, прыдумвалі дзеля яго уселякаго гатунку вырабы, абы толькі стаў ён «искони русскимъ и православнымъ». І вось загрукацела год таму назад рэвалюцыя, зазьвінелі званы Волі, Роўнасьці й братэрства. Здавалося. што сапраўды гэты агонь рэвалюцыі спаліць усе гістарычныя грахі. Але, як кажа адзін наш нацыянальны дзеяч,—«царская карона звалілася, але засталася у Пецярбурзе яго вялікадзяржаўнасьць», ад якоі ніяк ні магла адрачыся расійская дэмакратыя, бяручы ад кадэтаў аж да большэвікоу. Усе партыі трымаліся таго погляду, што граба «считаться только съ фактами». А як гэтыя факты рабіліся зусім выразнымі, то ужо пачыналі «считаться только съ силаю». І вось ні што іншае, як гэта, прымусіло урад смольнага інстытуту дайсьці да Берасьцейскаго трактату. Беларусь, як заходная правінцыя Вялікай Расіі (с пагляду Петраградзкага, або Маскоўскага) зноў стала толькі аб'ектам компэнсацыі, толькі ні надта цікавым таварам, з якога можна рабіць усе, што толькі прыдзе да галавы. Камісары «Западной области» пасунуліся ні далей, як у Смаленск, і з дзікаю злосьцю пачалі касаваць усе нашыя нацыянальныя арганізацыі, што папаліся у сфэру іх дзяржаўнага уплыву. У Віцебску яны засудзілі на растрэл нашу вайсковую раду— гурток простых сялянскіх сыноў. І усе гэта творыцца імям соцыялізму, імям рэвалюцыі, ні мяркуючыся с тым, як Даўней (усяго год таму) рабілося трошкі інакшым імям. Дзеля чалавека, каторага рэжуць на кавалкі, дзеля народу, які дзеляць на часткі,—усе роўна, якім гэта робіцца імям. У сьмяртэльны момант свой, ен вольна і адважна павінен галасіць аб сваім жаданню жыцця, аб сваіх сувэрэнных правох рабіць за сябе усе, што яму трэба сваім уласным імям, без уселякіх апякуноу, быць самому кіраўнічым у сваіх нацыянальных і сацыяльных інтарэсах. Устаўная Грамата за 25 сакавіка скінула «апошняе ярмо» вялікадзяржаўнае апекі з нашага народу, які ад гэтага часу сам за сябе можа усюды гаварыць, як нацыя, а ні як правінцыя ласкутнае дзяржавы. Як нацыя, меўшая сваю уласную, асобную мінуўшчыну, ен рве старыя зьвязі, старыя адносіны нацыі паднявольнай да нацыі дзяржаўнай ды устае сярод народаў усяго сьвету, каб вольна й голасна сказаць ім, што ен жыве, жыве многапакутны працоўны беларускі народ... і як бы ні сталося далей,—ці уважуць яго голас, ці усе ж такі падзелюць яго жывое цело,— ён заўсёды будзе ведаць пра сваю сувэрэннасьць, волю й нізалежнасьць, аб чым ен кажа цяпер голасам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, што мае на мэці умацаваць і яго вялікія сацыяльныя здабыткі.