Роднае карэнне (Гарэцкі)/VII
← VI | Роднае карэнне VII Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Litouski_chutarok.html |
Змест → |
На станцыю павёз Архіпа той жа сват, сівы дзед Яхім. Ездзіць з дзедам было дужа ладна: чаго ён не раскажа, не нагаворыць, і ўсё разумна, к толку, лішняга не пачуеш ад старога.
Мінуўшчына, як у люстры, праходзіла прад вачамі студэнта ў час Яхімавых апавяданняў аб старыне.
Ехалі ўжо даўно. Сцямнела. Архіп маўчаў, успамінаючы, як пражыў дома да восеннай пары. Дзед, набіўшы піпку табакаю, курыў і гаманіў з конямі.
Дарога ішла па старым казённым лесе. Цёмна, пара няранняя. Дрэвы, як чорныя, нямыя веліканы, абступілі дарогу з абодвух бакоў і сходзіліся ўперадзе. Коні пад ласкавую, бадрашчую гутарку дзеда рухава і асцярожна беглі па чуць бялеючай толькі перад самым носам лесавой дарозе.
Дзед ціхенька сцёбаў пугаю і думаў, каб даў бог хутчэй перабрацца праз лес і выехаць на поле. За вярсты паўтары направа цягнулася Вялікая Патапеча: балота, мох, купнік, зараслі. Там яшчэ вадзіліся ваўкі, і ўвосень і ўзімку праязджаць без прыпасу было страшнавата.
Архіп думаў аб матцы. Якая яна спрацаваная, вочы ўваліліся, уся быццам шчапіна, і ўсё капашыцца, клапоціцца. Праваджала яго… Дзяржалася доўга, але-такі слёзы пацяклі самі… Буйныя-буйныя, як боб. «А можа ж, я і не ўбачу больш цябе, мой сынулечка, мой Архіпачка…» І ноччу, мусіць, плакала. Эх-хо-хэ!
— Гаў-ву-ву… — глуха і нема завыў хтось далёка на Патапечы.
— Дзедку! Чуеш? Выюць… Ваўкі?
— Ды не, не, сабакі дурэюць у Буліне; там вялікая вёска Буліно.
Коні паднялі вушы і спуджана азірнуліся. Цёмны лес шумеў.
— Гаў гаў гаў-у-у, — пачулася ўжо многа бліжэй. Коні, віхляючыся і з сторчма стаячымі вушамі, ступалі пасярод самай дарогі-праезду, туліліся і вадзілі галовамі па баках, адкуль моўчкі пазірала чорная цемень. Гняды ціха храпануў.
— Дзядуля! ваўкі!..
— А калі й ваўкі, ці мы іх баяцца будзем? Прыйдуць, паляскочуць зубамі ды і пойдуць, куды ім паказана, — без клопату сказаў дзед.
— Што вы, дзядуля? Паганяць коней трэба: мо ўцячом… А то станем ды цяпло раскладзём, да свету не падступяцца.
— Нічога, абойдземся й так. Я загавор ведаю… Дзед саскочыў з калёс і замуздаў гнядога. Конь біў капытамі па зямлі і званіў зубамі аб груздзілы.
— Ну, Архіп, трэба толькі коні дзяржаць, — усаджваўся дзед на калёсах.
Збоку бліснулі аганькі, пара, другая… Коні храплі, маталі галовамі, ірваліся. Ваўкі падбеглі к самым калёсам і, падскокваючы перадам, кульгалі і сярдзіта бліскалі вачамі.
Людзі маўчалі; коні дрыжалі, як у трасцы…
Ваўкоў было штукі чатыры. Яны беглі з бакоў і спераду і торкаліся мордамі ў ногі коням, але не чапалі. Коні ўсё трасліся і кідаліся. Каб не новыя вожкі і не жалезныя груздзілы ў руцэ, яны пабеглі б як шалёныя.
Лес пачаў радзець, дрэвы расступіліся, на паляне каля дарогі выплывала нешта вялікае, цёмнае. То была леснікова хата.
Ваўкі прабеглі ўслед, моўчкі нюхаючы конскія морды, з паўвярсты, можа.
Адстаў адзін, другі… Каля лесніковай хаткі не было ніводнага.
— Ну, к лесніку, Архіп, заязджаць, па-мойму, не варта. Зараз выедзем на поле, а там і станцыя, толькі на курганок падымемся.
— Добра, дзядуля.
— Скора й машыну пачуем, калі закрычыць. А к поезду, пэўне, патрапім.
Дзед кіраваўся, каб як развесяліць студэнта.
— Ну, ці ж не казаў я, што ваўкі не зачэпяць? — загаманіў ён.
А з Архіпам штосьці рабілася асаблівае. Успомнілася яму і новая хата, як батрака нехта скінуў, пажар ад перуна, прыпомніў ён і страшныя апавяданні аб ваўкалаках, ведзьмах, чараўніцтве. Усё яму было няўцям. Аж тут і гэтыя ваўкі… Дзіва! У лесе набеглі, круціліся, морды конскія нюхалі, а не завалілі. Што гэта? Загавор? Чараванне? Гіпноз?
Раптам з нейкім абурэннем звярнуўся да дзеда студэнт.
— Дзедку, родненькі, дык што ж гэта? Скажыце, у чым прычына? Што тут к чаму, як жа?..
— Што? Пра ваўкоў? Дык тут жа няма нічога дзіўнага. Я змалку ведаў гэту
павадку ваўчыную. Бывала, пасеш каля лесу статак, — а раней лясы былі вялікія, дрымучыя, ваўкоў ды і ўсякага звера было без ліку, — выбегуць яны, зверуганы, здаецца, адразу ўсё б праглынулі, зжорлі, прорва іх вялікая. Выбегуць яны, і тут ад злой радасці, што напалі на паядуху, як сціснуць зяпу — разявіць не могуць: бегаюць каля жывёлы, мордамі яе толькі — таўхіль! — падтаўхіваюць, носам па горле мацаюць, а зарэзаць аніяк не здолеюць… Пакуль хіба не адбягуць куды далёка. Зубоў расцяць ім тады нельга. Ну, вядома, бывае гэта з імі, калі яны надта прагаладаюцца і раз’юшацца так, што болей некуды.
— А цяпер? І цяпер таксама? — зацікавіўся дужа Архіп.
— І цяпер, мусіць, так, слава богу. Я табе толькі не казаў, пужаць цябе не хацеў, а ў мяне сякера на ўсякі выпадак схавана. Думаў: уцячы не ўцячом, а можа, яшчэ зяпы ім сутарга звядзець, а калі ўжо бог дапусціць, сякерай бараніцца буду. Аж яно па-мойму і здарылася.
— А-а… Вунь і што, — расчаравана троху, але ўсё ж з дзіваваннем працягнуў студэнт.
— А ты б што думаў? Я ж не чараўнік які… Хэ-хэ!
— Дзядуля! А вы ж даяце веры чараўніцтву?
— А-аё! Ахвота табе гаварыць пра тое, пра што не трэба… А хто ж яго ведае! Ці мала чаго кажуць. Братка мой! Усё адно адказу не даб’ешся. А думаць пачнеш — адно спакой згубіш.
— А божа! Дык няўжо ж так праз гэты, выбачайце, свінячы спакой калодаю гнілою жыццё пражыць і нічым не цікавіцца?
— Чаму? Я таго не кажу; пэўне, без цікавасці — што за чалавек? Але гэта… Мяне во дзівіць вучыцель Балазевіч, на ўсё адгадкі знайшоў хлапец. Бога няма, памрэш, згніеш, вось табе і ўсё… Ну ці не дурны! А здаецца, і дзяцюк нічога сабе, рахманы.
— Дык як жа, дзедку?
— Як? А так, што, колькі трэба, ведай, а ў вялікае не залазь, а то каб шыю, бывае, не скруціць. І не думай, што яно такое простае… Што няма нічога…
— Вы, дзядуля, як былі маладзей, не казалі, мусіць, таго?
— А што — «маладзей»… Як быў я маладзей, ішоў я раз апоўначы каля могілак, а была там свежая магіла: надоечы пан войт памёр. Даўся ён, гэты войт, пры жыцці людзюхнам. Жорсткі чалавек быў, нікому не дараваў, няхай ужо свят ляжыць. І ўміраў доўга і страшна, памерці ніяк не мог, мучыўся дужа. Іду, значыцца, я сабе з качарэжкаю, адганяю думкі аб нябожчыку, а яны так і лезуць. Не гляджу туды, дзе гэта магіла, а нехта як падбівае: «Зірні, зірні, што тама?» Не ўцерпеў я, скасіў вочы: зірк! Аж на магілцы, над насыпам — белы як у тумане чалавек стаіць, быццам той на пана войта паходж, да яго ў падобі. Закалацілася ў мяне сэрца, ногі занямелі, валакуся як нежывы, дыхаць дайжа баюся. А тое дрыжыць-дрыжыць, трасецца, як во паветра, калі ў пагодны
дзень сонечны; толькі яно белае, быццам папера. Не ведаю, як я ўжо да хаты давалокся, белых валасоў, праўда, заўтра знайшоў, хварэў ці мала, хадзіў як у воглуме.
Дзед памаўчаў. Студэнт прыціх, але запытаўся:
— Дык што?
— А што? Каб на другога — не ведаю, што было б. А я ўжо праз гадоў дваццаць ад пана Беляеўскага чуў, што траплялася гэткае бачыць і другім; гавораць іншыя наўчоныя, што, гэта, як пачынае чалавек у магіле ўжо тлець, дык з яго праз землю наверх выходзіць нешта, — забыўся названне, не наскае слова, — і збіраецца ў кучу такую ж, якой формы чалавек быў, што там пахован…
— Фосфар, хіба… Ведаю.
— А можа, й так, забыўся, наймення не помню.
— А-а… — працягнуў студэнт у задумленні.
— Можа, калі-небудзь і аба ўсём, што каля нас незразумелага, даведаюцца людзі. Бог ведае.
Дзед замоўк. Коні весялей пабеглі, бо лес далёка астаўся цёмнай грамадай адзадзе, а дзесьці справа, дужа далёка, галасіла машына. А вакзал быў недалёчка.
— Адно астанецца людзям навекі святою загадкаю — гэта тварэц наш найвышні. Каб не было дано людзям гэтай загадкі, не было б чалавецкага жыцця… Прапалі б людзі.
«Іш, які дзед, — памысліў Архіп, — не дарма ж назбіраў поўную багаўню богамаленных кніжак, не дарма ж і ў базыльянцаў некалі вучыўся ў Мсціслаўлі».
А дзед у гэты час маўчаў, думаючы важную думу. Абразы мінулага луналі прад памаладзеўшым старыком. Ён, падумаўшы, загаманіў:
— Дык вось, Архіп, любы ты мой! Бачу я, крэпка ў табе роднае карэнне наша. А мне, старому, уміраць трэба. Едзеш ты ў свет далёкі. Смерць мая з-за кургана ўжо смяецца: мо і не пабачымся болей, дык вось, будзь ласкаў, звярні ты ўвагу на маю старыкоўскую гутарку. Першае, што скажу я табе, гэта — чытай, галубец, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі… Споўніш гэты загад — у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. І ніякая, братка, чартаўня, ніякія думы чорныя не змогуць цябе. А другое: часцей у роднае гняздзечка залятай, дык не будзе яно здавацца табе страшным, і не пабяжыш ты, спужаўшыся, уцякаць ад яго, калі, часам, пачуеш ад каго дурнога або цёмнага і скрыўджанага нараканні няправедныя, нахабшчыну на справу і працу тваю. А яшчэ дадам: не забывай ты ў горадзе, дайжа ў добрай таварыскай бяседзе за салодкімі напіткамі ды смачнымі дарагімі стравамі, не забывайся ты запытаць у сябе: «А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?» І ведай тады, што адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш… Помні, што каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самаго затопчуць… Толькі ты не гневайся, што я табе наказы раблю…
— Што вы, дзядуля! Мне так люба, лягчэй мне.
— А чартаўня… Можа, яна і не такая незразумелая, як нам здаецца… Унукі нашы больш за нас ведаць будуць.
— А ўсё ж крыўдна, дзядуля, што людзі сляпыя такія.
— Гэта ў пары такой цяпер ты! А шчэ горш тое — рос ты змалку сярод нас, цёмных, у лесе, дзе яшчэ мой дзед маліўся каля асінавага пня богу Дуплінскаму-Ільінскаму. Вось яно і гаворыць у табе. Нічога, прывыкнеш сярод паноў — абойдзецца…
— А не-е, дзед! Чаму ж тады…
— Ку-гу-гу-гу… — загудзела машына, глушачы словы студэнта. За гоні стаяла станцыя, па насыпе бег пасажырскі поезд.
У цёплых, добрых бягучых хатках ехалі людзі, ехалі са сваім горам і радасцю.
— Ча-чах, ча-чах-стук — шпарка дужа грукаталі-чахалі,—чах-чах, ча-чах-стук, — тахалі колы вялікія пад вагонамі.
Падуў ціхі ветрык, заківаў лазу над канаваю і траўку змірную прыдарожную.
«І трыста, чатырыста гадоў назад таксама дуў ён тут, ветрык, і таксама калыхаў-цалаваў траўку сумную і маўклівую… толькі цуда-машыны не было», — памысліў студэнт і замаркоціўся…