Родная мова і яе значэнне
Родная мова і яе значэнне Публіцыстыка Аўтар: Язэп Лёсік Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», № 6—8. — 24 лютага, 3, 10 сакавіка 1918 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына). |
Хто ездзіў па чужых краях, той напэўна прыкмеціў, што там усе людзі гавораць адною моваю. Няма там розніцы ў гаворцы. Сяляне і работнікі, папы і чыноўнікі, паны і купцы ў крамах — усе гавораць аднака: у Францыі — па-французску, у Англіі — па-ангельску, у Нямеччыне — па-нямецку, у Польшчы — па-польску. Толькі ў нас, на Беларусі, гавораць не аднака: сяляне адною моваю, беларускаю, або, як кажуць, простаю, а паны і чыноўнікі — іншаю мовай, расійскаю або польскаю, нібыта «па-панску».
Чаму гэта так? Чаму ў іншых народаў адна мова ў паноў і работнікаў, а ў нашым краю дзве мовы: нібыта панская і простая, сялянская. Ці ж гэта праўда, што беларуская мова простая? Хіба беларуская мова горшая ці няздатна да нічога, што паны на ёй не гавораць, а некаторыя сяляне саромеюцца і, патураючы панам, намагаюцца гаварыць па-панску, або «па-благароднаму?»
Не, не горшая нашая мова за іншыя, а можа, яшчэ і лепшая, і гаворыць на ёй цэлых 10 мільёнаў людзей, каторыя ўсе разам складаюць адзін Беларускі народ, меўшы калісь сваю слаўную і магутную дзяржаву.
А толькі паны да іншыя з простых сялянскіх людзей, атрымаўшы дурную адукацыю ў царскіх школах, і зрабіўшыся праз тое нібыта панамі, цураюцца свайго роднага і гавораць не нашаю, беларускаю, моваю, а маскоўскаю ці польскаю. Гэтаксама і няграматны хлопец з вёскі, трапіўшы на заработкі ў горад ці куды-небудзь на Маскоўшчыну, вярнуўшыся дадому, пачынаў ламаць сваю гаворку па-чужому і пакепліваць са свайго роднага, беларускага. Ніводзін народ гэтага не робіць — ні француз, ні паляк, ні расіец, а толькі гэтак было ў нас ды яшчэ на Украіне.
А пачалося ў нас гэтае двуязычча цераз тое, што народ наш беларускі доўга быў пад чужым панаваннем: спярша пад Польшчаю, а потым пад маскоўскаю ўладаю. І толькі калісьці Беларусь была вольнаю, ні ад каго незалежнаю і жыла сваім уласным дзяржаўным жыццём. Але суджана ёй было страціць сваю незалежнасць, папасці пад уладу чужынцаў і перажыць горкую долю — долю здзеку, паняверкі і нялюдскага гвалту.
Мала якому народу на свеце даводзілася перажываць трагічнейшую, няшчаснейшую долю, як тая, што зазнаў за сваё гістарычнае жыццё народ беларускі. Выступіўшы на гістарычную арэну са свежымі маладымі сіламі, ён вытварыў быў арыгінальны палітычны лад, паявіў пачаткі ўласнай культуры, даў зароды багатага пісьменства. Калі б была добрая змога вырабляць ды гадаваць усё тое, што ў даўнюю даўніну народ наш меў у багатых і пекных зародах, то цяпер быў бы ён, можа б, адным з найкультурнейшых народаў у свеце, дастойным таварышам у суполцы культурных нацый. Ось жа не так яно склалася. Беларускі народ, што і цяпер вызначаецца сваёю, скажу так, патэнцыяльнаю здатнасцю да культуры, сваім розумам і далікатнасцю — гэты народ цяпер цёмны, заштурханы, бедны. Няма яму прастору, каб выявілася яго прыродная здатнасць і здольнасць; яго зямля родзіць не яму, як не яму служаць і здабыткі сучаснай культуры... Ён стаў і да гэтага часу астаецца толькі гноем, каб на ём маглі вырастаць пышныя кветкі чужой культуры, выпіваючы з яго ўласнага грунту ўсе сокі жывучыя і за гэта амаль што нічога назад не звяртаючы. «Што ж гэта за фатальная доля такая? Якія прычыны прывялі наш край да такога становішча?»
Гэтак пісаў і пытаўся ўкраінскі пісьменнік С. Яфрэмаў, маючы на ўвазе сваю бацькаўшчыну Украіну, а далей адказваў, што многа прычын было для такога заняпаду. І найпершая, можа, прычына — геаграфічнае становішча нашага краю — на тым раздарожжы, дзе пастаянна адбываліся ваенныя споркі суседніх народаў. Як той гарох пры дарозе — так і жыў беларускі народ. Уціснуты паміж іншых народаў, не маючы ніякага ад прыроды затулку, ён быў сходным фарпостам Еўропы, яго край — месцам крывавых падзеяў суседзяў. Народ наш мусіў прымаць на свае грудзі першыя і найцяжэйшыя ўдары ад тых народаў, што сходзіліся на нашай зямлі канчаць свае споркі агнём і жалезам. Найбольш гэтыя войны на нашай зямлі і канчаліся, а народ наш, прымаючы на сябе гэтыя ваенныя ўдары, страціў многа, вельмі многа. Страціў ён, на самы перад, адпорную сілу і ў той самы час, калі за яго спіной і моцным затулкам суседзі мелі магчымасць складаць моцныя палітычныя арганізацыі, ён і тыя здабыткі пагубіў, што надбаў быў у папярэднія часы коштам вялізарнай напругі сваіх нацыянальных сіл. А пагубіўшы свае нацыянальныя здабыткі, ён мусіў зрабіцца аб’ектам палітычных экперыментаў для тых самых суседзяў, мусіў стаць гноем, на якім яны свае культурныя здабыткі гадавалі і развіналі.
І ось сталася тое, што сталася. Усё пагубіў беларускі народ на доўгім і цяжкім гістарычным шляху сваім да цяперашняга становішча: палітычную незалежнасць і эканамічныя дастаткі, сваё права і асвету, свае законы і суд, сваю школу і інтэлігенцыю ды нават імя сваё страціў у безупынным змаганні з нядоляй сваёю, у барацьбе за сваю нацыянальную індывідуальнасць. Ён зрабіўся нацыяй без прозвішча, нацыяй проста «людзей», шчэ горш — нацыяй «тутэйшых дзядзькоў»... «Цудны наш народ, — дзівіцца ўкраінскі пісьменнік В. Віннічэнка пра народ украінскі, — дужы і сумны... Меў герояў — і ніхто іх не знае... Усё жыццё любіў волю — і ўсё жыццё жыў рабом... Утварыў багацтва песні — і сам яе не знае...» І толькі адзін застаўся яму, гэтаму народу-пакутніку, скарб ад далёкіх прадзедаў. Гэта — родная мова і роднае пісьменства, гэтаю моваю пісанае; абое — як выраз яго духоўнай істоты, як сімвал яго асобнасці нацыянальнай і як пачатак самасвядомасці, як памятка ад прамінулага і надзея на будучыну.
Ось так і звык народ наш жыць пад чужою ўладаю, жыў, хоць на роднай, але не на сваёй зямлі, як выславіўся вялікі ўкраінскі пісьменнік Тарас Шаўчэнка. Ды яшчэ наліха нашая доля судзіла нам быць пад уладаю не саўсім чужых народаў, як, прымерам сказаць, балгарам і сербам пад Турэччынай, а чэхам пад Нямеччынай. Над намі панавалі славяне, нібыта браты нашыя — велікарусы і палякі. Але гэтае «брацкае» панаванне было для нас яшчэ горшае за чужынскае, бо чужыя народы, як немцы і туркі, глядзелі на падуладныя ім славянскія народы як на чужых: іншая мова, іншая вера, звычаі — усё іншае. А на Беларусь і Польшча і Масква глядзелі заўсёды як на свой уласны народ і ўсімі сіламі намагаліся давесці і ўпэўніць усіх людзей, што Беларусі няма, а ёсць толькі Польшча і Расія. Гэтак рабіла польскае правіцельства, як яна была пад яго рукою, і палякі казалі, што Беларусі няма, а ёсць толькі пагранічныя польскія землі (крэсы), дзе людзі гавораць папсаванаю маскоўскім уплывам польскаю моваю. Яны стараліся выгнаць нашую мову з ужытку ў школах, судах, у грамадзянскіх інстытуцыях — адным словам адусюль, адкуль толькі можна было. Гэтаксама рабіла і расійскае правіцельства на працягу 120 гадоў, даводзячы, мабыць, назадор палякам, што беларускай мовы няма, ёсць толькі папсаваная польскім уплывам велікаруская гаворка.
Не так тыя ворагі, як добрыя людзі — кажа прыказка. І многа ліха зазнала Беларусь не ад чужых, а ад сваіх братоў-славян. За часоў польскага панавання, усе беларускія шляхецкія станы перафарбаваліся на палякаў. Яны адцураліся ад Беларусі і, жывучы на беларускай зямлі, стараліся ганьбіць і бэсціць усё беларускае, стараліся забыцца, што бацькі іх і дзяды былі беларусы і сваю кроў пралівалі за волю і права сваёй бацькаўшчыны Беларусі. Гэтаксама робяць цяпер нашыя паны і папы, чыноўнікі і настаўнікі, што па царскаму загаду, праз царскія школы парабіліся расійцамі. Яны не толькі адракліся ад усяго роднага беларускага, а яшчэ топчуць нагамі і плююць на тое, што іх дзяды і прадзеды, як святое, шанавалі. Патомкі тых слаўных беларусаў, каторыя некалі мелі сваё магутнае гасударства, чыя мова горда і смела зычэла на ўсім свеце і карысталася вялікаю павагаю і пашанаю — цяпер кажуць, што народ наш не хоча сваёй мовы, не хоча сваіх школ, што народ беларускі не разумее тае мовы, на каторай гаворыць, што быццам бы ахвотней чытае і лепш разумее па-расійску, або, лепей сказаць, па-велікаруску.
Народ... Што значыць народ? Народ цёмны, некультурны, яго трэба навучыць. Як ён можа захацець сваёй беларускай школы, калі ён яе ніколі ў вочы не бачыў? Як ён можа захацець вучыцца на сваёй мове, калі за яе яго лаялі, бэсцілі, крыўдзілі і за людзей не лічылі? Калі ён пастаянна бачыў, што калі хто гаворыць па-беларуску, той бедны, цёмны, галодны, а хто гаворыць іначай, той багаты, асвечаны і сыты? Народ трэба навучыць, яму трэба паказаць, што покі не запануе ў краю яго наша родная беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны і галодны. Толькі дэмагог і палітычны шарлатан можа пасылацца на народную цемнату і карыстаць з яе дзеля сваіх поглядаў або інтарэсаў. Дзіўная гэта прывычка ў іншых людзей пасылацца на народ там, дзе гэта саўсім недарэчы. Калі хто хоча пабудаваць дом, зрабіць якую машыну ці правесці жалезную дарогу, дык ён звычайна звяртаецца да спецыяліста, да тых, хто знаецца на гэтых справах; толькі ў палітыцы ды ў культурнай працы чамусь звыклі радзіцца з такім знаўцам, як цёмны, неасвечны народ...
Кепска рабілі нашыя паны—патомкі шляхецкіх станаў, але яшчэ горш робяць тыя, хто выйшаў з народу — з вёскі ці мястэчка — ды зрабіўся падпанкам. Мабыць, недарма кажуць: «Не дай Бог свінні рог, а мужыку панства». Парабіўшыся расійцамі, яны ўсіх сіл дакладаюць для таго, каб пашкодзіць Беларусі. Яны сваёю ахвотаю шыліся ў шпігі, у даносчыкі, падглядалі, падслухвалі, а чаго недачувалі ці недабачылі, тое падбрэхвалі і тым падслужваліся сваім панам. Яны брахалі на шчырых, святлейшых сыноў Беларусі, каторыя стараліся вывесці народ свой з цемры і несвядомасці на шырокі шлях усялюдскага знания, волі і свету. Брэшучы на беларусаў, гэтыя здраднікі і перакінчыкі палохалі несвядомы народ тым, што беларусы-адраджэнцы намагаюцца прылучыць нашую старонку да Польшчы.
Такую ўжо ўдачу маюць усе здраднікі і перакінчыкі. Яны ненавідзяць тое, ад чаго адракліся, і вымагаюць гэтага ад другіх. Ім хочацца, каб усе смяяліся і здзекаваліся з таго, ад чаго яны адцураліся, мабыць, дзеля таго, каб супакоіць сваё юдзінае сумленне. Вось гэтак рабілі турэцкія янычары, што набіраліся з хрысціянскіх дзяцей і каторых гадавалі ў духу магаметанскай веры. Яны ненавідзелі ўсё славянскае і былі самымі лютымі катамі для сваіх колішніх братоў. Гэтаксама і жыд-выхрыст ужо ненавідзіць усё жыдоўскае. Былі адвеку ў нас гэтыя каты-янычары. Яны звалі сябе беларусамі і душылі ўсё беларускае. Яны намагаліся з навукі давесці, што беларусаў няма, не было і быць не можа; што іх мова не мова, а мешаніна слоў польскіх і велікарускіх. А другія заходзілі з іншага боку і не казалі, што беларускай мовы няма, а казалі, што трэба кінуць сваё і пераймаць расійскую культуру. Гэтых янычараў памятае ўся Беларусь: гэта Саланевічы, Кавалюкі, Акаловічы і многа іншых.
Што б вы сказалі на тых дзяцей, каторыя пакінулі б у бядзе і няволі сваю матку, што выгадавала, выняньчыла і выпеставала іх? Што б вы сказалі на іх, каб яны абакралі яе ды сталі б яшчэ здзекавацца ды выносіць імя яе на глум і пасмешышча: закідалі б яе гразёю, тыкалі б пальцамі і насміхаліся б перад людзьмі і перад усім светам? Ці не адвярнуліся б вы з агідаю ад такіх вырадкаў?
А гэтак робяць усе перакінчыкі і рэнегаты-беларусы. Не шкада нам іх, дый невялікая карысць з іх будзе і таму народу, да якога яны прылучыліся. Непатрэбны яны нам, як непатрэбен той брудны шум, што накіпае ў гаршку на страве. Але вялікі жаль бярэ за тых, што паслухалі іх і кінулі свой родны народ; шкада нам тых лепшых людзей, разумных і вучоных, што пераліцаваліся на палякаў і расійцаў і панеслі сваю працу, навуку і здольнасць у чужую хату, на чужую ніву, занядбаўшы сваю родную.
Колісь, за часоў незалежнасці Беларусі, народ беларускі быў далёка асвечнейшы за маскоўскі. У той час, як на Маскоўшчыне стаяла страшэнная цемра, у нас панавалі навука, асвета, шырока квітнела грамадзянскае жыццё і ў дзяржаве Беларускай існаваў вольны канстытуцыйны парадак. Цёмныя людзі маскоўскага царства грамілі друкарні, гасілі прасвету, баяліся кнігі, не раўнуючы, як чумы ці халеры, тады як нашае грамадзянства, не здавальняючыся ўласным выхаваннем у сябе дома, пасылала дзяцей сваіх да вышэйшых навук за граніцу дзеля большай адукацыі, дзеля лепшага выхавання. І лепшыя, асвечнейшыя людзі Масковіі, як Курбскі, напрыклад, або Мсціславец ці Тодар Друкар, хаваючыся ад раз’юшанага натоўпу, шукалі ратунку ў нашай бацькаўшчыне, уцякалі на т. з. Літву і знаходзілі тут братэрскі прывет і пашану. Відаць, што Беларусь на той час была для Маскоўшчыны, як Швейцарыя ці Францыя нашага часу, куды ўцякалі ад царскага гневу лепшыя людзі дарэвалюцыйнай Расіі.
Беларускія пісьменнікі таго часу мелі вялікі ўплыў на пісьменства маскоўскае і спрычыніліся нават да выраблення самай літаратурнай мовы на Маскоўшчыне (М. Сматрыцкі, С. Полацкі, Е. Славінскі і многа іншых вучоных). Праз гэта ў расійскай літаратурнай мове пазаставалася і да гэтага часу шмат беларускіх слоў, як націск, патрэбнасць, абарона, разрушэнне, не гледзячы на тое, што расійцы, пачынаючы з Ламаносава, старанна выкідвалі іх з ужытку ў літаратуры як словы «польскія». Артадаксальныя велікарусы скоса паглядалі на беларускую літаратуру за яе свецкі і заходнееўрапейскі дух і, як агню, баяліся ерэтыцкіх, «лацінскіх» думак з «Літоўскай зямлі». Той страх перад беларускім пісьменствам выяўляўся ў тых рэпрэсіўных заходах, якіх дакладалі маскоўцы, каб не пусціць на Маскоўшчыну беларускіх кніг. Першы ўказ проці беларускага пісьменства выдаў яшчэ патрыярх Філарэт году 1627-га, прыказваючы, «что бы впредь никто никакихъ книгъ литовскія печати не покупали». У той жа год на Маскве спалілі ўчыцельнае евангелле Транквільёна-Стаўравецкага і іншыя творы гэтага аўтара, а «Катехизисъ» Лаўрэнція Зізанія Тустаноўскага надрукавалі толькі пасля цікавага дыспуту з маскоўскімі «спраўшчыкамі» і ў пераробцы. Году 1672-га быў выдан новы ўказ: «Во всех местах всяких чинов людям учинить закон крепкой с большимъ подкреплением, чтоб те люди польския и латинския печати книг никто у себя в домах в тай и явно не держали, а прыносили бы и отдавали бы воеводе».
Наогул, нацыянальная культура на Беларусі стаяла тагды досыць высока, існавала рэлігійная вольнасць і не было нацыянальнага ўціску, так што жыды, напрыклад, мелі роўныя правы з усімі грамадзянамі, і не было жадных нацыянальных сутычак з літоўцамі. У 1517 годзе Ф. Скарына ўзяў на сябе справу вялікай вагі — пераклаў і выдаў Біблію на беларускай мове, «ку лепшаму,— як ён пісаў,— выразумленню люду паспалйтаго». Праўда, не надта ўжо проста і зразумела яна перакладзена, шмат мае ц.-славянскіх зваротаў, але гэта была эпоха ў культурным жыцці беларусаў, асабліва калі ўзяць на ўвагу шырокую публіс- тычную літаратуру таго часу на роднай беларускай мове. Пётр Вялікі, маскоўскі цар, калі захадзіўся вучыць свой маскоўскі народ, дык ён набіраў сабе вучоных з Беларусі, з Полацку, і нашыя вучоныя таго часу далі яму азбуку, т. з. гражданку, на каторай і цяпер друкуюцца расійскія кніжкі. Па беларускай граматыцы М. Сматрыцкага расійцы доўга вучыліся грамаце, перакруціўшы, разумеецца, на свой лад, і Ламаносаў, напрыклад, напісаў па ёй першую велікарускую граматыку.
А калі адабралі ў нас нашую волю і знішчылі нашыя даўнейшыя правы, то народ наш стаў цямнейшы за другіх, бо не стала сваёй уласнай асветы, сваёй школы, сваіх вучоных людзей і пісьменнікаў. Іншыя народы ішлі ўперад, развівалі і мову сваю, і навуку, і асвету, а ў нас, беларусаў, нічога гэтага не было, бо ў нас адабралі нашую мову, у народа нашага вырвалі яго язык... І народ беларускі астаўся адзін, без сваёй навукі, асветы і пісьменства, без сваёй, як гэта кажуць, інтэлігенцыі.
І гэтак вялося не год, і не два, а цэлыя соткі гадоў. Праз гэта сталася тое, што на Беларусі ўсё роднае, сваё, беларускае, лічыцца простым, а чужое, няроднае — «панскім», расійскім ці польскім. Яно й дапраўды панскае, бо расійцы ў палітыцы, а палякі «тутэйшага родзаю» ў грамадскіх установах панавалі над намі. А за імі, за гэтымі панамі, і сам народ наш перастаў шанаваць сваё роднае і нават саромеецца яго. Француз горда скажа, што ён француз; немец ніколі не зрачэцца сваёй мовы, гэтаксама не зробіць гэтага і паляк ці чэх, або балгарын, а нашыя сяляне нават і не знаюць добра, хто яны, чыіх бацькоў, якога краю. Бывала, спытаеш у селяніна — хто ён? дык ён кажа: «рускі», калі праваслаўны, або «паляк», калі каталік. Бывала, чорная сотня закліча яго запісацца ў «союзъ русскаго народа», набрахаўшы, што за гэта дадуць яму зямлі, дык ён і туды запішацца. Патураючы панам-перакінчыкам і некаторыя з нашых сялян пнуцца быць «рускімі» або «палякамі», пагарджаюць усім сваім родным, вераць, што гэта ўсё простае, мужыцкае, і пачынаюць перакручваць сваю мову то на расійскі, то на польскі лад — «цокаюць», «какаюць» ды так калечаць сваю і чужую мову, што аж брыдка слухаць. І ўсё дзеля таго, каб падрабіцца пад паноў. Асабліва стараюцца тыя, што вучыліся ў царскіх школах або паслужылі дзе-небудзь у канцэлярыі ў пісцах, а ўжо пра тых, што выбіліся «ў паны», дык гаварыць няма чаго. Яны з родным бацькам гаварыць пры людзях саромеюцца, а некаторыя нават чэснае бацькоўскае прозвішча перарабляюць на чужынскае: так — Каваль — Кавалёвым робіцца, Карась — Карасёвым, Дуброўскі — Дэмброўскім і т. д.
Гэтак было колісь з чэхамі ў Аўстрыі. Немцы былі саўсім анямечылі чэхаў; там гэтаксама гарадскія людзі сталі гаварыць па-нямецку, а сваёй чэшскае мовы саромеліся. І толькі як настала там воля і сяляне крошку прасвятлелі, то завялі заміж нямецкіх школ свае чэшскія. Цяпер там усе, і гарадскія і вясковыя людзі, гавораць адною чэшскаю моваю. Гэтак было ў Нарвегіі, у Фінляндзіі і ў украінцаў. Таксама пачынаецца і ў нас цяпер на Беларусі.
Нядаўна яшчэ пачалося беларускае адраджэнне, пачатак яму палажылі нашы пісьменнікі і паэты і многа іншых верных і шчырых сыноў свайго краю. Яны самі скрозь гавораць па-беларуску, пішуць кніжкі, выдаюць газеты, стараюцца ўвясці сваю мову ў школах і ва ўсіх інстытуцыях нашага краю. І ўсім нам трэба вучыцца гаварыць па-беларуску, бо хто кажа, што ён беларус, а мовы беларускае не прызнае, той кепскі беларус. Не прынясе ён карысці роднаму краю. Міцкевіч і Сыракомля былі беларусы і ведалі, што яны беларусы, але калі яны гаварылі і пісалі па-польску, то ўся праца іх пайшла на багацце і пыху польскага народу. «Хто любіць Айца Нябеснага, а бліжняга свайго ненавідзіць, — сказаў Хрыстос, — той кажа няпраўду». Хто любіць свой край, а культуру яго не прымае, той лжэц — скажам мы ад сябе.
Трэба нам самім шанаваць сваю мову і гаварыць скрозь па-беларуску, як гэта робяць расійцы ці палякі, тагды і чужыя людзі стануць шанаваць яе. А то як жа яны стануць паважаць яе, калі мы самі не шануем?!
Дзеля гэтага нам трэба здабыць сабе навуку і асвету ў сваёй мове, каб дагнаць іншыя народы, бо мы далёка адсталі ад культурных людзей, дзякуючы таму, што не малі сваіх школ. Асвета наша павінна быць беларуская, бо толькі ў сваёй хаце свая воля і праўда.
Вялікі ўкраінскі паэт Т. Шаўчэнка сказаў:
|
Трэба вучыцца роднай мове. У нас чамусь думаюць, што калі кніжка ці газета напісана па-беларуску, то яе павінен разумець кожны, нават бязграматны. Каб мова заводзілася толькі дзеля таго, каб лягчэй разумець, то можна было б і не турбавацца: народ беларускі здолен навучыцца ўсялякай мове. Але родная мова мае сваю ўласную цану і значэнне. Перш-наперш, разумеецца, яна дапаможа нам лягчэй і хутчэй пераняць навуку і асвету. Але сэнс у тым, што родная мова — гэта душа народа, яго скарб, багацце і аздоба. Толькі праз асвету ў роднай мове мы дойдзем да лепшай долі, толькі яна выведзе нас із цемры на шлях волі, братэрства і светлага, разумнага жыцця. Быў час, калі ў Заходняй Еўропе ў школах і навуцы панавала латынь. Тагды навука, перанятая ад грэкаў і рымлян, спынілася. Людзі тапталіся на месцы, ламалі голаў над кабалістыкай і алхіміяй, шукаючы некага «жизненнаго элексйру». І толькі тады, як трокнуліся яны, што гэтага «жизненнаго элексиру» і шукаць не трэба, бо яны яго маюць, і што гэты эліксір ёсць іх родная мова — толькі тады пачалася эпоха адраджэння і людзі шпарка сталі пасувацца ўперад па дарозе да навукі, асветы і людскага дабрабыту.
Цікава, што і народ у істоце сваёй разумее гэта і выказаў гэта ў сваіх песнях і казках. Мы ведаем, што народ беларускі, змагаючыся з гістарычнымі злыднямі сваімі, страціў апошнія сілы ды мэрам заснуў летаргічным сном. І мабыць, у гэты страшны час цішы і нацыянальнага ўціску, стварылася казка пра забітага брата. Апавядаецца яна не ўлетку, як свет Божы грае і красуе, і не ўзімку, калі мароз і завіруха, а ў час вялікага посту, напрадвесні, напярэдадні новага жыцця.
|
Брацяйкі — гэта Польшча і Масква, пад панаваннем каторых жыла Беларусь... І апавядаецца ў казцы гэтай, дзе дастаць тых лекаў, дзе можна расстарацца тае вады жывучай і гаючай, каб адратаваць забітага брата.
Для нас, сучасных дзяцей Беларусі, тымі лекамі, тою вадою жывучаю і гаючаю ёсць нашая беларуская мова, пісьменства і асвета на грунце роднай культуры.
Толькі мова і засталася ў народа нашага ва ўсе яго злыдні, толькі яна, моў тая дудачка ў казцы, грала і прамаўляла ўсяму свету, што жыў яшчэ наш народу і жыць ён хоча, і жыць ён можа, і жыць ён будзе. Адна яна, нашая родная мова, асталася памяткаю даўнейшай славы Беларусі і служыць нам неўміручай надзеяй на будучы росквіт, а цяпер нясе народу свет свядомасці нацыянальнай, палітычнай і грамадзянскай.