Родныя зьявы (1914)/Адгукнуўся

„Дзеравеншчына“ Адгукнуўся
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Бунт
Іншыя публікацыі гэтага твора: Адгукнуўся.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адгукнуўся.


Ноч была цёмная, ціхая, цёплая. Ні месяца, ні зорак зусім не было відаць. Праўда, ў гэту ноч месяц і не падымаўся; можэ і ён пёк сабе дзе-небудзь пірагі і бабкі к Вялікадню, повярнуўшыся сьпіною к зямлі. А што належыць да зорак, то яны хаця і былі на небі, але пазакрываліся хмарамі. Можэ яны там мыліся ды прычэсываліся — іх дзявочая справа. А ўрэшці ці ня ўсё роўна? Толькі-ж усюды было ціха. І усё пазірала не так, як заўсёды. Неба і земля абняліся у змроку і маўчалі. Калі-не-калі на зямлю спадала колькі капеляк дожджыку. Здавалася, што хмарка не магла стрымацца, каб не шэпярнуць чагось прыемнаго маладой зялёненькай траўцы і маладзенькім лісточкам на дрэвах, каторые ешчэ нясьмела выглядалі с сваіх калысачэк на Божы сьвет.

У сяле так сама было ціха. Там і сям па хатах сьвяціліся вокны. У двух ці у трох хатах за сталамі сядзелі старые мужчыны і сьпевалі. Так вядзецца з даўных часаў. У ноч перэд Вялікаднем збіраюцца старые мужчыны у хаты і там сьпеваюць сьвятые песьні аб пакуці Хрыста, покі бацюшка ня кончыць і не пасьвенціць пірагоў, бабак і скораму. Самы набожны і самы пісьменны селянін сядзіць на покуці, а другіе абапал яго і спеваюць. Часамі мужчыны зьбіваюцца з голасу і сьпевы не ладзяцца.

— Ты, Андрэй, ня гэтак вядзеш, — знаходзілі зараз-жэ вінаватаго.

— Як-то ня гэтак? Вы спытайцеся ў Пранціся. Гэта вы зьбіваецеся. Во як трэба.

І Андрэй паказываў, як трэба…

Мужчыны выслухоўвалі Андрэевы сьпевы. Падтрымоўвалі яго старану. Сьпевы зноў наладжываюцца, зноў сьпеваюць згодна, і нота іх сумнай песьні вылетае на вуліцу і, зліўшыся с цішынёю ночы, замірае.

А цэрква поўна народу. Плашчаніца, абстаўленая маладымі ёлачкамі і залітая блескам капеечных сьвечак, стаіць пасярэдзіне цэрквы. Дзяцюкі чытаюць „Дзеянія св. апосталаў“ на пераменку. Усякаму хочацца паказаць свой голас, і не адзін пасьля змены пытае.

— А я, як чытаў?

Заціснуты народам, прыпёрты у куточак, стаяў селянін Лукаш Глузд разам з другімі у цэркві. На душы было спакойна і лёгка. Ён часамі кідаў погляд на цэркву. Здавалася усе былі вясёлы, давольны і радасны. Людзі прыходзілі, кленчылі каля плашчаніцы, білі паклоны і маліліся. Пахла сьвечкамі і маладымі ёлачкамі. Стоючы тут у гэту ноч, забываў Лукаш пакуту і ціжар свайго жыцьця, сваю горкую бядоту і галоту. І ў Лукашовым сэрцы абудзіліся думкі і ўспомніў ён далёкіе гады свайго дзіцячаго жыцьця. Як лёгка тады жылося на сьвеці! Ні аб чым не балела душа. Як радасна ён сустрэчаў, бывала, Вялікдзень! Як вясёла бегаў с сябрукамі па валачобнаму! А гдзе цяпер яго сябрукі? Іншые, як і ён, даўно пажаніліся, цягнуць гэтае самае ярэмцэ, што цягне і ён, а іншым Бог даў спосаб выбіцца у людзі. Э-эх! Уздыхае Лукаш. Думкі патхапілі Лукаша, моцна узяўшы яго пад сваю абладу, і панясьлі далёка-далёка у той сьветлы рай успамінаньня, на каторы, як нехта сказаў, кожын з нас мае права, і с катораго нас ніхто ня выкіне. Думаючы так, Лукаш забываўся, дзе ён, і крок за крокам азіраў сваю прошласць.

У гэтай самай цэркві стаяў ён перэд труною свайго бацькі і мацеры; тут-жа стаяў ён с сваею жонкаю, і над імі трымалі вянцы… І былі мамэнты, калі ў Лукашову душу ўлівалася нейкая горэсць і туманіла яе, якбы яго хто крэпка хапаў за самае сэрцэ. Гэта была сьвядомасць утраты чагось добраго, мілаго, харошаго, далёкаго. Лукаш моцна праводзіў рукою па твары, каб адагнаць гэту гаркату. І раз узварушыўшыся пабеглі гэтай дарогай Лукашовы думкі. Каб адагнаць іх, Лукаш хрысьціўся, ўспамінаў пра Хрыста, пра яго пакуту за людзкіе грахі. Толькі-ж, сам таго ня хочучы, Лукаш зноў думаў аб сваім жыцьцю. А гэтые плыты! Вось дзе ешчэ сабачы заработак! Тры тыдні стаіць яго плыт на адным мейсцы. А ён думаў да Вялікадня загнаць яго у Коўну. Ды дзе там? Вада, як морэ.

А дзяцюкі чытаюць, цягнуць голасам і тым даўжэй, чым горэй хто разбірае славянскі друк. Тымчасам падышла і поўнач. Народ прыбывае і прыбывае. Пачалася адправа. Бацюшка адзеў сьветлые рызы. Нават і ён сягоньня весялейшы і здаецца лагаднейшым. Зноў Лукашу робіцца лягчэй. Пеўчые на клірасі стараюцца з усіх сіл. І натоўпілася іх там колькі! Потым пашлі с працэсіей кругом цэрквы. Лукаш бачыў, як да аднэй харонгі сунуліся Гаронім Дзежка і Язэп Чупрына. І таму і другому хацелася несьці харонгу. Бачыў Лукаш, як абодвы мужчыны паляпіліся рукамі, покі Язэп, як часьцей ходзючый каля бацюшкі, ня вырваў у Гароніма харонгу і панёс. Лукаша змарыў сон, і ён заснуў. І ў той час, як народ хадзіў кругом цэркві, Лукаш сьніў сон. Прысьніўся яму пракляты плыт. Вот, здаецца, Лукаш стаіць с прысам на галаве плыта, а Піліп—заднік, яго памочнік, завіхаецца на задзі. Вады чуць-чуць тоўпіцца ў берагох і плыт плыве па ёй лёгка, як трэска, толькі ў нартох звіваецца ён, як вужака, скрыпяць лаўкі, і плыт борзда-борзда бяжыць за вадою.

Працэсія вярнулася у цэркву, і зноў началося маленьне. Вось выходзіць з аўтара бацюшка с трысьвечнікам, кланяецца народу, віншуе яго і радасна кажэ:

— Хрыстос ўваскрос!

Тут толькі прымеціў Янка Бязногі, што Лукаш, с каторым Янка стаяў поплеч, сьпіць. А Лукашу ў гэты момэнт сьнілася, што яго плыт крута заламала ў бераг. „Дам казла! дам казла!“ думае у ва сьне Лукаш і кідае апачыну, хапаецца за прыс.

У гэты момэнт Янка Бязногі пачаў штоўхаць Лукаша пад бок.

— Лукашка! Лукаш! Хрыстос уваскрос! Прачніся, адгукніся! Хрыстос уваскрос! — Лукаш не прыйшоўшы ў памяць, лыпнуў вачыма і, думаючы, што ён ешчэ на плыце, загаманіў на ўсю цэркву:

— Піліп! Кідай шырыгу[1]!..





  1. Шырыга — гэта прылада для кірававьня плытам.