Родныя зьявы (1914)/Дзяліцьба

Недаступны Дзяліцьба
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Знайшлі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзяліцьба.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзяліцьба.


I.

Ну, што ты з гэтымі бабамі зробіш?

Калі ў хаці жывуць дзьве бабы, то ўжо спакою німа.

Гыр-гыр-гыр! гыр-гыр-гыр! гыркаюцца яны ад самаго раньня.

Адна — капач, тая — мешалка.

Тая — гультай, другая — няўмека.

Так і кідаюць адна аднэй на вочы.

А як лягуць спаць, то кожная ўсю ноч шэпчэ на вуха свайму мужыку, — нагаварывае на другую.

Мужыкі толькі скрыва пагледаюць адзін на аднаго. Але, пакуль што, маўчаць.

Да дзяліцьбы ешчэ далёка.

Дзяліцьба ідзе вось у якім парадку: перш-на-перш на пляц выступаюць бабы.

Бабы сварацца год, год с палавінай, а то і цэлых тры. (Мой нябошчык дзед казаў, што яго нябошчыца жонка сварылася з яго нябошчыцай братавай цэлых дванаццаць гадоў!). Наўперад бабы сварацца па троху, — так, гадзіну, дзьве ў дзень. Потым сварцы адводзіцца больш часу — гадзін 5-6.

Да гэтаго часу мужчыны яшчэ маўчаць, набіраюцца толькі злосьці. Мужчыны сварацца часьцей у вечар, ці у сьвяты дзень, бо ў будні німа часу. А бабы тым часам пачынаюць пробаваць моц сваіх чубоў. Вараць яны у аднэй печы, але у асобных гаршчках. Дастаецца тут і бедным гаршчкам! А ўжо посьле жанок бьюцца мужчыны.

Каб падзяліцца, ешчэ мала пабіцца адзін раз: трэба найменш разоў восем, каб разоў тры засыхала скурка на носі, разоў шэсьць абадраць твар, ды ліхтар паставіць каля вока, а лоб убраць гузам, або і двумя. Тагды толькі можна лічыць, што права на дзяліцьбу здабыта.

II.

Дзякуй Богу, што Бог сярдзітым людзям не дае многа сілы!

Сымонешчэ змалку паказаў сваю злосьць. Раз ён завёўся нешта с сваей сястрой Марцэляй. Мой Сымон так узлаваўся, што ўкусіў сястру за жывот. А то-ўжо быў ён дзяцюком. Сымон любіў часамі зухнуць. Загнаўшы да Коўна плыт, ён купіў сабе стары афіцэрскі сурдут. Бацька дома і давай прабіраць за гэта Сымона. Сымон кінуў аб зямлю сурдут, пачаў таптаць яго нагамі; — потым парваў на сабе кашулю, порткі, залез голы на жорны і сказаў:

— Так Пан Езус пакутаваў!

Мікола не ўступаў у злосьці свайму брату Сымону. Так, раз ён паехаў на поле па ячмень. Падыймалася хмара, грымела. Мікола наклаў воз на борздую руку. Толькі што ён нукнуў на каня, — шусь ячмень з воза. Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Не пасьпеў ён выехаць на дарогу — ізноў бух ячмень з воза!

— То ты гэтак??! — крыкнуў Мікола.

Схапіў тут парубень і давай малаціць ячмень. Памалаціў, вытрас, салому палажыў на воз і сам сеў.

— Папробуй цяпер раскідацца, пракляты!

Другі раз Мікола пабіў у сваей хаці вокны, місы, гаршчкі. Нічому не давала спуску качэрга. Пабіўшы усё, што можна было пабіць, Мікола стаў сярод хаты і пазірае, каб ешчэ што пабіць. Але ўжо усё было спуставана.

Сымон і Мікола сварыліся ўжо гадоў тры, а за апошніе часы сталі і біцца, а гэта азначала, што скора будзе дзяліцьба.

Сымон і Мікола ў нашым сяле былі тым, што ў горадзі тэатр, толькі што білетаў ня трэба браць: прыхадзі сабе, слухай, пазірай, весялі сваю душу.

І Карусь с-пад карчмы кожны вечар стукаў у вакно свайго суседа Базыля.

— Чаго ты? — пытаўся Базыль.

— Хадзі у Сьвінную вуліцу: зараз будзе бой.

Базыль апранаў кажух, браў капшук з люлькай і ішоў на двор. Закурыўшы люлькі, яны ішлі у Сьвінную вуліцу. — Карусь паперадзі, Базыль на два крокі з-заду. У Базыля ў люльцы быў цыбук просты, у Каруся — крывы. Дым з Базылёвай люлькі ішоў згары, а с Карусёвай — з нізу.

III.

А ў Сьвінной вуліцы, каля Мікалаевай і Сымонавай хаты, была ўжо цэлая камэдыя.

Тут былі і старые, і малые, і бабы, и дзеўчаты.

Глаўнае мейсца займалі Сымон з Мікалаем. Сварка с першых слоў дакляроўвала цікавы бой. Вакруг ваяк стаяла жывая сьцена народу. На перадзі стаяла неколькі чэлавек, каторые борзда умелі зьвясьці Сымона з Мікалаем. А другіе толькі пазіралі. Калі „звадыяшы“ бачылі, што бойка раскідаецца, то тагды ўмешваліся яны.

— Эй, Сымон! Як табе ня брыдка? Мікола даў дулю, а ты толькі нос атхіліў.

— Дык я яму дам дзьве! — крычаў Сымон і торкаў Міколе дзьве фігі.

Другі звадыяш пхаў Міколу на Сымона, і бойка гатова!

Але на гэты раз звадыяшам не было чаго рабіць: Базыль с Карусём — а яны заўсёды прыходзілі к пачатку камэдыі, як якое начальства, — убачылі вось што: Сымон трымаў у руках мялён, а Мікола — грамнічную сьвечку. Сьвечка была мала чым менша ад мялёна, — палкі, каторай круцяць жорны. Аказалася, што бой быў у хаці, і Сымон прыпёр Міколу у кутку. А як бараніцца не было чым, то Мікола і схапіў сьвечку, каторая стаяла каля Міколы Чудатворца. Мужчыны адабралі ад іх мялён і сьвечку.

Нейкі чорт так і цягнуў байцоў аднаго да другога.

Зляпіліся.

Такая была цікавая бойка, што аж месяц залюбаваўся ёй. Ўсё сьціхла.

Ўжо Мікола быў тры разы на Сымону і тры разы пад Сымонам, а бой усё ідзе. Патаміліся яны, як пеўні.

— Стой! Стой! — крыкнуў Сымон: — дай, абору падвяжу!

У баю развязалася аборка на Сымонавым лапцю. Мікола стануў.

— Гы-гы-гы! — рагатаў Карусь.

Сымон стаў падвязываць абору, а Мікола стаяў каля яго: чэкаў.

— Ну, цяпер! — гукнуў Сымон, паправіўшы лапаць.

Мікола не даў нават Сымону атсапнуцца і наляцеў на яго хрыбеціну. Сымон прыгнуўся йшчэ больш і схапіў Міколу у поў так, што ногі у Міколы апынуліся ў гарэ і так спрытна буркануў Міколу, што той стаў на ногі.

— Чэкай! чэкай, Сымон! — загаласіў разам Мікола.

І пакуль Сымон аглядзіўся, што такое прылучылася, у грамадзе падняўся рогат. Карусь выпусьціў з зубоў люльку, а Базыль выцер рукою шыбу. Ўсе аж трэшчалі ад сьмеху: у Міколы спаўзла адзежына!

Нават Сымона праняў сьмех.

— Вось як біцца с Сымонам! — гаварыў ён.

І пакуль Мікола апранаўся, Сымон накладаў у люльку тутун з поглядам чэлавека, ўзяўшаго верх.