Родныя зьявы (1914)/Кажух старога Анісіма

На начлезе Кажух старога Анісіма
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Старые падрызьнікі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кажух старога Анісіма.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кажух старога Анісіма.

(Казка для старых).


Хто толькі знаў старога Анісіма, той знаў яго стары кажух. Ніколі ён з ім не расставаўся ні летам, ні зімою. Такі ўжо быў звычай у старога Анісіма. А як ён шанаваў гэты кажух!

Ад доўгіх часаў свайго жыцьця кажух сусім сашмуляўся, выліняў, і сам чорт не сказаў-бы, ці гэты кажух быў белы, ці чырвоны. Ды і самы гэты кажух стаў не падобен да кажуха, а калі яго і называлі кажухом, то называлі ўжо ў сілу звычаю. Паміж мужыкоў было многа жартаў пра гэты кажух. Дзеці проста пальцамі тыкалі на яго, чуць толькі дзед Анісім пакажэцца ў ім на вуліцу.

А дзед якбы і ня чуў, і вухам ня вёў. Толькі ўжо ў канцы, як стануць надта дапекаць яму, ён усердуецца.

Калі кажух і трымаўся так доўга, то трымаўся толькі дзякуючы старому Анісіму: чуць гдзе пакажэцца дзірка, Анісім браў голку, ніткі, чэпляў на нос акуляры і садзіўся за рэпарацыю кажуха. Зашые адну дзірку, паложыць латку, прыгладзіць, глядзіш — у другім мейсцы кажух разлазіцца. Зноў дзед садзіцца за работу. Потым ён больш нічога і не рабіў, як толькі клаў латкі. Латка чэплялася за латку, то як кастры аладак, то як кучкі медзякоў. І не было на кажусе ні аднаго жывога мейсца: так застракацілі яго белые і чорные ніткі і так патыкала яго голка. А колькі ўсякаго бруду завялося ў кажусе! Ды станоўкі быў гэты дзед: ні чым яго не перэставіш, ніяк не ўдзяўбеш яму ў галаву, што схадней зрабіць новы кажух.

— Ого! Зрабіць новы кажух! Лёгка сказаць „зрабіць новы кажух“, — круціў дзед старымі калтунамі і пачынаў вылічываць і заўсёды канчаў тым, што рабіць новы кажух ешчэ рана.

— Гэ! ці многа ты налічыш, хто-б меў такі добры кажух? Ведаю я цяперэшнюю моду. Зробіць стрынгаля і бегае, як кот з апечэным задам, калі мароз удэрыць, — сьмеяўся Анісім.

Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: — гэта-ж ён расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца, — заразу развядзе.

І вось маладые хлопцы надумаліся украсьці гэты кажух і спаліць. Але-ж як яго украсьці? Праўда, цяпер дзед жыў адзін — усе поразьбегаліся ад яго. Толькі прусы да тарканы гнездзіліся ў суседзстве з дзедам. І дзед так шанаваў свой кажух, ніколі з ім не расставаўся і так крэпка з ім зжыўся, што трудна было распазнаць, гдзе пачынаўся дзед і гдзе канчаўся кажух. А зойдзеш у яго хату, як ён сьпіць — прусакі і ўсякі бруд так заварушыцца, што няіменна абудзіць дзеда. Толькі-ж хлопцы выбралі такі часіну. Дзед спаў. Але і спаў ён у кажусе. Думалі, думалі хлопцы, як выкрасьці кажух. Нічога не прыдумалі, як толькі расперэзаць яго і лёганька сьцягнуць. Але старые сьпяць чутка. Праўда, кажух такі расперэзалі. А як сталі зьнімаць яго, дзед абудзіўся. Стары быў ешчэ крэпак. Як схопіцца ён, як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Не для ўсіх кончылася шчасьліва: хто сіняк зарабіў, хто ліхтар на лбе, а хто дык і рэбер не далічыўся. Толькі і ўсьпелі зрабіць, што рукаў адарваць і кусок крыза вырваць. Але дзед уставіў новы рукаў с старой аўчынкі і нават каўнер патправіў, і ўсё-ж такі фарсіць ў старым кажусе.

— Ахвота вам, хлопцы, займаць старога! Бог з ім. Ніхай дацягае свой век. Колькі яму засталося? А памрэ ён, і кажух пахаваем з ім: разам жылі, ніхай разам і спачываюць.

Ды хлопцы на гэту гутарку ня згодзіліся: ходзяць за дзедам крок у крок ды кажух яго скубуць. А выжыўшы з розуму дзед ганяецца за імі с кульбаю.