Родныя зьявы (1914)/Казкі жыцьця

Злучыліся Казкі жыцьця
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Адзінокае дрэва.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Казкі жыцьця.


Гэта было самае звычайнае дрэва. А калі яно і зварачала на сябе ўвагу, то хіба толькі тым, што стаяла адзінока. Але той, хто шчыра чытае кнігу прыроды і ўнікнуў у яе жыцьцё, ешчэ прыкмеціў-бы, што гэтае дрэва, апроч сваей адзіноты, мела нешта чыста свойскае, асобнае, што прыналежала толькі яму аднаму. Нават агульны выгляд яго твару — бо і дрэва мае свой воблік — меў характар цікавай асобнасьці. А як такіх шчырых і ўспагадных знайкаў або сусім ня было, або было надта мала, то ніхто не зварачаў на яго ўвагі, і яно стаяла тут, закіданае і крыху зьневажанае людзьмі.

Сьперша нават здавалася, што гэта закіданае адзінокае дрэва стаяла збоку жыцьця — больш гібела, чым жыло, а на праўду выглядзела, што яно жыло шмат паўней і глыбей пачувала жыцьцё нават тых дрэваў, што расьлі ў лесі. Такі ўжо характар адзінjты, гэта яе ўрода, яе істота. І хто хочэ жыць паўнейшым жыцьцём і гастрэй пранікаць яго цемры-глыбіны, той павінен жыць адзінокім і незалежным. Адзін толькі вецяр любіў часта варушыць лісцьцё гэтаго дрэва, гойдаць яго галінкі і шэптаць яму хітра-лісьлівые рэчы. Толькі вецяр — хоць і часта ён дзьме ў пустых галовах — умее быць сталым, умее маўчаць.

Праўда, крумкач-гарапашнік не адзін раз чуў тые размовы-шэпты ветру і дрэва. Але крумкач залішне важны для таго, каб разносіць чужые гутаркі па сьвеці; хіба так, зьнячэўку прамовіцца калі. За тое-ж крумкач, калі што скажэ, то скажэ праўду. За тым-жэ і вароны паважаюць яго, як жыды рабіна.

Была тут ешчэ адна важная асоба, без каторай не адбывалася ніводная тутэйшая справа. Асоба гэта — ручаёк. І часта бывала, шла жывая гутарка між ветрам, дрэвам і ручаём, а крумкач, начуючы тут, любіў паслухаць іх гаворку і сам нават зрэдка устаўляў сваё мудрае слова.

А што было найдзіўнейшым, дык гэта тое, як вецяр, так і ручаёк крэпка палюбілі адзінокае дрэва; па гэтай прычыне, ніколі ня было згоды між ветрам і ручайком. Кажу „палюбілі“, бо начэй трудна назваць іх такую шчырую прыхільнасьць. Але трэба памятаваць, што бадай ня кожная рэч мае два бакі — паказные і супраўдзівые. Можэ гэта з паказнога боку здавалася, што ручаёк з ветрам моцна ўкахаліся у дрэва. Нехай аб гэтым судзюць мудрые і кемные людзі, а я толькі раскажу, як усё тут было.

Вясной і ў летку часта-часта прылетаў вецяр да дрэва, абыймаў яго і сваімі пацалункамі асушаў роску з зялёнаго лісьцьця яго.

Як я люблю цябе, маё ты мілае і прыгожае, — гаварыў вецяр, — ты слухай толькі мяне і больш нікога, спусьціся на маю сьвядомасьць, на сілу маю, на маё моцнае каханьне. Можэ халадно́ табе? я праганю хмары, ачышчу неба і скажу сонцу, каб грэла цябе. Люблю я дзетак тваіх, бо твае дзеткі — мае дзеткі! І вецяр прынікаў да яго ешчэ цясьней і абыймаў моцна-моцна.

Дрэва ўсё дрыжэла ня то з радасьці, ня то ад трывогі і асыпала, сваё насеньне. Вецяр патхопліваў яго і нёс далёка-далёка. За доўгіе часы ён многа занёс сюды насеньня гэтаго. З насеньня таго вырас цэлы лес, у каторым і спачываў, як было горача, гэты хітры і злы вецяр. Як толькі ён вывіхровываўся у сьвет, пачынаў балбатаць ручаёк, цякучы каля самаго карэньня.

— Ведаеш, рыбка, — журчэў ручаёк: — мне здаецца, што гэты вецяр фальшывы твой прыяцель. Языком ён намеле німа ведама што: ён табе і хмары разгоніць, і сонцу прыкажэ, — слухай яго толькі! А ў восень унь якіе штукі выкідае! А зімой што робіць? Ты заміраеш на ўсю зіму, нічога ня чуеш, што ён тут вытварае. А я хоць праз лёд, ды чую! Сьвістун! Ня слухай ты яго! Дзе твае дзеткі? Усіх разагнаў ён, а ты адно стаіш тут, як сірата, і твае дзеці сьмяюцца с цябе, бо так панавучаў іх вецяр. Іншая справа — я. Перш на перш мы — суседзі, і ў нас так многа супольнаго, што нам трэба моцна трымацца адно другога, бо мы — дзеці зямлі…

Ня скончыў ручаёк гаварыць, бо наляцеў вецяр і сыпнуў са злосьці у ручаёк цэлае воблака пылу.

— Высушу, як шкурат у Пятроўку, — пагразіў сярдзіта вецяр.

— Уй, батрак сусьветны! — сказаў ручаёк, пацямнеўшы ад пылу.

— Што?

— Батрак! батрак! батрак! грымеў ручаёк.

— Я цар усяго сьвету!

— Кажы гэта дурнейшым за самога, а на мне, валацуга. Ці-ж можна верыць табе, калі ў цябе сем пятніц на тыдні?! — Адным словам угнявіўся ручаёк, ды і цярпеньня не стала, і ён пабег далей, бубнючы ўсю дарогу на вецяр; яму было крыху крыўдна, бо дрэва больш хілілася да ветру, чым да яго.

Чаму?

Ручаёк ніяк ня мог узяць гэтаго на розум. Праўда, урэшці ён застановіўся на думцы, што вецяр больш мае ўвагі ад дрэва за тым, што ён языком леньціць і туды і сюды; не гаворыць праўды, а замазывае вочы рознымі байкамі. Якбы там ні было, а гэта ніколечкі ня цешыла ручайка і яму ад гэтаго ня лягчэй.

— А што думала само дрэва?

Яно часта нудзілася тут адно. Яму хацелася пабачыць сваіх дзетак, пагутарыць са сваімі роднымі, затым і выглядало яно такім задуменным і сумным. За доўгіе часы яно прывыкла да сваей адзіноты і страх, як любіла азіраць гэта жыцьцё, што кіпела ўвокал, і ўсе зьявы, якіе вынікалі і на небі, і на зямлі. І бывалі ў яго такіе мамэнты, калі нічога ня думалася, было так лёгка і добра, і самі лісьці яго ціха сьпевалі. Любіла яно паслухаць, што гаманіў непасіда вецяр і ручаёк любіла яно, толькі ня ўмела сказаць яму, як яно любіць яго. А ручаёк палічыў гэта за поўную неўвагу к сваей асобі.

Толькі-ж раз паднялася навальніца. Хмары, як мухі над гаршком куцьці, віліся чорным роям над зямлёй, апіразваючыся агнявістымі стружкамі. Страшна было. Але трэба было умешацца тут ветру, і цяпер ён зьявіўся такім, якім ён і ёсць па сваей натуры: буянам і забіякай. Чуць-чуць стрывала беднае дрэва — так рваў і крышыў яго вецяр. Нават крумкач павінен быў моцна ушчаміць кабдзюрамі галіну, каб ня скінуцца.

— Здаецца, я табе не насеньне з гэтаго дрэва, што хочэш сарваць і мяне для сваей забаўкі — сярдзіта сказаў крумкач.

Тут у дрэва развязаліся вочы; пазнала яно, які хітры і злы яго прыяцель.

Угнявіўся і ручаёк. Ён надзьмуўся, насупіўся і выкаціўся з берагоў, запеняны ўвесь. Зьневажэны, на яго погляд, дрэвам, ён адышоўся далей. Убачыла дрэва, што сябры яго пакінулі.

— Што рабіць?

Пусьці глыбей карэнькі ў зямлю, — сказаў крумкач, мудрая птушка, ляцючы на раздабыткі.