Родныя зьявы (1914)/Старасьць — не радасьць
← Зло—не заўсёды зло | Старасьць — не радасьць Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1914 год |
У старых дубох → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Старасць не радасць (Колас). |
Старасць — не радасць.
Аб чым гэта думае стары Базыль, седзючы ўсю зіму на печы, а вясною і летам гдзе небудзь на дварэ, або на прызьбі ў халадку? Сядзіць ён цэлымі гадзінамі і моўчкі пакурывае такую-ж старую, як і ён, люлечку, і сьліна часта цячэ па кароценькім цыбучку. Падыдзе да яго хто — сын ці нявестка, ці унук, або хто с суседзеў, ён скажэ колькі слоў, і скажэ ціха, спакойным роўным голасам. У гэтым голасе не чутно ні задору моладасьці, ні злосьці і крыўды сталаго чэлавека, ні жальбы старасьці. Так гаворыць толькі той, хто усё перажыў, усё пахаваў і каму ўжо нічога не асталося у жыцьці. Скажэ ды ізноў сядзіць маўчком, апусьціўшы многа пажыўшую на сьвеці пасівелую галаву.
А была і яго пара! Была у яго моладасць, былі сілы і здароўе, радасьці і надзеі, былі і нягоды, і іх нават было больш, як дабра́. Гучны, поўны сілы голас яго не раз калісь будзіў поле, як с конікам ціха йшоў ён за сошкай, або як востраю касою рэзаў траву ў лузі, ці як сякерай ссекаў ён векавые дзерэвякі ў лясох і выдзіраў з зямлі, глыбока і моцна засеўшые ў ёй карчы, каб прыгатаваць для збажынкі мягкую пасьцельку.
І дзе яно усё падзелася?
Ці было ўсё гэта?
Жыў чэлавек на сьвеці, многа бачыў усякай прыгоды, не адно пакаленьне прашло прад вачыма старога Базыля, а прышла пара і здаецца, што ты якбы і ня жыў на сьвеці, якбы усё гэта рабілася у сьне, бо усё злілося у адну чорную пляму, каторая вот-вот гатова патануць ў багне прошласьці.
Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызьбі. Ён ўжо нічога не бачыць, толькі вушы ешчэ злучаюць яго з жыцьцём, каторае шуміць і гамоніць усюды, ідзе ды ідзе сваім парадкам, але сам Базыль стаіць з боку, здалёк ад яго. Шарасьцяць па пяску вуліцы калёсы і крэкчуць ад ціжару наваленаго гною ці дроў, забарабаніць пустое вядро на плечах маладзіцы, ці дзяўчыны, з рэчкі дакоціцца крык плытнікаў і рыбакоў, дзесь-то з боку звонка гучаць дзіцячые галасы, адным словам ад усюль даносяцца зыкі жыцьця; ўсе, каму йшчэ трэба прайсьці свой круг, шумяць і гаманяць і робяць сваю работу. Адзін толькі Базыль лішні тут і усім чужы, толькі для аднаго яго міма праходзіць гэтае жыцьцё.
І сядзіць ён, пакурывае старую люльку, абапёршыся на кіёчак, і нешта думае, апусьціўшы у зямлю свае невідушчые вочы. Аб чым-жэ ён думае? Можэ аб тым, што ён такі адзінокі і забыты, што ўсе яго таварышы даўно ўжо лежаць пад крыжамі, і толькі ён, як той стары падгніўшы дуб, растраціўшы сваё лісьця, стаіць між зялёнымі дубамі і ўжо ня можэ сьпеваць з імі у вадзін тон песьню жыцьця.
Адно толькі чуецца ў гэтых думках старасць — чуецца ў іх смутак, бо цяжка стаяць над магілаю свайго жыцьця і пазіраць на яго разваліны.