Родныя малюнкі (Паўловіч)

Родныя малюнкі
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1914
Крыніца: «Віеlаrus», 1914, № 25; Беларуская дакастрычніцкая паэзія - 1967 - с. 314

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Родныя малюнкі


Люблю глядзець, як конь паволі
З сахой барознамі ідзе,
І чуць, як ціха, нудна ў полі
Араты песню завядзе.

Люблю глядзець, як брат наш сее
З малітвай шчырай на губах,
Як з кожным зерняткам надзея
Ў зямлю кладзецца у слязах.

Люблю, абходзячы ток, гумны,
Спаткаць вясёлую зару,
Глядзець, як лёгкі, зважны, думны
Туман ўздымаецца ў гару.

Люблю абшар лугоў прывольны
І слухаць стуль жалейкі стогн,
Калоссяў спелых шум павольны
І песні жней і кос пазвон.

Люблю я з ліповай лубкай святам
Усёй сям'ёй у лес сыпнуць,
Збіраць грыбы і там дзяўчатам
Ўдалую песню падцягнуць.

Люблю мяжой абходзіць мора,
Дзе грэчка скветчана, як снег;
Дзе пчолкі, снуючы ў прасторы,
Гудзяць, паўнюткія уцех.

Люблю я чуць, як песня льецца
Вясёлым рэхам на ўвесь гай, —
Вось спраўды толькі тут, здаецца,
І ёсць такі жаданы рай...

Люблю — як з поля ўсёй па пары
Са збожжам цягнуцца вазы
І чуць, як колы у цяжары
Скрыпяць, моў ў зімку палазы.

Люблю я родныя прывабы:
Там лес, там шастае вятрак,
Тут буракі цярэбяць бабы
І у прыпол страсаюць мак;

Там канапельку рвуць дзяўчаты,
А хлопцы бульбу ў мех кладуць,
Тут дзед ледзь топчацца ля хаты,
У вуллях пчолачкі гудуць.

Там чуць далёка рык каровы,
Бляе авечка, — і пастух
На дудцы грае... Льюцца словы...
Наўкруг прыволле!... вольны дух!..