Ты не пытай мяне, мой дружэ,
Аб той краіне, дзе я ўзрос,
Аб днях пагодных, золкай стужэ,
Аб роснай траўцэ, поўнай слёз:
Пакінь пытаць аб кветках мая,
Што так пярэсцяць на лугох
Дзе шчэбятлівых птушак стая
Пяе и снуе па стагох.
Аздобнасць неба — сонцэ, зоры
Душу сьвятлілі часта мне,
І сэрцэ, поўнае пакоры,
С падзякай к краю свайму мкне.
Пакінь пытаць, ці я збалелы
Свайго радзімага села
Пагляд санлівы і нясмелы
Яшчэ і сёньні помню я.
А хто-ж бы мог нямое поле,
Абшар квяцісты — сенажаць,
Дзе столькі працы, слёз у волю,
Так лёгка, здрадна зневажаць?
Пакінь пытаць аб хатцэ курнай,
Аб плот абвіслы ля гумна,
Пра ціхі шэпт вярбы спахмурнай
Пры самай прызьбе ля вакна.
Пра шлях, пра крыж на ройсьце смутны,
Пра векавечны рад бяроз,
Касцельных вежаў звон пакутны…
Ўсё сэрцэ ўздрыгвае да слёз.
Пакінь, браток, ня муч пытаньнем
Аб роднай матцэ, што ўвесь час
Мяне пясьціла і з бажаньнем
Мне над калыскаю не раз
Пеяла песьні с цёплай верай,
Жадала долі, шчасьця шмат…
Вер, тая песьня сумнай лерай
Зьвініць у сэрцы ад тых дат.
Пакінь пытаць пра жніў с касьбою,
Начлег, агнішчы, карагод,
У вырай доўгай чарадою
Буслоў і жораваў адлёт,
Дзе звон касы, дзе песьня жнеяк,
Дзе чуцен зычны рык кароў,
Туды душой нясуся неяк:
Рой сьветлых дум уздымае кроў.
А родных птушак як убачу
Адлёт, іх шумные рады,
Здаецца мне, што з імі трачу
Спакой й шчасьце наўсягды!…
Пакінь пытаць аб край, аб мове:
Сваё над жыцьце я люблю,
І ў прывітаньні, ў кожным слове
Я беларускі тон лаўлю, Што з глыбі шчырай, непадкупнай
Цурком з душы жывой плыве,
Гдзе ў працы чорнай, цяжкай, рупнай
Сумленьне з згодаю жыве.
Пакінь пытаць! Не дам я веры,
Каб Беларусь хто мог забыць:
Я пэўны — кожны з нас бяз меры
Любіў и будзе век любіць!!…
Мінск.
|