Родны край (1921)/II/«Разбойнік»

„Разбойнік“
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1921 год
Крыніца: Родны край, 1921, б. 90-93
Іншыя публікацыі гэтага твора: Разбойнік (Ластоўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разбойнік.

I.

Бурліць вада, разьбіваючыся аб цьвярдыя гранітныя грудзі камяня-разбойніка. А ён стаў ваодаль бе́рагу, пахінуўся супроць вады і быццам прыслухаецца, затаіўшы дух… І так ён тут, сярод жоўта-зеленаватых вод Дзьвіны, стаіць даўным даўно. Увясну пакрываюць яго воды і тады ён небасьпе́чан для ганкоў, стругоў і лайб, гружаных збожжам і лёнам, каторыя часта, лучыўшы на яго, разьбіваюцца. На Сёмуху зазвычай па над вадой відаць толькі яго лысую галаву, а ў Пятроўку — ён па пояс стаіць у вадзе́ пахінёны наперад і моўчкі ўзіраецца ў нямую, шэрую даль і моўчкі чагось чакае…

Мабыць, стаяў ён такжа і ўзіраўся, калі сюдой вараскі род на маляваных „ладзьдзях“ пад камандай Полтэса, вікінга-князя, ішоў у сутокі Полаты з Дзьвіной, каб заснаваці там тын і зрубаці горад. Памятае ён, мабыць, старога Рогвалада і красуню Рагне́ду з вольных дзён. Ня раз, мабыць, услухаючыся, лавіў ён гучныя зыкі полацкага вечавога звону ад Сьв. Софіі і горды гоман вольнага крывічанскага ве́ча. Ня раз аб яго ацяраліся ладзьдзі купе́цкага адважнага люду, што йшлі нагружаныя воскам, мёдам ды няшчысьлёнымі „саракамі“ кунічымі і бабровымі ў Рыгу і на Гоцкі бераг і к хамаву пле́мю з паклонам ад Крывічанскае зямлі і полацкага вольнага веча і ад залатога княжацкага пасаду і яго ве́рнай дружыны—Русі, просячы на заме́ну гартоўных мячоў, каванага срэбра, літага золата і самацьве́таў.

То былі часы, калі „не́мцу ў Русі, а Русічу на Гоцкім бе́разе была адна праўда“.

Дно Дзьвіны золатам цякло, а берагі серабром былі мошчаны. А рубяжы адкрыты і паміж князёў ня было праўды. І чужацкія рукі выцягаваліся па золата і па волю крывічанскую. Ня раз Дзьвіна мутна цякла, ўскаламучаная капытамі літоўскіх коняў. Прыходзілі яны ў багатую старонку, як мядзьве́дзь да борці і дзе́рлі скрылі залацістага мёду і душылі пшчол. Ня раз працавітыя пшчолкі нанова выцягавалі вузу і налівалі соты, але бывала, што ўпадаў і гніле́ц у борць… Тады разьляталіся пшчолкі. А Дзьвіной снавалі, як павукі, людзі з даўгімі абасе́чнымі, двуручнымі мячамі, у чорных бурносах, з „няме́цкім“ бе́лым крыжам і апутавалі павучыньнем старонку, а па павучыньні тым паўзла „ганзіятыцкая“ арава…

І ня было Русічу праўды на Гоцкім беразі…

На грудзёх у „разбойніка“ шчэрбы і равочкі, кругам раскінутыя, а пасярод схімніцкі крыж. Гэта па сьме́рці Барыса, Гінвілавага сына, на спамін па душы яго, з блізкой баровай пустэльні, што была на пясчыстым узгорку, па той бок Дзісенкі, сівы мніх, прывёўшы каменаклёва, загадаў высеч, каб кожны, хто пае́дзе міма Дзьвіной, уздыхнуў да Бога, кажучы: „Помозі, Божа, рабу твоему князю Барысу“… Цяпе́р гэтыя пісьмёны зьлізаны разьяранай Дзьвіной і ніклы толькі сьлед двох-трох літар відне́е…

Плыла багатырская пе́сьня, і кроў, і сьлёзы з мутнай вадой Дзьвіны, а доля наша спала. Калі-ж яна прабудзіцца?..

.....................

Даўно стаіць непадалёк ад бе́рагу гранітны каме́нь, і вада бурліць каля яго, быццам жалячыся чужаку, зане́сенаму з далёкае поўначы на крызе лёду, і даўно ўпорны чужак, пахінёны, ўслухаецца ў шэпты старонкі. Але народны сказ ня ве́дае аб ледавым пэрыодзе, і іншую повесьць перадае дзе́д унуку аб „разбойніку“.

II.

— Калісь-то даўным-даўно, супроць таго ме́сца, дзе упадае Дзісенка ў Дзьвіну, на востраве пасяліўся асілак.

Быў гэта муж у сажань росту, нялюдзкі, дзікі і прагавіты. Няпраўдай і разбоем жыў. З кожнага судна, што йшло Дзьвіной, браў ён выкуп. А хто не захоча даць выкупу, таму разбойнік заступаў дарогу і, схапіўшы крэпкай рукой за край судна, выварачаваў і тавар і людзе́й у ваду. Нікому не даваў спуску.

.....................

Раным-рана зазванілі ў сьвятой Софіі, у арліным гнязьдзе, на полацкім замку. Адклікнуліся ім званы ў Спаса і з княжай Се́лецкай сялібы. Паваліў народ на замак да сьвятое Софіі—сумны, не вясёлы.

Чаго-ж зажурыліся Палачане? Ці вораг непашчадны з цёмных пушч літоўскіх хлынуў, ці слабоды смале́нскія ўзбунтаваліся, ці Ольгавічы на Рагваложых унукаў паднялі меч? Ня вораг нахлынуў, і слабоды смале́нскія пад ласкавым ды пабожным князям у послуху, і Ольгавы ўнукі не паднялі ме́ча на Рагвалодзічаў, а дачка князева Прадслава з сястрой і братам выяжджаюць у далёку старонку на паклон да гробу Хрыстовага.

Ужо ладзьдзі, выразаныя, пазлачаныя стаяць пры бе́разе, і трыццаць малайцоў-грабцоў сядзяць пры ясянёвых тачоных вёслах, і бе́лыя парусы, як ле́бедзі, выгнулі грудзі.

Пасыпалі Палачане дарогу княжне Прадславе, і сястры яе́, і брату Давіду, чарнобылем-зе́льлем, багаткамі пушнымі і шматхварбнымі кволымі краскамі ад сьв. Софіі да каванага мосту і ад мосту да бе́рагу. Благаславіў ўладыка і бацька-князь з княгіняю, се́сьці ў ладзьдзю е́хаць у далёку дарогу.

Брызнулі вёслы сярэбранымі пацеркамі ўгару і паплыла княжна ўніз Дзьвіны ў сьвяту зямлю на малітву-паклон ад Полацкае зямлі, ад Крывічанскага народу.

.....................

Дзіўны ты, сказе народны, вольны ты птаху! Ты як та пралятаеш ад сучаснасьці да мінулых вякоў… Ты мёртвыя каме́ні ажыўляеш і кладзе́ш ім у вусны думы свае́, павяраеш ім скрытыя надзе́і і жаданьні…

Не для цябе́, сказе народны, тораны шляхі, дзе́лены ме́жы! Ня знаеш ты вострага зубу усёпажыраючага часу, ані згладжаваючага цалунку сьме́рці. Ты мёртвае ажыўляеш, забытае ўваскрасаеш, і волен тварыці дзівы. А калі дзе́ сьме́рцьцю ўсьне́ дух народны, там ты каме́ні ажыўляеш і адараеш іх прарочым голасам, і кажаш ім ісьці будзіці пабітых на духу, мерцьвякоў хадзячых.

.....................

Загадзя дачуўся разбойнік аб тым, што е́дзе княжна ў далёкую старонку, і спадзяваўся ўзяць з яе́ багаты выкуп.

Раным-рана ўстаў таго дня разбойнік і, убрыўшы па грудзі ў ваду, пахінуўшыся напе́рад, глядзе́ў і ўслухаўся ўве́рх Дзьвіны: вартаваў прыходу княжацкае ладзьдзі.

Адвячоркам, калі клалася даўгая цёмная засень на ваду ад крэпкіх дубоў, што дружнай грамадай абступілі высокі бе́раг Дзьвіны, пачуў ён гул далёкае дружнае пе́сьні грабцоў. А паждаўшы, пе́сьню чуваць было бліжэй і бліжэй, і ўсё яна расла і набліжалася, а ў канцы, на павароце ракі, панад цёмна-зялёным крушыньнікам і вербалозам паказаліся бе́лыя грудзі парусоў, а за імі і залочаная, выразаная, кшталтам зьмяі, галава ладзьдзі.

Разбойнік ніжэй пахінуўся да вады, затаіў дух і чакаў. А калі ўжо зусім блізка была ладзьдзя, ён, як дзікі рысь, скочыў да яе́ і крэпкай каранастай рукой спыніў яе́ ход.

Змоўкла пе́сьня. Грабцы выпусьцілі з рук вёслы, і вочы ўсіх зьвярнуліся на княжну, каторая ў той час малілася.

Княжна згарнула малітвеную кніжыцу і, палажыўшы яе́, устала; падыйшоўшы да разбойніка, адзвалася лагодным голасам:

— Хочаш водкупу? Пачакай, чалаве́ча, дам табе́ водкуп…

Разбойнік прыняў з ладзьдзі рукі.

— «Дам табе́ водкуп багаты,—казала дале́й сьвятая княжна, як буду сюдой варочацца назад…

Ладзьдзя паплыла з вадой міма вострава, а разбойнік ўсё стаяў пахінены напе́рад, быццам услухаючыся і ўглядаючыся ўдаль; і так стаіць ён па сягоньняшні дзе́нь, супроць таго ме́сца, дзе́ Дзісенка злучаецца з Дзьвіной, подаль ад бе́рагу вострава, каторы пазьне́й празвалі „Папоўскім“, затое, што багацьце і зямлю таго разбойніка воласьць аддала папу да цэрквы Ўваскрасе́ньня, што была па той бок Дзісенкі на пяскох.

Власт.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.