Рунь (1914)/Роднае карэньня

Атрута Роднае карэньня
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1914 год
Страхацьцё
Іншыя публікацыі гэтага твора: Роднае карэньне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Роднае карэньня.


I

…А ешчэ трэба паведаміць цябе, даражэнькі сынок наш, — чытаў лежачы на цьвёрдай канапе пасьля абеда, бацькоўскую пісульку студэнт-мэдык Архіп Лінкевіч, — што у новай нашай хаці жыць мы дужа баімся…

Архіп пацягнуў раз-другі папіроску, абтрос попел на бляху, буркнуў пад нос: «Што за дзіва?» і зацікаўлены пачаў разьбіраць далей закаручкі запэцканаго чарнілам пісьма:

…Здаецца ніразу не было таго ў нашым сяле, што дзеецца цяпер у гэтай хаці…

— Ну й пісара ж знайшоў бацька сабе, — у голас загаварыў Архіп, ніяк ня могучы разабраць слова ў пісульцы.

Ён ізноў зацягнуўся, вылаяў у думцы пісаку, што ня гледзючы на добры селянскі пачастунак і пяць капеек, так дрэнна пішыць пісьмы, саўсім не чытэльна, і задумаўся аб далёкім родным сяле, аб міленькіх старэнькіх сялібах і садку, што сам з бацькам садзіў колькі гадоў назад.

«Як многа слаўнаго ў нашых вёсках, сёлах, а тымчасам як яны непарушна-мёртвы у жыцьці. Час ідзець, — ў гары, ў воздусі лётаюць аэропланы, дырыжаблі; пад вадой жывуць людзі, як на зямлі; перэгаварываюцца на тысячы вёрст; даходзяць да таго, што думаюць замаражываць чэлавека на колькі трэба часу і ўзноў аджыўляць яго; усё ідзець шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшый мохам камень каля шляху, з мясьціны не скранеш… Сумна, сумна».

— У дваццатым вяку баяцца жыць у новай хаці. А чаго? — ну, пэўне, чэрці не даюць. — Так думаў-сумаваў студэнт.

…Мы ўжо й папа́ прывазілі і свянцілі яе, але нехта засеў у ёй і не дае начэваць… — прачытаў ён і аж зазлуваў:

— Выдумаюць сабе усякіх дурацкіх зданьнёў ды й, бытцым дзеці, забаўляюцца. Якбы рабіць німа чаго; э-эх!

…У прошлы чацьвер пайшоў батрак начаваць у ёй, бо там халадней, а у старой хаці аб цяперашняю летнюю пару дужа душна ды й мухі спакою не даюць. А лавак ў ёй мы шчэ не паставілі, дык ён і лёг на групцы, бо мы цяпер яе ня топім, і спаць там хораша…

Студэнту было троху сьмешна.

…Якое ўжо, не пры нас будзь казана, ліха здалося яму там, — пісалася далей у пісьме, — ці ён, можэ, вечарам з дзеўкамі перэжартаваў, ці часам да Міхаля у карчму зьбегаў, хто яго там ведаіць, а толькі не пасьпелі мы заснуць у старэй хаці, як раптам заляскаталі нашы вокны так, што мы аж адразу папрашнуліся і надта папужаліся. Матка й кажыць да мяне: «Нупрэй, Нупрэй, ці ня біць нас хто лезіць, што гэта робіцца?» А я — шусь! да вакна, гляджу, — ажно гэта батрак ў ваднэй сарочцы, без шапкі, босы, як адурэўшый, крычыць нема: «Дзядзічка, атчыняй хутчэй!» Атчыніў я вакно, упусьціў яго, а ён трасецца, зуб на зуб не трапляіць… — «Што такое? Што такое?» — запыталіся мы. — «Нехта у новай хаці с печы мяне зваліў.» — «Злодзей, можэ, ды там жэ красці німа чаго», — сказаў я, але батрак кляўся, бажыўся, што у хату чэлавек залезьць ніяк ня мог, бо ён на нач залажыў чэп у прабой, засадзіў кіёк і слісак с клямкі выцягнуў. Ніхто улезьці ня мог… А нехта, нявідзімы, сьлізкімі, як вужакі, халоднымі рукамі схапіў яго за ногі і махануў с печы на мост. І запраўды у батрака быў зьбіты бок і адзёрты аб цэглу рукі…

— Нячысьцікі завяліся там ці што? — злосна смеяўся студэнт і падумаў, што батрак пабіўся с хлапцамі за дзевак і паддурыў старыкоў чартаўнёй, як найлепей.

Архіп устаў с канапы і засігаў па сьвятліцы у задумленьні. Затужыў троху. І ўспомніў старога дзеда Міхалку, на катораго усе казалі, што ён тры гады бегаў ваўкалакам. Сам Архіп некалі даваў гэтаму веру.

— Што за народ наш, беларусы? — у голас задаў ён сабе пытаньне і размеркуваў, што доктарам будзе служыць на Беларусі і будзе зьбіраць матэр’ялы аб духоўным жыцьці свайго народу.

…А надоячы пашоў начаваць ўжо я і батрак, удвух. І так сама прыбеглі ноччу у старую хату, бо я прашнуўся, чуць не акалеўшы, пад зэдлікам, хоць заснуў на зэдліку, а на батрака, нехта узваліўся і душыў.

— Незразумела, уцяміць не можна, што за штуковіна такая, — ламаў галаву мэдык, і на глыбіне яго душы пачалі капашыцца абразы таёмнаго, страшнаго, шчыра-беларускаго…

Не дарма быў Архіп — выліты яго дзед, што да сьмерці заўсёды крэпка маліўся Богу і тымчасам лашчыў, як можна, дамавых, лесавых, вадзяных.

…Мы ужо ставілі у куце й «пратэсы», псалтыр чыталі і псальмы пелі, — нічога, рады німа, усяліўся нехта у хаці і не даець спакою. Ці не параіш ты чаго, а то хоць хату разрый…

Архіп задумаўся йшчэ больш. Дачытаў пісьмо, дзе пісалася ўжо, што кароўкі, дзякаваць Богу, пагулялі, малака даюць многа, жэрабё прадалі Зэліку, патсвінак здох, яблык урадзіла дужа-дужа многа. А потым ішоў цэлы ліст паклонаў «ад белаго ліца да сырэй зямлі».

Студэнт памаўчаў троху, шчэкануў пальцамі і тут жа патскочыў ад раптоўнай думкі — паехаць самому дамоў на гэту чартоўшчыну.

— Яблак, гуркоў, суніц, чарніц, маліны, грыбоў цяпер там… На сенакосі с касою гуляну, як у старыну калісь, з дзеўчаткамі знаёмства старыннае ўспомню, — пацешаўся студэнт, — а старые будуць рады-рады!

Думкі-хмары яго разляцеліся.

— К чорту ўрокі, перэдам учэнікоў таварышам, хопіць грошы, а то ешчэ зараблю у зімку, як-небудзь узнясу за права ўчэньня, а цяпер жэ у нашай вёсцы — сяле закутным — рай!

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

На другі дзень Архіп ужо тросся на зялезнай дарозі.


II

— Ну й коні ж твае! С крупадзёркі на скуру прадалі ці што? — запытаўся Архіп у балагольшчыка, дзівуючыся, што едуць яны — цішэй некуды.

— А як жэ… Быц вы тое ведалі, пане Лінкевіч, ведама сто ш крупаджоркі…

— Ну, ну паганяй, а то мы й к раньню не давалачомся.

— Гэ, гэ, гэ! Нэ-э, пасьлі, мае лярвацкі, — зацмокаў жыд, сцёбаючы пугаю па зямлі. — Даеджым, пане, даеджым! Гэ, гэ, гэ… Нэ!

Коні лавілі пугу хвастом, дрыгалі нагамі і гультайліва трасьлі па калюгах балагольскую будку.

Лес кончыўся. Выехалі на поле. Дарога пайшла роўная. Архіп залюбаваўся прыгожасьцю летняго вечэра. Серцэ ласуна да красы забілася дужэй у малых грудзёх яго. Наўкруг было так ціхамірна і так па нябеснаму святочна і прыгожа. Цямнела. На захадзі гарэла зара.

— Джу-нгу-у… паляцеў жук.

— Мэ, э, э… замаркатаў ў гарэ кала балота, дзікі баран (чэпік); сеў недзе на купіні.

Абапал дарогі было жыта у копах і на карэньню, што не пасьпелі ешчэ зжаць. С аржанішча нёсся прыемны жытні пах. З логу ціхі, цёплы ветрык тхнуў сенам. На небі паказалася зорачка, другая, трэцьцяя…

— Го-го-го, — кацілася далёка па лесі.

— Трполя, трполя, тпроля — клікаў нехта жэрабёнка.

Чутна у перадзі па дарозі: «Скры-гы-ы… скрыгы-ы… — вязуць нешта, ці снапы, ці сена, а можэ й хвораст. — «Нэ, нэ! — бадрыць коні паваждай, а яны цяжка йдуць па пылу, толькі: «шлёп-шлёп, шлёп-шлёп» — чуваць здалёку. Чарнеюцца вазы далёка, бліжэй, во, адразу вынурнулі:

— Добры вечар! Ці далёка тут да Белі?

— А вёрст пяць набярэцца.

— З гакам, — дадае з-за возу другі голас.

— Нэ-э-э! — паехалі далей, і ўзноў: «скрыгы-ы…»

На дарозі гоман. Ідуць с поля людзі, за гэткі дзянёк пазамарыліся, напрацаваліся.

С-пад лесу нясецца-коціцца песьня — жняі йдуць ад Хаіма с падзёншчыны. І праца не бярэ маладых, красных на здароўе, круглавідых дзевак… О! песьня; яны паюць:

— Загарэла вячэрняя зара…

А з другога боку ідуць са свайго поля жнеі, там пяюць:

— Добры вечар, гаспадынька мая!..

Маладые, зычные галасы смакуюць сьпеў, і ён рвецца са здаровай душы у дужым, ня хворым целі:

…Ці зрыхтавана вячэрыца твая?

Водгалас доўга ляціць па лесі. Эх! і пагода-ж, пагода будзе на заўтра.

І жнеі, і гоман, і песьні астаюцца па троху… Праежджаюць ціхую вёску; агнёў німа, сабака нейдзе гаўкнуў і змоўк, у пунях, хлявох жвуць каровы, а гаспадыні старые, што зараней с поля прыйшлі, там з даёнкамі: цур-цур, цур-цур…

Праехалі мосьцік, ярыня пайшла, а на полі цямней, ды цямней. Усё неба зорамі гарыць, дзіўнае, пекнае! Чароўнае хараство разліта ў ём…

— Драў, драў, драў, — сквярэцца драч; і ён сьціх. Ціха-ціха…

Не, во чуваць збоку шчэ, — павялі нашлежнікі коні ў лес пасьвіць. Смяюцца, рагочуць, жартуюць. Нейкі скалазуб сумысьля вугнава зацягнуў прыпеўкі:

Не хадзі ты па балоту,
Не мачы ты ног, ног…
Не любіся з багатою, —
Не паможыць Бог, Бог…

— Ай-я-я-я, я-я-я, — якочыць, прыстаўляецца каторы-то хлапчук.

Багатая — гарбатая,
А к таму-ж і пышна,
А бедная дык чэсная,
Яе у садзі вішня.

— Трым-трым, трым-трым, — у тахт басуюць другіе хлопцы, вясёлые, радые.

Усё ў полі супакоілася. А ні гука. Архіп быў ў добра-дэлікатным настроі. «Краіна родная мая…» — марматаў-пеяў ён ціхенька і думаў-думаў, што будзе праз дзьвесця, трыста, чатырыста гадоў тут, наўкола? Калісь тут лясы былі драмучые, непраходные, у лясох людзі пням маліліся і жылі са сваей доляй-нядоляю. Ішло жыцьцё, высекаліся лясы. Загарцавалі па тутэйшых мейсцох людзі ваенные-ратные, шмат костачэк маскоўскіх, польскіх, казацкіх палягло, «паміж пустак, балот беларускай зямлі…» Швэды, французы знаходзілі сабе тут вечны спакой. Божэ, Божэ, як гэта ўсё страшна і цікава!

— Паніч, — загаварыў балагольшчык з нейкім жахам, — вы, мусіць, ведаіця, што ў гэтым балоці, што на лева, калісь-то у даўные гады цэлы горад за нешта праваліўся скрозь-доньня. У ноч Купальскую чутны званы пад’земные, а каля вургана, гдзе манастыр быў даўней, іншые чулі, як манахі у скляпох абедню правюць…

— А хто ж гэта чуў? — запытаўся студэнт.

— Усе. Як гэта хто? Каму траплялася познай парой бываць тут, апынуцца… Бывае так ешчэ, кажуць: агонь нейкі над балотам бегаіць. Ты за ім — ён ад цябе, ты бліжэй — ён уцекаіць. Сіненькі такі, невялічкі аганёк. Кажуць, грошы схавана тут багата пад нейкім вялікім закляцьцем.

Не, дакончыў балагольшчык свае гутаркі, як далёка, на полі паказалася на самай зямлі полымя… Гарыць нешта… То шугае ў верх яно, ў бок, то бяз сілы зьбегаіць уніз.

Чорная сьцень, як чэлавецкая фігура, прабегла па ём раз-другі.

Праз неколькі часу полымя ўспыхнула у другім, у трэцьцім месьці…

Балагольшчык змоўк ад страху. Коні вышэй паднялі галовы і закруцілі вушамі. Сам Архіп пачуў, як закалацілася у яго сэрцэ і прыліплі на лбе валасы.

— Што за глупства? — у голас загаманіў ён, — каб разумна абмеркаваць, аткуль жа тут агонь у столькіх мейсцах: нашлежнікаў на парыні быць ня можэ, а ешчэ што ж?

Балагольшчык ціха зацмокаў на коні, дыргануў вожкі і нешта ціха шапнуў коням, а тые пабеглі шпарчэй.

Архіп задзіўлена глядзеў у поля, ў цямноту.

— Ось так чартаўня. Ну й ўцям тут, што за справа. І калі мне робіцца неяк ня добра, то што-б было з нашым батраком? І чэрці здаліся б, — раздумляў студэнт, каб неяк выбачыць сабе сваё спужаньне.

Ён йшчэ доўга, доўга углядаўся на полымя, а яно было ўжо цішэй, не шугала так у гару і патроху знікла саўсім.

Балагольшчык маўчаў, пакуль не пад’ехалі к самай хаці Лінкевічаў. Там ён, узяўшы грошы і пажадаўшы спакойнае ночкі, дабавіў неяк недаўменна:

— Ды й зданьнё ж! — і паехаў начаваць к Міхалю у каршму.


III

Архіп спаў доўга і смашна. Ноччу сьніў нешта, хто яго знае, якое, але прачхнуўшыся нічагусенька ня помніў. У хаці нікога не было, толькі чутна — у прысценку за дзьвярмі матка ляпала у качарэжніку вілкамі. Блінамі пахла… Сонійка гуляла снапамі сьвета па настольніку і па старэнькіх абразох. У куце гарэла лямпадка. На вуліцы, чутна, гаманілі, седзючы на бярвеньні, старые і хлопцы.

«Ага, сягоньня-ж сьвята», — успомніў Архіп, пацягнуўся і сеў.

— Ці ўжо прачхнуўся? Паспаў-бы ты, сынок болі: з дарогі замарыўся, — гаварыла маці за сьцяною.

— І так выспаўся, як пяньку прадаўшы, — вясёла адгукнуўся Архіп і пачаў адзевацца.

У галаве таўпесіліся думкі аб горадзі, таварышах, вуроках, к ім падбаўлялася дзіваваньне, што за зданьнё ўчора было і якая чартаўня завелася у новай хаці. На серцы было ўсё-ж-ткі радасна і спакойна ат цёплае вясковае абставы.

— Ну й сыбірнікі, расколы!.. На галаве пачынаюць хадзіць, — голасна і сурова загаманіў нехта на вуліцы, падыйшоўшы к кучы мужчын.

Архіп прыслухаўся.

— А што? Чаго ты? — запыталіся у сердзюка.

— А што-ж? Ну, ці можэ гэта быць? Семдзесят гадоў на сьвеці пражыў, а гэткае пракуднае ды й па праўдзі паскуднае зьявы не бачыў. Вы тут во сядзіцё і нічога ня ведаіце, а ў полі ноччу німаведама што парабілі арыштанты нейкіе. Янка! Схадзі ў поле, пашукай барон сваіх… І ты, Самусь, і ты, Гаўрыла…

— А што? Якое там ліха шчэ з баронамі?

— А такое, што нейкіе шэльмы іх ноччу спалілі.

На вуліцы падняўся клум, крык, гоман.

Архіп уцяміў.

— Дык вун там якое полымя шугала. Добрае зданьнё!

Тымчасам матка накрыла ўжо стол, палажыла бліны, паставіла скавараду з яешняю.

Прынёс бацька паўбутэлячку, і хоць не хацелася грашыцца старым (абедня ешчэ не адыйшла) але дзеля дарагога любаго сына і яны селі сьнедаць.

Пацекла бязконцая, прыемная гутарка аб тым, аб сім і аба ўсім.


IV

Доўгі дзень прайшоў — і ня угледзіць калі. Схадзіў Архіп ў поле, пабыў у лесі, даведаўся дзе-каго з бліжэйшай радні, абгледзіў сад.

У вечары ён захацеў безпрыменна іці начаваць у новую хату. Узяў кажух, табаку, падушку. Бацьку таксама пажадалася пайці с сынам: пайшоў і ён.

Новая хата была у канцы саду, недалёчка ад шляху і блізка к рэчцы. Пабудавана была добра; Архіп ладна зарабляў леташні год вурокамі, у сябе грошы меў і ешчэ сабраў бацьком на хату.

Пайшлі, агледзіліся. Бацька паклаўся на халодненькай грубцы, а студэнт лёг на лаўцы каля вакна. Дзьверы ён запёр, а вакно, дзе лежаў, атчыніў для сьвежаго паветра.

Пад вакном шамацела лісьця на ябланках і дулях. На небі зьбіраліся хмары, нейдзе далёка-далёка бліскала маладня.

Архіп закурыў, расшпіліў гузікі і адвярнуў каўнер кашулі, каб не было так душна.

— Архіп, не забудзься ж вакенца зачыніць.

— Добра, тата.

Бацька прывык уставаць рана, з вечара хутка заснуць мог.

І цяпер скора захроп.

Архіп лежаў, курыў і думаў…

«Як, ў істоці, ўсё каля нас дзіўна, неясна… Навука? Ну што ж навука? Яна, скажэм, дае малюпаценькіе атказы, якім парадкам робіцца што ў прыродзі. Ну і ўсё. Наўчоные людзі падлічылі, колькі важыць земля, ці далёка ад зямлі месяц, сонцэ; яны ведаюць, па якіх дарогах бегаюць плянэты, а ніхай дадуць яны атказ, хто пусьціў іх у гэткі гармонічны ход, ніхай яны знайдуць Першапрычыну усякае істоты. Навука ведаіць, што за жывучкі, няўгледные простым вокам, робяць хваробы, яна ведаіць, што ужываюць клетачкі, с каторых складаюцца людзі, жывёла, расьліны, але што ж? Як бы даў атказ, ён, Архіп, студэнт-мэдык, на пастаяннае пытаньне у «пісьменных» людзей дзядзькі Якуба: «Чаму чэлавек расьцець-расьцець гадоў так да дваццацёх, а далі як ты яго ні кармі, у росьці не прыбаўляецца. Здаецца і есьць таксама а другі і смашней, чымся змалку, а росту німа такога як раней. Што за прычына? Эге ж. Наўчоные ведаюць цяпер, як чэлавек зараджаецца, с чаго ён складаецца і многа чаго іншаго уцямілі. А ніхай жэ во яны самі набяруць з зямлі, чаго ім трэба, і створаць чэлавека. Не, навука ніколі не дасьць, бо ня можэ даць, атказу на праклятые пытаньня. Ды ў яе і цэль зусім іншая».

І Архіп успомніў, як ён з вялікім жарам і шчырай ахвотай пачынаў вучыцца, бо думаў, ды што думаў, — крэпка верыў, што у кніжках усё ёсьць, кніжкі ўсё раскажуць, ня толькі, як яно, але і аткуль яно?

І ось ён «укусіў» ад кніжнае мудрасьці… Папраўдзі, знайшоў такіе і гэткіе атказы, але ж, — Божэ! — пэўнасьці аніякай німа, німа. Хто даў гэтые атказы?

— Тые-ж людзі. Угу! — Бог адзін, а вер колькі на зямельцы Божай?

Архіпу было сумна і неяк трывожна.

«Мы ня ведаем, што будзе пасьля нашае сьмертухны, а на гэтым сьвеці на ўсё адгадкі найсьці ня можна, шукай ні шукай. І шчасьліў той, хто мірыцца лёгка з гэткім будаваньнем жыцьця, або хто бадай што ня думаіць аб гэтых «шалёных» пытаньнях, ці ў беганьні за кавалкам хлеба забываіць аб іх, шчасьліў ён. І горэ, вялікае горэ таму, хто захочэ хоць на адзін момэнт, адным вокам зірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, глаўнае, ня пэўны, ня пэўны шлях, і гэты шлях — сьмерць».

Закурыў другую папіроску.

«І то йшчэ дзіва: ніхай бы людзі дэлікатные, чуткіе, не запрацаваные ат цяжкае працы, ніхай бы яны гібелі ад гэткай мукі; дык не, дык жа народ просты, народ, катораго лаюць «цёмным», чаго ён, гэты шэры, аднатонны народ, па глухіх куткох, у лясох сваіх, сярод балот і пнёў, чаму ён мучыўся і мучыцца ат тэй жа болькі?»

Архіп зачыніў вакно. Яго пачынаў ужо марыць сон. А усё думалася: «Нічога ня ведаем, ня ведалі і ведаць ня будзем…» Сэрцэ пачнець біцца дужэй і сьціхніць, а нешта чорнае, вялікае ставіць прад вачамі, нейкіе узоры мітусяцца, і так добра, ладна лежаць. Навука, чэрці, зданьнё… Нічога ня ведаем… Бог, чэрці, душы… Ня ведаім…

І Архіп заснуў.

І на дварэ глуха грукатаў гром і бліскала, то й глядзі, малання. Зьбіралася бура. Яблынкі гальлём: «шу-шу-шу…» — ціхенька шумелі.

Архіп спаў.


V

Лес гулка гаманіў. Макухі дрэў трывожна, неспакойна так нахілялісь то дужа хутка, то паважна адна к другой і шэпталі нешта сваё, лесавое. Дарожка паміж густых елак ўсё вузела і вузела, а ні прайці, а ні пралезці, а ні прадрацца праз калючые зялёные йголкі.

Сухое дрэва страшна і балюча скрыпала, бытцым выказвала бяду, і горэ, і усякае ліха. А ешчэ далёка, далёка…

— Баў… — гудзіць звон на колькі вёрст уперадзі, гукаіць к сабе, завець, клічэ. А як жэ дайці туды?

— Баў, баў, баў, дзілінь-дзілінь-баў, — дробна аддаецца у вушох. Шуміць лес. Зарагатаў злый дух, заплакаў жаласна закугакаў і зьліўся ў аднэй жудасна-сумнай песьні скрыпучаго дрэва.

Блішчыць аганёк пад кустом, во-во другі пад старою бярозаю, а во трэцьці каля чорнаго пня, во й яшчэ адін, яшчэ, многа, многа, зданьнё…

«Што гэта я? — думае сабе Архіп, — то ж чэрвякі купальскіе сьвецяцца: чаго-ж баяцца мне? Пайду на звон шпарчэй, нанач дабяруся, дацягнуся».

— Троп, троп, хр… гкрдзбдзр… кажан каля самюсенькаго вуха шпоркнуў.

— Цзы-ыць, цзы-ыць… — без канца плачыць аб нечым камарок здохленькі і не даець спакою.

Зайшлося сэрцэ у Архіпа: схапіў ці не схапіў кажан волас з галавы у яго? Занясець ён той валасок на скрыпучае сухое дрэва, зашчэміць яго там паміж скабак калючых… І будзе сохнуць, як дрэва тое. Архіп датуль будзе хварэць-прападаць, пакуль дрэва скрыпець будзе; заваліцца, бахне аб землю яно, — і Архіп памрэць.

Расступіўся лес. На палянцы стаіць Архіп. Бачыць: што гэта? — Хата іх новая перад ім на аднэй назе круціцца, скачэ, верціцца…

«А — а, гэта я сон бачу, гэта я сьню ўсё… — уцяміў Архіп, — але ж які дрэнны сон, хваравіты. Нячысьцікі мусіць, кіруюцца спужаць мяне, што ня веру ў іх, — сьмешна яму стала дужа. — А хораша спаць, німа ўжо зданьнёў».

«Скрыпела дрэва нейкае? — прыпамінаў Архіп, — ай, не, тож бацька на печы храпець сабе».

«Засну крапчэй, — падумаў ізноў. — А гдзе ж музыка чутна такая жалобная-пакутная».

«Ай, я-я-яй…» — ташнуіць Архіп. Жалі, болю, суму, тугі непазбытай у тых гуках дзеваць некуды, а музыка ўсё бліжэй ды бліжэй.

Грае-грае ліра старэцкая аб часох мінуўшчыны-старадаўшчыны. Сьпеваіць сьляпы старэц-музыкант, перэбіраіць не хапаючыся па струнах тых, гучна-маркотных…

А ня струны гудзяць-пяюць тое, а чэлавецкіе галасы чутны там. Далёка, у гору, думна так у паднябесься паднімаіцца голас сярэдні, ні таўсты і ня тонкі, не слабенькі, аб нейкай долі-нядолі сьпеваіць ён, плачыць, плачыць, галосіць, уніз спускаіцца, клоніцца, ў адзін енк-плак зліваіцца з другім, таўсьцейшым, дужэйшым нездаволенным голасам, што ня хочэ бачыць, як крыўда-непраўда на свеці пануе… А трэцьці, чутна, кволенькі галасок, як дзіцятка малое заходзіцца-заліваецца, да Бога і Маткі Прачыстае шлець у тонах чудоўных мольбы-прозьбы дзіцячые-простые-чыстые…

Штосьці падымаіцца на сэрцы у Архіпа ад музыкі гэтае: плакаць, стагнаць, сьлёзы ліць жадаецца, думкі любые выплакаць-выгукаць бажаецца, і млосна-мляўка так робіцца… Шчыміць у грудзёх маладых, жалка, жалка, усе людзі добрые, ладные, любые, а як мучуюцца бедные!..

У спрэчкі с чорным страшным-неправым ідуць музыкі-скамарохі у граньні сваём, — і кіпіць-бьецца сэрцэ хлапецкае… Эх! Пайці і сілу сваю на ўвесь сьвет паказаць, прагнаць крыўдзіцялёў, вытурыць іх ад людзей бедных, шчырых, змірных і пакорліва-прыяючых, людзей родных і балюча-скрыўджэных.

І добра на зямельцы будзе ўсім! Усе родные, радые, усе дужые, ладные. Сьвеціць сонійка, а ў гайку птушачкі пяюць вясёла так, ладненька, а красачкі цьвітуць, пахі-араматы прыёмные, любые носяцца, шуміць жытцо высокае, доўгакалосае, шэпчыць думу сьвятую, ціхую каласамі буйнымі, падзяку пяе працы мужыцкай, а «мужыцкай», — селянскай працы, справядлівай…

А у хаці відней ды відней, але скуль жэ сьвятло гэта прадзіўнае? І музыка дужэй усё чуіцца, шырыцца яна і бліжыцца.

Чуваць ужо і сьпевы хаўтурные, цяжка — ціха-плакучые. Выіць нехта, заходзіцца… дзявоцкі плач то, няўцешны, пэўне што.

Зірнуў Архіп на хату, бачыць — падлога каля печы расступаіцца, і выходзіць, падымаіцца труна аграмадная с пакрывамі чорнымі. То падымаіцца, то схаваіцца; то падымаіцца то схаваіцца…

Валасы дубам у Архіпа становяцца. Хочэ ён падняць галаву, пабачыць лепей труну страшную, — цяжка, галава не падымаіцца. Хацеў рукою крыж на сябе палажыць, — рука, бытцым палка, не шавеліцца. Крычаць-гукаць, ратуйце зваць памкнуўся ён, — а ні каліва голасу німа, як і небыло яго ніразу, толькі дух цяжкі у рот набіраецца, паветрэ сьмярдзючае увакруг ўсюдых.

Добра сьпіць Архіп, дзіўна сьпіць Архіп.

А на дварэ малання бліснула вялікая, войстрая, жудасная, загрымеў гром, па ўсяму небу вялікі грукат-грымот пайшоў, у самые далёкіе канцы глуха і дробна пакаціўся, пасыпаўся і раптам: трах-тара-рах-рах… — трэснуў-стукнуў пярун.

Ірвануўся Архіп з ўсіх сіл сваіх, з усіх жыл сваіх, і праз страшны сон з лаўкі на зямлю паляцеў, больна аб мост урэзаўся.

Прашнуўся Архіп: смольлю пахне, гарыць нешта, бацька с печы саскочыў, крык падняў.

— Сыночак, Архіп! бяры падушку: пярун, знаць, ударыў, гарым…

Аглохшый падняўся студэнт сярод гулу вялікаго. Добра йшчэ — не ў хату, а ў сенцы полымя адразу сьвіснула. Высадзіў Архіп бацьку у вакно і сам скочыў, а полымя ужо у вокны с сянец так і лезе-ірвецца, адразу усе вуглы абхапіла, во ўжо і ў хату кінулася…

— Баў, баў, баў… — зазваніў вартаўнік, у званьніцы.

— Тата, татуля, табе не пашкодзіла? — Архіп у бацькі запытаўся.

— Не, дзякуй Богу, а нісколічкі. Толькі звон у вушах, аглушыла троху. Ну ці трэба-ж-ткі гэта! А Божухна, а во-хці, а вой-я…

— Татка, куды-ж ты?

— А? гэта я дзівуюся, як шугаіць, пойдзем, ідзі, ато матка убачыць, спужаіцца, ці хоць мы пазаставаліся?

— Пажар! Пажар! Ратуйця! — крычэў ўжо нехта на сяле. Заварушыліся людзі, зьбегаюцца.

— Гдзе, хто гарыць?

— Новая хата у Лінкевічаў.

— Ці там?

— Няго ж — не, вун, ай-ай…

— Падзівуйся, во шугаіць, і помачы не дасі.

— Якая тут помач: пярун чорта забіў.

— А маўчы ж ты, ай сказіўся? Проці, ночы…

— Добра, што водаль двароў пабудавалі: на сяло не перакініцца.

— А не, ніхай Бог крыіць.

Немалые клубкі дыму чорна-сівога выбіваліся праз стрэху новую саламяную, чырвоные язычкі полымя са хцівасьцю і прагавітасьцю рупліва лізалі бярвеньня, кідаліся ў бок і наводзілі сваёй маўклівай і незразумелай руплівасьцю-рухавасьцю думку аб вечным і безатказным, думку: аткуля ўсё і што яно?

Сьцены трэскаталі і абваліваліся патроху. Бура прайшла. Дзікі віхор зьмяніўся ціхенькім, прыяйным ветрыкам. Зашамацеў па лісьцю дожджык. Далёка за панскім лесам, бліскала заціхаючая малання.

— Ну скажы ты! Бог ведае, к чаму й што? І гэта здарэньня: пярун ударыў, людзі жывы асталіся, а хата згарэла. Мабыць і стары Лінкевіч ня будзе надта клапаціцца па ёй; згары лепей яна, чымся цярпець у ёй гэткае страхацьцё. Злыдні у ёй былі-ткі.

— Ай, не гавары ты, кум; можэ тое праўда, а можэ батрак набрэхаў, што яго с печы скінуў нехта. Хвароба яго ведаіць.

— А сам Нупрэй Лінкевіч? Ён жэ сам казаў, што засьнець на зэдліку, а прачхнецца пад зэдлікам.

— А мала што бываіць. Зэдлік вузкі, нізкі, вось і зваліўся стары.

— Ну, браце, тут ні так… Пачуў бы ён.

— Што, ці я ж не казаў? Як вільчылі гэту хату, дык ішоў нейкі старэц. Ну ладна; майстрам давалі гарэлку, — трэба, калі па гаспадарску, і старцу б даць, пачаставаць. Не далі: пэўне і патчараваў. У яго вочы такіе чырвоные, чараўніцкіе, кроўю паналіваліся. Я так і падумаў, што ён ведзьмак, што не падаруіць.

— А дось табе, дзед, лухту пароць. Патчараваў, патчараваў… Ешчэ што, выдумай.

— Думай, як сабе хочэш, дзіцятка, а я добра ведаю што яно так.

— Дык жа вот, гадоў дваццаць назад, як асінавым калом абівалі, ня тут будзь казана, што выходзіў з магілы кроў ссаць, нябошчыка, дык гэта…

— Не гавары… Ноч цяпер, бура, гай-магільнік недалёчка, дось… ня гожэ, не варта. Як слова, ня ведаіш?

— Пойдзем, браткі, спаць.


VI

Ужо с паўмесяца пражыў Архіп у дварэ сваім, ў роднай старой хаці бацькаўскай.

Грошы-страхоўку выдалі за хату, што згарэла, але каб лес купляць і не гаварылі пакуль што: задумалі селяне на хутары выйці.

Людзей прадпрыімных, рухавых і здольных душыла жыцьцё абчэственскае. А ні палепшэньня якое ў полі зрабіць, а ні лепшаго сорту жыта пасеіць, а ні дабрэйшую жывёлу прыдбаць. Трэба было з аборкаў ваду спусьціць у парыні: селяне рупные згодзіліся, а гультаі і тые, што на сваёй зямельцы не жывуць, а пастухамі, батракамі, лесьнікамі у паноў ды жыдоў жывуць, упнуліся, не далі праз свае шнуры канаў капаць. Што ты з імі, мала-ўчонымі, рабіць будзіш? — «Возьмем уругу[1] у пана братцы, — казалі добрые гаспадары, — жывёла на парыні, як на бубачках, як на таку, ходзіць, што яна зьесьць там, якую трасцу?..» — «А на якое ліха мне твая уруга, калі у мяне адна карова? Дзень як-небудзь і на парыні прашлындаіць без пашы твае, а к вечару жонка мех травы с панскаго лесу прынясе ды накорміць, і ўсё тут», — раззбіваюць увесь саглас вузкашнуровые, атходжые ды рохлі-гультаевічы. А за кожную драбніцу брэшуцца, за шкоду няўмысную і незаметную лаюцца, як агалцелые.

Эх, бяднота, бяднота, бяднота!

Да чаго ты даводзіш чэлавека! І жалка, горка, і крыўдна…

З лепшых людзей робіць цар-голад зьвяроў, сумленьня ні маючых.

Пачалі селяне варушыцца, аб хутарох зюкаць.

Архіп нічога пра тое с селянамі не гаварыў, баяўся: пачануць апосля дапекаць бацьку. «А-а, твой сын падбіў на хутары, панам зрабіўся, па-панску жыць захацеў; будзіць доктарам, накалупаіць грошы і скупіць хутары гаспадароў бедных, занепаўшых, будзіць маёнтшчыкам, жывадзёрам».

Як агня, баяўся такіх гутарак Архіп і жыў у бацькоў ціха, змірна, у гаворкі вялікіе ня лезучы.

Радавалася сэрцэ старога бацькі яго, як пойдуць на сенакос яны: хлапец-работнік Восіп, сын і сам стары Нупрэй.

Сала возьмуць, бліноў матка напячэць, вады у бітлажцы набяруць, выйдуць у трох на дзесяціну у Дуброўках, у паноў гдзе сенакос купілі.

Восіп уперадзі, а студэнт ззаду не паддаецца, гонар маіць. Толькі й чутно: «Ўжык, ўжык, ўжык»…

Скіне студэнт і брыль з галавы, і расшпіліцца, і расьперажэцца, хочыць плячо-ў-плячо з работнікам харошым іці.

Вясёла! Вецер сарочку паддуваіць, халадзіць. Скакунцы: «стрык-стрык, цырр»… песеньку пяюць. Пад кустом жупаны лежаць і песчанка з бруском стаіць і Разбой іх сьцеражэць, зьвіўся там. Бяроза сцень кідаіць халадок даець. Пакошэнай травою прыемна пахніць, а наўкола красачак прыгожых і стаіць і ў пакосах ляжыць многа-многа!

Стары Нупрэй сядзіць сабе на пні ды: «кляп-клёп, кляп-клёп» — касу клепіць і радасна на сына пазіраіць: малады, вучоны, прыгожы і добры такі. Сам земскі, сам к яму з рукою здароўкацца першы патходзіць. І мужыкоў, сваіх людзей, сынок не чураіцца, земляка, калі трэба, усюдых абароніць і чужога ня скрыўдзіць…

Добра і студэнту забыцца на думы гарадзкіе — сівые, паэзіей народа роднаго пачаставацца, душу засмучоную ажывіць.

І толькі зданьні гэтые… Пытаньня дрэнные… Туга тая… А што! Нічога, нічога… До. Ці ні дапытацца Восіпа, хто кідаў яго? Ці ні пайці на могілкі са стрэльбаю начэваць?

Хву! сьмешна…

Але у чым жэ справа, і чаму яны ўсе маўчаць аб тым, як ён прыехаў?

Яны спакойны: яны ведаюць, што нячыстая сіла ёсьць, але калі яна не дакучаіць, то ім і дзела мала да яе. Што ім даходзіць, аткуля яна?

Ды й студэнту неяк усё больш не на ўме тое, таёмнае. Некалі за працаю ці-то за чым другім у вясковым жыцьці некалі, можэ? Бяжыць час у роднай хаці.

Згарэла тая хата, і зданьні забывацца сталі. Ат, проста прыдалося бацьку… Ну? А Восіп сьмяецца. Напаіць яго, каб праўду сказаў? А некалі неяк усё: то тое то другое і зданьні забываюцца. Ды Архіпу не саўсім. Чаго прыехаў? А вось… бацькоў даведацца. Люба тут! Люба жыць сярод працы сьвяцейшай усіх прац: працы земляроба. Люба мець здаровае цела і здаровы дух. А і тут дакучаюць «пытаньня шалёные»… А бываіць ды ну іх! не да іх, некалі. Папрацаваць, аддыхнуць, пажартаваць, і зноў ўзяцца за працу прыемную. Ня ў горадзі, у сяле. Люба тут. Люба у вечар цёплы, і ціхі, і добра-пагодлівы снапы вазіць. Люба раніцай у рацэ, у рацэ з вадою лёгкаю, ня дужа халоднаю пакупацца. А днём гуркоў у градах пашукаць, пасмакаваць, або яблак салодзенькіх, мядуначак невялічкіх пакаштаваць. А ў-раньні у сьвяты дзень ўстаць і ў лес пайці, грыбоў насабіраць (мо лясьнікі не абдзяруць), а потым — у цэркву, у госьці пайці, а вечарком, скрыпку узяўшы, на вуліцы пад хатай пасядзець, сыйграць скокі-танцы ды песьні весялушкі розные. Іграіць Іван на гармоніку, а Цімох на дудцы мастак; танцуіць студэнт з дзяўчынкамі хахатушкамі, саромліва сьмелымі, здарова прыгожымі.

Ідзець час, зара да гораду рыхтавацца пара… Сумна тады робіцца.

А толку пра зданьнё-страхацьцё так і німа. І бацька с сынам не ахвотна гаворэ ўжо пра тое. Баіцца за сына ядынаго, дрыжонаго. Бо баіцца стары, што надта пачаў цікавіцца сынок незразумелым, таёмным, страшным, няземным.


∗          ∗

— Ой, Нупрэй, паглядай за сынам, — гаворэ сват Яхім, сівы разумны дзед: — пара яго апаслівая-маладая. Ніхто шчэ лбом сьцяну мураваную прабіць ня здалеў, а галовы разбівалі многіе, ой-ой, многіе, як падумаіш. Вялікіе навукі прайшоў Зроіл Давыдзёнак, што ўсё на глаўнаго рабіна навучаўся, а пачаў задумывацца, пачаў, — і ось табе на: ў аднэй доўгай кашулі ходзіць цяпер па Шамаву с кійком, галавою круціць ды усё нешта гамоніць, бурчыць сабе паднос: «Адэной, Адэной, адгукніся Зроілу. Гдзе ты схаваўся ад Зроіла? Ага, ага, ну німа нічога». Аж страшна становіцца. Такі разумнейшы за ўсіх жыдоў шамоўскіх быў, а во адурэў, бедачэ, ад гэтай думы заўсёгдашняй.

Бярэжч треба Архіпа: мала з нашаго селянскаго роду у людзі наўчоные выходзюць, а калі й выйдзіць каторы, дык барані Ты яго, Божухна! Бо трудненька такому адразу прыросць у іншым стане людзей, паркалёвых людзей. Праз тое трудненька, што як-ніяк, а роднае карэньня глыбока сідзіць у ём. Ось і мучаюць яго пытаньня розные: чаму я—пан, а брат мой, брат, каторы сто раз больш мяне працуіць, пот льець, у катораго рукі ў мазалёх і закарэлі, каторы век сумуіць ды гаруіць і ў гарэлцы душу топіць, думы заліваць, гэты брат, родненькі сын мае мамачкі роднае, ён — мужык, мужык, эх! Во і мучаецца чэлавек: чаго на сьвеці так папарадкувана? Далі-болі, аткуля сьвет, аткуля што, Бога шукаць пачанаіць, як той Зроіл. Глядзіш: дыбаў-дыбаў чэлавек па гэтаму каўзялю, — пасклізнуўся, заваліўся… І навука не паможыць, а зможыць такога, бо прырода і навуку адалеваіць.

Так гаворыць сват Яхім, а кум Міхась дадае к таму:

— А падумаць: колькі турбот, болек і працы бязконцай трэба вынясьці бацьком, пакуль-ткі сынок ці дачушка на ногі станіць! Ды другі ж на ногі станіць — бацькоў успомніць; сам вучыцца, ці служыць, дзе і бацькаўскую старасьць к сэрцу прынімаіць, клапаціцца памагаіць, як, скажэм, Архіп. А другі жэ, бываіць, і бацькоў адрачэцца! Вучы яго, такую дрэнь. Ого! Ці мала іх гэткіх, далёка шукаць ня трэба…

— Дык што-ж рабіць, сваток? — да Яхіма зьвертаецца Нупрэй. Жывём, як Бог даець.

— А што-ж? трэба жыць. Перша-на-перша, трэба, каб бацькі ўкладалі ў галаву гэтым хлапцам-вучням тое, што ніхай яны не саромяцца нашых мужыцкіх мяркуваньнёў пра Божы сьвет слухаць. Ніхай сабе мы на погляд шэры, а, браце, душа можэ быць і пад шэрым жупаном ня шэрая. О! Помню, бывала, прыедзіць к нам у сяло на лета, ці ў-зімку калі, с Пецярбурга пан Белееўскі. Вучоны многа, кніжкі сам складаіць, друкуіць, а са мной так, бывала, як пойдзе, як пойдзе гаварыць, аж захлібаецца. Бачу — перада мною, мужыком, думкі лепшые выкладаіць. «Я, — гаворыць, — толькі у вас і аддыхаю і спачын знаходжу. У вас, селян, усё кіруюцца праўду знайці ў ва ўсім. Пастух, які-небудзь, слова прамовіць с панам ня можыць — забіт ці ўжо натура такая у яго да схоўкі прыхільная, — а каб пабачыў яго душу пісьменьнік які, ці там архірэй, ці хто такі, ён бы задзівіўся і пазайздраваў». Во як пан казаў.

Недбаласьці, зьвярынства, гразі многа. Але гдзе-ж гэтаго німа? Бяднота нас адалеваіць.

— Ведама, што яна.

— А паглядзі ты, сваток, на панскае жыцьцё. Яно-ж найболі такое, што горш… сабацкаго. Распуста, паскудзтва. Толькі што у іх дзеецца ўсё пад цёмнаю дзяругаю, с-пад дзяругі гэтай і жыцьцё праўдзівае мала відаць.

— Яно-то так, няўжо-ж.

— А нашы хлопцы, што у сьвет, у людзі йдуць, яны ад вёскі атпаўзаюць… Прыедуць у госьці с чыстаты, с хлеба белаго на пушны; як пабачуць, тут як мадзеем мы па родных куткох, робіцца ім і халодна, і непрыхільна, і прыкра. Паедзіць назад, закруціцца там у вадаверці гарадзкой, агалцеіць, у вёску ўжо а ні блізка, мужыка чураіцца, хоць і мучаіцца, пэўне, каторы. А дзеткі яго ужо карэньня нашаго роднаго ні маюць у сабе, тые і ў лічбу ня йдуць.

— Сваток, калі-ж будзе па іншаму, калі, у які час будзе, а?

— Будзіць. Але, горэ, не пры нас. Ты ж паглядзі, нідалёчка хадзіць, у палякоў, у латышоў, што тутэйшые фальваркі пакуплялі: жывуць, нельга казаць, што б на вялікіх кавалках, а жывуць неяк чысьцей, і газэты чытаюць, і дзетак па розных гімназіях ды гаспадарскіх вучылішчах вучаць. Падрастаюць трошку гэтые дзеці, — дзівіся, як твой Архіп, самі зарабляюць і вучацца. Адзін доктар, другі аграном, трэцьці вучыцель, ці што другое… Радні не адрэкаюцца, братнюю руку заўсёды дзержаць і йшчэ пляменьнікоў ды пляменьніц за сабою у людзі цягнуць.

— Пажывём, паглядзім. Шукаюць нічага і нашы маладые… ажно часам хныкаюць, стогнуць.

— А-а! Нашэ старое ўжо ім не надта падабаіцца.

— На тое ж маладые.

— А праўда і шкода іх што яны знайдуць?

— Пажывём — поглядзім.

— Калі дажывёмся.


VII

На станьцію павёз Архіпа той жэ сват, сівы дзед Яхім. Ездзіць з дзедам было дужа ладна: чаго ён не раскажа, не нагаварыць, і ўсё разумна, к толку, лішняго не пачуіш ад старога.

Мінуўшчына, як у люстры, праходзіла прад вачамі студэнта ў час Яхімавых апаведаньнёў аб старыне.

Ехалі ўжо даўно. Сьцямнела. Архіп маўчаў, успамінаючы, як пражыў дома да восеннай пары. Дзед, набіўшы піпку табакаю, курыў і гаманіў с конямі.

Дарога ішла па старому казённаму лесу. Цёмна, пара нераньняя. Дрэвы, як чорные, нямые веліканы, абступілі дарогу з абодвых бакоў і сходзіліся ўперадзі. Коні пад ласкавую, бадрашчую гутарку дзеда рухава і асьцярожна беглі па чуць бялеючай толькі перад самым носам лесавой дарозі.

Дзед ціхенька сьцёбаў пугаю і думаў, каб даў Бог хутчэй перэбрацца праз лес і выехаць на поле. За вярсты паўтары направа цягнулася Вялікая Патапеча: балота, мох, купнік, зарасьлі. Там ешчэ вадзіліся ваўкі, і ў восень і ў зімку праежджаць без прыпасу было страшнавата.

Архіп думаў аб матцы. Якая яна сапрацаваная, вочы уваліліся, ўся быц шчапіна, а ўсё капашыцца, клапоціцца. Праваджала яго… Дзержалася доўга, але такі сьлёзы пацяклі самі… Буйные, буйные, як боб. — «А можэ ж я і не ўбачу больш цябе, мой сынулічка, мой Архіпачка…» І ноччу, мусіць, плакала. Эх-хо-хэ!

Гаў-ву-ву… — глуха і нема завыў хтось далёка на Патапечы.

— Дзедку! Чуіш? Выюць… Ваўкі?

— Ды не, не, сабакі дурэюць у Буліні; там вялікая вёска Буліно.

Коні паднялі вушы і спуджэна азірнуліся. Цёмны лес шумеў.

— Гаў, гаў, гаў-у-у, — пачулася ўжо многа бліжэй.

Коні, віхляючыся і с сторчма стаячымі вушамі, ступалі пасярод самай дарогі-праезду, туліліся і вадзілі галовамі па боках, аткуль моўчкі пазірала чорная цемнь. Гняды ціха храпануў.

— Дзядуля! ваўкі…

— А калі й ваўкі, ці мы іх баяцца будзім? Прыдуць, паляскочуць зубамі ды і пойдуць, куды ім паказана, — бяз клопату сказаў дзед.

— Што вы, дзядуля? Паганяць коні трэба: мо’ ўцячом… А то станем ды цяпло раскладзём, да сьвету не патступяцца.

— Нічога, абойдзімся й так. Я загавор ведаю…

Дзед саскочыў с калёс і замуздаў гнядога. Конь біў капытамі па зямлі і званіў зубамі аб грудзілы.

— Ну, Архіп, трэба толькі коні дзержаць, — усаджываўся дзед на калёсах.

З боку бліснулі аганькі, пара, другая… Коні храпелі, маталі галовамі, ірваліся. Ваўкі падбеглі к самым калёсам і, патскаківаючы перадам, кульгалі і сярдзіта бліскалі вачамі.

Людзі маўчалі; коні дрыжэлі як у трасцы…

Ваўкоў было штукі чатыры. Яны беглі з бакоў і с пераду і торкаліся мордамі у ногі коням, але не чэпалі. Коні ўсё трасьліся і кідаліся. Каб ня новые вожкі і не зялезные груздзілы у руцэ, яны пабеглі б, як шалёные.

Лес пачаў радзець, дрэвы расступіліся, на паляні каля дарогі выплывала нешта вялікае, цёмнае. То была лесьнікова хата.

Ваўкі прабеглі ўсьлед, моўчкі нюхаючы конскіе морды, с паўвярсты, можэ.

Атстаў адзін, другі… Каля лесьніковай хаткі не было ніводнаго.

— Ну, к лясьніку, Архіп, заежджаць, па мойму не варта. Зараз выедзім на поле, а там і станція, толькі на курганок паднімімся.

— Добра, дзядуля.

— Скора й машыну пачуім, калі закрычыць. А к поезду, пэўне патрапім.

Дзед кіраваўся, каб як разьвесяліць студэнта.

— Ну, ці ж не казаў я, што ваўкі не зачэпюць? — загаманіў ён.

А з Архіпам штосьці рабілася асаблівае. Успомнілася яму і новая хата, як батрака нехта скінуў, пажар ад пяруна, прыпомніў ён і страшные апаведаньня аб воўкулаках, ведзьмах, чараўніцтве. Усё яму было не ў цям. Аж тут і гэтые ваўкі… Дзіва! У лесі набеглі, круціліся, морды конскіе нюхалі, а не завалілі. Што гэта? Загавор? Чараваньне? Гіпноз?

Раптам з нейкім абурэньнем зьвярнуўся да дзеда студэнт.

— Дзедку, родненькі, Дык што ж гэта? Скажыця у чым прычына? Што тут к чаму, як жа?..

— Што? Пра ваўкоў? Дык тут жэ німа нічога дзіўнаго. Я змалку ведаў гэту павадку ваўчыную. Бывала пасеш каля лесу стадак, — а раней лясы былі вялікіе, драмучые, ваўкоў ды й усякаго зьвера было бяз ліку, — выбягуць яны, зверуганы, здаецца, адразу усё б праглынулі, зжорлі, прорва іх вялікая. Выбягуць яны, і тут ад злой радасьці, што напалі на паядуху, як сьціснуць зяпу — раззявіць ня могуць: бегаюць каля жывёлы, мордамі яе толькі: таўкіль! падтаўхіваюць, носам па горлу мацаюць, а зарэзаць а ніяк ня здолеюць… Пакуль хіба не адбягуць куды далёка. Зубоў, расцяць ім тады нельга. Ну, ведама, бываіць гэта з імі, калі яны надта прагаладаюцца і раз’юшацца так, што болей некуды.

— А цяпер? І цяпер таксама? — зацікавіўся дужа Архіп.

— І цяпер, мусіць, так, слава Богу. Я табе толькі не казаў, пужаць цябе не хацеў, а у мяне сякера на усякі выпадак схавана. Думаў: Уцячы — не ўцячом, а можэ йшчэ зяпы ім сударга зьвядзець, а калі ўжо Бог дапусьціць, сякерай бараніцца буду. Аж яно па мойму і здарылася.

— А-а… Вун што-о, — расчаравана троху, але ўсё ж з дзіваваньнем, працягнуў студэнт.

— А ты б што думаў? Я-ж не чараўнік які… Хэ-хэ

— Дзядуля! а вы ж даецё веры чараўніцтву?

— А-аё! Ахвота табе гаварыць пра тое, пра што ня трэба… А хто ж яго ведаіць! Ці мала чаго кажуць. Братка мой! усё адно — атказу не даб’ешся. А думаць пачнеш — адно спакой згубіш.

— А, Божэ! Дык ня ўжо ж так праз гэты, выбачайця, сьвінячы спакой калодаю гнілою жыцьцё пражыць і нічым не цікавіцца?

— Чаму? Я таго не кажу; пэўне, без цікавасьці што за чэлавек? Але гэта… Мяне во дзівіць вучыцель Балазевіч: на усё адгадкі знайшоў хлапец: Бога німа, памрэш, згніеш, вось табе і ўсё… Ну ці ня дурны! А, здаецца і дзяцюк нічога сабе, рахманы.

— Дык як жэ, дзедку?

— Як? А так, што, колькі трэба, ведай, а у вялікае не залазь, а то каб шыю, бывае, не скруціць. І ня думай, што яно такое простае… Што німа нічога…

— Вы, дзядуля, як былі маладзей, не казалі, мусіць, таго?

— А што — «маладзей…» Як быў я маладзей, ішоў я раз а поўначы каля магілак, а была там сьвежая магіла: надоячы пан войт памёр. Даўся ён, гэты войт, пры жыцьці людзюхнам. Жорсткі чэлавек быў, нікому не дараваў, ніхай ужо сьвят ляжыць. І уміраў доўга і страшна, памерці ніяк ня мог, мучыўся дужа. Іду, значыцца, я сабе с качарэжкаю, адганяю думкі аб нябошчыку, а яны такі лезуць. Не гляджу туды, гдзе гэта магіла, а нехта як падбіваіць: «Зірні, зірні, што тама?» Ня ўцерпіў я, скасіў вочы: зірк! Аж на магільцы, над насыпам — белы як у тумані, чэлавек стаіць, бытцым то й на пана войта паходж, да яго ў падобі. Закалацілася у мяне сэрцэ, ногі занямелі, валакуся, як нежывы, дыхаць дайжэ баюся. А тое дрыжыць-дрыжыць, трасецца, як во паветрэ, калі у пагодны дзень сонечны; толькі яно белае, быц папера. Ня ведаю, як я ўжо да хаты давалокся, белых валасоў, праўда, заўтра знайшоў, хварэў ці мала, хадзіў як у воглумі.

Дзед памаўчаў. Студэнт прыціх, але-ткі запытаўся:

— Дык што?

— А што? Каб на другога, — ня ведаю, што было б. А я ўжо праз гадоў дваццаць ад пана Белееўскаго чуў, што траплялася гэткае бачыць і другім; гавораць іншые наўчоные, што гэта, як пачынаіць чэлавек у магілі ўжо тлець, дык з яго праз землю наверх выходзіць нешта, — забыўся названьне, не наскае слова, — і зьбіраецца ў кучу такую ж, якой формы чэлавек быў, што там пахован…

— Фосфар, хіба… Ведаю.

— А можэ й так, забыўся, найменьня ня помню.

— А-а… — працягнуў студэнт у задумленьні.

— Можэ, калі-небудзь і аба ўсём, што каля нас незразумелаго, даведаюцца людзі. Бог ведаіць.

Дзед замоўк. Коні весялей пабеглі, бо лес далёка астаўся цёмнай грамадай ад’задзі, а гдзесьці справа, дужа далёка, галасіла машына. А вагзал быў недалёчка.

— Адно астанецца людзям навекі сьвятою загадкаю — гэта Тварэц наш Найвышні. Каб не было дано людзям гэтай загадкі, не было б чэлавецкаго жыцьця… Прапалі б людзі.

— Іш, які дзед, — памысьліў Архіп, — не дарма ж назьбіраў поўную багаўню[2] богамаленных кніжак, не дарма ж і ў базыльянцаў[3] вучыўся у Мсьціслаўлі.

А дзед у гэты час маўчаў, думаючы важную думу. Абразы мінулаго луналі прад памаладзеўшым старыком. Ён, падумаўшы, загаманіў:

— Дык вось, Архіп, любы ты мой! Бачу я, крэпка ў табе роднае карэньня нашэ. А мне старому уміраць трэба. Едзіш ты у сьвет далёкі. Сьмерць мая з-за кургана ўжо сьмяецца: мо’ і не пабачымся болей, дык вось, будзь ласкаў, зьвярні ты увагу на маю старыкоўскую гутарку. Першае, што скажу я табе гэта — чытай, галубец, у кніжках і у разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшые людзі… Споўніш гэты загад — у жыцьці не ашукаішся, будзіш ведаць, што рабіць трэба. І ніякая, братка, чартаўня, ніякіе думы чорные ня змогуць цябе. А другое: часьцей у роднае гнязьдзечка залетай, дык ня будзіць яно здавацца табе страшным і не пабяжыш ты, спужаўшыся, уцекаць ад яго, калі часам пачуіш ад каго дурнога, або цёмнаго і скрыўджэнаго, нарэканьня неправеднае, нахабшчыну на справу і працу тваю. А ешчэ дадам: не забывай ты у горадзі, дайжэ ў добрай таварыскай бяседзі за салодкімі напіткамі ды смашнымі дарагімі стравамі, не забывайся ты запытаць у сябе: «А можэ цяпер у каго скарынкі хлеба німа?» І ведай тады, што адным енкам ды стагнаньнем бядзе людзкой не паможэш… Помні, што каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самаго затопчуць… Толькі ты ня гневайся, што я табе наказы раблю…

— Што вы, дзядуля! Мне так люба, лягчэй мне.

— А чэртаўня… Можа яна і не такая незразумелая, як нам здаецца… Унукі нашы, больш за нас ведаць будуць.

— А ўсё ж крыўдна, дзядуля, што людзі сьляпые такіе.

— Гэта ў парэ такой цяпер ты! А шчэ горш тое — рос ты змалку сярод нас, цёмных, у лесі, гдзе шчэ мой дзед маліўся каля асінаваго пня Богу Дуплінскаму-Ільінскаму. Вось яно і гаворыць у табе. Нічога, прывыкнеш сярод паноў — абойдзіцца…

— А не-е, дзед! Чаму ж тады…

«Ку-гу-гу-гу… — загудзела машына, глушачы словы студэнта. За гоні стаяла станція, па насыпу бег пасажырскі поезд.

У цёплых, добрых бягучых хатках ехалі людзі, ехалі са сваім горам і радасьцю.

— Ча-чах ча-чах-стук, — шпарка дужа грухаталі-чахалі, — чах-чах, ча-чах-стук, — тахалі колы вялікіе пад вагонамі.

Падуў ціхі ветрык, заківаў лазу над канаваю і траўку змірную прыдарожную.

«І трыста, чатырыста гадоў назад таксама дуў ён тут, ветрык, і таксама калыхаў-цалаваў траўку сумную і маўклівую… толькі чуда-машыны не было», — памысьліў студэнт і замаркоціўся…




  1. Уруга — паша.
  2. Багаўня — скрыначка у куту пад абразамі.
  3. Уніяцкіе манахі.