Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)/Песня шостая

Песня пятая Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)
Паэмы
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1820
Арыгінальная назва: Руслан и Людмила
Пераклад: Андрэй Александровіч
Эпілог

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песня шостая


Ты мне загадваеш, друг шчыры,
На лёгкай і нядбалай ліры
Пра дні мінуўшчыны спяваць,
І музе вернай прысвячаць
Спачынкаў слаўныя часіны…
Ты знаеш, мілая дзяўчына:
Не ў лад з гаворкаю людской,
Твой друг, у шчасці і пяшчоце,
Забыў і працу ў адзіноце,
І гукі ліры дарагой.
Ад гарманічнае забавы
Я, зачарованы, адвык…
Табой дышу — і гордай славы
Не дораг мне прызыўны крык!
Мяне пакінуў тайны геній
Салодкіх думак і натхнення;
Уцеха толькі і любоў
Цяпер маю хвалююць кроў.
Ды слухаць некалі любіла
Мае апавяданні ты,
Паданні славы, пекнаты;
Асілак мой, мая Людміла,
Ўладзімір, ведзьма, зданняў рой,
Старога Фіна засмучэнні
Твае займалі летуценні;
Ты, байкі слухаўшы, парой
З усмешкай ветлаю драмала;
Але часамі позірк свой
На песняра мілей кідала…
Пачну; ўлюбёны гаварун,
Крануся зноў лянівых струн;
Я каля ног тваіх сядаю
І зноў пра віцязя спяваю.

Ды што сказаў я? Дзе Руслан?
Ляжыць ён мёртвы ў чыстым полі;
Ўжо кроў яго не льецца болей,
Над ім крыляе злы груган,
Замоўкнуў рог, застылі латы,
Шлем не варушыцца калматы!

Наўкол Руслана ходзіць конь,
Схіліўся гордай галавою,
Ў яго вачах прапаў агонь!
Няўцешны, грывай залатою
Ён не трасе, не скача ён,
Чакае, покуль князь ачнецца…
Але прагнаць халодны сон
Не хутка князю давядзецца.

А Чарнамор? Ён за сядлом,
У торбе, ведзьмаю забыты,
Не знаў, што робіцца кругом;
Стамлёны, сонны і сярдзіты,
Майго героя і княжну
З нудоты лаяў ён маўкліва;
Не знаючы пра навіну,
Ён з торбы выглянуў — о дзіва!
Сном вечным, бачыць, віцязь спіць;
Ў крыві затоплены ляжыць;
Няма Людмілы, пуста ў полі;
Ад шчасця ліхадзей дрыжыць
І думае: я ўжо на волі!
Ды ён дарма так разважаў.

Між тым, Наінаю натхнёны,
Ліхі Фарлаф з Людмілай соннай
Пад стольны Кіеў пад’язджаў:
Надзея й страх яго абнялі;
Прад ім дняпроўскія ўжо хвалі
Сярод знаёмых ніў шумяць;
Ўжо дахі горада відаць;
Фарлаф па гораду ўжо едзе,
І шум на плошчах паўстае;
Усхваляваны люд снуе,
Бяжыць, каб конніка угледзець,
І князя-бацьку ўзвесяліць:
Ды вось там здраднік сам стаіць.

Ў душы засмучаны бясконца,
У гэты час Ўладзімір-сонца
Ў высокім цераме сваім
Таміўся думаю тужлівай.
Баяры, віцязі пры ім
Сядзелі з важнасцю маўклівай.
Ды раптам на двары сваім
Ён чуе крыкі, гул і гоман;
Тут дзверы насцеж: перад ім
Стаіць ваяка невядомы;
Быў стрэты шэптам ён глухім,
Ды ўсіх тут радасць акрыліла:
«Фарлаф… няўжо?.. з табой Людміла!»
Змяніўся князеў сумны твар,
Падняўся з крэсла гаспадар,
Спяшаецца цяжкой хадою
Да дочкі роднае свае,
Бацькоўскай ласкавай рукою
Стараецца абняць яе;
Яна ж тых ласк не адчувае,
Ляжыць, нібыта нежывая,
Ў руках забойцы — ўсе глядзяць
На князя здзіўлена ў чаканні:
Князь неспакойна пазіраць
Пачаў на віцязя ў маўчанні.
Да вуснаў палец той прыклаў:
«Людміла спіць, — усім сказаў, —
Я так знайшоў яе нядаўна
Ў пустынных мурамскіх лясах
У злога лесуна ў руках;
Там скончылася справа слаўна;
Я тры дні біўся; не сціхаў
Наш люты бой і ноччу цёмнай;
Мой вораг не ўстаяў і паў,
Княжна мне дасталася соннай;
І хто парушыць дзіўны сон?
Калі настане абуджэнне?
Не знаю — лёсу то закон!
А нам надзея і цярпенне —
Адно цяпер задаваленне».

І хутка навіна кругом
Стралой па гораду ляцела;
Народ збіраецца гуртом,
Гаворкай плошча закіпела;
Адкрыты ўсім палац стаіць;
Натоўп хвалюецца, бяжыць
Туды, на ложы дзе высокім
Ляжыць на коўдры залатой
Княжна Людміла ў сне глыбокім;
Князі і віцязі пры ёй
Стаяць панурыя; гук трубны,
Цімпаны, рогі, гуслі, бубны
Грымяць над соннаю княжной;
Стары, знясілены тугой,
Да ног Людмілы сівізною
Прыпаў з маўкліваю слязою;
Фарлаф збянтэжаны пры ім
Стаяў з раскаяннем нямым,
Дзе ж зніклі дзёрзкасці ліхія?

Настала ноч. Шумлівы Кіеў
Бяссонных воч не закрываў;
Народ вёў шумную гамонку,
Пра цуда кожны штось казаў;
Муж верны маладую жонку
Ў святліцы сціплай забываў.
Ледзь толькі месячык двухрогі
Знік перад ранішняй зарой,
Ўвесь Кіеў новаю трывогай
Абуджан. Крыкі, шум, развой
Узніклі ўсюды. Кіяўляне
На гарадской сцяне стаяць…
З сцяны у ранішнім тумане
Шатры за рэчкаю відаць;
Шчыты, як зарыва, бліскаюць,
У полі коннікі мільгаюць,
Узняўшы ў далях чорны пыл;
Ізноў прачнуліся набегі,
Гарыць агнямі небасхіл.
Бяда: паўсталі печанегі!

А ў гэты час Фін — уладар
Магутных духаў, тайных чар —
У дзікім і пустынным полі
З душой спакойнаю чакаў,
Каб дзень, што вызначаны доляй,
Даўно прадбачаны, настаў.

У глушыні палёў спякотных,
За дальняй, дзікаю гарой,
Жыллё вятроў і бур грымотных,
Куды і ведзьма погляд свой
У позні час баіцца кінуць,
Таіцца дзіўная даліна,
І ў той даліне дзве крыніцы:
Адна цячэ вадой жывой;
Другая між кустоў бруіцца
Па жвіру мёртваю вадой;
Наўкола ціха, ветры спяць,
Вясновы халадок не вее,
Сталеткі-сосны не шумяць,
Не ўюцца птушкі, лань не смее
У спёку піць з таемных вод;
На ўлонні міра духаў пара
З пачатку света, у абшарах
Вартуе бераг ад нягод…
З двума збанамі тут пустымі
З’явіўся вешчы Фін прад імі;
Спынілі духі даўні сон
І, страху поўныя, прапалі.
Схіліўся, апускае ён
Збаны ў някранутыя хвалі;
Напоўніў і ў паветры знік,
І апынуўся чараўнік
Ў даліне, дзе ляжаў Руслан
Ў крыві, без памяці ад ран;
І стаў над рыцарам стары,
І пырснуў мёртваю вадою,
І рана кожная гарыць,
І труп дзівоснаю красою
Расцвіў; тады вадой жывою
Стары героя акрапіу.
Адчуў ён новых сіл прыліў,
Жыве ў ім сэрца маладое;
Ўстае Руслан, на ясны дзень
Вачамі прагна паглядае,
Як недарэчны сон, як цень,
Прад ім мінулае мільгае.
А дзе ж Людміла? Ён адзін!
Ў ім сэрца зноўку замірае.
Але тут раптам вешчы Фін
Руслана кліча й абдымае:
«Збылася доля, о мой сын!
Цябе шчаслівы час чакае;
Цябе крывавы кліча бой;
Твой грымне грозны меч бядою;
У Кіеў прыйдзе супакой,
І будзе там яна з табою.
Вазьмі пярсцёнак, тайны дар,
Крані ты ім чало Людмілы,
І чар вядзьмарскіх згінуць сілы,
Збянтэжыць ворагаў твой твар,
Мір прыйдзе, згіне ліхалецце,
Хай шчасце вам абоім свеціць!
Бывай надоўга, віцязь мой!
Руку дай… толькі на тым свеце
Мы ўжо спаткаемся з табой!»
Сказаў і знік ён. Захапленнем
Агорнут палкім і нямым,
Руслан удзячна ў заміленні
Ўздымае рукі ўслед за ім…
Ды не чуваць нічога болей!
Руслан адзін у ціхім полі;
Гарцуе, з карлам за сядлом,
Руслана конь нецерпялівы,
Бяжыць, іржэ, махае грывай;
Ўжо князь гатоў і ўжо вярхом
Ляціць жывы ён і здаровы
Цераз палі, цераз дубровы.

Ды як жа Кіеў гаратлівы
Сустрэнуў ворага прыход?
Там, пазіраючы на нівы,
Ў знямозе роспачнай народ
Стаіць на вежах, на гарах,
І кары жудаснай чакае;
Нясмелы лямант у дамах,
Спалоху цішыня нямая;
Адзін, каля дачкі ізноў,
Ўладзімір з горкаю малітвай;
Гурт гордай славы ўладароў
З дружынай вернаю князёў
Рыхтуецца да лютай бітвы.

І дзень крывавы надышоў.
І вораг рушыў з-за бугроў;
Неўгамаваныя дружыны
Навалай хлынулі з раўніны,
На кіяўлян пайшлі гарой;
На плошчах трубы загрымелі,
Байцы адважна паляцелі
Насустрач раці баявой,
Спаткаліся — пачаўся бой.
Пачуўшы смерць, кіпелі коні,
Пайшлі грымець мячы па броні;
Са свістам хмара стрэл ляціць,
Раўніна ад крыві гарыць;
Імчацца коннікі няспынна,
Перамяшаліся дружыны;
З’яднанай, дружнаю сцяной
Сячэцца там са строем строй;
Там пешы з конным лезе біцца;
Там конь спалоханы імчыцца;
Там рускі ўпаў, там печанег;
Той кліча ў бойку, той пабег;
Той пераможан булавою;
Той лёгкай ранены стралою;
Другі, прыціснуты шчытом,
Шалёным стоптаны канём…
Цягнуўся бой да цёмнай ночы;
Ніхто не выйграў гэты бой!
І за крывавых цел гарой
Байцы свае закрылі вочы,
І моцным быў іх цяжкі сон;
І зрэдку толькі ў полі бітвы
Быў чуцен паўшых ціхі стогн
І рускіх віцязяў малітвы.

Знікае ранні лёгкі цень,
Ў патоках хваля срэбрам ходзіць, —
Няпэўны нараджаўся дзень
На затуманеным усходзе.
Яснелі ўзгоркі і бары,
На небе — водблескі зары.
Яшчэ ў бяздзейным супакоі
Драмала поле баявое.
Знік раптам сон: варожы стан
З трывогай шумна ўсхваляваўся;
Заныла сэрца кіяўлян;
Бягуць раскіданай гурбою,
Глядзяць: між ворагаў стралою
Ляціць, увесь нібы ў агні,
Цудоўны воін на кані.
Як бура мчыцца, б’е і коле,
Гудзе у рог прызыўны ў полі…
То быў Руслан. Як божы гром,
Ён наляцеў на басурмана;
Ён скача з карлам за сядлом
Сярод спалоханага стана.
Дзе ні засвішча грозны меч,
Дзе ні прамчыцца конь стралою, —
Лятуць галовы ўсюды з плеч,
І падае там строй за строем;
І ўмомант быў зялёны луг
Гарой крывавых цел пакрыты,
Жывых, расціснутых, пабітых,
Грамадай коп’яў, стрэл, кальчуг.
На трубны гук, на голас бою
Дружыны конныя славян
Памчалі наўздагон герою…
Загінь, пракляты басурман!
Жах ахапляе печанегаў;
Сыны ўлюбёныя набегаў
Тут коней спуджаных завуць,
Працівіцца не смеюць болей,
І з дзікім крыкам пыльным полем
Ад кіеўскіх мячоў бягуць,
Асуджаныя на скананне;
Наш меч прынёс пакаранне!
Героя Кіеў сустракае;
Вось ён па гораду ляціць;
Ў руцэ магутны меч трымае;
Кап’ё, як зорка, мігаціць;
З кальчугі меднай кроў сцякае;
На шлеме барада трымціць;
Ляціць, акрылены надзеяй,
Па вуліцах у княжы дом.
Народ, усцешаны надзеяй,
Шуміць і тоўпіцца кругом,
І князя радасць ажывіла.
Ідзе у церам наш герой,
Дзе спіць цудоўным сном Людміла;
Ўладзімір, з думаю цяжкой,
Ля ног яе стаяў панылы.
Ён быў адзін. Яго сяброў
Вайна пазвала ў бой крывавы.
Але Фарлаф пры ім. Ён славы
Цураўся гэтак, як баёў,
Ён не любіў трывогі стана,
На варце ля дзвярэй стаяў.
Ледзь ліхадзей пазнаў Руслана,
Увесь ад страху задрыжаў,
І анямела ён упаў
Перад Русланам на калені…
Чакаў, што люты суд сустрэне.
Руслан — далей; таемны дар
З яго чаруючаю сілай
Паднёс ён хутка да Людмілы, —
Крануў пярсцёнкам мілы твар…
І цуда: юная княжна
Адплюшчыла, ўздыхнуўшы, вочы!
Здалося, быццам бы яна
Дзівілася даўжэзнай ночы;
Здавалася, што нейкі сон
Няяснай мараю трывожыў,
І ўміг пазнала — гэта ён!
І князь ў абдымках у прыгожай.
Ажыўшы полымнай душой,
Не бачыць ён не заўважае,
А бацька ў радасці нямой,
У слёзах, мілых абдымае.

Чым скончу доўгі свой расказ?
Ты здагадаешся, друг мілы!
Старога князя гнеў пагас;
Фарлаф прад ім і прад Людмілай
Ля ног Руслана расказаў
Пра сорам свой і ліхадзейства;
Руслан Фарлафу дараваў;
Пазбаўлен сілы чарадзейства,
Ў палац прыняты карла быў;
Канец няшчасцям наступіў,
Ўладзімір ў цераме высокім
Забаляваў сярод сваіх.

Падзеі дзён даўно былых,
Паданні старыны глыбокай.