Рыжы і лысы
Рыжы і лысы Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-066 |
Сабраўся адзін хлопец ехаць у горад па сваіх справах. Бацька кажа яму:
— Толькі асцерагайся, сынок, рыжых і лысых.
— Чаму?
— Бо рыжыя надта хітрыя, а лысыя надта разумныя…
Пасмяяўся сын з бацькавай навукі і паехаў.
Трапілася па дарозе карчма. Зайшоў сын у карчму і папрасіў абед. Рыжы карчмар падаў яму міску капусты.
Есць хлопец капусту ды пахвальвае:
— Вось смачная яда, кожная лыжка цэлага рубля каштуе!
Пачуў гэта карчмар, узяў крэйду і, як толькі зачэрпне хлопец лыжку капусты, — чырк пад сталом крэйдаю.
Наеўся хлопец і пытаецца ў карчмара:
— Ну, колькі ж за капусту табе плаціць?
— Сто рублёў, — кажа карчмар. — Па рублю за лыжку, як сам гаварыў.
— Адкуль жа ты ведаеш, колькі я лыжак з'еў?
Перакуліў карчмар стол і пачаў лічыць палачкі.
Налічыў роўна сотню.
«Вось, — падумаў сам сабе хлопец, — праўду такі бацька казаў — асцерагайся рыжых».
І як ні прасіў ён — забраў карчмар усе яго грошы. Паехаў хлопец назад: без грошай жа ў горадзе рабіць няма чаго. Раптам бачыць: едзе насустрач нейкі чалавек у брычцы, без шапкі, а галава лысая, блішчыць на сонцы, як патэльня. «Ну, — думае хлопец, — цяпер я зусім прапаў: рыжы грошы забраў, а гэтаму і каня, бадай, з возам давядзецца аддаць». Завярнуў ён з дарогі і памчаўся ў лес.
«Гэта злодзей, відаць, нейкі, калі ад людзей уцякае», — падумаў лысы і кінуўся наўздагон. Дагнаў хлопца, схапіў за каўнер:
— Прызнавайся, што ўкраў?
Бачыць хлопец: нічога не зробіш, і расказаў лысаму, чаму ён так яго напалохаўся.
Пасмяяўся лысы і кажа:
— Добра, паедзем назад, я табе грошы вярну.
Прыехалі яны ў карчму, лысы паглядзеў туды-сюды, бачыць: ляжыць на калодзе цялячая лапатка. Падышоў ён да карчмара, пастукаў яго па плячы і пытаецца:
— Колькі каштуе твая лапатка?
Карчмар падумаў, што той хоча купіць цялячую лапатку, і кажа:
— Тры рублі.
Дастаў лысы тры рублі, заплаціў, узяў нож і загадвае карчмару:
— Скідай пінжак.
— Навошта? — здзівіўся карчмар.
— А то я сапсую яго, калі буду выразаць у цябе лапатку.
— Што ты, чалавеча, — заенчыў карчмар, — хіба ж можна за тры рублі сваю лапатку прадаць?
— А хіба можна сто рублёў за міску капусты браць? — кажа лысы.
І як ні выкручваўся хітры карчмар, а давялося яму вярнуць хлопцу грошы. Ды яшчэ і сваіх палавіну аддаў лысаму, каб той лапатку не выразаў.
Зарадаваўся хлопец і дзякуе лысаму:
— Дай бог, — кажа, — каб і ва ўсіх так галовы аблыселі, як у цябе. Тады б мне не прыйшлося нікога асцерагацца.