Рытмакапытаму другу
Рытмакапытаму другу Аўтар: Рыгор Суніца 1930 |
О конь, прад табою
бязмоцны паэты,
Не скласці ім песню
такую, як ты:
Бяжыш, і па бруку
чаканяць манеты,
Віхорныя маршы
грымяць капыты.
Ударыш аб камень,
і — пырскамі іскры,
Бы сноп метэораў,
пасыплюцца ў змрок, —
Хоць з сэрца паэта
рамантыку выскраб,
А п’е, як віно,
твой імклівісты крок.
Як зорнаю ноччу,
упіцца ім хоча,
З глыбінямі неба
у сэрца уліць,
Каб сінімі сталі
збялеўшыя вочы,
Каб даўнія рытмы
ў душы абудзіць.
І ловіць ён бег твой,
як подых вясновы,
Хапае рукамі,
як казку, як сон...
О конь, перазвоны
сталёвых падковаў
Дарожай яму,
чымся золата звон.
Ён помніць даўно
прамінуўшыя хвілі,
Той час, адзвінеўшы
ў мінулае ўгрунь,
Калі твае ногі
вымервалі мілі
Пад музыку волава
ветравых струн.
Было: пад уздрыгі
гарматных грымотаў
Імжылася кроў
на зялёны мурог, —
Ты бег праз палі
і скрываўленым потам
Жывіў чалавека,
што к шыі прылёг...
Ўздагонку гадзюкамі
сыкалі кулі,
Звінелі напевам —
зім-зум... цэ-цэ-цэ…
Ўсё ж лірыка смерці
цябе не кранула,
Твой бег даімчаў цябе
к сіняй рацэ.
Спявалі аб смерці
халодныя хвалі,
І пырскі, як скаргі,
ляцелі на бераг,
І вербы згіналіся
з болем і жалем
Ад скаргаў халодных,
тых скаргаў бязмерных...
Ты стаў ля вады
і пачуў, як шапталі
Збялелыя вусны
падзяку, як другу...
Паранены друг твой,
таварыш Галя
Зубамі ірвала
тугую папругу.
І волю пачуў ты,
і радасным крыкам
Хацеў да жыцця
абудзіць прасторы.
О конь!.. Не збылося...
Як войстрая піка,
Працяў цябе стогн
ад бяскрайняга гора.
Хвалі халодныя
дыхалі смерцю,
Шмат тут герояў
магілу спаткала, —
Раны абмыла ў іх
любая Галя,
І... затрымцела
гарачае сэрца.
Страшкімі сталі
грымоты гарматаў.
Страшна, што сонейка
засціла дымам,
Страшна, што позна ўжо
несці адплату
За кроў і за раны...
Так марна гіне!
Вочы згаслі.
І... згасла сонца!..
Так бо здалося табе,
о конь мой.
Любы таварыш
быў дораг бясконца.
Ў роспачы біў ты
зямлю падковай.
Ў роспачы гнуліся
нізка вербы,
Пырскамі плакалі
сінія хвалі,
Скаліўся вечар
чырвонымі шчэрбамі,
Як памірала
на беразе Галя...
А за узгоркам
сціхала бойка,
Чулася: грае
апошнім акордам.
Кавэскадрон
біўся з ворагам стойка,
Непераможнай
адвагаю горды.
Гэтак было.
А ці ж так не будзе?
Конь, ты у новую
бойку гатовы?
Ты пастарэў,
але дужы у грудзях,
І на капытах
не збіты падковы.
І прад табой —
не бязмоцны паэта, —
Бачыў, склаў песню
такую, як ты:
Бяжыш, і твой бег
расцвітае санетам
І маршам паходным
звіняць капыты!