Рэалізацыя ідэі незалежнасьці

Рэалізацыя ідэі незалежнасьці
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1924

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Наш беларускі народ, бадай, выключна складаецца зь сялян і работнікаў. Здраджаны сваей буржуазіяй, якая прыняла «вышэйшую» чужацкую культуру і выраклася сваей нацыянальнасьці, беларускі народ адначасна павінен быў вясьці барацьбу як за нацыянальнае, так і клясавае вызваленьне. Уціск сацыяльны і нацыянальны йшоў з аднэй і тэй самай крыніцы і дзеля гэтага і барацьба за нацыянальнае вызваленьне была адначасна і барацьбою за сацыяльнае і эканамічнае вызваленьне.

Зусім натуральна, што рэалізацыя ідэі дзяржаўнай незалежнасьці беларускага народу магла адбыцца толькі тады, калі б улада знаходзілася ў руках сялян і работнікаў. Доказам гэтага зьяўляецца сучаснае дзяржаўнае будаўніцтва Беларускай Радавай Рэспублікі.

Ясна, што пры буржуазна-капіталістычнай уладзе Беларусь ні ў якім выпадку не магла б збудаваць сваей дзяржаўнасьці, бо буржуазная кляса на абшарах Беларусі зьяўляецца ня толькі клясавым ворагам працоўных масаў беларускага народу, але і нацыянальным, і яна ў будаўніцтве Беларускай дзяржавы ня бачыла для сябе ніякіх рэальных карысьцяў. Аб гэтым яскрава сьведчаць адносіны да беларускага руху як усіх расейскіх, так і польскіх буржуазных партыяў і іх урадаў.

Таксама наш народ ня мог спадзявацца на дапамогу ў справе будовы сваей дзяржавы з боку буржуазных урадаў тых ці іншых дзяржаў, якія мелі ўплыў на вырашэньне лёсу паваеннай Эўропы. Ні Нямеччына, ні Антанта ня мелі ніякай ахвоты тварыць беларускую дзяржаву; у лепшым выпадку яны маглі б зь беларускіх абшараў зрабіць сваю калёнію, якая б была шырокім полем для эксплюатацыі і поўнага эканамічнага паняволеньня чужаземным капіталам. І ў гэтым выпадку Беларусь ня можа пазайздросьціць лёсу тых невялічкіх дзяржаў, якія ўтварыліся ў выніку сусьветнай вайны і знаходзяцца ў поўнай залежнасьці ад ласкі ці няласкі таго ці іншага магутнага апекуна.

Праклямаваньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25-га сакавіка 1918 году, безумоўна, мае вялікае значэньне як пэўны этап у гісторыі разьвіцьця беларускай дзяржаўнай думкі. Гэты акт у тагачасных абставінах ня мог даць адразу рэальных вынікаў. Стаўка на так модны ў той час дэмакратызм і самаазначэньне народаў, якімі прыкрываліся запраўдныя мэты сусьветнай вайны, не магла быць выйграна. Беларусь, стаўшы арэнай барацьбы двух змагаўшыхся сьветапаглядаў — старога капіталістычнага імпэрыялізму і нараджаючагася ў муках рэвалюцыі новага ладу, — павінна была стаць выразна на тую ці іншую старану. Сярэдзіна ў духу невыразнага, аджываючага свой век дэмакратызму не магла задаволіць ні аднэй, ні другой стараны. У гэтым галоўная прычына няўдачы акту 25-га сакавіка.

Рыскі мір — вынік тагачасных суадносінаў сілаў — падзяліў Беларусь на дзьве часткі, прынцыпова прызнаючы за Беларускім народам права на незалежнае дзяржаўнае жыцьцё. І вось, у той час, калі тут, на захадзе, шмат хто не прызнае за намі нават права называцца нацыяй, там, на ўсходзе, пачынаецца запраўдная раалізацыя ідэі аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі. У цяжкіх абставінах паваеннага эканамічнага зруйнаваньня беларускія працоўныя масы вядуць гэтую працу, якая ўрэшце дала ў выніках стварэньне Беларускай Радавай Рэспублікі, ахопліваючай, бадай, усе ўсходнія беларускія землі.

І гэта адбылося ня шляхам вайны, ня шляхам вырашэньня аружжам спрэчных пытаньняў, а шляхам узаемнага братэрскага паразуменьня працоўных масаў і іх прадстаўнікоў. Бо працоўны народ ніколі не зацікаўлены ў уціску і вызыску другога працоўнага народу. Клясавае вызваленьне нясе з сабою і нацыянальнае вызваленьне. Народы, вызваліўшыеся ад паняволеньня капіталу, змогуць наладзіць згоднае сужыцьцё ў братэрскім саюзе.

І мы шчыра верым, што і польскія працоўныя масы знойдуць супольную мову, каб паразумецца зь беларускім работнікам і селянінам. Наступіць час, калі беларускі народ такжа рука аб руку пойдзе з польскім народам, як ён ідзе цяпер зь вялікарасейскім і ўкраінскім.

Застаецца толькі пажадаць, каб гэты час хутчэй настаў.