Рэлігія і нацыяналізм

Рэлігія і нацыяналізм
Артыкул
Аўтар: Аляксандр Коўш
1929 год
Крыніца: Часопіс «Беларуская зарніца», № 3 (11), 15 сакавіка 1929 г., б. 1–3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Два факты мелі і маюць вялікае значэньне У жыцьці кожнага народу: рэлігія і нацыяналізм.

Нацыяналізм — гэта любоў да свайго народа, да свае бацькаўшчыны, да свае роднае дзяржавы, да створаных і здабытых, часта з вялікімі высілкамі і мукамі, асаблівасьцяў жыцьця, якія народ адчувае як свае родныя і дзеля гэтага, для яго дарагія.

І гэта любоў не пасыўная, а шчырая, вымагаючая творчых высілкаў, часта ахвяры, падчас нават аддачы свайго жыцьця.

Нацыяналізм — гэта індывідуальнасьць цэлага народу і творчая любоў да гэтае індывідуальнасьці.

Хрысьціянства благаслаўляе асабістую індывідуальнасьць. Ад рожніцы індывідуальнасьцяў залежыць вялікая паўната міра.

Чалавек ідзе правідловым шляхам, калі ён разьвівае свой талянт. Калі ж ён гэтага ня робіць — дык ня выконвае волі Бога.

Разьвіцьцё сваяго цара і свае індывідуальнасьці ня толькі апраўдваецца хрысьціянствам, але зьяўляецца хрысьціянскім догматам, за невыкананьне якога пагражае кара.

Усё тое, што паводле хрысьціянскае маралі зьяўляецца абавязкам для індывідуальнасьці асабістай, — у поўнай меры зьяўляецца такім-жа абавязкам для індывідуальнасьці грамадзкай.

Нацыяналізм гэта дар, дадзены цэламу народу, і дзеля гэтага ён злучае народ у адзіны арганізм, ня гледзячы на індывідуальныя асаблівасьці паасобных адзінак. Як ад паасобнага чалавека правідловы хрысьціянскі шлях вымагае разьвіцьця сваяго дара, так і ад цэлага народа вымагаецца разьвіцьцё яго агульна-грамадзкага дара.

Запраўдны нацыяналізм не супярэчыць сусьветнасьці, а наадварот: шлях да сусьветнасьці ляжыць там: праз нацыяналізм.

„Ашче кто речет, яко люблю Бога, а брата сваяго ненавидзіт: ложь есть; ибо не любяй брата сваяго, его же видзе Бога, Его же не видзи, како может любить?“

Дзеля гэтага хрысьціянства ня прызнае адцягненае любві да далёкіх, пры адсутнасьці яе да блізкіх. Яно прызнае канкрэтную, рэальную любоў да рэальных, блізкіх асобаў. І толькі гэтая конкрэтная любоў, паступова пашыраючыся, адчыняе сваі аб'яцьці ўсяму міру: элліну і іудэю, абрэзанаму і неабрэзанаму, варвару і скіфу, рабу і валадару.

Нацыяналізм натуральна заложаны ў чалавека. Ён ёсьць такое-жа нармальнае зьявішча для здаровага чалавека, як любоў да сваіх родных, да свае сям’і. І як усё звычайнае, ён не адкідываецца, а сьцьвярджаецца хрысьціянствам.

Дзеля гэтага, чалавек, адкідаючы нацыянальнасьць, адкідае нацыянальны дар, зьяўляецца крывадушным рабом, ня выконваючым сваяго назначэньня. Такі чалавек ухіляецца ад дапамогі сваяму народу ў выкананьні ім сусьветнае задачы — павялічэньня агульнае духовае скарбніцы народу праз паглыбленьне і пашырэньне самабытнага нацыянальнага дару.

Вось чаму праваслаўная царква прызнае прыродны падзел і будаваньне краявых царквоў па нацыянальнаму прынцыпу. Праваслаўная дактрына выходзіць з тае засады, што хрысьціянства мае прасьвяціць сваёй высокаю маральлю. ўсе народы, а дзеля гэтага яно не пярэчыць натуральнаму падзелу людзей на нацыянальнасьці. “Ідзіце”, сказаў Хрыстос апосталам, “навучыць усе народы”.

Гісторыя пашырэньня хрысьціянства сьведчыць нам, што сьв. апосталы спачатку прапаведывалі Эвангельле пераважна ў галоўных гарадох, кіруючыся думкаю, што з гарадоў хрысьціянства пашырыцца і на ваколіцы. Такой-жа тактыкі прытрымліваліся і наступнікі апосталаў. Праз гэта галоўныя гарады таго ці іншага народу, што былі яго адміністрацыйнымі асяродкамі, сталі і духоўнымі цэнтрамі народаў.

Нацыянальнае жыцьцё разьвіваецца тады, калі адна з найважнейшых галінаў духовага жыцьця народу — галіна рэлігійная — праводзіцца на груньце нацыянальным.

У адпаведныя моманты народнага жыцьця царкоўна-нацыянальнай справе надаецца вялікае значэньне; каля яе вядзецца вострая барацьба. Царква становіцца ворганам нацыянальнае творчасьці. Асабліва гэта трэба сказаць пра пэрыяды вызваленяга руху тае ці іншае нацыі.

Практычнае значэньне рэлігійнага чыньніка выяўляецца ў тым, што ён даходзіць да найінтымнейшых старон народнае душы, уплывае аднолькава як на дарослых, так і на дзяцей, ва ўсіх, нават найглухшых закуткаў краю, — ўсюды дасягае яго чыннасьць.

Як ведама з гісторыі беларускага і ўкраінскага народаў на грунце рэлігій на царкоўным базіравалася барацьба ня толькі за веру, але і за нацыянальнасьць. „Руская вера” была лёзунгам для змаганьня за нацыю, і пад гэтым лёзунгам была ўратавана ня толькі вера, але беларуская і ўкраінская нацыянальнасьць. У гісторыі іншых народаў мы бачым тыя самыя факты.

Калі існуе такая цесная сувязь паміж рэлігіяй і справай нацыянальнай – дык зусім нармальным зьяўляецца і тое, што чалавек рэлігійны павінен быць нацыяналістам, а нацыяналіст павінен быць чалавекам рэлігійным. Зразумела, што заараўдны нацыяналізм нічога супольнага ня мае з шовінізмам.

Прарок апошняга часу, вялікі Дастаеўскі, вуснамі сваяго героя Шатава так кажа па гэтаму пытаньню: „Вы мала таго, што праглядзелі народ, а з амерзіцельнай пагардаю адносіліся да яго, а ў каго няма народа, у таго няма і Бога.

Ведаеце напэўна, што ўсе тыя, якія перастаюць разумець свой народ і трацяць з ім сувязь, адначасна з гэтым трацяць і родную бацькаўскую веру, становяцца або атэістамі, або раўнадушнымі. Вось дзеля чаго, і вы ўсе і мы ўсе цяпер або гнусныя атэісты, або раўнадушная, развратная дрэнь і нічога больш... Ніколі гэтыя людзі ня любілі народу, не пакутавалі за яго і не прынясьлі за яго ніякое ахвяры.

Людзі гэтыя страцілі рожніцу паміж дабром і злом, дзеля таго, што перасталі свой народ знаць”.

Гэтыя словы Дастаеўскага могуць быць прыстасаваны і да сучаснага становішча беларускага народу, калі запраўды мы зыходзім з гэтага адзінага моцнага грунту пры будаваньні бацькаўшчыны — грунту рэлігійна-нацыянальнага. Іншага грунту, які-бы для дабра агульнае справы, злучыў-бы нас, мы ня знойдзем.

Толькі стаячы на гэтым грунце, мы запраўды дасягнулі-бы агульнае згоды. Толькі стаючы на гэтым грунце, мы шчыра ў аб‘яднаньні з усім грамадзянствам маглі-бы сказаць: “Слава ў вышніш Богу, бо на нашай Бацькаўшчыне мір і згода і дзеля гэтага ва ўсіх нас благаваленьне”.