Саборнае пасланьне сьвятога Апостала Якуба

Дзе́яньні Сьвятых Апосталаў Саборнае пасланьне сьвятога Апостала Якуба
Аўтар: Апостал Якуб
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Пе́ршае саборнае пасланьне сьвятога Апостала Пётры

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзел 1

правіць

1 Якуб, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццацём родам, што расьцярушаны, — ра́давацца!

2 З вялікаю радасьцяй прымайце (гэта), браты маі, калі папада́еце ў розныя спакушэньні,

3 ве́даючы, што выпрабаваньне вашае ве́ры вытварае цярплівасьць;

4 цярплівасьць жа няхай мае закончанае дзе́ла, каб вы былі закончанымі й поўнымі, бяз ніякае нястачы.

5 Калі-ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, які дае́ ўсім проста і без дакораў, — і будзе яму дадзена.

6 Але няхай просіць з ве́раю, ані́ не сумляваючыся, бо той, хто сумляваецца, падобны да марское хвалі, якую ве́цер уздыймае й разьбівае.

7 Дык няхай ня думае гэткі чалаве́к, што не́шта дастане ад Госпада.

8 Двудушны чалаве́к няцьвёрды на ўсіх сваіх шляхох.

9 Няхай жа хваліцца паніжаны брат сваей высокасьцяй,

10 а багаты сваім паніжэньнем, бо праміне́, як цьве́т на траве́.

11 Бо ўзыйшло сонца са сьпе́кай і высушыла траву, і цьве́т яе́ апаў, і хараство аблічча яе́ счэзла; гэтак і багаты на шляхох сваіх завяне.

12 Шчасьлівы чалаве́к, які выдзе́ржывае спакусу, бо, як выпрабаваны, ён дастане вянок жыцьця, што абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.

13 У часе спакушэньня ніхто хай ня кажа: Бог мяне́ спакушае; бо Бог не спакушаецца злом, і сам нікога не спакушае.

14 А кожны спакушаецца, захоплены й прываблены ўласным пажаданьнем;

15 а пасьля пажаданьне, зачаўшы, спараджае грэх, а зроблены грэх спараджае сьме́рць.

16 Не баламуцьцеся, браты маі ўмілаваныя:

17 кожнае добрае даньнё і кожны дасканалы дар зыходзе з вышыні, ад Айца сьве́тласьцяў, у Якога няма адме́ны ані зьме́ннасьці.

18 Захаце́ўшы, спарадзіў нас словам праўды, каб быць нам нейкім пачаткам тварэньняў Яго.

19 Дык вось, браты маі́ ўмілаваныя, усякі чалаве́к няхай будзе хуткі паслухаць, павольны гаварыць, няскоры гне́вацца́,

20 бо гне́ў чалаве́ка ня творыць праўды Божае.

21 Дзеля гэтага, адклаўшы ўсякі бруд і астачу злосьці, у пакоры прыме́це насаджа́нае слова, што душы вашыя збавіць можа.

22 Будзьце-ж выпаўніцелямі слова, а не слухача́мі толькі, ашуківаючымі самых сябе́.

23 Бо хто слухае слова і не выпаўняе, той падобны да чалаве́ка, які разглядае прыраджонае аблічча свае́ ў люстры:

24 ён паглядзе́ў на сябе́ і адыйшоўся, ды ўраз жа забыўся, які ён.

25 Але хто ўглыбляецца ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім, той, стаючыся не слухачом забываючымся, але выпаўніцелем дзе́ла, шчасьлівы будзе ў дзе́яльнасьці.

26 Калі хто сярод вас думае, што ён багабойны, ды не закелза́е языка свайго, але ашуківае сэрца свае́, у таго багабойнасьць пустая.

27 Чыстая і беззаганная багабойнасьць перад Богам Айцом — у тым, каб даглядаць сірот і ўдоваў у горы іх і дзяржацца неапага́неным ад сьвету.

Разьдзел 2

правіць

1 Браты маі! Не на аблічча ўзіраючыся, ме́йце ве́ру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста́ услаўленага.

2 Бо калі на сабраньне вашае ўво́йдзе чалаве́к з залатым пярсьцёнкам, у багатай вопратцы, дый увойдзе і бе́дны ў мізэрнай вопратцы,

3 і вы паўзіраецеся на адзе́тага ў багатую вопратку і скажаце яму: табе́ добра се́сьці тут, а бе́днаму скажаце: ты стань там, ці сядай тут, ля падножжа майго, -

4 дык ці-ж не перасуджваеце вы ў сабе́ і ня робіцеся судзьдзямі з нягоднымі думкамі?

5 Паслухайце, браты маі ўмілаваныя: ці-ж ня бе́дных сьве́ту гэтага выбраў Бог быць багатымі ве́раю і ўзяць у спадчыну Царства, якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго?

6 А вы пагардзілі бе́дным. Ці-ж не багатыя прыгнятаюць вас, і ці-ж не яны цягаюць вас па судох?

7 Ці-ж не яны зьняслаўляюць добрае імя вашае, якім вы называецеся?

8 Калі вы выпаўняеце царскі закон паводле пісаньня: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе́, добра робіце;

9 але калі на аблічча ўзіраецеся, дык робіце грэх і праступнікамі аказваецеся перад законам.

10 Бо хто выпаўняе ўве́сь закон, ды саграшыць у не́чым адным, той робіцца вінаватым у-ва ўсім.

11 Бо Той, хто сказаў: не чужалож! сказаў такжа: не забі, дык калі ты не чужаложыш, але забеш, то ты таксама праступнік закону.

12 Гэтак гаварэ́це і гэтак рабе́це, як тыя, што маюць быць суджаны па закону свабоды.

13 Бо ня ма́е суд ласкі для таго, хто не зрабіў ласкі; ласка па-над суд вывышша́ецца.

14 Што за карысьць, браты маі, калі хто кажа, што ён ма́е ве́ру, ды ўчынкаў ня ма́е? Ці можа гэтая ве́ра збавіць яго?

15 Калі брат ці сястра неадзе́тыя і ня маюць стравы штодзе́ннае,

16 і не́хта з вас скажа ім: ідзе́це ў супакоі, грэйцеся і карміцеся, але ня дасьць ім патрэбнага для це́ла: што за карысьць?

17 Гэтак і ве́ра, калі ня ма́е ўчынкаў, сама па сабе́ мёртвая.

18 Але хто-не́будзь скажа: ты маеш ве́ру, а я ма́ю ўчынкі: пакажы мне́ ве́ру тваю з учынкаў тваіх, і я з маіх учынкаў пакажу табе́ маю́ ве́ру.

19 Ты ве́рыш, што Бог адзін: добра робіш; і злыя духі ве́раць і дрыжаць.

20 Але ці хочаш ве́даць, чалаве́ча нікчэмны, што ве́ра бяз учынкаў мёртвая?

21 Ці-ж ня ўчынкамі апраўдаўся Аўраам, бацька наш, узьвёўшы на ахвярнік Ізаака, сына свайго?

22 Ці бачыш, што ве́ра дапамагала ўчынкам яго, і ўчынкамі ве́ра завяршылася?

23 І выпаўнілася Пісаньне, якое кажа: Паве́рыў Аўраам Богу, і залічана яму за праведнасьць, і — другам Божым быў ён названы.

24 Ці бачыце, што чалаве́к апраўдываецца ўчынкамі, а ня ве́раю толькі?

25 Гэтак сама й Рааб блудніца ці ня ўчынкамі апраўдалася, прыняўшы пасланцоў і адправіўшы іх другой дарогай?

26 Бо, як це́ла бяз духа мёртвае, гэтак і ве́ра мёртвая бяз учынкаў.

Разьдзел 3

правіць

1 Браты маі! Ня многія рабе́цеся вучыцялямі, ве́даючы, што мы большы дастанем прысуд,

2 бо ўсе́ мы шмат грашы́м. Хто не грашы́ць словам, той — дасканалы чалаве́к, які дуж закелза́ць і ўсё це́ла.

3 Вось мы ўкладаем зяле́зы ў рот коням, каб яны слухаліся нас, і кіруем усім це́лам іх;

4 вось і караблі ун якія вялікія, што іх ве́тры магутныя носяць, а невялікім стырном кіруюцца, куды хоча корнік;

5 гэтак і язык — невялікі чле́н, але шмат робіць. Паглядзі, невялікі агонь, а як многа рэчаў запалівае;

6 і язык — агонь, сьве́т няпраўды. Язык гэтак зьмяшчаецца міжы чле́намі нашымі, што апаганівае ўсё це́ла і запалівае круг жыцьця, а сам запальваецца ад гее́нны,

7 бо ўсякая прырода зьве́раў і птушак, га́даў і марскіх жывёл гамуецца й угамована прыродаю чалаве́чаю,

8 а ўгамаваць языка ніхто з людзе́й ня можа: гэта — нястрымнае зло; ён напоўнены сьмяротнаю атрутаю.

9 Ім славім Бога і Айца — і ім праклінаем людзе́й, што створаны на ўзор Бога;

10 з тых самых вуснаў выходзіць багаслаўле́ньне і праклён. Не павінна быць гэтага, маі браты.

11 Ці цячэ з аднаго жарала́ крыніцы салодкае і горкае?

12 Ня можа, браты маі, смоква радзіць аліўкі, ці вінаградная лаза смоквы: гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салоную і салодкую ваду.

13 Хто з вас мудры й разумны? Пакажы гэта на дзе́ле добрым паступаньнем з лагоднасьцяй мудрасьці.

14 Але, калі ў вашым сэрцы вы ма́еце горкую завісьць і сварлівасьць, дык не хвале́цеся і не брашыце на праўду:

15 гэта ня ёсьць мудрасьць, што зьве́рху зыходзе, але зямйая, душэўная, дэмані́чная,

16 бо гдзе́ завісьць і сваркі, там ладу няма і ўсе́ благія ўчынкі.

17 Але мудрасьць, што зьве́рху зыходзе, перадусім чыстая, потым згодлівая, лагодная, паслухмяная, поўная міласэрдзя й добрых пладоў, бесстаронная і некрывадушная.

18 Плод жа праўды ў міры се́ецца тымі, што мір робяць.

Разьдзел 4

правіць

1 Скуль войны й бітвы у вас? Ці ня згэтуль: з раскошаў вашых, што ў чле́нах вашых ваююць?

2 Жадаеце й ня ма́еце; забіваеце й завідуеце, — ды ня можаце дасягнуць; сварыцёся і ваюеце, ды ня маеце, бо ня просіце. -

3 Просіце і не дастаецё, бо просіце блага, каб ужыць на раскошы вашыя.

4 Бясчэсныя й бясчэсьніцы! Ці ня ве́даеце, што дружба са сьве́там ёсьць варожасьць да Бога? Дык, хто хоча быць другам сьве́ту, той робіцца ворагам Богу.

5 Ці вы думаеце, што надарма́ кажа Пісаньне: да завісьці любіць дух, што жыве́ ў нас?

6 і тым большую дае́ ласку, дык і сказана: Бог гордымі брыдзіцца, а пакорным ласку дае́ (Прыпов. 3, 34).

7 Дык пакарыцеся Богу; супраціўцеся дяблу, і ўцячэ ад вас.

8 Бліжэй падыйдзе́це да Бога, і прыблізіцца да вас. Ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;

9 скрушайцеся, плачце й галасіце: някай сьме́х ваш абе́рнецца ў плач, і радасьць — у гора.

10 Скарыцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.

11 Не абмаўляйце, браты, адзін аднаго: хто брата абмаўляе й асуджа́е брата свайго, той абмаўляе закон і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, то ты не́ выпаўніцель закону, але судзьдзя.

12 Адзін законадаўца можа збавіць і загубіць; а хто ты, што судзіш другога?

13 А ну цяпер вы, што кажаце: сягоньня ці заўтра вырушым у такое й такое ме́ста і пражыве́м там адзін год, і будзем таргаваць і зарабляць, -

14 вы, якія ня ве́даеце, што будзе заўтра: бо што такое вашае жыцьцё? Па́ра, што зьяўляецца на малы час, а потым зьнікае.

15 Заме́ст таго, каб вам гаварыць: калі Госпад захоча й будзем жывыя, дык зробім тое ці другое, -

16 вы вось праз пыху сваю пуста хваліцеся. Усякае гэткае пустахвальства ёсьць зло.

17 Дык вось, хто ве́дае, як рабіць дабро, ды ня робіць, грэх таму.

Разьдзел 5

правіць

1 А ну-ж вы, багатыя: плачце й галасе́це над злыбедамі вашымі, што йдуць на вас!

2 Багацьце вашае згніло, і вопраткі вашыя зье́дзены мольлю.

3 Золата вашае й серабро вашае пайржаве́ла, і іржа іх сьве́дчыць супраць вас і зье́сьць це́ла вашае, як агонь: вы сабралі сабе́ скарб на апошнія дні.

4 Вось галосіць заплата, якую вы затрымлівалі ў работнікаў, што пажалі палі́ вашыя; і ляманты жанцоў дайшлі да вушэй Госпада Саваофа.

5 Вы ме́лі раскошу й асалоду на зямлі; накармілі сэрцы вашыя, быццам на дзе́нь, калі вас заколюць.

6 Вы засудзілі, забілі справядлівага: ён не спраціўляўся вам.

7 Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівымі да прыходу Госпадавага. Глядзе́це: зямляроб жджэ каштоўнага плоду ад зямлі і дзеля яго це́рпіць доўга, пакуль дастане дождж раньні і позны.

8 Цярпіце доўга і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прыход Гасподні набліжаецца.

9 Не наракайце, браты маі, адзін на аднаго, каб ня быць засуджанымі: вось судзьдзя стаіць за дзьвярыма.

10 За прыклад мук ліхіх і доўгацярплівасьці — вазьме́це, браты маі, прарокаў, што іме́ньнем Госпадавым прамаўлялі.

11 Вось мы шчасьлівымі называем тых, што цярпе́лі. Вы чулі пра стойкасьць Іова і бачылі кане́ц яго ад Госпада, бо Госпад ве́льмі міласэрны й спагадлівы.

12 Дык перш за ўсё, браты маі, не прысягайцеся ані не́бам, ані зямлёю, ані ніякаю другою прысягаю; але няхай будзе ў вас «але́, але́», і «не́, не́», каб вам не папасьці пад суд.

13 Цяжка не́хта з вас мучыцца? няхай моліцца. Вясе́ла каму? няхай псальмы сьпявае.

14 Занядужаў хто з вас? пакліч прэзьбітараў Царквы, і няхай памоляцца над ім, памазаўшы яго але́ем у імя Госпадавае, -

15 і малітва ве́ры вылячыць хворага, і Госпад падыме яго; і калі ён грахі зрабіў, будуць зьняты з яго.

16 Прызнавайцеся адзін перад адным у праступках і мале́цеся адзін за аднаго, каб паздараве́ць; многа можа натужная малітва справядлівага!

17 Ільля быў чалаве́к, падобны да нас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня падаў дождж на зямлю тры гады і шэсьць ме́сяцаў.

18 І ізноў памаліўся: і не́ба дало дождж, і зямля узрасьціла плод свой (3 Цар. 17, 18).

19 Браты, калі-б хто з вас ухіліўся ад праўды, і не́хта яго навярнуў-бы,

20 дык няхай гэны ве́дае, што, вярнуўшы грэшніка з блуднае дарогі ягонае, ён збавіць душу ад сьме́рці і многа пакрые грахоў.