Сава
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Якуб Колас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




САВА

Спарадзіла маці сына
У цяні дубровы,
Дала яму вочы-зоры
І чорныя бровы.
Кітайкаю спавівала,
Святых упрашала,
Каб святыя ўсе сыночку
Шчасце-долю слалі.
«Маці божая, пашлі ты
10 Тае благадаці —
І ўсяго, чаго матуля
Не здолее даці».
Да ўсход сонца воду брала,
Ў барвінку купала,
Да паўначы калыхала,
Досвіткам спявала:

«А-а… лю-лі…
Пытала зязюлі, —
Зязюля вяшчала,
20 Праўданьку казала.
Буду сто год жыці,
Цябе гадаваці,
Ў жупан хадзіці,
Буду панаваці.
Ой, вырасцеш, сынку,
За паўчварта году,
Як ясень высокі,
Як княжога роду,
Гнуткі і дзябёлы,

30 Шчаслівы, вясёлы
І не адзінокі.
Найду табе роўню,
Хоць за морам сінім,
Або крамароўну,
Або сатнікоўну —
Такі панну, сыну!
У чырвоных чаравіках,
Ў зялёным жупане,
Па святліцы пахаджае,
40 Як пава, як пані,
Ды з табою размаўляе;
У хаце, бы ў раю!
А я сяджу на пакуці,
Толькі паглядаю.

Ой, маё дзіцятка!
Ой, сыне мой, сыне!
Ці ёсць лепшы на ўсім свеце,
На ўсёй Украіне?
Няма лепшага й не будзе —
50 Дзівуйцеся, людзі!
Няма лепшага!.. А долю…
Долю раздабудзем».
Ой, зязюля, зязюленька,
Нашто кукавала?
Нашто ты ёй доўгіх годаў,
Сто лет абяцала?
Хіба ж ёсць на гэтым свеце
Слухмяная доля?
Ох, каб была!.. Змагла б маці
60 З нямецкага поля
Сваім дзетачкам заклікаць
І долю, і волю,
Дык жа не… А зло нядолі
Сустрэнецца ўсюды —
І на шляху і без шляху —
Ўсюды, дзе ёсць людзі.

Цешылася маці сынам,
Як кветкаю ў гаю,

Цешылася… А тым часам
70 Бацька памірае.
Засталася удавою,
Хоць і маладою,
І не адна… ды ўсё ж цяжка…
З горам ды з нудою
Пайшла яна да суседзяў
Парады прасіці…
Прысудзілі суседанькі
У наймах служыці.
Агалела і змарнела,
80 Кінула гасподу —
Пайшла ў наймы… Не мінула
Ліхое прыгоды.
І дзень і ноч працавала,
Падаткі плаціла,
За тры копы свайму сыну
Жупанок купіла, —
Каб і яно, удовіна,
Да школы хадзіла.



Ой, талане, талане
90 Удовіны паганы!
Ці ты ў полі, ці ты ў гаю,
Абадраны цыгане,
З бурлакамі гуляеш?
Багатаму сама льецца
Вада ў яго хаце,
А беднаму ў яры трэба
Крыніцу капаці.
У багатых растуць дзеці —
Вербы пры даліне,
100 А ўдовіна адным-адно,
Ды і тое гіне.

Прычакала ўдава долі,
Даросласці сына,
І пісьменны, і ўрадлівы —
Кветачка хлапчына!
Як у бога за дзвярыма

Ўдава панавала;
Зазіраліся дзяўчаты
І ручнікі дбалі.
110 Палюбіла багатая —
Не пацалавала;
Вышывала шоўкам хустку —
Не падаравала.
Злыдні ж краліся з-за мора
Ка ўдовінай хаце.
Падкраліся… Сталі хлопцаў
Ў кайданы каваці,
Ды павезлі да прыёму
Бітымі шляхамі.
120 Пайшла з маткамі і ўдоўка
З дробнымі слязамі.
Дзе ноч начавалі,
Вартавым давалі;
Але ўдаву да абозу
І не дапускалі.
Ой, прывезлі да прыёму
Чупрыны галіці;
Усе дробны, недаросткі —
То багатых дзеці.
130 Той калека-недарэка,
Той не ўмее стаці,
Той гарбаты, той багаты,
Тых чатыры ў хаце.
Усе не ўлад, усіх назад —
Ва ўсіх доля маці.
А ва ўдовы адзін сын,
Дый той якраз пад аршын.



Пакінула ізноў хату,
Сынову гасподу;
140 Пайшла ў наймы, за хлеб чорствы
Чужым насіць воду,
Бо свае і не прымаюць:
«Нядошлая стала,
Не здужае…» І агрызак
Праз акно давалі,

Як убогай… Не дай, божа,
Такога, дажыці!
Не дай, божа, ў багатага
І піць папрасіці!
150 Па капейцы зарабляла,
Копку назбірала,
Ды да сына ліст пісала,
У войска паслала —
Палягчэла. Год праходзіць,
І другі мінае,
І чацвёрты, і дзесяты,
А чуткі не мае.
Няма чуткі; што тут рабіць?
Торбу браць у латах
160 Ды йсці… Ісці сабак дражніць
Ад хаты да хаты.
Ўзяла торбу, пайшла сялом,
На выгане села,
І ў сяло ўжо назад не йшла —
Дзень і ноч сядзела
Каля веснічак. А лета
За летам мінае.
Змізарнела, у крук звяло —
Ніхто й не пазнае.
170 Дый каму там цікавіцца
Калекай убогай!
Сядзіць сабе, пазірае
Ў поле на дарогу.
Рассвітае, і цямнее,
Ды ізноў світае…
А маскалік, сынок яе,
Не йдзе, не дыбае.

---

Па-над ставам увечары
Шуміць чарот шэры.
180 Маці сына ўсё чакае
Досвіта вячэраць.
Па-над ставам увечары
Шэпча штось вярбіна.
Выглядае ў цёмным гаю

Казака дзяўчына.
Па-над ставам вецер вее,
Лозы нагінае;
Плача маці адна ў хаце,
А дзяўчына ў гаю.
190 Паплакала чарнабрыўка
Ды стала спяваці;
Паплакала стара маці
Ды стала рыдаці.
Малілася і рыдала,
Кляла ўсё на свеце…
Ох, як цяжкі вы, без долі
У мацеры дзеці!



Кастлявыя свае рукі
Да бога ўзнімала,
200 Сваю долю праклінала
Ды сыночка звала.
То ад жалю адходзіла
І ў журбе нямела,
То на шлях той на далёкі
Скрозь слёзы глядзела.
І дзень і ноч пазірала
Дый стала пытаці:
«Ці не чуў хто, ці не бачыў
Маскаля-дзіцяці,
210 Майго сына?..» Ніхто не чуў
І ніхто не бачыў.
Сядзіць яна, не йдзе ў сяло,
Маўчыць і не плача.
Звар’яцела!.. І цагліну
Муштруе, то лае,
То калыша, як дзіцятка,
Сынам называе…
Ды украдкам ціхусенька
Скрозь слёзы спявае:
220 «Змяя хату запаліла,
Дзецям кашы наварыла,
Паморшчыла пасталы,
Паляцелі маскалі.

Гусі шэрыя у вырай
Па чатыры, па чатыры
Паляцелі — гол-гол! —
На магіле арол.
На магіле сярод ночы
У казака выйме вочы,
А дзяўчына ў цёмным гаю
Яго з войска выглядае…»



Днём лазіла па сметніках,
Чарпакі збірала,
Гаварыла, што сыночку
Гасцінца хавала.
Позна ноччу, расхрыстана
І проставалоса,
Сялом ходзіць — то спявае,
То страшна галосіць.
Людзі лаялі… Бо, бачце,
Спаць ім не давала
Ды крапіву пад іх тынам
І бур’ян таптала.
Дзці бегалі з драколлем
Удзень за ўдавою
Па вуліцы, ды са смехам
Клікалі Савою.

6 мая 1844

С. П. Б.