Савецкі лад
Фэльетон
Аўтар: Францішак Умястоўскі
1927
Крыніца: Газэта «Беларускі Дзень», № 1, 7 сакавіка 1927 г., б. 3—4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛЕНЬКІ ФЭЛЬЕТОН

Савецкі лад.

Падчас наезду бальшавікоў на Віленшчыну ў 1920 годзе, яны рассылалі па вёсках сваіх агітатараў, якія мелі на мэце тлумачыць нашым сялянам аб істоце бальшавіцкай улады.

На адным сходзе сялян у Вялейскім павеце такі бальшавіцкі агітатар доўга расказваў сялянам аб тым уціску, які панаваў за часы маскоўскага цара, процістаўлячы яму той рай, які мае запанаваць на зямлі пад бальшавіцкай уладай. З пенай на губах, размахваючы рукамі і патрасаючы кудлатай галавою, ён брахаў як наняты, ў прыгожых фарбах малюючы будучае камуністычнае жыцьцё, ў якім мужыкі ня будуць плаціць ніякіх падаткаў, кожны мець будзе зямлі, колькі хоча, ў кожнай вёсцы тэатры, даволі хлеба, сала і то бяз ніякай працы. — „Годзі працаваць мужыку, няхай працуюць тыя, хто нічога ня робячы жыў дагэтуль у дастатку коштам працы мужыка!“ — гэтак скончыў сваю прамову агітатар.

Адным, асабліва зялёнай моладзі, падабалася гэная гутарка. Бо як-жа: зямля, хлеб, сала, багацьце, а працы ніякай. Іншыя слухалі гэную прамову, як казку аб белым бычку, бо ніяк ім у галаве не мясьцілася, як гэта быць багатым бяз працы. А скуль возьмецца хлеб, калі мужык кіне працу, думалі старыкі, але маўчалі, бо ўсім было ведама, што такіх крытыкаў прызнавалі за ворагаў савецкага ўраду, называлі кулакамі і буржуямі і саджалі ў вастрог, а то і расстрэльвалі.

Але агітатару хацелася дазнацца, ці досыць ён атуманіў лёгкаверных цёмных мужыкоў і ён пачаў выклікаць, каб хто-небудзь з сялян расказаў, як ён разумее савецкую ўладу і ці падабаецца яна яму?

Але доўга ніхто з сялян не хацеў гаварыць. Тыя, якіх атуманіла прамова агітатара і якія з дурнаты паверылі ў гэны бальшавіцкі рай, маўчалі, бо баяліся, каб ня выехаць з якім-небудзь глупствам і ня выставіць сябе на пасьмех суседзяў, і чакалі, што скажуць старыя гаспадары. А старыкі, якіх прыкра даймала слова „таварышы“, кіданае да іх агітатарам у скураной куртачцы, з акулярамі на гарбатым носе, з пухлымі белымі рукамі, якія відаць ніколі не кранулі зямлі, — маўчалі таксама. Яны не з прамовы агітатара, бо казаў ён неяк вучона і не паіхняму, але з кароткага панаваньня бальшавікоў добра патрапілі распазнаць, як запраўды выглядае гэны бальшавіцкі рай, у якім ня толькі не давалі ім хлеба і сала, але забіралі астаткі; рай, у якім камандавалі не гаспадары, каторых прывыкла шанаваць і слухаць вёска, але п’яніцы і зладзеі. Ім, праўда, вельмі хацелася голасна, на сходзе, сказаць усю праўду аб гэным раі, тую праўду, аб якой яны гаварылі толькі шэптамі, па хатах, баючыся бальшавіцкіх шпіёнаў, але доўга ніхто не адважыўся гаварыць, бо каму-ж ахвота ісьці ў вастрог альбо на расстрэл.

Маўчаў таксама і стары Антон, першы гаспадар і першая галава на ўсю вёску.

Але калі ўсе вочы скіраваліся на яго і калі суседзі пачалі торкаць яго лакцямі ды вамаўляць: „Гавары, Антон, гавары, ня бойся, ня выдамо“, — Антон ня вытрымаў, перажагнаўся і пачаў гаварыць:

— Перш за ўсё хачу табе падзякаваць, пане Камісар, што ўважыў нас, таварышамі назваў.

Бо, папраўдзе кажучы, якія мы таварышы табе: мы земляробы, народ цёмны, нявучоны, а ты вось ведаеш усё, што было і што будзе, а такі ня брыдзішся нас, таварышамі называеш. Дзякуем табе за гэта.

І за тое, што расказаў нам, таксама дзякуем. Цяперака і мы ведаем, якое было і якое будзе нашае жыцьцё. А было і будзе з ім вось гэтак сама, як з гэтай палкай, што два канцы мае.

— І, кажучы гэта, Антон выцягнуў сваю чачоткавую палку з цьвяком на адным канцы і з баўдавешкай заместа ручкі — на другім. Трымаючы палку каля цьвяка, ён падняў яе баўдавешкай дагары і казаў далей:

— Вось гэтак, як цяперака стаіць палка — гэтак было пры цару. На самым версе, там дзе баўдавешка, сядзеў цар, ніжэй трошкі — яго міністры, яшчэ ніжэй абшарнікі, спэкулянты і гэтак далей. Пад самым нізам быў мужык. Усе на ім ехалі і ён усіх баяўся; а пад мужыком, там дзе гэны цьвек, адзін толькі быў лядашчы канакрад — злодзей. Той дык ня толькі мужыка, але нават і мужыцкага сабакі баяўся. А цяперака пры саветах дык усё перавярнулася дагары нагамі.

— І, сказаўшы гэта, Антон перавярнуў палку цьвяком дагары.


— Цяперака, бачыце грамадзяне, цьвек на гары, цяперака злодзей на самы верх пайшоў. Цяжка было жыць мужыку пад царом, ці будзе лягчэй жыць пад злодзеем, зьмяркуйце самі, грамадзяне.

Шалёным сьмехам зарагатала грамада слухачоў.

— Ай ды Атон, ён дык скажа!

— За праўду стаіць, за народ, хаця самому чорту скажа праўду ў вочы, — адзін прад адным пахвалялі яго суседзі.

— Контр-рэвалюцыянэр, трымайце яго! — крычаў агітатар. — Арыштаваць яго, да сьценкі! — ня ўнімаўся ён.

Але крык яго прапаў у непаўстрыманеым сьмеху сялян, якія ўжо ня мелі болей чаго рабіць і пачалі паволі расходзіцца па хатах.

Дзядзька Пранук.