Саграшыла
Саграшыла Проза Аўтар: Францішак Умястоўскі 1927 Крыніца: Газэта «Беларускі Дзень», № 2, 13 сакавіка 1927 г., б. 11 |
У арыгінале назвы няма, назва дадзеная ўдзельнікам Вікікрыніцаў. |
СЬМЕХ і ЖАРТЫ.
Марыська са сваім жаніхом Ігнатам ішла да споведзі.
Пробашч сказаў, што бяз споведзі шлюбу ня дасьць, а тутака фэст здарыўся, і шлюб ужо недалёка—адно пры адным: сабраліся і пайшлі.
Любіла Марыська Ігната, ах, як любіла! Бо прыгожы быў дзяцюк, дужы як малады дубок, і любіў Марыську.
Як выйшлі з вёскі, ня вытрымала Марыська, кінулася на шыю Ігнату і моцна-моцна пацалавала яго, засаромілася, пачырванела і пачала ўцякаць.
Толькі прад касьцёлам дагнаў яе Ігнат. Ў касьцёле фэст, народу сабралася шмат, ледзь даціснуліся да пробашча, сталі, Марыська ўперадзе — за ёю Ігнат. Пачакаўшы трошку, прыйшоў чарод Марыські. Яна, ак мае быць, выказала свае грахі.
— А прыпомні, дзетачка, можа сягоньня чым абразіла Бога? — пытае пробашч.
— Але! — ўсхапянулася Марыська, — амаль не забылася; саграшыла, войча духоўны!
— Як-жаж ты саграшыла?
— Ігната пацалавала, — кажа Марыська.
— Што, што? — пытае пробашч,—кажы грамчэй, бо добра ня чую (стары пробашч быў трошкі глухаваты).
— Ігната пацалавала! — бразнула на ўвесь голас Марыська.
— А колькі разоў? — дапытваўся пробашч.
— Два разы, войча духоўны.
Ігнат, стоячы тут-жа за Марыськай, чуў добра гэную споведзь яе.
— Марыська, як-жа ты кажаш, што два разы, калі толькі адзін раз пацалавала. На споведзі брахаць. нельга! — адазваўся ззаду Ігнат, пацягнуўшы яе за спадніцу.
Марыська адвярнулася дый кажа:
— Бо назад ідучы таксама пацалую, вось і будзе два разы!
Д. П.