Салар
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1943
Крыніца: http://yakubkolas.ru/salar

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рассыпала сонца каралі,
Ірдзее ў ім пыл, нібы жар.
Шумлівыя кідае хвалі,
Прахладаю вее Салар.

Утульнай густою сцяною
Схіліліся дрэвы над ім.
Гамоніць Салар з цішынёю,
Не ведаю толькі аб чым.

Рахманая горленка з дрэва
Глядзіць на шырокі арык.
Вядомы ёй лепш яго спевы,
А я да іх — не, не прывык.

Злятаюцца птушак чароды
На ноч у зялёны гушчар.
Імклівыя жоўтыя воды
Нясе без упынку Салар.

Пагасла дзесь сонца далёка,
І толькі праменні ўгары
Узняты, як рукі прарока,
І дрэвы змыкаюць шатры.

Над стрэльчатым верхам таполі
Займаецца бледна пажар,
Паветра гарачае з поля
Плыве на халодны Салар.

Сціраюцца яркія тоны,
Напоўзвае мрок патайны,
І вечар замёр задумлёны,
Бясшумна снуюць кажаны.

Грывастыя жоўтыя хвалі
Не ведаюць сцішаных мар.
Маўчаць невядомыя далі,
Шуміць неўгамонны Салар.

А я пазіраю на захад,
Мне цяжка. Чаго? Не пытай!
Пад дымам вайны, як пад дахам,
Пакутуе родны мой край.

Сяджу я адзін, разважаю.
Як хвалі, маршчыны на лбе.
Смуткую па роднаму краю,
Тужу, мілы друг, па табе.

Укрылі далёкія зоры
Нябесны бяздонны абшар.
Аб чым жа, скажы мне, гаворыш,
Узбекскі шумлівы Салар?

(1943)