Самагудка
Верш
Аўтар: Хведар Чарнышэвіч
1912
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 21, 24 (6) мая 1912 г., б. 3.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Самагудка.


Як вечэр укрые ўсю землю,
Яе траўку пакрые раса
І сонцэ сьпяшыць на спачынак,
У лузе ня звоніць каса,—

Ня чутна ні сьмеху, ні песень,
Ні жальбоў, ні стогноў нідзе,
Адно толькі вецер гуляе
Шапочэ чаротам ў вадзе.

Дзесь звонка ў далі аддаецца
Напеў адзінокі ў цішы.
Што-ж ён гэтак сэрцэ трывожыць,
Так сумна казычэ ў душы?

Так жаласна родзіцца, ўецца,
Снуе і сюды і туды?—
То родная песьня ліецца
З лазовай зялёнай дуды.

І, столькі ў ей сілы і волі,
Абразкаў былога жыцьця,
Што проста і рвешея і плачаш,
Абданы сьлязой пачуцьця!

І ўвесь ажываеш, і хутка
Находзяцца сілы кахаць
І край, і дуду самагудку,
І рэкі, і горы, і гладзь.

У грудзі зыходзіць надзея
Аб радасьці яснай пары,
І думка ляціць і сьвятлее
Да новай, да новай зары!


Ф. Чэрнышэвіч.