Сам сабе
Сам сабе Верш Аўтар: Якуб Колас 1955 Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy |
Неўзнакі, неўзаметкі —
Хоць сам скажу сабе —
Пасохлі мае кветкі,
Канец маёй сяўбе.
Штодзень я адчуваю
Усясільны той закон,
Што цягне к долу-гаю
У вечны цень-палон.
Ну што ж? Пажыў, пабродзіў,
Дарог прамераў шмат.
Стаміўся ты ў паходзе —
Спачынь жа ў зямлі, брат!
І сам я не пабачу,
Як згасне мой агонь.
Дык што ж? Хіба паплачу,
Падпёршы ціха скронь.
Мяне ў жывых не стане,
Сыду я ў небыццё,
Ды вечна будзе ранне,
І песні, і жыццё.
(1955)