Санет
Аўтар: Алесь Мілюць
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 325

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ізноў пяе душа… Ізноў струна гавора…
Ізноў куецца верш… Зноў рытмы лье пяро…
Зноў маладая кроў узыгралася, бы мора, —
А ў думках у маіх пайшло ўсё хадыром…

Усміхайся ж, муза, мне — жыцця майго Аўрора…
Няхай твой творчы дух вылье маё пяро!
Тады, хоць мо ўсяго ў жыцці не зможаш гора, —
Усё ж, мэт дасягнуўшы, са славай мы памром…

Дык грай жа, грай жа мне, мая святая ліра;
Няхай твой слёзны зык абудзіць сонны свет…
Хай сэрца чулае сагрэе праўдай шчырай…
О ты струна мая! — калі ж мой ўстыне след,
Звіні ты ўсцяж аб тым з бязмежных ўлонь эфіру,
Што жыў калісь і згас тут мучанік паэт…