Светлыя старонкі дружбы

Светлыя старонкі дружбы
Артыкул
Аўтар: Якуб Колас
1955
Крыніца: Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Bia³oruœ. / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. - Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997 - с. 98-101

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Многія мясціны Беларусі захоўваюць жывую памяць аб Адаме Міцкевічу. Па дарозе з Баранавіч у Навагрудак, робячы невялікія адхіленні ўбок, спыняемся з хвалюючым пачуццём у Заоссі, дзе нарадзіўся найвялікшы паэт польскага народа; моўчкі заходзім у парк Туганавічы, апеты Міцкевічам; бачым маляўнічае возера Свіцязь, услаўленае ў яго дзівосных баладах; узнімаемся на ўзвышша Чамброва, і адсюль паўстаюць перад нашымі вачыма карціны прыроды, любоўна намаляваныя ў “Пане Тадэушы”; нарэшце ўязджаем у Навагрудак, паветрам якога Міцкевіч дыхаў у дзіцячыя і юнацкія гады.

Роднай душы паэта была не толькі прырода Беларусі і Літвы. Народнае жыццё, духоўныя скарбы блізкіх народаў нязменна прыцягвалі яго ўвагу, служылі невычэрпнай крыніцай натхнення.

Нацыянальны паэт польскага народа ў самым поўным сэнсе гэтага слова, Адам Міцкевіч належыць усяму чалавецтву. Іменна таму яго імя бясконца дарагое нам, што ён, выказнік спадзяванняў свайго народа, быў у той жа час палымяным барацьбітом “за вашу і нашу свабоду”.

Ва ўзнёсласці ідэй, якім цалкам аддадзены быў паэтычны геній Міцкевіча, у незвычайнай высакароднасці і прывабнасці яго асобы хаваецца прычына таго глыбокага ўзаемаразумення, якое ўстанаўлівалася паміж песняром польскага народа і выдатнымі прадстаўнікамі іншых нацый. Пранікнёныя радкі, укладзеныя ў вусны Конрада, героя паэмы “Дзяды”, выяўляюць шырыню душы самога паэта, якая ўвабрала ў сябе бязмежнае мора людскіх пакут, незвычайна спачувальнай і чулай да народнага гора, напоўненай да краёў святой нянавісцю да тыраніі, да душыцеляў свабоды.

Міцкевіч — сын сваёй эпохі. Ён адлюстраваў лёс свайго народа ў адзін з самых трагічных перыядаў яго гісторыі, і гэта тлумачыць нам многае ў супярэчлівай свядомасці паэта, у складанасці творчага шляху, які ён прайшоў. І, зразумела, не часовае і выпадковае, не прыватныя памылкі, абумоўленыя рознымі абставінамі, трэба бачыць перш за ўсё ў мастацкай спадчыне Міцкевіча.

З далечыні цэлага стагоддзя, што мінула з дня смерці паэта, з незвычайнай яснасцю вырысоўваецца для нас уся яго веліч, усе тыя каштоўнейшыя рысы вобраза мастака-барацьбіта, якія родняць яго з сучаснасцю, робяць яго вечна жывым у памяці нашчадкаў.

Як геніяльны паэт, Міцкевіч быў і не мог не быць выдатнай асобаю, незвычайным, але сапраўды зямным чалавекам. Ужо раннія яго вершы здзіўляюць багаццем унутранага свету, надзвычайнай праўдзівасцю чалавечых пачуццяў. Адной любоўнай лірыкі, прысвечанай Марылі Верашчак, пранікнёных песень і апісанняў прыроды, грацыёзных жартаў і імправізацый было б дастаткова, каб паставіць імя паэта у адзін рад з самымі яркімі прадстаўнікамі сусветнай паэзіі. Ступень за ступенню Міцкевіч паднімаўся ўсё вышэй у сваёй творчай самасвядомасці. Перамагаючы боль і адчай уласнага сэрца, ён здолеў узвысіцца да сапраўдных вяршынь грамадзянскай тугі і грамадзянскай мужнасці.

У той час, калі Міцкевіч уступаў на літаратурную ніву, у польскай паэзіі панаваў класіцызм. На долю маладога паэта выйшла нялёгкая і ў вышэйшай ступені высакародная місія — выступіць супраць мёртвага засілля кананізаваных правіл струхлелай піітыкі і сцвердзіць паэзію натхнення, жывых чалавечых пачуццяў. Узняўшы сцяг рамантызму, Міцкевіч адстойваў патрабаванні самага перадавога рэвалюцыйнага крыла ў еўрапейскім рамантызме.

Бясспрэчна правільныя вывады робяць даследчыкі, калі адзначаюць плённы ўплыў на Міцкевіча перадавых літаратурных ідэй, успрынятых ім у Расіі ад Пушкіна і яго асяроддзя. Бліскучы росквіт рускай паэзіі і кірунак яе развіцця яшчэ больш пераканалі Міцкевіча ў правільнасці абранага ім шляху. Бясспрэчна і тое, што своеасаблівыя рамантычныя формы, у якія адліваліся думкі і пачуцці Міцкевіча, найбольш адпавядалі духу яго свабодалюбнай паэзіі і былі неабходнай ступенню ў развіцці рэалізму.

Глыбока асабістае, патаемнае, захоўваючы ўсю ўсхваляванасць і непаўторнасць чалавечага лёсу паэта, усё больш, аднак, адступала ў творах Міцкевіча на задні план, раствараючыся ў агульнанародных спадзяваннях і трывогах, падпарадкуючыся высокім мэтам барацьбы за свабоду Польшчы, за чалавечае шчасце.

Мяцежныя думы, багаборніцкія матывы, умоўна рамантычная сімволіка — усё гэта былі формы і сродкі ўвасаблення вызваленчых ідэй, якімі наскрозь прасякнута муза паэта.

Бачачы пакуты змучанай Польшчы, сам ахвяра паліцэйскага сыску і жорсткіх праследаванняў з боку царскіх улад, сведка крывавых вынікаў паўстання 1830 года, Міцкевіч не толькі асабіста пакутаваў. “На гнеўны лад настроіўшы ліру”, ён заклікаў працягваць барацьбу, умацоўваў веру ў будучую перамогу над цёмнымі сіламі беззаконнасці і заняволення. Толькі палымяная любоў да свайго народа магла нарадзіць такія надзвычайныя па сіле паэтычнага адлюстравання радкі:

Гляджу я на край свой змучаны,
Як сын, чыйго бацьку ўздымаюць на кола.
Я чую пакуты народу,
Як маці ва ўлонні ўздрыгванне плоду.

Цяжкія выпрабаванні, праз якія суджана было прайсці Міцкевічу разам з лепшымі сынамі польскага народа, накіравалі шукальніцкі дух паэта да самых важных сацыяльных праблем эпохі. Пры ўсёй сваёй прыхільнасці да лепшых бакоў бытавога і маральнага аблічча дробнамаёнткавай шляхты, паэт валодаў цвярозым і ясным поглядам — поглядам, накіраваным не ў мінулае, а ў будучае. Беззваротна адышлі ў нябыт маляўнічыя тыпы, з такім рэалістычным майстэрствам і дасціпным гумарам выведзеныя ў эпапеі “Пан Тадэвуш”. Далёка не ўсё прымае мастак, малюючы справы і норавы мінулых дзён. Тым больш бачыць ён недасканаласць ранейшага сацыяльнага ладу ў святле новых патрабаванняў эпохі. Хай супярэчлівыя і ў многім наіўныя грамадска-палітычныя погляды, якія складваліся ў Міцкевіча пад уплывам гістарычных падзей. Сутнасць іх, аднак, у тым, што паэт прыходзіў да думкі аб заганнасці і недаўгавечнасці ладу, заснаванага на прыгнечанні, гвалце, сацыяльнай няроўнасці. Сляды глыбокага роздуму над жыццём, над прычынамі, якія прывялі Польшчу да нацыянальнай катастрофы, мы знаходзім у многіх творах Міцкевіча, і ў тым ліку на старонках “Пана Тадэвуша”. Асуджаючы фанабэрыстых магнатаў, выкрываючы жорсткасць, бессумленнасць, рэнегацтва, паэт поўнасцю на баку простых, сумленных людзей, што жывуць працаю сваіх рук. Уласнасць — зло, яблыка разладу, “якое пасварыла ўсіх на свеце”, рабаўласнік — імя, якое ганьбіць чалавека. Зямля і ўсе багацці зямлі павінны належаць тым, хто працуе да сёмага поту і за кошт каго жыве ўвесь свет.

Сярод думак і заклікаў Міцкевіча-публіцыста многа такіх, якія сугучныя нашым дням, выказваюць пачуцці інтэрнацыянальнай салідарнасці, ідэю барацьбы за свабоду. “Народы ніяк не зацікаўлены ў тым, — пісаў Адам Міцкевіч у “Адозве да рускіх”, — каб знішчыць адзін другога. Дзень падзення дэспатаў будзе першым днём міру і дружбы народаў”.

Фактам у вышэйшай ступені знамянальным была сардэчная дружба паміж геніяльнымі паэтамі двух брацкіх народаў — Міцкевічам і Пушкіным. Выгнаннік, якога праследаваў царскі дэспатызм, Міцкевіч знайшоў у перадавой Расіі не толькі цаніцеляў свайго таленту, але і аднадумцаў, дарадчыкаў, саюзнікаў па агульнай справе барацьбы з дэспатызмам, за свяшчэнныя ідэалы свабоды. Самае шчырае спачуванне да лёсу польскага паэта выказвалі побач з Пушкіным дзекабрысты К. Рылееў і А. Бястужаў, многія вядомыя літаратары, якія перакладалі творы Міцкевіча на рускую мову і садзейнічалі іх выданню. Ніякімі паклёпніцкімі выдумкамі і, фальсіфікацыяй нельга сказіць галоўнага, самага важнага ва ўзаемаадносінах Міцкевіча з прадстаўнікамі перадавой рускай грамадскасці. Час, наступныя гістарычныя падзеі згладзілі і аддалі забыццю тое, што было толькі часовым асадкам або асобнымі непрыемнымі адценнямі ўспрыняццяў. Затое навекі засталіся ў памяці народаў светлыя старонкі ўзаемнай дружбы, духоўных сувязей і брацкай салідарнасці. Агульнавядомыя непасрэдныя выказванні аб гэтым Міцкевіча (у “Помніку Пятру Вялікаму”, у пасланні “Рускім сябрам”) і Пушкіна, які з любоўю і павагай успамінаў свайго польскага сабрата.

Свабодалюбівыя мары і спадзяванні Адама Міцкевіча знаходзяць жыццёвае ўвасабленне ў сучаснай, народнай Польшчы. Аддаючы паэту даніну найглыбейшай любві, польскі народ мае права ганарыцца сваім вялікім сынам. Разам з палякамі шырока адзначаюць стагоддзе з дня смерці паэта ўсе народы свету.

Канулі ў Лету адасобленасць і варожасць, якія сеялі паміж народамі, штучна распальвалі і падтрымлівалі царызм і эксплуататарскія класы, імкнучыся трымаць у паслушэнстве прыгнечаныя масы. Цяпер спраўляе ўрачыстасць садружнасць нацый, магутнае яднанне народаў у іх агульнай барацьбе за мір і сацыяльны прагрэс. Паглыбляецца ўзаемаразуменне, працоўныя і культурныя сувязі паміж польскім і савецкім народамі.

Бессмяротныя творы Адама Міцкевіча чытаюць у перакладах і ў арыгінале, іх высока цэняць і любяць у Маскве і Ленінградзе, у Літве і Беларусі, на Украіне і ў Эстоніі — ва ўсіх кутках нашай неабдымнай краіны. Імя вялікага польскага паэта назаўсёды застанецца сімвалам усеперамагаючых сіл розуму, справядлівасці і мацнеючай дружбы народаў.