Селькор
Селькор Аўтар: Паўлюк Трус |
Крыніца: |
На прастор Беларусі квяцістай,
На шырокі свабодны прастор
Выплыў ты, сакаліна-арлісты
Беларускіх загонаў селькор.
Узгадавала цябе завіруха,
Ускарміла шумлівае жыта,
Дык цяпер павярніся і слухай,
Што гаворыць вясковы мужык.
Ты — сын роднай, сярмяжнае вёскі,
Той, што працаю вечна гудзе.
Там жыцця вольнадумнага ўсплёскі
Не заснулі ад цемры людзей.
Не застылі пад смагай адвечнай
У часы панавання прыгону,
Не застынуць цяпер яны вечна,
Калі льецца над вёскаю звон.
Не пужайся, што ў цёмным завуллі
Табе чыняць злачынцы напады, —
Паміраць пад уражжаю куляй
Не дапусціць савецкая ўлада.
Дык пішы і змагайся за волю,
За працоўныя гушчы людзей;
Не памруць твае словы ніколі,
Не памруць, не загінуць нідзе.
Яны вёску ўскалосяць свабодна,
Узвядуць на шырокі прастор.
Запануе сусветная згода, —
Гэта твой абавязак, селькор.
Помні словы бяссмертнага Леніна,
Што казаў ён у жыцці табе, —
Тваё сэрца свабодай успеніла,
Не хістай галавы ў барацьбе.