Скуткі бальшавіцкага паўстання

Скуткі бальшавіцкага паўстання
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 19 лістапада 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паўстаннем у ноч з 24 на 25-га кастрычніка бальшавікі скінулі кааліцыйны, напоўсацыялістычны ўрад і забралі ўладу ў свае рукі, утварыўшы т. званае «Рабочее и крестьянское правительство». Разумеецца, што гэта байкі, калі бальшавікоў называюць здраднікамі і нямецкімі шпігамі. Такімі байкамі і ганебнымі плёткамі хітрыя людзі звыклі палохаць дурных і сквапных на таемныя гаворкі грамадзян. Такія людзі гатовы распусціць чуткі, што бальшавікі заміж гарэлкі п’юць кроў і закусваюць маленькімі дзяцьмі. Людзі, каторым не пад сілу ідэйнае змаганне са сваімі супраціўнікамі, шмат на што адважваюцца. Прыпамятайма, як казалі пра рэвалюцыянераў, што яны падкуплены жыдамі, а потым сталі шырыць чуткі пра японскія мільёны. Тут дарэчы нагадаць, як даўней паганцы ў Рыме казалі на хрысціян, што яны п’юць людскую кроў, а з часам гэтыя ганебныя нагаворы хрысціяне, добра ўмацаваўшыся, перакінулі са свае галавы на жыдоўскія плечы, і цяпер сярод простага беларускага народу існуе легенда пра жыдоўскую мацу.

Распускаючы нагаворы пра хрысціян, паганцы мелі на ўвазе тое, што хрысціяне прычашчаюцца цела і крыві Хрыстуса, а цяперашнія выдумшчыкі пра бальшавікоў, не разумеючы іх ідэёвых заданняў, ганебна тлумачаць погляд бальшавікоў на вайну і адносіны да нямецкага пралетарыяту. З бальшавікамі можна і трэба змагацца ў наш небяспечны час усімі заходамі, але бэсціць людзей і плясці на іх усялякую брыдоту — не гожа; гэта значыць — пляміць самых сябе. З бальшавікамі трэба змагацца дзеля таго, што яны рыхтуюць завесці ў дзяржаве такі грамадзянскі лад, да каторага людзі яшчэ не дараслі. Уводзіць у нас, пры нашай гаспадарскай і грамадскай адсталасці, сацыялістычны лад — гэта ўсё роўна, каб хто захацеў з малога хлопца раптам зрабіць дзецюка ды стаў бы цягнуць яго за вушы ўверх. Разумеецца, апроч калецтва, з гэтага нічога б не выйшла. А тым часам бальшавікі робяць нешта падобнае з Дзяржавай Расійскаю, і мы бачым, што скуткам іх заўчаснай чыннасці пабольшваецца бязлад, калатніна і заняпад, хоць яны шчыра жадаюць дабра працоўнаму народу, але гэтак, як шкадавала адна жаласлівая бабка свайго хворага на тыфус унука. Унук плакаў ды ўсё прасіў даць яму бульбы, каторае пры тыфусу не можна есці. Бабуля змілавалася ды дала, а ўнук з’еў ды памёр.

Нам, беларусам, трэ асабліва ўважліва ставіцца да ўсялякіх цёмных нагавораў, бо ці раз чулі мы, як ворагі нашы на розныя лады бэсцілі нас, называючы святую справу адраджэння нашага народу польскаю інтрыгаю, каторая падтрымліваецца коштам тутэйшых паноў дзеля прылучэння, нібыта нашае бацькаўшчыны да Польшчы. Чаму да Польшчы ганебна прылучаецца і дзе яны чулі, што беларусы жадаюць да каго-небудзь прылучыцца, яны гэтага не тлумачаць. Не тлумачаць яны і таго, што ў Польшчы жыве гэтакі самы працоўны народ, як і мы, не горшы і не лепшы за расійцаў ці які іншы народ. Іх гэта мала абходзе, але гадаўё гэтае добра кеміць, куды гразёю шпурляе. Яны разумеюць, што нашае сялянства, дзякуючы прыкрым гістарычным умовам, звыкла разумець пад палякамі мясцовых паноў-перакінчыкаў і ўсю ганьбу і злосць да паноў-землеўласнікаў пераносе на ўвесь польскі народ, не ведаючы яго і абражаючы людзей саўсім не вінаватых. Так нягодныя людзі каламуцяць воду. Ім бы толькі запалохаць і пасварыць людзей, пашанцавала б толькі растачыць паміж іх калатню, а ўжо потым, стоячы збоку, яны скарыстаюць. Справа тут не ў паляках і не ў расійцах — ворагам нашым наогул не падабаецца рух нацыянальнага адраджэння нашага народу, а яны ведаюць, што беларусы ні да кога не захочуць далучыцца, бо ўжо — калі на тое пайшло — дык лепш мы самі каго-небудзь прылучым да сябе, чым меліся прылучыцца да каго.

Усё гэта, вышэй памянёнае, сведчыць пра тое, як уважна трэба адносіцца да таго, што чуткамі і нагаворамі пашыраецца, і перш, як даць веры, трэба справу ўважна разгледзець, зразумець, абмеркаваць, а ўжо потым даваць той ці іншы свой прысуд. Мы, беларусы, неяк заўсёды ўсіх слухалі, з усімі нібыта згаджаліся, а рабілі па-своему. Гэта добрая прыкмета, яе трэба шанаваць. Дык падтрымайма ж свой характар і тут, у справе бальшавіцкага паўстання, разглядаючы падзеі апошняга часу.

Яшчэ не ўмацаваўшыся ў уласці і скрозь змагаючыся за ўладарства, бальшавікі тым часам адразу прыступілі да сацыяльнага (грамадскага) заканадаўства і змен у сацыяльным жыцці людзей. Так, былі выданы дэкрэты: аб скасаванні ўласнасці на панскія землі і аб перадачы зямлі зямельным камітэтам без выкупу; аб прамысловых, фабрычна-завадскіх зменах, аб кватэрным пытанню і, паміж іншым, славэтны дэкрэт аб замірэнні.

Справядлівым або дэмакратычным мірам бальшавікі лічаць нябаўны мір, мір без анексіяў і кантрыбуцыі, г. зн. без выплаты ваенных страт і без захаплення чужой зямлі і без прымусовага, гвалтоўнага прылучэння чужых народаў. Гэтакі мір прапануюць яны зрабіць усім ваюючым народам нябаўна, выслаўляючы гатоўнасць зрабіць зараз жа, без жаднага адкладу, усе рашучыя шагі наўперад, да канечнае ўхвалы сталых умоваў міру паўнамоцнымі зборамі народных прадстаўнікоў усіх краёў і ўсіх нацыяў. Але разам з тым бальшавіцкі ўрад абвясціў, што ён саўсім не лічыць вышэйпамянёных умоваў міру ультыматыўнымі (абавязковымі) і згаджаецца разгледзець і іншыя прапазіцыі міру, дамагаючыся толькі яснасці і безумоўнага вылучэння незразумеласці і жаднай таемнасці ў прапазіцыях міру.

На моцы праканання самых бальшавікоў выходзе, што дэмакратычны мір, — мір без анексіяў і кантрыбуцыі, магчымы толькі тагды, калі ўва ўсіх ваюючых дзяржавах пачнецца сацыяльная рэвалюцыя, або паўстанне працоўнага люду проці сваіх угнятацеляў. Гэта будзе тагды, як увесь свет, усе народы прыйдуць к апошняму этапу капіталістычнага ладу і стануць у сенях далёкага светлага царства будучыны, царства сацыялізму. Ведаючы, напрыклад, што робіцца ў Германіі і што за граніцаю не чуваць пра рэвалюцыю, можна з пэўнасцю сказаць, што такога міру прыйдзецца чакаць больш, як перамогі над немцам да «пабеднага канца». Ясна, што такога міру мы не дачакаем. Каб утварыць мір на іншых варунках, трэба атрымаць згоду ўсіх ваюючых дзяржаў, і каб ваюючыя дзяржавы прызналі бальшавікоў законным і правамоцным расійскім правіцельствам. Тым часам на бальшавіцкі покліч памірыцца немцы адказалі, што яны не могуць гэтага зрабіць, не ведаючы поглядаў на гэта ўсёй Расіі, а нашы хаўруснікі пагражаюць раздзелам Расіі. Такім чынам, пры бальшавіцкім урадзе канец вайны адсунуўся яшчэ далей, як быў да гэтага часу.

Што датыча раптоўнага скасавання ўласнасці на зямлю, то гэта пагражае страшэнным эканамічным крахам. На грунце зямельнае ўласнасці пабудаваны зямельныя банкі з мільярднымі коштамі, з каторымі цесна звязаны соткі фабрык, заводаў з дзесяткамі тысяч рабочых і ўсялякага служылага люду. Усё гэта павінна будзе прыпыніцца, пойдзе на ліквідацыю і зруйнуе дзяржаўную гаспадарку дашчэнту. І каб гэты зямельны дэкрэт увайшоў у жыццё, дык ці здолеў бы край калі-небудзь паправіцца і ці не спаткала б яго доля жабрачая, доля Персіі і іншых, ей падобных, краін? А покі што мы бачым, што гэты непрадуманы дэкрэт аб зямлі, апроч шкоды для самога народу, нічога добрага не даў. Пайшлі пагромы, грабункі і бязглуздае нішчэнне ўсяго грамадскага дабра. Сякуцца без ладу лясы — краса і багацце нашага краю, паляцца і руйнуюцца дашчэнту маёнткі, гістарычныя будынкі і культурныя здабыткі. Народ, як бы пракапаўшыся, што абяцанка — цацанка, пачынае ў роспачы бурыць тое, на што пасягае, і такім чынам руйнуе той грунт, на каторым павінна будавацца новае, лепшае жыццё.

Бальшавікам удалося забраць уладу ў свае рукі толькі дзякуючы таму, што яны сваімі дэмагагічнымі абяцанкамі згуртавалі каля сябе частку натомленых вайною салдатаў, матросаў і рабочых, жадаючы неадкладнага міру. Тым часам усё грамадзянства, апроч тых, хто актыўна прычыніўся да паўстання, не згаджаецца прызнаць бальшавіцкага ўраду, захапіўшага ўладу дзякуючы загавору і гвалтоўству. Пачалася грамадзянская вайна. Проціў бальшавікоў паўсталі і ўсе тыя сацыялісты, каторыя лічаць заўчасным завядзенне цяпер сацыялістычнага ладу і прызнаюць немагчымым парадак пралетарскай дыктатуры. Салдацкімі штыкамі і ўзброенымі рабочымі, пад час грамадскай утомленасці, можна рабіць загавары і скідаць урады, накладаць цэнзуры, рабіць арышты, наводзіць страхоцце, але ўпраўляць дзяржавай немагчыма. Ніякі штык на свеце не можа прымусіць да працы ўсіх банкіраў, фабрыкантаў, чыноўнікаў, калі яны самі таго не захочуць. І мы бачым, што ахапіўшы ўсіх сабатаж (маўчалівае ўхіленне ад работы) прывёў да агульнага бязладдзя, анархіі, безрабоцця і голаду і руйнуе дзяржаўную гаспадарку дашчэнту.

Бальшавізм спакусіў цёмныя, несвядомыя масы моцнымі абяцанкамі скончыць вайну, надарыць зямлёю, накарміць галодных, усцешыць бяздольных, прыпыніць калатніну, устанавіць парадак. Тым часам, нічога гэтага ён зрабіць не здолее, і хутка ўсе адхіснуцца ад яго. Тагды ўрад Леніна — Троцкага разваліцца, як папяровая хатка,— гэта напэўна. Многа нарабіў шкоды бальшавізм, а яшчэ большая небяспека чакае нас наперадзе. Народ утаміўся і перажыў усе стадыі сацыялістычных абяцанак. Гэтыя абяцанкі нічога, апроч утомы і зняверра, яму не далі. Бальшавізм — гэта астатняя хваля рэвалюцыйнага руху — далей пасувацца некуды. Ад гэтага часу рух рэвалюцыйнага поступу пачне здаваць назад і — хто скажа, гдзе гэтае адступленне назад супыніцца? Хто можа быць пэўным, што не з’явіцца ў гэты цяжкі час грамадскага заняпаду які-небудзь Напалеон і не пастараецца завесці парадак на свой густ і разуменне? Недарма ж кажуць, што бальшавіцкае паўстанне — загібель для рэвалюцыі. І народ ужо не зможа змагацца з Напалеонам. Гэта відаць з прыкладу бальшавіцкага паўстання. Проціў бальшавізму абурылася ўсё грамадзянства, і само бальшавіцкае паўстанне адбылося за дапамогаю невялічкіх гурткоў салдатаў і ўзброеных рабочых, а тым часам тысячы ўсялякіх арганізацый, як с.-р., сялянскія хаўрусы, кааператывы, пачтовыя і жалезнадарожныя хаўрусы і інш., не маглі спыніць паўстання. Гэтае з’явішча сведчыць пра тое, што народ страшэнна ўтаміўся і ўладу ў Расіі можа захапіць кожны, хто патрапіць згуртаваць каля сябе ўзброеных людзей.

Ратунку ад контррэвалюцыі трэба шукаць у нацыянальным адбудаванні свайго жыцця. Фінляндзія гэта зразумела даўно, а братняя нам Украіна зрабіла гэта апошнімі днямі, абвясціўшы Украінскую Рэспубліку.