Слова з песні
Публіцыстыка
Аўтар: Змітрок Бядуля
1919
Крыніца: Звон, 1919. - №11

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(Абразок з натуры)

У школе вёскі N было загадано сьпяваць песьні. Паміж рознымі расійскімі марсэльезамі сьпявалі і песню беларускую: „Ад веку мы спалі".

Спявалі, і усе ішло добра, гладка, пекна і чынна. Потым беларуская песьня пачала рэзаць вухо некаторым асобам: Чаму беларуская і скуль яна узялася?

Пачалі дакопвацца крыніц.

Настаўнік падаў гэтым асобам друкованы лісток песьні.

Прачытаўшы, гэтае асобы сказалі мнагазначнае „гм-м", што у гэтай песьні няма нічога контр-рэвалюцыйнага і сьпяваць яе можна, але... але... „паслухаем і патыліцу пачухаем”, бо пяецца яна троху ня так, як напісано: пераіначаны некаторые словы. Замест „трэба зладзеяў набіць" пяюць — „трэба навуку здабыць".

Ад „таварыша" - вучыцеля прасілі тлумачэньня.

Вучыцель. — Па майму зданьню „трэба зладзеяў пабіць" — гэта не эстэтычна для маленькіх дзетак.

Асобы. — Не эстэтычна, а політычна, а політыку павінны цяцер ведаць і дзеці.

Вучыцель. — Па майму, таварышы, дык дзеці павінны толькі ведаць навуку, а політыкай будуць яны займацца, як вырастуць.

Асобы. — Э-гэ-гэ-гэ! Дык пэўне у вас, таварыш, і вучнёўскага савету няма?!

Вучыцель. — Няма.

Асобы — Пэўне, вы і не камуніста?

Вучыцель. — Не.

Асобы. — !!??

Вучыцель — ??!!

(Нямая сцэна трывае некалькі мінют).

Асобы. — Дык як-жа вы тут адукуеце дзяцей, хто вас тут назначыў?

Вучыцель. — Я ужо тут вучыцелем некалькі год.

Асобы. — Мабыць вы і старарэжымнік?

Вучыцель - Я у політыку не умешваюся.

Асобы. — Гэта кепска! Вы не гадзіцеся у вучыцелі, калі так. Цяпер усе павінны ведаць політыку. Мейсца вы тут мець ня можаце.

Вучыцель. — Таварышы! я астаюся бяз... хлеба... я зраблюся к... к... камуністам!

Сьлёзы заблішчалі у вачох старога вучыцеля. Во што знача выкінуць слово з песьні!

Вучыцель астаўся пры школе, зрабіўся камуністам, залажыў вучнёўскі савет і г. д.

Голад ня цётка!

А калі сьпявалі вучні хорам „Ад веку мы спалі", дык вучыцель вельмі напіраў на словы „трэба зладзеяў пабіць". Вочы у яго пры гэтым адважна блішчалі, далоні яго сцісківаліся у кулакі: жадалося вучыцелю моцна „пабіць зладзеяў" - вядомых асоб.