Словы прысягі
Аўтар: Змітрок Астапенка
13 лютага 1934
Крыніца: http://exussr.ru/vershy/slovy-prysyagi

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Абяцаю —
праз стому, праз ветры ліхія
Крочыць мужна, жыць чэсна і горда.
Свет стары ўжо, і клятвы —
старыя,
Але шчэ не было гэткай шчырай і цвёрдай.
Не, не звонкімі слоўмі,
Не хліпкаю позай,
Што гатова назаўтра змяніць свой выгляд, —
Перайначуся ў справе, хто жыў нецьвяроза,
Плаўце сэрцы, як плаціну ў тыглі.
Мчыце ў высь стратасферы,
Да сонца юнацтва,
Ў паралелі ільдоў,
Як сталёвыя быццам…
Слава тым, хто здолеў
Пераможна ўзняцца,
Перамогу спазнаць,
З перамогай разбіцца!
Не шкадуйце ілюзій, што ўжо спарахнелі,
Не давайце ілгаць ім,
Атручваць і звадзіць.
На апошні рэдут ледзяной паралелі,
На пяскі Кара-Кумаў, на пекла бязводдзяў.
У буру дзён! Ў смагу творчасці, прагі і працы,
Каб істота
З работай
Зраслася,
Злілася…
Перарабліваць, перарабляцца,
Каб стаць годным,
Стаць вартым найвышшае класы.
О, шкадуйце сябе —
Для работы,
для роста!
Ад хваробаў ахоўвайце думкі і сэрцы.
Можна жыць для ідэі
Найлепшай, найпростшай,
Але можна ў бясслаўнасці знікнуць
і ўмерці…
Толькі ў працы
Жыцця жыватворачы сродак,
Дзе гнілое, старое —
Разбіта, пазбыта…
Перавалы бярэце другіх пяцігодак,
У другіх, і другіх —
Пакаленняў здабытак!

13 лютага 1934