Слоўца аб уніі
Аўтар: Казімір Сваяк
1920
Крыніца: Сваяк, К. Выбраныя творы / Казімір Сваяк; Мінск: Кніга збор, 2010. — 472 с. - с. 279-280

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Свет хрысціянскі, апрача навукі Хрыстусовай, развіваўся пад уплывам дзвюх старадаўніх культур грэцкага і (р)ымскага народаў. Народы Еўропы ў жыцці сваім рэлігійна-грамадзянскім бралі асновы з крыніцы грэцкасці або лацінства, іначай Усходу або Заходу.Тварыліся вось дзве формы рэлігійныя — абрады: форма грэцкая (усходняя) і форма лацінская (заходняя). З народаў славянскіх толькі чэхі, а за імі палякі, адразу падпалі пад уплывы Захаду. Іншыя славяне развівалі свой рэлігійны светагляд пад вызначным уплывам Усходу.

Беларусь паложана ў самай сярэдзіне Еўропы, знайшлася якраз на граніцы гэтых абодвух уплываў, вось і на жыцці яе рэлігійным адбіваюцца выразліва абедзве культуры. З Захаду ціснуліся да нас установы з Польшчы, з Усходу з Расеі, якая ўзяла на сябе спадак візантыйскай імперыі. Дзякуючы гэтым дваякім навевам на Беларусь, народ наш не мог так лёгка ўтварыць адналітнага суцэльнага светагляду рэлігійнага, як іншыя. З аднаго боку ішоў сюды лацінізм, з другога праваслаўе. У абапольным змаганні два гэтыя кірункі раз’ядналі наш народ пад узглядам рэлігійным, пасеялі сваркі. Аж народ, баронячыся прад чужой сілай, вытварыў новы светагляд — супольны каталіцызм — адзін па веры — розны у формах і абрадах. Гэта злучэнне ў адной веры, хоць у розных абрадах,наш русняк назваў Уніяй, або аб’яднаннем рэлігійным. Трэба прыдаць, што над гэтай Уніяй (Спалучэннем) працавалі тако ж і ўкраінцы. вось такім парадкам Унія стаецца: Верай Народнай Русінаў, самой прыродай размешчаных міжы ўплывамі абедзвюх культур: усходняй і заходняй. Так не дзівіцеся ж, людцы, што ў нашых часах, калі пачуўся клік: Незалежная Беларусь — адначасна ў грудзях рэлігійнага чалавека заварушылася сэрца на думку аб еднасці рэлігійнай праз Унію. Ідэал наш гэта: аб’яднанне лацінскіх беларусаў з грэцкімі праз адзін светагляд рэлігійны. Адна вера: розныя абрады. Адна душа: розныя формы. Адзін народ беларускі са сваім таемным, славянскім містыцызмам. Пры чым жа тут маскоўшчына або польшчына?..

Канчаючы нашае «слоўца» аб Уніі, паставім вось гэтыя агульныя думкі, як выснаў з усяго сказанага:

1. Унія — гэта вера Народная русінаў: так беларусаў як украінцаў прыродай самой паложаных між Усходам і Захадам.

2. Ані Польшча, ані Расея не створаць рэлігійнага спалучэння, бо адным і другім яно не на руку. Яго вытварыў русін, баронячыся з аднаго боку ад уплыву Усходу, а з другога ад уплыву з Заходу.

3. Беларусы, творачы светагляд адзін у рэлігійнай навуцы, расходзяцца ў абрадах. Але гэта еднасці іх не парушае, бо яны разумеюць, што і Царква і Касцёл — усё роўна, абы толькі быць па веры «аднаго сэрца і душы».