Слуцкае народнае змаганне

Слуцкае народнае змаганне
Артыкул
Аўтар: Кастусь Езавітаў
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У публіцыстыцы, а нават і ў некаторых гістарычных працах, якія закранаюць падзеі канца 1920 года на Случчыне, усе аўтары неяк ужо прызвычаіліся называць гэтыя падзеі Слуцкім паўстаннем. Мы не хочам тутака змяняць усім ведамы назоў і ламаць прынятае традыцыі, аднак не можам не аднатаваць, што назоў гэты не ёсць цалкам правільны. Тое, што адбылося ў 1920 годзе на Случчыне, фактычна было не паўстаннем супраць урада, бо паўставаць могуць народ або войска супраць сваіх правадыроў і ўлады, якую яны перад гэтым, хаця б нават і кароткі час, лічылі сваёю і якой спачатку падпарадкоўваліся. Вось жа, што датычыць беларускага народа ў цэлым, а случчакоў у асаблівасці, дык увесь народ наш, і асабліва случчакі, ніколі не прызнавалі бальшавіцкай улады, ніколі не жадалі ёй падпарадкавацца і заўсёды змагаліся з ёю за сваю нацыянальна-дзяржаўную незалежнасць. Слуцкія падзеі, фактычна, былі народнаю вайною, якую случчакі пад кіраўніцтвам сваіх собскіх арганізацыяў і камандзіраў і пры ўдзеле афіцыйнага прадстаўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі паспрабавалі весці супроць наступаўшых на Беларусь войскаў РСФСР.

Як жа развіваліся падзеі на Случчыне ў лістападзе і снежні 1920 года?

Пасля таго, як увосень 1920 года савецкія арміі былі адбіты з-пад Варшавы і пры ўдзеле беларускіх частак генерала Булак-Балаховіча адсунуты з Польшчы праз усю Заходнюю Беларусь аж па Менск, у Заходняй Беларусі і ў Меншчыне аднавілі працу беларускія мясцовыя арганізацыі, а нацыянальны эміграцыйны ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі зараз жа паслаў ва ўсе галаўнейшыя цэнтры звольненай часткі Беларусі сваіх упаўнаважаных прадстаўнікоў. Прадстаўнікі гэтыя павінны былі чыннічаць патаемна і скрыта, бо польскія ўлады былі супраць незалежнасці Беларусі, а значыць, і супраць урада БНР.

12 кастрычніка 1920 года ў Рызе была падпісана прэлімінарная ўмова паміж РСФСР і Польшчай. Умова гэта падзяляла Беларусь на кавалкі і аддавала беларускі народ на здзек ворагам. Эміграцыйны ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі супольна з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі і ўрадам Галіччыны склалі ў Рызе вострыя пратэсты супроць гэтага падзелу, а адначасна далі загад сваім прадстаўнікам, каб яны арганізавалі на мясцох збройнае змаганне за незалежнасць сваіх краінаў і каб бараніліся супроць абодвух акупантаў.

Вайна на тэрыторыі Беларусі працягвалася ўжо 6 гадоў, яна вялася спачатку паміж царскай Расеяй і кайзераўскай Нямеччынай, пасля— паміж рэвалюцыйнай Расеяй і Нямеччынай, нарэшце — паміж савецкімі і польскімі ды беларускімі нацыянальнымі войскамі. Народ стаміўся і летуцеў аб супакоі. Аднак, калі вестка аб падзеле Беларусі ў Рызе дайшла да беларускага народа, ён здрыгануўся ад роспачы і гневу, а лепшая частка яго зразумела, што супакою на Беларускай Зямлі яшчэ наступіць не можа, што змаганне не скончылася, а фактычна толькі пачынаецца ў новай стадыі і ў новай форме.

Асаблівае абурэнне было ў Віцебшчыне, у Меншчыне, у Случчыне і ў Гомельшчыне, якія, згодна з Рыжскаю дамовай, павінны былі перайсці да Саветаў. Аб падзеях у кожнай з гэтых мясцовасцяў трэба даць весткі паасобна. На Случчыне ж падзеі развінуліся гэтак.

У Слуцку ад 1917 года існаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт. Склад ягонае ўправы змяняўся ў залежнасці ад розных палітычных і вайсковых абставінаў, але галоўны напрамак і дух працы заўсёды быў адзіны — імкненне ўсімі сіламі дапамагчы стварэнню сапраўднае незалежнае Беларускае Народнае Рэспублікі.

Калі да Слуцка дайшла вестка аб падзеле Беларусі паміж РСФСР і Польшчай, у горадзе і акрузе наступілі агульнае абурэнне ды непакой. Калі ж праз некалькі дзён Слуцкі Беларускі Нацыянальны Камітэт даведаўся яшчэ, што польскія войскі, згодна з Рыжскаю дамовай, павінны адысці за Случчыну і аддаць яе бальшавіком, абурэнне і непакой яшчэ больш павялічыліся. Абурэнне гэтае было тым большым яшчэ таму, што польскія акупацыйныя ўлады свой намер аддаць Случчыну бальшавіком старанна ўтойвалі ад мясцовага жыхарства.

Беларускі Нацыянальны Камітэт у Слуцку ўхваліў зараз жа склікаць З’езд Случчыны. Трэба тутака зацеміць, што ў самым Нацыянальным Камітэце Случчыны ў сувязі з вайсковапалітычнымі абставінамі распачалася нутраная барацьба паміж двума напрамкамі: беларускім незалежніцкім напрамкам на чале з адвакатам Пракулевічам, і палянафільскім напрамкам на чале з доктарам Паўлюкевічам, які хацеў далучыць Беларусь да Польшчы. Аднак абсалютную перавагу мелі прыхільнікі незалежнай Беларусі.

З’езд адкрыўся 14 лістапада 1920 года. На ім было 107 дэлегатаў ад 15 валасцей і горада Слуцка. Адбыўся з’езд у вялікай зале будынка Вайніловічаў. Зала была прыбрана белчырвона-белымі сцягамі і зеленню. У прысутных быў сур’ёзны і ўсхваляваны настрой, але разам з тым рашучы і ўрачысты. Прамовы былі кароткія, але палкія і рашучыя. З’езд шкадаваў час і словы, бо ведаў, што надышлі гадзіны змагання.

Старшынёй З’езда быў выбраны Васіль Русак, а ягоным заступнікам — адвакат Уладзімер Пракулевіч. Першае слова было дадзенае эмісару беларускага эміграцыйнага ўрада БНР Паўлу Жаўрыду, які абвясціў З’езду дэкрэт Урада Беларускае Народнае Рэспублікі аб сваім прызначэнні на Случчыну і аб нададзеных яму ўрадам паўнамоцтвах. З’езд горача вітаў прадстаўніка свайго Урада.

Прамоўцы, якія выступалі пасля эмісара БНР, В. Русак, адвакат Уладзімер Пракулевіч, капітан Анцыповіч, капітан Самусевіч, Юльян Сасноўскі, Рыгор Грынько ды іншыя, рашуча падкрэслілі, што Случчына ніколі не прызнавала і не будзе прызнаваць на сваёй тэрыторыі іншае ўлады, апрача беларускага нацыянальнага Урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Усе яны горача заклікалі З’езд зараз жа арганізаваць збройны адпор падрыхтаваным да наступу бальшавіцкім палкам і выкарыстаць з гэтай мэтай у першую чаргу беларускую міліцыю, якая раней была ўжо арганізавана Беларускім Нацыянальным Камітэтам на Случчыне.

З’езд аднагалосна далучыўся да гэтых заклікаў, вынес адпаведную пастанову і выбраў Раду Случчыны, якой перадаў усю ўладу на Случчыне і даў самыя шырокія паўнамоцтвы ў справе арганізацыі вайсковае арміі. У Раду Случчыны былі выбраныя 17 асобаў: старшыня — адвакат Уладзімер Пракулевіч, Юльян Сасноўскі, Рыгор Грынько, капітан Анцыповіч, Паўло Баня, капітан Сокал-Кутылоўскі ды яшчэ 8 асобаў, прозвішчаў якіх цяпер не маем пад рукамі.

Беларуская міліцыя, якая ахоўвала парадак на Случчыне, мела ўсяго адзін узброены батальён з 500 міліцыянераў, якія былі параскіданыя ротамі, звязамі, дружынамі і групамі па ўсёй Случчыне. Камандаваў батальёнам беларускай міліцыі капітан Анцыповіч. Рада Случчыны даручыла капітану Анцыповічу папоўніць батальён новымі добраахвотнікамі і разгарнуць яго ў 1-шы Слуцкі полк.

З’езд Случчыны закончыў сваю працу ў адзін дзень, і ўжо ўвечары дэлегаты, атрымаўшы на рукі тэкст пастановы з’езда аб збройным змаганні з бальшавікамі, а таксама паўнамоцтвы на вярбоўку добраахвотнікаў, — раз’ехаліся па ўсіх валасцях, каб арганізаваць даручаную ім працу

З Быстрыцкай, Вызнянскай, Грозаўскай, Грэскай, Нараўскай, Капыльскай, Раманоўскай, Чапліцкай, Старобінскай і Цімкавіцкай воласцяў пачалі збірацца добраахвотнікі. Усюды на мясцох, па вёсках і мястэчках утварыліся нацыянальныя камітэты, якія дапамагалі Радзе Случчыны праводзіць вярбоўку добраахвотнікаў і арганізоўваць сваю збройную сілу.

У некалькі дзён укамплектаванне паасобных ротаў 1-га Слуцкага палка было закончана, і іх пачалі падцягваць бліжэй адна да адной. Аднак і савецкае войска не марудзіла і падыходзіла ўжо да Асіповічаў ды Старых Дарог. Толькі што сфармаваным і недастаткова ўзброеным ротам утрымаць Слуцк было не пад сілу. Таму 24 лістапада давялося Слуцк пакінуць і распачаць адыход на захад. Зборны пункт для новых добраахвотнікаў быў перанесены далей на захад, у Семежава, дзе пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Гаўрыловіча пачаў фармавацца 2-гі полк, які атрымаў назоў Грозаўскага.

Пачаліся баёвыя сутычкі з савецкімі часткамі. З абодвух бакоў былі ахвяры, але ў случакоў, якія добра ведалі мясцовасць, гэтыя ахвяры былі меншымі. Ад 27 лістапада баёвыя аперацыі ўзмацніліся і адбываліся штодня. Асабліва значныя баі адбыліся пры вёсках Садавічы, Дошнава, Быстрыца, Вызна і Лютавічы ды пад мястэчкам Капыль.

У гэтую самую цяжкую для Слуцкае брыгады хвіліну адбылася ў ёй ганебная здрада: камандзір брыгады капітан Генеральнага Штаба Чайка кінуў брыгаду і перайшоў да ворага, перадаўшы бальшавіком усе весткі аб брыгадзе і ейных планах.

Здрада капітана Чайкі была цяжкім ударам для слуцкіх змагароў, але яна не зламала іхнага змагарнага духу. Ніхто з жаўнераў не пайшоў за капітанам Чайкай. Рада Случчыны зараз жа выклікала ў Семежава капітана Сокал-Кутылоўскага і 3 снежня перадала яму камандаванне брыгадай.

Баёвыя аперацыі прадоўжваліся. Брыгада не толькі адбівалася, але часам пераходзіла і ў контрнаступ, адбіваючы ад ворага паасобныя вёскі ды забіраючы ў палон чырвонаармейцаў. Аднак агульнае становішча брыгады ўсё больш пагоршвалася. Зброі для ўсіх добраахвотнікаў не хапала, і яе даводзілася адбіраць у ворага. Набояў было па 3–5 на кожнага стральца. Трохі лепш было з ежай, бо яе давозілі з усіх бакоў беларускія сяляне з собскай ініцыятывы, а таксама збіралі беларускія нацыянальныя камітэты.

Польскія ўлады і польскае войска, якое мела ўсялякую падтрымку ад Антанты, магло б шмат чым дапамагчы Слуцкай брыгадзе, але палякі, пабачыўшы, з якім запалам беларуская моладзь пайшла ў сваё войска і з якой адвагай білася за сваю Бацькаўшчыну, не пажадала падтрымаць Слуцкую брыгаду, бо стварэнне сапраўднае беларускае збройнае сілы зусім не супадала з планам польскай захопніцкае палітыкі. Узброены беларускі народ не падпарадкаваўся б падзелу ягонае зямлі паміж суседзямі. Таму палякі спакойна назіралі, як пад напорам савецкага войска ўвесь снежань месяц адбівалася і адыходзіла на захад Слуцкая Беларуская брыгада.

Покуль брыгада яшчэ знаходзілася на тэрыторыі Случчыны і на ўсход ад толькі што праведзенае ў Рызе мяжы падзелу Беларусі, палякі абмяжоўваліся толькі назіраннем і выведам аб стане брыгады. Калі ж Слуцкая брыгада змушана была адысці за раку Лань і заняла лінію фронту Мядзведзічы, Сіняўка, Ляхавічы, Клецк, — палякі ў канцы снежня 1920 года нечакана абкружылі і абяззброілі брыгаду, а ў лютым 1921 года ўсіх афіцэраў і стральцоў інтэрнавалі ў Беластоцкім канцэнтрацыйным лагеры.

У Беластоцкім лагеры беларускія змагары Слуцкае брыгады прабылі за дротам ад пачатку лютага да паловы красавіка, а пасля былі перавезены ў Даратуск над Бугам, дзе знаходзіліся вялікія лагеры ваеннапалонных часоў 1-е Сусветнае вайны. Тут іх трымалі да канца траўня 1921 года. Пасля гэтага тэрміну пачалі паасобку адпускаць на волю.

Гэтак закончылася жыццё Слуцкае Беларускае брыгады. Але змаганне случакоў і ўсяго беларускага народа за сваю волю і незалежную беларускую дзяржаву не спынялася і далей. І яно ніколі не спыніцца, пакуль беларускі народ не здабудзе сабе Вольную і Незалежную Беларусь.