Слуцкае паўстаньне (З прычыны 13-тых угодкаў)
Слуцкае паўстаньне (з прычыны 13-тых угодкаў) Верш Аўтар: Сяргей Сарока 1933 год Крыніца: Часопіс «Шлях Моладзі», № 13 (60), сьнежань 1933 г., б. 3–4 |
Слуцкае паўстаньне.
(З прычыны 13-тых угодкаў)
Трагэдыя беларускага народу пачынаецца з часоў, калі на рубяжы сярэднявечча творацца два асобныя і вечна сабе варожыя сьветы — Усход і Захад. Беларусь, на сваё няшчасьце, з часам сталася тэй краінай, дзе якраз канчаўся Усход і пачынаўся Захад. Працэс абасабленьня культуры і псыхікі Усходу ды Захаду трывае яшчэ і да сяньня і ён, гэты працэс, якраз і зьяўляецца падставай нашае трагэдыі. Народ наш падзелены на два лягеры: праваслаўных (усходнікаў) і каталікоў (заходнікаў). Аднак нутраная наша барацьба для нас ня была-б страшной, калі-б не барацьба сілаў вонкавых—Усходу і Захаду, — якія беларускую самабытнасьць збураюць дашчэнту. Усход паліў нашы сёлы і таптаў нівы ў імя абароны „рускай“ веры, Захад паступаў падобна ў імя „польскай веры.“ Кожная праява і імкненьне беларускага народу да самастойнасьці выклікала крывавую інтэрвэнцыю Усходу, які ў гэтых імкненьнях бачыў палітыку заходафільства. Захад рабіў тое самае, бачучы ў беларускім жаданьні волі—праяву палітыкі усходафільства. Словам, Усход і Захад лічыў Беларусь аб’ектам свае экспансыі. Дзеля здабыцьця гэнае краіны, палітыкі Усходу і Захаду стараюцца перадусім не дапусьціць да самаазначэньня народу беларускага, бо гэта быў-бы канец іх экспансыўнага хіжацтва. У імя гэтае палітыкі кожная праява самабытнае волі беларускае была чэрнена як Ўсходам так і Захадам.
Акт 25 сакавіка для ўспомненае палітыкі быў актам забойчым. Усяму сьвету было сказана, што зямля беларуская ня ёсьць „бяспанскай,“ а таму ўсялякія экспансыі павінны спыніцца. Народ Беларускі з гэтага часу, як гаспадар сваёй зямлі, сам вырашыць сваю будучыню.
Акт 25 сакавіка пацьвердзіла Слуцкае Паўстаньне. Дзесяць тысяч случчакоў, мо‘ і сапраўды шаленцаў, сваёй крывёй і трупамі управамоцнілі акт 25 сакавіка і разам з тым пакрыжавалі палітыку экспансыі Усходу і Захаду.
У апошнюю хвіліну Захад нейкім чынам здолеў прычапіць Слуцкаму паўстаньню значок заходафільства. Кожнаму аднак ужо сяньня ведама, што пралівалася там кроў у імя ажыцьцяўленьня беларускага акту 25 сакавіка. Пацьвердзілі гэта ўрэшце: Усход, які брутальна скрывавіў найсьвяцейшы парыў беларускае волі, і Захад, які абдараваў учасьнікаў паўстаньня концэнтрацыйнымі лягерамі.
Аднак гэнае пагвалчаньне волі беларускае было ўсапраўднасьці пазорнай капітуляцыяй экспансыўнае палітыкі Усходу і Захаду ў кірунку беларускіх зямель. На „бяспанскай“ зямлі напаткалі рашучы адпор гаспадара-беларуса, які сказаў, што сваю ўласнасьць патрапіць абараніць нават сваей крывёй. Вось дзеля чаго гэты акт небеларусы і стараюцца абясславіць, прычэпліваючы да яго штораз больш розных значкоў ды латак. Беларускае грамадзянства аб гэтым павінна памятаць, а разам з тым супроцьставіцца, бо йнакш мы самі дапаможам збурыць свае падставы самастойнасьці
С. С.