Слуцкія песьняры (1926)/І. Чырвань/Закахалася

Жытнёвы прастор Закахалася
Верш
Аўтар: Іда Чырвань
1926 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАКАХАЛАСЯ…

Закахалася бурай, грымотай,
што бліскоча і б‘е пяруном.
Закахалася сонцам, асокай,
працай вольнай, яе песьняром.

Закахалася вёскі саломай,
каласамі ячменю, аўса.
Прывітаньне ім шлю я з паклонам:
ў шапаценьні я іхнім расла,

Закахалася гораду шумам,
яго хваляй жыцьця — таўхатнёй.
Захапляе мяне гэты гоман,
акунуся ў яго з галавой.

Закахалася сьветам ад сонца,
зіхаценьнем праменьняў ад зор.
Сэрца поўна каханьнем бясконцым —
і складаюцца песьні ў узор.