Слуцкія ткачыхі (1921)

Слуцкія ткальлі
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1921 год
Крыніца: Родны край, 1921. с. 113
Іншыя публікацыі гэтага твора: Слуцкія ткачыхі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Слуцкія ткальлі.

Ад родных ніў, ад роднай хаты,
У панскі двор дзеля красы.
Яны бяздольныя узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае́ шырокія тканіны
На лад пэрсідзкі ткуць яны.
А за сьцяной сьмяе́цца поле,
Зіяе не́ба з-за вакна—
І думкі ймкнуцца мімаволі
Туды, дзе́ расьцьвіла вясна.
Дзе́ блішча збожжа ў яснай далі:
Сіне́юць міла васількі,
Халодным срэбрам зьяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямне́е край зубчаты бора…
І тчэ забыўшыся рука,
Заміж пэрсіцкага узора
Цьвяток радзімы васілька.