Сляпы (Нявольнік)

Сляпы (Нявольнік)
Паэмы
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
16 кастрычніка 1845 году
Пераклад: Якуб Колас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Думы мае маладыя,
Памершыя дзеці,
Не лятаюць з таго свету
Пустку абагрэці.
Пакінулі сіратою
З табою адною,
Маё сэрца, мая зорка,
Раю мой, спакою!
Ды хто знае рай мой светлы?
Ты сама не знаеш,
Што вітаеш нада мною,
Як зара над гаем…
І гляджу я, пазіраю,
А ты, мая зорка,
Спускаешся нізюсенька
З ціхаю гаворкай.
Усміхнешся ды паглядзіш.
Я гляджу, не бачу.
Прахаплюся — плача сэрца,
І вочы заплачуць.
 
Дзякуй, зоранька! Мінае
Няясны дзень мой, умірае.
Над галавой ужо трасе
Касою смерць. І пахаваюць…
А там — і след мой занясе
Халодным ветрам. Ўсё мінае!..
І ты выпадкам прачытаеш
Злітую слязамі
Маю думу, і ціхімі,
Ціхімі славамі
Прагаворыш: «Я любіла,
Я яго любіла,
І ён не знаў…» Зорка мая!
На маю магілу
Свяці, зорка! А я буду
З-за свету лятаці
І пра цябе, маё сэрца,
На небе спяваці.
 
Той блукае за марамі,
Свет пераплывае,
Ходзіць следам за той доляй,
А долі не мае —
Нібы ўмерла. Іншы рвецца
На ўсю змогу сілы
За доляю… Вось-вось дагнаў.
І — бах у магілу!
А ў трэцяга, як у старца,
Ні хаты, ні поля,
Толькі торба, а з той торбы
Выглядае доля —
Як дзіцёнак, а ён яе
Лае, праклінае
І за чвэртку закладае.
Не, не пакідае!
Як калючка, учэпіцца
Ў латаныя полы
Дый збірае каласочкі
На чужэнькім полі.
А там снапы… а там скірты,
А там… у харомах
Сядзіць сабе наш сіротка,
Як у сваім доме.
Вось такая тая доля —
З вамі свет пяройдзе.
Каго любіць — сама прыйдзе,
У калысцы знойдзе.
 
Вясёлым часам, у нядзелю,
Якраз у дзень зялёных свят,
З бандураю, ў кашулі белай,
Сядзеў у ценю каля хат
Стары казак.
«І так і сяк…
Яно і трэба б, але шкода…
Не, не трэба! Хоць два годы
Няхай па свеце паблукае
Ды сваёй сам пашукае,
Як я шукаў калісь… Ярына!
А дзе Сцяпан?» — «А ён пад тынам
Як той укопаны стаіць!»
«А я й не бачу! Эй! — крычыць: —
Хадзі сюды: сюды абое!..
А нуце, дзеці, вось такое!» —
І ўдарыў па струнах.
Стары грае, а Ярына
Са Сцёпкам гуляе.
Стары грае, прымаўляе,
Тахты адбівае.
 
«Эх, калі б мне ліха ды ліха,
Калі б жыці з свякрованькай ціха,
Эх, калі б мне ды мужык малады,
Ды з другою не хадзіў нікуды!
Ой, гоп, чыкі-чыкі!
Чырвоныя чаравікі
Ды яшчэ і тры музыкі,—
Была б рада дужа
Ды любіла б мужа!»
«Ой, гоп, захадзіўся,
Зрабіў хату, ажаніўся,
І печ напаліў,
І вячэраць наварыў».
«А ну, дзеці, вось так, дзеці!» —
І стары падняўся.
Як ударыць, як урэпіць —
Аж у бокі ўзяўся.
«Ці так, ці не так,
Урадзіўся пастарнак,
А пятрушку
Крышы ў юшку —
Будзе смак, будзе смак!
Ой, так — такі-так,
Ажаніўся казак,
Хату кінуў,
Хату рынуў
Ды падаўся ў байрак».
«Не, не той час,— стапталася,
Канец ідзе сіле —
Утаміўся. А ўсё гэта
Вы разварушылі.
А бадай вас! Што то леты!
Не, ўжо не да ладу…
Мінулася! Ідзі, дочка,
Полуднем парадуй;
Гуляючы, як той казаў,
Шматок хлеба з’есці.
Ідзі ж, рыбка! А ты, сынку,
Паслухаеш весці.
Дык сядай жа!.. Як забілі
Твайго бацьку Яна
У шляхетчыне, дык ты шчэ
Быў малы, Сцяпане;
І не поўзаў…» — «Дык я не сын,
Я не сын ваш, татка?..»
«Ды не, не сын; але слухай!
Памерла і матка,
Ты й застаўся; а я й кажу
Пакойнай Марыне,
Сваёй жонцы: «А ведаеш?
Дай возьмем за сына.
Цябе, хлопча».— «Добра»,— кажа.
Так мы і зрабілі:
Вось як брата з сястрой роднай
У сям’і злучылі.
А цяпер… Ну, ты на часе,
І Ярына спее…
Трэба будзе людзей спытаць
Ды што-небудзь дзеяць!
Як ты скажаш?» — «Я не знаю…
Бо я думаў тое…»
«Што Ярына сястра табе?
А яна не тое…
Яно проста: злюбіліся,
Дык жонкаю будзе.
Ды перш вось што, сынку,— трэба
Выйсці і на людзі
Ды пабачыць, як жывуць:
Ці аруць
Ды на нявораным ці сеюць,
І проста жнуць
Ды немалочанае веюць,
Ды як і мелюць і ядуць,—
Ведаць трэба, як жывуць.
Дык вось як, браце: трэба ў людзі
На дзве якіх зімы
Пайсці ў наймы;
Тады пабачыма, што будзе.
Бо хто не ўмее зарабіць,
Дык той не ўмее і пажыць.
А ты як думаеш, нябожа?..
А калі хочаш, сынку, знаць,
Дзе лепей ліхам таргаваць,
Ідзі ты ў Сеч. Як Бог паможа,
Там запрабуеш розных страў;
А я іх знаў.
І досыць нудна, як згадаю!..
Калі заробіш — прынясеш.
А не заробіш — спажывеш
Маё дабро. Зато звычаю
Казацкага набярэшся,
Пажывеш на свеце —
Не на такім, як у Брацтве,
А «жыві мыслеце»
Па сіняму прачытаеш;
Ды па-маладзецку
Будзеш Богу маліціся,
А не па-чарнецку
Мармытаці! Вось так, сынку!
Памолімся Богу
Ды сівога асядлаем —
І гайда ў дарогу!
Ну, дык пойдзем палуднаваць.
Што ты там, Ярына,
Змайстравала?» — «Ужо, татка!»
«Дык вось так-то, сыне!»
 
Ні есца, ні п’ецца, і сэрца не б’ецца,
І вочы не бачаць, не чуць галавы.
Сядзіць, не гаворыць, нібы нежывы.
Замест шматка хлеба за кубак бярэцца.
Дзівіцца Ярына ды цішком смяецца:
«Што ж гэта з ім стала? Ні есці, ні піць
Нічога не хоча! Ці не занядужаў?
Браціку Сцяпане! Што ў цябе баліць?» —
Вачыма спытала. Старому ж нічога,
Нібыта й не бачыць. «Ці жаць, ці не жаць,
А сеяці трэба,— стары размаўляе
Нібыта з сабою: — Будзем уставаць!
Можа да вячэрні яшчэ падыбаю.
А ты, Сцяпане, ляжаш спаць,
Бо заўтра рана трэба ўстаць
Ды каня сядлаць».
 
«Сцяпаначка, галубочак!
А чаго ты плачаш?
Усміхніся, скажы слоўка.
Хіба ты не бачыш,
Што й я плачу!.. Узлаваўся
Бог знае на кога,
Дый са мною не гаворыць.
Заплачу, яй-богу,
Дый уцяку!.. Вось пабачыш.
Дык скажы, Сцяпане!
Можа праўда занядужаў?
Я зелля дастану
Ды збегаю да знахаркі…
Можа то з намовы?»
«Не, Ярына, маё сэрца,
Квеце мой ружовы!
Я не брат табе, Ярына!
Я заўтра пакіну…
Цябе з бацькам сіротамі…
Дзе-небудзь загіну;
А ты мяне і не ўспомніш,
Забудзеш, Ярына,
Свайго брата…» — «Што чаўпе ён?
Яй-богу, з урокаў…
Я не сястра! Хто ж я тады?
Божа мой высокі,
Што тут рабіць… Бацькі няма,
А ён хвор, нябога.
Яшчэ памрэ!.. О Божа мой!
А яму нічога —
Жарты строіць нада мною!
Хіба ты не знаеш?
Як ты памрэш, мяне з бацькам
Разам пахаваюць!..»
«Не, Ярына, не памру я,
А толькі паеду
Ад вас заўтра… А прыеду…
На той год прыеду —
Ды не братам з Запарожжа —
Сустрэнь з ручнікамі…
Ды ці прымеш?..» — «А бадай ты
З сваімі сватамі!
А жартуе!..» — «Не жартую,
Яй-богу, Ярына!
Не жартую…» — «Дык і праўда
Ты заўтра пакінеш
Мяне з бацькам? Не, жартуеш!..
Ну скажы, Сцяпане!
Хіба ж праўда не сястра я?..»
«Не, маё каханне!
Маё сэрца!» — «Божа ты мой,
Чаму ж я не знала?
Я ж бы цябе не любіла
І не цалавала…
Ой-ой, сорам! Прэч ад мяне!
Пусці мае рукі!
Ты не брат мой! ты не брат мой!
Мука мая! мука!»
І заплакала Ярына.
Бедная дзяўчына,
І скрозь слёзы прамаўляла:
«Пакіне!.. пакіне!..»
Як той явар над вадою,
Сцяпан нахіліўся.
Казацкія яго слёзы
Ў сэрцы запякліся,
Як у пекле… А Ярына
То кляне, то просіць,
То замоўкне, пацалуе,
То зноў загалосіць.
Не згледзелі, як сцямнела.
Брата і сястрыцу
У абнімку застаў бацька
У ціхай святліцы.
Развіднела, а Ярына
Рыдае, рыдае.
Ужо Сцяпан ля крыніцы
Каня аглядае.
Ўзяла вёдры і пабегла
Да тае крыніцы…
А тым часам стары бацька
Адзін у святліцы
Разглядае, прымярае
Казацкую зброю,
Застаўшыся з ёю,
І нібы зноў маладзее.
Дый заплакаў… «Зброя мая,
Зброя залатая!
Леты мае маладыя!
Сіла маладая!
Паслужы ж ты, мая зброя,
І маладой сіле!
ІІаслужы ёй гэтак шчыра,
Як і мне служыла!..»
І Ярына дае зброю,
А Сцяпан сядлае
Каня, свайго таварыша,
Жупан надзявае,
І шаблюка, як гадзюка,
І дзіда-дручына,
І самапал сяміпядны
Павіс за плячыма.
Як зірнула, аж замлела;
І стары заплакаў,
Як пабачыў на коніку…
Такога ваяку.
 
Вядзе каня за паводдзе
Ды плача Ярына.
Стары бацька ідзе побач,
Навучае сына,
Як у войску бытаваці,
Старшых шанаваці,
Таварыства паважаці,
Ў табар не хавацца.
«Няхай цябе Бог заступіць!» —
Як за сялом сталі,
Сказаў стары, ды ўсе трое
Разам зарыдалі.
Сцяпан свіснуў — і клуб пылу
На шляху падняўся.
«Не забаўся, мой сыночку,
Каб хутчэй вяртаўся!..» —
Стары сказаў ды заплакаў…
Як тая яліна
Ускрай лесу — невясёла
Замоўкла Ярына;
Толькі слёзы выцірае,
На шлях паглядае;
З клубу пылу штось прагляне
Ды зноў прападае,
Нібы шапка цераз поле
Коціцца, знікае…
Хаваецца… Дробнай мошкай
Толькі чуць мільгае,—
І прапала. Доўга, доўга
Стаяла Ярына
Ды глядзела, мо вынырне
Постаць казачыны.
Не ўгледзела; гаротная,
Стаіць нерухома,
Заплакала разам з бацькам,
Дый пайшлі дадому.
 
Мінаюць дні, мінае лета;
Настала восень. Шалясціць
Пажоўклы ліст. У сум адзеты,
Стары казак адзін сядзіць.
Хварэе штось яго Ярына,
Яго адзіная дзяціна
Пакінуць хоча; з кім дажыць?
Дабыці веку векавога?
Згадаў Сцяпана маладога
І час былы свой — марката!
Згадаў дый заплакаў
Багаты сівы сірата.
Як лату на лаце,
На сэрца сумоту нашыла нуда.
«Ў тваіх руках усё на свеце.
Твая святая воля!
Няхай будзе так, як будзе —
Такая ўжо доля».
 
І барвінкам, і рутаю,
Кветкамі ўквятняе
Вясна зямлю, як дзяўчыну
У зялёным гаю.
І сонейка сярод неба
Спынілася — стала,
Як жаніх той маладую,
Зямлю аглядала.
І Ярына выйшла з хаты
На свет Божы глянуць,—
Ледзьве выйшла… Усміхнецца,
То пойдзе, то стане,
Разглядае, любуецца,
Так лагодна, ціха —
Нібы ўчора радзілася…
А лютае ліха
Хіснулася ў самым сэрцы
І свет засланіла.
Як падкошаная краска,
Стан свой пахіліла;
Як з кветачкі раса ўранку,
Слёзы паліліся.
Стары бацька каля яе,
Як дуб, пахіліўся.
 
У Кіеве у вялікім
Святых упрашала;
У Мяжыгарскага Спаса
Прычасць тройчы брала.
У Пачаеве святому
Малітвы насіла,
Каб Сцяпана, тую долю,
Хоць у сне прысніла!..
Ды не сніўся… Вярнулася.
Ізноў забялела
Зіма-сцюжа. Ізноў вясна
Кветам чырванела;
Зноў Ярына выйшла з дому
Глянуць на прасторы.
Не к святому, к варажбітцы
Несла сваё гора.
 
Варажыла варажбітка,
Ліха замаўляла,
Талан-долю за тры грошы
З воску вылівала.
«Унь, бач, конік асядланы
Водзіць галавою,
А вунь ідзе, унь дзе ідзе
Дзядок з барадою.
А вось грошы. Бач, саплівы,
Як бы дагадаўся
Ды ўцёр яму; вось жа і ўцёр.
Глядзі — унь схаваўся
За магілай; лічыць грошы,
Ізноў ідзе шляхам,
Заплюшчыўся, з тарбінамі.
То, бач, дзеля страху,
Каб татары або ляхі
Часам не спаткалі…»
І радзюсенькая ў хату
Ярына вяртала.
Ужо трэці і чацвёрты
І пяты мінае —
Не малы год. А Сцяпан жа
Дамоў не вяртае.
А сцежачкі, дарожанькі
Ярам ды гарою,
Што вялі да варажбіткі,
Зараслі травою.
А Ярына ды ў чарніцы
Расплятае косы;
Стары бацька каля яе
Падае і просіць:
Хоць гадочак, хоць лецейка,
Хоць зялёных святаў
Пачакаці… Дачакалі,
Уквятнілі хату
Любісцікам і аерам;
У белых сарочках
У нядзелю, як сіроты,
Селі ў халадочку.
Сядзяць сабе ды сумуюць;
Слухаюць: хтось грае
Ля варотаў, бы на кобзе,
І ціха спявае.
 
«У нядзелю ранкам-рана
Мора гаманіла;
Таварыства атамана
На сходзе прасіла:
«Дазволь, дазволь, атамане,
Спусціць чайкі ў воду
Ды за Тэндар грамадою,
На турка паходам».
Чайкі й байдакі спускалі
Ды гарматы рыхтавалі,
З шырокага горла Дняпровага выплывалі.
Сярод ночы цёмнае,
На моры на сінім,
За востравам Тэндрам тапіліся,
Прападалі…
Адзін утапае,
Другі вынырае,
Казацтву-таварыству з той сіняе хвалі
Рукою махае, гукае:
«Няхай вам, таварыства, Бог дапамагае!
І ў сіняй хвалі знікае і прападае.
 
Толькі тры чайкі, хвала Богу,
Атамана кураннога,
Сіраты Сцяпана маладога,
Мора тое не ўтапіла,
А ў турэцкую чужую зямлю
Без вёсел і стырна прыбіла.
Тады сірату Сцяпана,
Казака рэестравога,
Атамана маладога,
Туркі-янычары лавілі,
З гарматы грымалі,
У кайданы кавалі,
У Цараградскую вежу саджалі,
У цяжкую работу аддавалі.
Ой, Спасе наш цудатворны,
Межыгорскі Спасе!
І лютаму ворагу ты
Не дапусці ўпасці
У турэцкую землю, ў цяжкую няволю!
Там кайданы па тры пуды,
Атаманам па чатыры.
І свету Божага не бачаць, не знаюць,
Пад зямлёю камень выдзіраюць,
Без споведзі святое паміраюць,
Прападаюць.
І згадаў Сцяпан-сірата ў няволі
Сваю матку Украіну,
Няроднага бацьку старога,
І коніка варанога,
І сястру Ярыну.
Плача, рыдае,
Да Бога рукі ўзнімае,
кайданы збівае,
Уцякае на вольную волю…
Ужо аж на трэцім полі
Туркі-янычары лавілі,
Да слупа ўвязалі,
Вочы вымалі,
Гарачым жалезам выпякалі,
Ў кайданы забілі,
Ў астрог пасадзілі
і замуравалі».
 
Вось так на вуліцы, пад тынам,
Сам малады кабзар стаяў
І пра нявольніка спяваў.
За тынам слухала Ярына
І не даслухала — упала.
«Сцяпаначка! Сцяпаначка,—
Рыдала, крычала: —
Сцяпаначка, маё сэрца!
Дзе ты быў загінуў?
Тата! тата! то ж Сцяпан наш!
Ідзі глянь на сына!»
Прыйшоў бацька, разглядае…
Насілу Сцяпана
Распазнае; вось так яго
Змянілі кайданы!
«Сыне ты мой нешчаслівы!
Дзе, з якой прычыны
Ты блукаў так доўга ў свеце,
Сыне мой адзіны?»
Плача стары, абнімае,
І сляпы мой плача
Невідушчымі вачымі,—
Нібы сонца ўбачыў.
І бяруць яго пад рукі,
І вядуць у хату,
І вітае Ярыначка,
Як роднага брата.
І галаву яму ўмыла,
І ногі памыла,
Ды ў сарочцы тонкай, белай
За стол пасадзіла.
Накарміла, напаіла,
Палажыла спаці.
Ды ціхенька выйшла з хаты,
Каб не замінаці.
 
«Не, не трэба, мой татачка,
Не трэба, Ярына!
Паглядзіце: я загінуў,
Навекі загінуў.
За што ж свае маладыя
Ты загубіш леты
З калекаю… Нават людзі
Асмяюць за гэта,
І Бог святы пакарае
І прагоніць долю
З гэтай хаты вясёлае
На чужое поле.
Не, Ярына! Бог не кіне,
Ты знойдзеш другога,
А я пайду ў Запарожжа —
Там мая дарога.
Мяне любяць…» — «Не, Сцяпане
Ты мая дзяціна!
І Бог цябе пакарае,
Калі мяне кінеш».
«Аставайся, Сцяпаначка!
Не хочаш пабрацца,
Дык так будзем: я — сястрою,
А ты — родным братцам,
І дзяцьмі яму абое,
Нашаму старому.
Не йдзі, сэрца, Сцяпаначка,
Не кідай нас дома!
Не пакінеш?..» — «Не, Ярына!..»
І Сцяпан астаўся.
Стары бацька ад радасці
Аж за кобзу ўзяўся,
Хацеў рушыць упрысядкі
З радасці такое,
І на прызбе каля хаты
Селі разам трое.
«Раскажы ж цяпер, Сцяпане,
Пра сваю нядолю;
Бо ж і я гуляў калісьці
Ў турэцкай няволі».
 
«Вось жа мяне, ўжо сляпога
На свет выпускалі
З казакамі… Таварыства
На Сеч шлях трымала,
І мяне ўзялі з сабою,
І цераз Балканы
Паспяшалі на Ўкраіну
Вольнымі нагамі.
І на ціхім на Дунаю
Нас перанімаюць
Таварышы-запарожцы
І ў Сеч зварачаюць.
І расказваюць ды плачуць,
Як Сеч руйнавалі,
Як маскалі скарбы нашы
І свечкі забралі
У пакровы. Як казакі
Ноччу уцякалі
І на ціхім на Дунаю
Новым кошам сталі.
Як царыца па Кіеву
З Нечасам хадзіла
І Межыгарскага Спаса
Ноччу запаліла.
І на Дняпры на залатой
Галеры гуляла.
На пажар той паглядала,
Рукі пацірала.
І як стэпы Запарожжа
Тады падзялілі,
А паны на Украіне
Люд запаланілі.
Як Кірыла з старшынямі
Пудру ужывалі
Ды ў царыцы, як сабакі,
Туфелькі лізалі.
Вось так, татка! Я шчаслівы,
Што вачэй не маю,
Што нічога таго ў свеце
Не бачу, не знаю.
Ляхі былі — ўсё пабралі,
Кроў павыпівалі,
А маскалі і свет Божы
Ў путы закавалі.
Вось так яно. Цяжка, тата,
З сваёй роднай хаты
Прасіць ласкі, пасуседзіць
З чужынцам зацятым.
Цяпер, кажуць, Галаваты
Рэшткі падбірае
Ды на Кубань падбівае,
Чаркеса пужае.
Няхай яму Бог паможа!
А што з таго будзе —
Дык хто знае? мо пачуем,
Што раскажуць людзі!..»
Вось так яны размаўлялі
Што ні дзень, бывала,
А Ярына гаспадарку,
Хату даглядала.
Ўспаміналі Запарожжа,
Казацкую славу,
І спявалі ўдваіх сабе
Пра Чалога Саву,
Пра Багдана-недарэку,
Нядобрага сына,
І пра Гонту-мучаніка,
Слаўнага Максіма.
А Ярына іх слухала…
І святым аддана
Малілася… На ўсяеднай
Выйшла за Сцяпана.
 
Вось і уся мая дума…
Выбачце мне, людзі!
Тое, што было,— мінула
Зноў яго не будзе.
Мінуліся мае слёзы;
Не рвецца, не плача
Разбітае маё сэрца;
І вочы не бачаць —
Ні ціхае хаціначкі
У забытым краю,
Ні ціхае даліначкі,
Ні цёмнага гаю,
Ні дзяўчыны маладое
І малой дзяціны
Я не бачу шчаслівае:
Ўсё плача, ўсё гіне!
І рад бы я дзе схавацца,
Але дзе? — Не знаю.
Скрозь няпраўда, дзе ні гляну,
Скрозь госпада лаюць.
Сэрца вяне, засыхае,
Замярзаюць слёзы…
Я ўтаміўся адзінокі
На самай дарозе.
Вось так яно! Выбачайце,
Што крумкачом крачу:
Хмара сонца засланіла,—
Я свету не бачу.
Ледзьве-ледзьве апаўночы
Сэрцам празіраю
І кволую маю думу
У свет пасылаю —
Гаючае, жывучае
Вады пашукаці.
Як калісьці, дый прынясе
Пакрапіць у хаце,
І засвеціць агонь чысты,
І сумна, і ціха
Загаворыць аб вясёлым,
А зверне на ліха.
І мне цяпер пра сляпога
Сірату канчае,
Але як давесці краю,
І сама не знае.
Бо не было таго дзіва
Можа і спрадвеку,
Каб шчаслівай была жонка
З сляпым чалавекам.
Вось жа стала гэта дзіва!
Год, другі мінае,
Як пабраліся, а глянуць —
Удваіх гуляюць
Па садочку. Стары бацька,
Дзед задавалёны,
Вучыць ўнука маленькага
Аддаваць паклоны.


16 кастрычніка 1845

с. Мар’інскае