Смерць тырана
Смерць тырана Верш Аўтар: Язэп Пушча 1953 Крыніца: https://knihi.com/Jazep_Pusca/Viersy.html#chapter58 |
Нязвыклы дзень: тыран сканаў,
На твары чорная сляза;
Яе нікому не злізаць.
З касою смерць каля вакна.
Яна вартуе, каб не ўстаў
Тыран расправу учыняць.
Сляза на твары, а чыя?
Сказаць пра гэта жах і страх.
Народная сляза і кроў:
Бацькоў, і матак, і дзяцей.
Ён адбіраў жыццё ў людзей
І куляй цэліўся у скронь.
Вартуй жа, смерць, ўсю ноч і рань,
Каб больш не ўстала яго здань.