Лепей вол ярэмны, як жарабец стаенны Смэрд і ваявода
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 7-8

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Смэрд і ваявода.

У крыўскага князя Ўсяслава, якога, за мудрасьць яго, чараўніком звалі, быў ваявода, які што дзень раніцай прыходзіў даваць князю справаздачу з таго што рабіў учора. Смэрд, прыбіраючы княжую сьвятліцу, палючы ў печцы, кожды дзень чуў ўсю работу ваяводы і бачыў, што у гэтай рабоце нічога назвычайнага не было. Усё што рабіў ваявода ён так сама патрапіў-бы рабіць. Вось, ён і давай казаць князю. — Чаму я, княжа, не ваявода? Я, так сама магу ваяводай быць, дай толькі мне волю, тое-ж рабіць, што і яму. — Добра,—кажа князь,—смэрдаў ў мяне многа, а ваяводаў мала,—калі і ты ваяводам будзеш, то ад гэтага толькі у нашай старане сілы прыбудзе. Але перш чым цябе зрабіць ваяводам, ты павінен паказаць ці справішся з малымі рэчамі.

Устаўшы вышаў таго дня князь на паладок, сеў на седзішча і ўзіраецца на Дзьвіну раку. Па рацэ-ж, туды і сюды, людзі езьдзяць усялякія, за ўсялякімі справамі. І бачыць,—што з гары у ніз, па вадзе, едуць вялікія стругі з таварамі. Вось ён кліча свайго любімага смэрда і кажа яму!—Сядзь у човен і спытай куды яны едуць?

Смэрд хапіўся барджэй, сеў у човен, дагнаў стругі тыя і спытаў:—Куды, людзі добрыя, едзеця?—Да мора!—адказалі тыя.

Вярнуўся смэрд і кажа князю:—Да мора яны едуць, княжа! — А ў які горад?

— Вось гэтага,—кажа смэрд,—не спытаў я ў іх.

— Дык, дагані ды спытай, ў які горад едуць.

Барджэй сеў у човен смэрд і добра папрацаваўшы вяслом, нагнаў стругі, дый пытае:—А ў які горад, людзі добрыя, едзеця?

— У Візбу! адказалі купцы.

Прыехаўшы назад і кажа смэрд князю:—У Візбу едуць яны! — Добра, кажа князь, а зкуль яны едуць?—Ах! каб яно, тож я не спытаў у іх!

— Ну, нічога, цешыць князь—дагані і спытай.

Скочыў у човен смэрд, глянуў на раку і бачыць, што стругі ўжо далёка, далёка. Але добра папрацаваўшы вяслом нагнаў іх і пытае—А зкуль едзеця, людзі добрыя?—З Вітабска!—адказалі купцы.

Увесь абліўшыся потам вярнуўся смэрд да князя і кажа:—З Вітабска едуць яны, княжа!—Добра, пахваліў князь, а што-ж яны вязуць,—ці не спытаў ты?

— Не,—кажа смэрд,—не спытаў!—То хутчэй дагані і спытай! кажа князь.

Кінуўся смэрд у човен і астаткамі сіл намагаючы нагнаў купцоў. А што вязеце, людзі добрыя?!—Збожжа! адказалі купцы.

Ледзь жывы са змучаньня вярнуўся смэрд да добрага князя і кажа:—Збожжа вязуць яны, а сам ледзь здыхацца можа.

— Гэта добра,—ізноў: пахваліў князь,—а якое-ж яны вязуць збожжа?

— Не прышло ў дум спытаць, кежа смэрд.—То дагані іх, чым барджэй і спытай!

Бягом пабег смэрд да чоўна, бо ведаў, што з кождым момантам, стругі далей адплываюць і што іх што раз цяжэй даганяць. Вярнуўшыся сказаў князю што купцы вязуць жыта. Князь тады спытаў ці даведаўся ён дзе яны яго куплялі, пасьля пачом куплялі. Калі князь сказаў смэрду каб той восьмы раз дагнаў купцоў і спытаў сколькі вязуць збожжа купцы і пачом думаюць прадаць яго, то смэрд са сьлязамі кінуўся яму ў ногі, кажучы, што ўжо з сіл выбіўся.

— Тады князь паклікаў ваяводу і кажа яму: — Тут праехалі ўніз вадой стругі з таварамі, сядзь у човен, дагані іх і спытай куды едуць? Ваявода сеў у човен, і, па нейкім часе, вярнуўшыся, кажа князю:—Купцы гэты едуць з Вітабска у Візбу, вязуць 1000 камянёў жыта, якое куплялі у Воршы па грыўні камень, думаюць прадаць яго накінуўшы па 10 шэлягаў на камень, акром гэтых стругоў, гэтымі днямі будуць праязджаць яшчэ 16 іхніх стругоў з другімі таварамі, яны хочуць вярнуць назад к зіме.

Тады паклікаў князь смэрда і кажа:—Чуў што ваявода мне пераказаў?—Чуў.—Адказаў смэрд.—Дык бачыш,—ён за адзін раз даведаўся больш чым ты за сем разоў. Дзеля гэтага то, бачыш, ты будзеш пакульшто і далей у мяне смэрдам, а не ваяводам.