Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Значэньне констытуцыі

Уплыў узросту Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю
Значэньне констытуцыі
Аўтар: Савелій Рубашоў
Соцыяльныя фактары хірургічнай сьмяротнасьці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Значэньне констытуцыі.

Констытуцыя, як сума пэўных анатомічных і функцыянальных элемэнтаў, абумоўлівае рэакцыю організма на розныя раздражняльнікі, а з прычыны таго, што хвароба і хірургічнае ўмяшаньне зьяўляецца раздражальнікамі вельмі моцнымі, дык зусім

зразумелы той уплыў, які мае на хірургічную сьмяротнасьць такі фактар, як констытуцыя. Констытуцыя ёсьць адзін з тых момантаў, якія спрыяюць пэўнаму тыпу захворвальнасьці. У паняцьце констытуцыі ўваходзіць і такая адзнака, як доўгавечнасьць: ёсьць людзі і сем’і, для якіх сярэдні век — 70 г, сем’і з сярэднім векам ад 60 да 70 г, і, нарэшце — менш 60 год. З гэтых заўваг выразна відаць вялізарнае значэньне такога фактару, як констытуцыя для хірургічнай сьмяротнасьці. Аднак, у практычным разьвязаньні гэтага пытаньня мы натыкаемся на тыя самыя цяжкасьці, як і ва ўсёй навуцы пра констытуцыі: знаходзячыся ў пэрыодзе папярэдняга зьбіраньня фактараў, мы яшчэ ня можам адказаць на цэлы рад натуральна ўзьнікаючых пытаньняў.

Калі абмежавацца разглядам тыпаў морфолёгічных, выходзячы з такіх паняцьцяў, як астэнічны, гіпэрстэнічны і сярэдні тып, дык можна даць толькі некаторы папярэдні нарыс зьвестак пра іх устойлівасьць і сьмяротнасьць.

Гіпэрстэнічны тып, злучаны часта з артрытызмам, хваробамі абмену, атлусьценьнем, фіброматозам і т. д., зьяўляеца ў шмат якіх выпадках тыпам малаўстойлівым і для хірургічных умяшаньняў мала падыходзячым. Асабліва выяўляюцца ўсе адмоўныя бакі гэтага тыпу ва ўзросьце больш 40 г.: усе сыстэмы якія падтрымліваюць біолёгічную ўстойлівасьць організма, — сэрца, судзіны, лёгкія, печань, ныркі — лёгка робяцца недастатковымі і прогноз у такіх хворых мы павінны вызначыць з вялікаю асьцярогаю. Горш за ўсё такія хворыя пераносяць опэрацыі ў брушной поласьці; яны выяўляюць вялікі нахіл да лёгачных аскладненьняў, тромбозаў, пасьляопэрацыйных паралюшаў кішок. Затлусьцелыя хворыя, і асабліва жанчыны, вельмі лёгка падпадаюць інфэкцыі. З другога боку, гіпэрстэнічны тып без паказаных вышэй дысплястычных расстройстваў констытуцыі, дае добрыя вынікі пры опэрацыйных умяшаньнях: такое ўражаньне атрымалася ў мяне, галоўным чынам ад опэраваньня салдатаў у часе імпэрыялістычнай вайны і сялян у мірны час. У мяне стварылася зусім пэўнае ўражаньне — значна большай выносьлівасьці і меншай сьмяротнасьці ў гіпэрстэнікаў гэтага тыпу параўнаўча з гараджанамі. Мне здаецца, што вялізарнае значэньне тут мае лепшы стан нэрвовай сыстэмы наогул і вэгэтатыўнай у паасобку.

У адносінах да астэнікаў трэба адрозьніваць два ўзросты. Астэнікі больш маладыя няўстойлівыя ў сэньсе агульных

жыцьцёвых сіл, лёгкіх, судзіннай сыстэмы; дзейнасьць эндокрынных залоз недастаткова рэгулюецца і з прычыны гэтага тут могуць быць розныя нечаканасьці, як сьмерць на опэрацыйным стале і т. д.

Зусім іншая справа астэнікі больш старога ўзросту: адмоўныя бакі гэтага тыпу, дзякуючы ўзроставым зьменам, зьмякчаюцца і на першы плян выступаюць асаблівасьці, выгодныя для хірурга.

Ці можна на падставе гэтых некалькіх заўваг зрабіць зусім пэўныя вывады, нават у адносінах да гэтых двох морфолёгічных тыпаў? Калі-ж уявіць сабе рознастайнасьць усіх тых умоў, якія ствараюць констытуцыянальны тып і апрача таго, узяць пад увагу такога рашаючага фактару, як зьнешняе асяродзьдзе, дык, зразумела, пакуль лепш адмовіцца ад спробы лічыць гэта пытаньне разьвязаным у сэньсе практычных вывадаў. Аднак, з усёй выразнасьцю трэба падкрэсьліць значэньне констытуцыянальнага моманту ў пытаньні пра сьмяротнасьць наогул і хірургічнай сьмяротнасьці ў паасобку.